Н.М. Сушко: "Думкі павінны быць пазітыўнымі, дзеянні – канструктыўнымі, энергія – стваральнай"

- 12:13Суразмоўца
Н.М. Сушко

Маладым кіраўнікам, магчыма, вопыту ў нечым не стае, але яны гэта выдатна кампенсуюць сваёй настойлівасцю, запалам, імкненнем зрабіць усё найлепшым чынам і смеласцю. Нездарма кажуць, што ў каго адвага, у таго й перавага.
Менавіта такія маладыя кіраўнікі і прадстаўлялі Мінскую вобласць на Першым абласным конкурсе “Малады кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі-2013”. Члены журы конкурсу прысудзілі перамогу Наталлі Міхайлаўне Сушко, дырэктару сярэдняй школы № 9 Жодзіна. Пры больш блізкім знаёмстве з Наталляй Міхайлаўнай, з установай адукацыі, якую яна ўзначальвае, з выбарам членаў журы конкурсу цалкам згаджаешся.
Н.М.Сушко — маладая, прыгожая, разумная, інтэлігентная, адукаваная жанчына і кіраўнік з поглядам, які ўжо сфарміраваўся, на сваю работу і работу калектыву ўстановы адукацыі. Яна не баіцца пытанняў і шчыра на іх адказвае.

Па першай адукацыі Наталля Міхайлаўна Сушко выхавацель дашкольнай установы, аднак лёс склаўся так, што пасля заканчэння Барысаўскага педагагічнага каледжа яна была накіравана ў школу настаўнікам малодшых класаў. Так яе першым месцам работы стала Бярэзінская педагагічная гімназія. “Там быў цудоўны калектыў настаўнікаў пачатковых класаў, — з цеплынёй узгадвае тыя гады Н.М.Сушко. — Мяне добра прынялі, дапамаглі зрабіць першыя крокі ў прафесіі, падтрымалі і навучылі працаваць”. Праз два гады Наталля Міхайлаўна вярнулася ў родны горад, дзе ўладкавалася ў сярэднюю школу № 4. У гэты ж час яна паступае на філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Пасля дэкрэтнага адпачынку перайшла на працу ў сярэднюю школу № 9 Жодзіна. Наталля Міхайлаўна дакладна памятае той дзень — 7 кастрычніка 1997 года. За гэтыя 15 гадоў 9-я школа стала для яе роднай. Некалькі гадоў яна навучала дзяцей рускай мове і літаратуры, нават выпусціла адзін клас як класны кіраўнік. Затым была прызначана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І з ліпеня 2008 года Наталля Міхайлаўна ўзначаліла школу № 9 Жодзіна. Яе дырэктарскі стаж на сёння складае 4 з паловай гады, а агульны педагагічны — 19 гадоў. Н.М.Сушко неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі аддзела адукацыі Жодзінскага гарвыканкама, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і іншымі.

Н.М. Сушко— Наталля Міхайлаўна, падчас конкурсу паспелі пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі, сваімі калегамі?
— Негледзячы на тое, што часу для стасункаў паміж двума этапамі конкурсу (пасля тэсціравання і перад падвядзеннем вынікаў) было мала, мы пілі чай, каву, размаўлялі. З некаторымі дырэктарамі я была ўжо знаёмая, бо мы сустракаліся на семінарах, майстар-класах, курсах павышэння кваліфікацыі. Безумоўна, цікава было даведацца больш пра саміх канкурсантаў: хто з якіх навучальных устаноў, як трапілі на конкурс, як працуюць калегі, чым вызначаецца іх навучальная ўстанова і г.д. Было зразумела, што ўсе ўдзельнікі конкурсу вельмі любяць свае школы, адданыя прафесіі, маюць пэўны погляд на кіраўніцкую дзейнасць у сістэме адукацыі.

— Як мне вядома, там жа, на конкурсе, прагучала прапанова аб стварэнні клуба маладога кіраўніка. Ён вам, маладым дырэктарам, сапраўды патрэбны, і вы знойдзеце час на ўзаемадзеянне ў яго межах?
— Прагучала ідэя аб стварэнні савета маладых дырэктараў, і кіраўніцтва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў асобе рэктара С.У.Сітнікавай падтрымала яе. Мяркую, што для нас быў бы карысным такі савет. Не было б лішнім абменьвацца думкамі, падыходамі да вырашэння праблем у адукацыйным працэсе з калегамі, якія, як і ты, толькі пачынаюць сваю дзейнасць на пасадзе дырэктара. Выезды адно да аднаго, знаёмства з установамі адукацыі і іх традыцыямі, абмен вопытам, педагагічным, кіраўніцкім, жыццёвым, я лічу, садзейнічалі б больш паспяховаму станаўленню маладога кіраўніка, яго прафесійнаму і асобаснаму росту.

