Пазакласная работа з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі. Яна паглыбляе веды вучняў, спрыяе развіццю іх здольнасцей, пашырае кругагляд, а таксама развівае цікавасць да вывучаемага прадмета. Адной з эфектыўных форм арганізацыі пазакласнай работы можна лічыць правядзенне прадметных тыдняў.
Тыдзень матэматыкі ў нашай школе – шэраг мерапрыемстваў, падчас якіх з’яўляецца дадатковая магчымасць для супрацоўніцтва і зносін з вучнямі; заняткаў, не звязаных рамкамі праграмы і не абмежаваных часам. Але гэта толькі «адзін бок медаля». «Другі» – у тым, што хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з другой матэматыкай: больш цікавай і жывой, а матэрыял для мерапрыемстваў носіць займальны і гістарычны характар. Калі ўмела спланаваць прадметны тыдзень, падрыхтаваць і правесці мерапрыемствы на належным узроўні, можна быць упэўненым, што хто-небудзь з вучняў паглядзіць на матэматыку іншымі вачыма.
Анонс аб правядзенні тыдня размяшчаецца на сайце ўстановы за некалькі дзён, а затым на лінейцы вучні знаёмяцца з планам і тэрмінамі яго правядзення. У гэтым годзе тыдзень пачаўся конкурсам матэматычных казак. Лічбы, знакі дзеянняў, матэматычныя тэрміны адправіліся ў самыя незвычайныя прыгоды. Нуль лічыў, што ён самы галоўны, і ніяк не мог знайсці сабе месца ў запісе лікаў, спрэчка паміж трохвугольнікам і квадратам закончылася з’яўленнем новых фігур.
Удзельнікаў матэматычнага калейдаскопа «Пра матэматыку і матэматыкаў» не проста зацікавілі, а ўразілі розныя гістарычныя факты. На ўроку любое паведамленне з гісторыі матэматыкі заўсёды звязана з рызыкай цэйтнота. А тут вучні даведаліся, што тэарэма Піфагора мае больш за сто доказаў, а другая яе назва — тэарэма “матылька”. Яны развеялі міф аб тым, што калі быкі чуюць аб новых матэматычных адкрыццях, то “…рычат и нервно дышат”. Над доказам пятага пастулата Еўкліда амаль адначасова працавалі тры матэматыкі: К.Гаус, Я.Баяі і М.Лабачэўскі. Так і ўзнікла новая геаметрыя Лабачэўскага. Прыкладам сілы волі і мужнасці з’яўляецца жыццё і працоўная дзейнасць Льва Пантрагіна, матэматыка, які ў дзяцінстве страціў зрок.
Вучні складалі і разгадвалі матэматычныя крыжаванкі, рэбусы і шарады. Але больш за ўсё ўражанняў пакінулі матэматычны турнір паміж вучнямі 5 і 6 класаў і інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў. Юныя матэматыкі спаборнічалі ў кемлівасці, хуткасці мыслення, правільнасці матэматычных вылічэнняў, праяўлялі свае лепшыя крэатыўныя здольнасці. Вучні старэйшых класаў удзельнічалі ў гульні “Ваша слова, эрудыты”, якая праходзіла пад дэвізам “Эўрыка!”. Эрудыты шукалі нестандартныя рашэнні розных практычных задач: рознымі спосабамі вымяралі дыяметр баскетбольнага мяча, дзялілі на роўныя часткі вадкасць у мензурцы, “утаймоўвалі драпежніка”, аднаўлялі сцёртыя клемы акамулятарнай батарэі і іншыя.
Завяршыўся Тыдзень вялікай матэматычнай эстафетай. А самыя актыўныя і кемлівыя вучні атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў прадметнага матэматычнага тыдня.
Для правядзення Тыдня быў падрыхтаваны цікавы наглядны матэрыял, яркія каляровыя прэзентацыі. Вучні з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, а ўмовы сяброўскіх спаборніцтваў спрыялі актывізацыі актыўнасці і адказнасці, развіццю асобасных якасцяў вучняў, збліжэнню настаўніка і вучня. І ўсе ўдзельнікі тыдня прыйшлі да высновы: “Матэматыка зусім не страшная!”
Ірына РАДЗЮК,
настаўніца матэматыкі
Уселюбскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.