Лепшыя кіраўніцкія практыкі прадставіла Ашмяншчына

- 16:20Адукацыйная прастора, Рознае

У Ашмянах на базе сярэдняй школы № 1 прайшло пасяджэнне Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўная ўстанова адукацыі “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” і грамадскае аб’яднанне “Беларускае педагагічнае таварыства”.

Тэмай пасяджэння была выбрана “Кіраўніцкая дзейнасць кіраўнікоў устаноў адукацыі па забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу”. Мэтай — развіццё прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў устаноў адукацыі па забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу праз прадстаўленне і распаўсюджванне лепшых кіраўніцкіх практык.
У пасяджэнні прынялі ўдзел Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”, доктар педагагічных навук; Святлана Васільеўна Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук; Галіна Уладзіміраўна Курганская, начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, і Наталля Генадзьеўна Кучынская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Іўеўскай выбарчай акрузе.
Удзельнікам пасяджэння была прадстаўлена сістэма работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама па падрыхтоўцы і забеспячэнні рэгіёна кіраўніцкімі і педагагічнымі кадрамі. Свой вопыт кіраўніцкай дзейнасці па захаванні традыцый і вядзенні інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі прадэманстравалі дырэктар школы № 1 Ашмян Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, дырэктар Жупранскай сярэдняй школы Кацярына Аляксандраўна Астрамовіч і загадчыца ясляў-сада вёскі Кракоўка Святлана Іванаўна Яблонская.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама Святлана Мікалаеўна Баркоўская падзялілася назапашаным у раёне вопытам у сферы кадравай палітыкі. На базе раёна працуе 6 школ кіраўніцкага майстэрства, у тым ліку “Школа дырэктараў”, якую ўзначальвае Святлана Мікалаеўна. Кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, работнікамі аддзела адукацыі вядзецца сістэматычная работа з выпускнікамі школ з мэтай іх накіравання на паступленне на педагагічныя спецыяльнасці. Так, у мінулым годзе па мэтавым накіраванні на педагагічныя спецыяльнасці паступіў 31 чалавек, у гэтым — 28. З 43 маладых спецыялістаў, якія прыйшлі сёння працаваць у навучальныя ўстановы раёна, 65,9% — выпускнікі школ Ашмяншчыны. Работа з маладымі спецыялістамі таксама наладжана. З кожным з іх Святлана Мікалаеўна гутарыць асабіста, цікавячыся, чаму менавіта гэтую прафесію яны выбралі, і расказваючы пра плюсы педагагічнай дзейнасці. Працоўныя кніжкі маладым спецыялістам уручаюць у святочнай атмасферы, каб педагогі змаглі адчуць знакавасць сваіх першых крокаў у прафесіі.
Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ашмян, пазнаёміў прысутных з тым, як арганізавана метадычная работа ў гэтай навучальнай установе.
Унутрышкольная метадычная работа заснавана як на традыцыйных падыходах — прадметна-метадычныя аб’яднанні, тэматычныя семінары, так і на творчых групах па кірунках — сістэмнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій для развіцця адукацыйнага асяроддзя, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз праектна-даследчую дзейнасць і г.д.
Ствараюцца часовыя творчыя групы, напрыклад, для падрыхтоўкі да педагагічных саветаў, семінараў. Таксама ў школе выкарыстоўваецца такая форма метадычнай работы, як абагульненне вопыту работы настаўнікаў. Творчая справаздача настаўніка адбываецца ў святочнай атмасферы з запрашэннем карэспандэнта і друкуецца ў газеце. Педагогі актыўна ўдзельнічаюць у раённых навукова-практычных канферэнцыях.
Згадваючы палеміку, якая вядзецца апошнім часам наконт залічэння ў 10 клас, М.М.Гружэўскі адзначыў:
— На мой погляд, адысці ад гэтай палемікі дазволіць, па-першае, аб’ектыўнае ацэньванне навучэнцаў за курс базавай школы, каб вучань рэальна бачыў свае магчымасці, і, па-другое, ранняя і сістэмная прафарыентацыя, адэкватная ўзроўню ведаў і матывацыі.
Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 Ашмян на працягу апошніх пяці гадоў, пачынаючы з 8 класа, практыкуецца ўвядзенне індывідуальнай адказнасці школы, бацькоў і вучня. Спецыяльная камісія, у склад якой уваходзяць дырэктар, намеснікі, класны кіраўнік, сацыяльны педагог і псіхолаг, вядзе ўлік і адсочвае дынаміку вучня. З вучнямі на працягу ўсяго навучальнага года праводзяцца субяседаванні. Адсочваюцца таксама вынікі кожнай чвэрці, што дае магчымасць сістэмнай карэкціроўкі развіцця вучня. Пасля завяршэння экзаменаў на выніковым індывідуальным субяседаванні за курс базавай школы вызначаецца канкрэтны адукацыйны маршрут вучня. Сістэма такой работы дазволіла прымаць у 10 клас вучняў з балам не ніжэй 7,4, а астатнім усвядомлена выбіраць рабочыя спецыяльнасці.
З педагагічнымі кадрамі школа сёння праблем не мае, перш за ўсё за кошт уласных выпускнікоў. За 4 гады на педагагічныя спецыяльнасці паступіла 44 выпускнікі, 29 з іх па мэтавым наборы.
Зладжана працуюць у сярэдняй школе № 1 камісіі садзейнічання сям’і і школе. Такіх камісій 5 на тых прадпрыемствах, дзе больш за ўсё бацькоў навучэнцаў. Узначальваюць гэтыя камісіі намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў па ідэалогіі, за камісіямі замацаваны настаўнікі і адміністрацыя. Асабліва эфектыўна працуюць камісіі па дэкрэце № 18. Як вынік, сёлета абышлося без сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сістэмна праводзяцца гадзіны псіхолага на прадпрыемствах. Ну і, вядома ж, ідзе планамерная індывідуальная работа, усе сем’і наведваем не радзей двух разоў у год.
Ад тэарэтычнай часткі госці перайшлі да практычнай. Яны наведалі школу ў Жупранах і яслі-сад у Кракоўцы, убачылі і паўдзельнічалі ў міні-занятках ад лепшых педагогаў установы, у тым ліку Марыны Францаўны Дудойць, якая з’яўляецца пераможцай абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” і будзе прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім узроўні.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.