Якія эмоцыі, пачуцці, думкі пакінуў пасля сябе конкурс? Чаму ён вас навучыў? Ці нешта дапамог у сабе адкрыць?
— Шчыра скажу, што, едучы на конкурс, вельмі хвалявалася. Таму што любы конкурс патрабуе вялікага эмацыянальнага напружання і душэўных трат. А яшчэ ўсё гэта ўзмацнялася вялікай адказнасцю, бо ты прадстаўляеш не толькі сябе, але і свою школу, родны горад. І мне радасна, што атрымаўся такі выдатны вынік.
А самым складаным у гэтым конкурсе для мяне было напісанне эсэ “Я — дырэктар”. Гэта былі два тыдні напружанай працы. Як звесці ў пяць старонак сваё бачанне сябе як кіраўніка, выразна акрэсліць праблемы, якія стаяць перад школай, шляхі іх вырашэння, перспектывы развіцця ўстановы адукацыі?.. Сваё эсэ я напісала ў форме дзённіка, а пэўныя падзеі ў жыцці паслужылі штуршком да разважанняў. Гэта было карысна, бо я шмат чаго ўзгадала, давялося штосьці абагульніць, сістэматызаваць, пераасэнсаваць.
Конкурс падарыў упэўненасць, а яшчэ, напэўна, стымул. Калі перамагаеш, то нібыта крылы вырастаюць.
У эсэ ёсць думка: мой выбар — рух, і толькі наперад! Вы ж разумееце, што званне пераможцы абавязвае, таму трэба яшчэ больш тварыць, працаваць, імкнуцца да новых поспехаў!

— Наталля Міхайлаўна, якую падрыхтоўку павінен прайсці педагог, перш чым стаць кіраўніком школы?
— Я была залічана ў рэзерв кіруючых кадраў на пасаду дырэктара школы і сваечасова прайшла падрыхтоўку ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Курсы ладзіліся летам і займалі два тыдні, для мяне яны былі вельмі дарэчы. Гэта было якраз у той час, калі мы ў калектыве ведалі, што будзе змена кіраўніцтва.
Таму я згадзілася з прапановай начальніка аддзела адукацыі Яўгена Тадэвушавіча Горыда ўзначаліць школу. Апошняе слова, безумоўна, было за сям’ёй, мужам, які сказаў, што ён у мяне верыць. Дарэчы, пасля трох з паловай гадоў работы намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце мне было не так страшна прыступаць да дырэктарскіх абавязкаў.

— Узгадайце, калі ласка, Наталля Міхайлаўна: калі вы толькі пачалі выконваць абавязкі дырэктара школы, якіх ведаў вам не хапала больш за ўсё?
— Не хапала ведаў па фінансава-эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці, юрыдычных. Я была прызначана дырэктарам школы 8 ліпеня, у самы гарачы час — ішла падрыхтоўка ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. Такія пытанні, як бюджэт школы, выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця давялося вывучаць самастойна. Шмат часу патрабавалася для вывучання асобных нарматыўных дакументаў.

— Калі ўзнікае нейкае складанае пытанне, па якім вам патрэбна кансультацыя, дапамога, вы да каго звернецеся?
— Калі гэта пытанне, якое выходзяць за межы школы і я на сваім узроўні яго вырашыць не магу, звяртаюся ў аддзел адукацыі. Некаторыя пытанні мы абмяркоўваем з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі горада.

— Якія новыя справы вы пачалі рэалізоўваць у школе, калі вас прызначылі дырэктарам?
— Мы распачалі праектную дзейнасць. Апошнія чатыры гады актыўна працуем у рэжыме абласных педагагічных праектаў. Далей мяркуем пераходзіць на інавацыйныя праекты.
У 2009—2011 гады рэалізоўвалі праекты “Экалагічная адукацыя — сістэмны падыход” і “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў на праваслаўных айчынных традыцыях у сістэме выхаваўчай дзейнасці ўстановы адукацыі”. Пасля заканчэння апошняга праекта педагагічны калектыў школы вызначыў наступны праект, накіраваны на эфектыўнае ўзаемадзеянне з сям’ёй. Мы хочам зрабіць бацькоў актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, сваімі саюзнікамі і партнёрамі. Гэты праект дазволіць забяспечыць педагагічнае суправаджэнне сям’і ў адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі.

— Вас прызначылі дырэктарам школы не ў новабудоўлю, дзе б вам даводзілася самой набіраць калектыў, вы яго атрымалі “у спадчыну” ад свайго папярэдніка. Давялося з кімсьці развітацца?
— Я ніколі не была ініцыятарам звальненняў. Працуючы ў калектыве 10 гадоў, ведала яго моцныя і слабыя бакі. Педагогі школы маюць высокі інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Я лічу, што мая задача як кіраўніка — стварыць спрыяльныя ўмовы для максімальнага раскрыцця гэтага патэнцыялу, для павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў, стварэння атмасферы адкрытасці і добразычлівасці ў калектыве.
Безумоўна, усе педагогі розныя. Аднаму трэба паказаць часам на недахопы ў яго рабоце дастаткова жорстка, а іншаму слова добрае скажаш — і ён паляціць і крылы распрастае. Кіраўнік павінен быць патрабавальным, але праяўляць такт і павагу да кожнага работніка.

