У сярэдзіне кастрычніка ў лясным масіве “Лугі” Пінска адбыўся гарадскі лёгкаатлетычны крос у праграме круглагадзічнай спартакіяды школьнікаў. У праграму спартакіяды ўваходзяць 10 відаў спорту. Нягледзячы на тое, што восень дажджлівая і халодная, сам дзень спаборніцтваў быў цёплым.
Усе ўдзельнікі кросу (навучэнцы 6-11 класаў) пераадольвалі дыстанцыю ў 1000 метраў. На працягу 9 гадоў юныя спартсмены сярэдняй школы № 14 Пінска станавіліся пераможцамі гарадскога кросу. Толькі ў мінулым годзе саступілі, занялі ІІ месца. Таму зборная каманда па кросу на чале з настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя Галінай Іванаўнай Кароль і Анатолем Канстанцінавічам Матрунічам (у мінулым легкаатлетамі, якія неаднаразова перамагалі на кросавых дыстанцыях) вырашыла вярнуць лідарства. А быць лідарам не так ужо і проста: у гарадскім кросе ўдзельнічалі 18 каманд з іншых школ, і ўсе намагаліся заняць першае месца. Найбольшую колькасць балаў для нашай школы прынеслі Яўген Галаўко з 11 класа, Эліна Харавец з 10 класа, Ангеліна Трусава з 8 класа (яны занялі першыя месцы); Іван Зіновіч і Вераніка Марынчык з 6 класа, Раман Мазоль з 10 класа, Маргарыта Купчанка з 11 класа, якія сталі прызёрамі. Агульны залік выглядае так: 1 месца — сярэдняя школа № 14, 2 месца — гімназія № 3 імя В.З.Каржа, 3 месца — сярэдняя школа № 12.
Крос быў другім відам круглагадзічнай спартакіяды. Першым — футбол. У ім юнакі нашай школы таксама лідары. Па выніках спаборніцтваў у двух відах спорту мы зрабілі два вялікія крокі на шляху да перамогі ў спартакіядзе.
Галіна КАРОЛЬ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 14 Пінска.