Змены непазбежныя

- 14:32Суразмоўца

Вікіпедыя перамагла энцыклапедыю, Uber пераможа таксапаркі

Праз тыдзень, 20—21 кастрычніка, у Мінску пройдзе Міжнародная канферэнцыя “Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі 2017”. Гэта знакавае для краіны мерапрыемства, куды запрошаны каля двух дзясяткаў уласнікаў бізнесу і топ-менеджараў найбольш паспяховых праектаў, а таксама экспертаў з СНД, Еўропы, ЗША. На двух папярэдніх канферэнцыях размова ішла пра дроны і боты, блокчэйны і крыптавалюты,“разумныя гарады” і 3D-тэхналогіі. Па словах арганізатараў, сёлета тэматыка яшчэ больш пашырыцца, і ўдзельнікі паспрабуюць вызначыць тое, што яшчэ толькі абяцае стаць трэндам.

Чаму ўсё гэта цікава нам? А таму, што будучыня — не дзесьці там, за акіянам, як многім падаецца. Наша будучыня, затаіўшы дыханне, сядзіць зараз за партамі, вучыцца жыць, марыць, ставіць мэты і прымаць рашэнні. І ад таго, наколькі яна будзе смелай, вольнай, залежыць тое, якім будзе наш навакольны свет. Бо, як сказаў адзін з арганізатараў канферэнцыі заснавальнік Бізнес-школы ІПМ Павел Данейка, калі не прапаведаваць будучыню і не заклікаць да яе разумення, мы так і будзем глядзець сабе пад ногі.

Напярэдадні канферэнцыі з журналістамі сустрэўся адзін з яе галоўных ідэолагаў, філантроп, калекцыянер, старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка. Ён расказаў сваё бачанне цывілізацыйнага развіцця і заявіў: сённяшнія змены — гэта не тое, што заўсёды адбываецца з цягам часу, а нешта значна больш сур’ёзнае. Зрухі ў эканоміцы і свядомасці людзей Віктар Дзмітрыевіч параўнаў з тым, што чалавецтва перажывала 2 тысячагоддзі назад, калі нараджалася хрысціянства.

Эканамічнае вызваленне чалавека

“Зараз мы назіраем не проста змены — гэта глабальны выклік, цывілізацыйны зрух, які апошні раз чалавецтва перажывала 2 тысячы гадоў назад. Тады ў свеце, дзе дагэтуль панавалі багі, цэнтральнае месца заняў чалавек — адбылося яго духоўнае разняволенне. А цяпер адбываецца другое разняволенне — эканамічнае”, — паведаміў Віктар Бабарыка.

Ён звярнуў увагу на тое, што дагэтуль выйгравалі кампаніі, чыімі заказчыкамі былі буйныя карпарацыі ці дзяржава. “А сёння ўжо ўсе разумеюць: будучыня эканомікі за тымі, хто дойдзе са сваім прадуктам да канкрэтнага чалавека. Самае дзіўнае, што людзі пачалі ўсведамляць: можна рабіць тое, што падабаецца, і прадаваць плён сваёй працы ўсяму свету”, — заўважыў Віктар Дзмітрыевіч.

Паводле яго слоў, вызваленне чалавека ідзе па многіх напрамках — і тэхналагічным, і вытворчым. Прыходзіць разуменне, што няправільна плаціць за суткі, калі карыстаешся паслугай 1 гадзіну. Няправільна плаціць за работу людзей, калі прадукт можа даставіць дрон. Няправільна плаціць бухгалтару, калі прыйшоў выпіць кавы ў кавярню, ці дырэктару банка — пры абмене валют. Таму і Uber ужо мае перавагу перад традыцыйным таксі, бо знікае пасрэднік паміж вадзіцелем і пасажырам. І гэтая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца — мы назіраем гісторыю эканамічнага вызвалення чалавека.

Новая рэальнасць пужае

“Змены адбываюцца проста на нашых вачах, і яны абсалютна нечаканыя, — гаворыць Віктар Бабарыка. — Новая рэальнасць пужае, і кожны з нас або прымае яе, або не прымае. Наш выбар — і асабісты выбар, і выбар кампаніі, і выбар дзяржавы — унікальны”.

Спікер заўважыў, што многія баяцца свабоды. Значна прасцей, калі ўсё патлумачаць, скажуць, што і як рабіць — у школе, у інстытуце, на заводзе, у партячэйцы… А тут прыходзяць і гавораць: “Ты сам адказны за свой лёс!” “Як гэта сам? Навошта? А дзе дзяржава, якая мне перашкаджае? Дзе ўмовы, якія мне ніхто не стварыў? Я пасябраваў з класным кіраўніком — і стаў старастам. Я ўжо начальнік і малайчына! Як гэта раптам сам?!”

“Сёння ніхто не ведае, як выглядае наша будучыня. Але ў яе можна паверыць, яе можна будаваць. Таму ў наш час сацыяльнай трансфармацыі вельмі запатрабаваны людзі, якія вераць самі і могуць данесці гэтую веру да іншых”, — адзначыў Віктар Бабарыка.