— Вы сутыкнуліся з праблемай кадраў? Дзе вы шукаеце добрых педагогаў?
— Мы шмат працуем над гэтым пытаннем, безумоўна, прагназуем, калі і якія спецыялісты могуць спатрэбіцца. З задавальненнем прымаем на работу маладых спецыялістаў і вельмі рады, што многія з іх пасля двух гадоў застаюцца працаваць далей, таму што знаходзяць падтрымку як адміністрацыі, так і настаўнікаў, магчымасць павышэння педагагічнага майстэрства, павагу вучняў і бацькоў.

— Калектыў сярэдняй школы № 9 Жодзіна — гэта каманда?
— Канечне, наш педагагічны калектыў — гэта каманда прафесіяналаў. Людзей адказных, творчых, маючых, на мой погляд, галоўныя якасці — адданнасць рабоце і любоў да дзяцей.
Вельмі важна, што разам са мной працуе каманда такіх адміністратараў — мэтанакіраваных, працавітых, крэатыўных, добрасумленных, апантаных сваей работай. Гэта мае пяць намеснікаў: па вучэбнай рабоце — Алена Францаўна Казановіч, Марыя Іванаўна Далецкая, Алена Эдуардаўна Жэбіна, па выхаваўчай рабоце — Святлана Антонаўна Яворская, па адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці —Людміла Іванаўна Алай. Мы сапраўды аднадумцы, якія дапаўняюць адно аднаго асабістымі пэўнымі якасцямі. Сярод маіх намеснікаў абыякавых няма. Для кожнага асобна і для ўсіх разам вялікае значэнне мае імідж школы, яе развіццё, стабільныя вынікі ў адукацыйным працэсе. Намеснікі дапамагаюць ствараць у школе атмасферу адкрытасці, супрацоўніцтва, ініцыіруюць творчыя ідэі, якія з’яўляюцца залогам паспяховага развіцця школы.

— Падчас уручэння ўзнагарод на конкурсе прагучала такая думка, што чалавек, які працуе на пасадзе дырэктара, атрымлівае каштоўны вопыт, які нідзе больш нельга атрымаць, пасля чаго ён можа кіраваць любой арганізацыяй.
— Сапраўды, дырэктару даводзіцца вырашаць самыя розныя пытанні: ад педагагічных да гаспадарчых. І ўсюды гэта работа з людзьмі. Важна ўмець паставіць мэты і задачы так, каб яны былі выкананы; важна і ўменне ацаніць, прааналізаваць, вызначыць найбольш актуальныя пытанні. Пасада дырэктара школы дазваляе прайсці шмат ступеней у сваім развіцці і шмат чаму навучыцца, набыць унікальны кіраўніцкі, жыццёвы, педагагічны, чалавечы вопыт. Адно я зразумела на гэтай пасадзе: чалавеку ўсе пад сілу, усё можна зрабіць, калі побач з ім каманда аднадумцаў, калі ён працуе ў калектыве, які аб’яднаны адзінай мэтай.
Дырэктар — гэта чалавек, на якім замыкаецца ўсё. Лічу, што ад таго, хто стаіць ля руля, залежыць многае. Я стараюся быць пазітыўнай, настройваю калег на тое, што існуючыя цяжкасці і праблемы заўседы будуць пераадолены і вырашаны. Думкі і словы павінны быць пазітыўнымі, дзеянні — канструктыўнымі, энергія — стваральнай, тады шмат чаго атрымаецца.

— Як я зразумела з размовы, вы замужам?
— Так. Муж Уладзімір працуе інжэнерам-тэхнолагам на Беларускім аўтамабільным заводзе. Дачка Таццяна, радасць і гордасць бацькоў, заканчвае 11 клас гімназіі № 1 Жодзіна.

— А чым вы захапляецеся? Спортам, напэўна, таму што, гледзячы на вас, так і хочацца сказаць перафразаванымі словамі з вядомай кінастужкі: “Актывістка, спартсменка і проста прыгожая жанчына”.
— Дзякуй. Я сапраўды спартыўны чалавек. У школе займалася спортам, была нават сярэбраным прызёрам па лёгкай атлетыцы на ўзроўні Мінскай вобласці. Яшчэ люблю настольны тэніс, плаванне, турыстычныя паходы. Як кіраўнік неаднаразова прымала ўдзел у гарадскіх спаборніцтвах і турыстычных злётах у камандзе аддзела адукацыі.

— Што дапамагае ў вашай нялегкай рабоце?
— Перш за ўсе гэта падтрымка родных і блізкіх, іх разуменне адказнасці і цяжкасці работы на пасадзе, якую я займаю. Яны разам са мной радуюцца поспехам школы, ганарацца мной, натхняюць на новыя здзяйсненні.
А яшчэ духоўныя сілы мне дае вера ў тое, што, па словах Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, чалавек шчаслівы тады, калі ў яго на душы радасць і мір, калі ён аддае іншаму чалавеку свой час, сваю ўвагу, сваю любоў і клопат.

— Дзякуй, Наталля Міхайлаўна, за шчырую размову! Новых поспехаў! І няхай вам хапае часу, любові на ўсіх людзей, якія маюць у вас патрэбу.

Гутарыла Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by

Фота аўтара.