Пра тое, што новая рэальнасць пужае, гаварыў і заснавальнік Бізнес-школы ІПМ Павел Данейка: “Ёсць шмат перажыванняў наконт таго, што новыя тэхналогіі вядуць да страты працоўных месцаў. Але так было заўсёды. Калісьці знікла адна з самых прыгожых прафесій — перапісчык кніг. Людзі найвышэйшай на той час кваліфікацыі мусілі саступіць працу друкарскаму станку. Былі лудзіты, якія паўставалі супраць машын. Калі Маргарэт Тэтчар пачала свае рэформы, адбыўся страйк друкароў: яны пратэставалі супраць афсетнага друку, бо, працуючы з фарбай, якая ўтрымлівала свінец, мелі даплаты за шкоднасць. Аднак час паказаў, што са знікненнем старога з’яўляюцца новыя магчымасці, і тыя, хто рухаецца ў будучыню, мяняюць яе”.

“Што будзе з пенсійным забеспячэннем, калі не стане фабрык? Што будзе з інстытутам шлюбу, калі чалавек будзе жыць 120 гадоў (у 20 гадоў ажаніліся і 100 гадоў разам)? У ХІХ стагоддзі жыхар якой-небудзь нямецкай вёсачкі меў столькі інфармацыі пра свет, колькі сёння ўтрымліваецца ў адным нумары “Нью-Ёрк Таймс”. Тэмп змен настолькі імклівы, што калі не прапаведаваць будучыню і не заклікаць да яе разумення, мы так і будзем глядзець сабе пад ногі. Але калі няма ўяўлення, куды ісці, то мы і прыйдзем у нікуды”, — заўважыў Павел Данейка.

Усе пытанні — размеркаванай супольнасці

“Сучасная сістэма ўзаемаадносін пабудавана на экспертнай базе, — гаворыць Віктар Бабарыка. — Дзяржава, дэпутаты, банкі — гэта эксперты, якія ўзялі на сябе адпаведную функцыю. Так склалася гістарычна, бо нельга сабраць усіх грамадзян разам і спытаць іх меркаванне. Таму выбіраецца эксперт, які ўмоўна ведае, што трэба ўсёй грамадзе (хаця дакладна ён ведае, што патрэбна менавіта яму)”.

Спікер заўважыў, што пры адсутнасці тэхналогіі камунікацый экспертная супольнасць выбудоўвалася 2 тысячы гадоў. Аднак сёння сітуацыя змянілася: узнік інтэрнэт, дзе любое пытанне можа вырашацца калегіяльна. “Умоўна кажучы, пытанне, у які колер пафарбаваць лаўку ў парку, могуць вырашыць не дэпутат ці заўгас, а наведвальнікі гэтага ж парка. Апытанне праз інтэрнэт дасць імгненны адказ”, — патлумачыў Віктар Бабарыка.

Такім чынам, узнікла тэхналогія, якая рэзка зніжае ролю экспертаў. “Безумоўна, яны супраціўляюцца, — гаворыць Віктар Дзмітрыевіч, — аднак змены непазбежныя. Пры гэтым частка экспертаў разумее, што можна супраціўляцца гэтым зменам, а можна іх узначаліць. Так, англійскае казначэйства ўжо размяркоўвае падаткі з улікам меркавання краўда. Скандынавы самі вырашаюць, на што накіроўваць частку сваіх падаткаў”.

“Нас ужо не ўтрымаць ад камунікацый, — заявіў спікер. — Змены непазбежныя, бо яны тэхналагічна і эканамічна мэтазгодныя. І пераможа тое, што больш танна. Мы ўжо не чытаем энцыклапедый, мы гуглім — Вікіпедыя перамагла. І Uber, з якім так актыўна змагаюцца ў розных краінах, пераможа традыцыйнае таксі, бо мае цэнавую перавагу”.

“Вядома, жанчына, перш чым выбраць сукенку, абавязкова пацікавіцца меркаваннем сябровак, таму каштоўнасць экспертнай думкі захаваецца. Але свае пытанні мы будзем задаваць размеркаванай супольнасці — праз інтэрнэт. І далёка не ўсе захочуць ведаць, куды ідуць іх падаткі. Але, адмаўляючыся ад іх размеркавання, чалавек зробіць свядомы выбар: “Укладвайце грошы, куды хочаце. Фарбуйце лаўкі ў які хочаце колер. У мяне спыталі — я адказваю (або не адказваю). Але гэта мой выбар і мая адказнасць”, — сказаў Віктар Бабарыка.

Некалькі слоў пра крыптавалюты

Безумоўна, журналістаў цікавіла меркаванне банкіра пра будучыню крыптавалют.

“Многа валют — гэта бяда, бо мы пастаянна натыкаемся на знешнеэканамічныя перашкоды, — заўважыў Віктар Бабарыка. — Чаму долар мацнейшы, чым, напрыклад, манат? Хто так вырашыў? Гісторыя біткойна і крыптавалюты — гэта тэхналагічная магчымасць атрымаць універсальную валюту. І я не надта веру, што гэта будзе біткойн: намайненыя кітайцамі грошы, сканцэнтраваныя ў іх жа, наўрад ці могуць быць усеагульным эквівалентам. Але ідэя таго, што машына можа фарміраваць эквівалент, які не залежыць ад чалавечай і палітычнай волі, а будзе абапірацца на эканамічны складнік, пераможа”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.