У сваіх школах — свае педагогі

- 15:53Суразмоўца
В.В. Мельнікаў

Расонскі раён займае невялікую частку тэрыторыі Віцебскай вобласці, але зусім не хочацца называць яго маленькім. Тут, напэўна, больш падыходзіць тэрмін “кампактны”. І гэтая кампактнасць з’яўляецца перавагай, а не недахопам, бо ўсё, як гаворыцца, пад бокам і як на далоні, таму, патэлефанаваўшы ў мясцовы аддзел адукацыі, нават не здзівілася, калі адразу накіравалі да Віктара Віктаравіча Мельнікава, начальніка аддзела адукацыі Расонскага райвыканкама.
“Віктар Віктаравіч валодае ўсёй інфармацыяй”, — сказалі яго падначаленыя, выслухаўшы маё пытанне наконт маладых спецыялістаў. Так яно і ёсць: наведваючы ўстановы адукацыі, кіраўнік заўсёды цікавіцца работай маладога спецыяліста ў адміністрацыі і асабіста ў маладога настаўніка. Акрамя таго, новаспечаныя настаўнікі, як і ўсе астатнія педагогі, могуць свабодна трапіць на прыём ці задаць хвалюючае пытанне па тэлефоне.
Перада мной не стаяла мэта арганізоўваць гарачую лінію, таму свае пытанні задала непасрэдна Віктару Віктаравічу.

Віктар Віктаравіч, хацелася б мець дакладнае ўяўленне пра рэгіён і яго адукацыйныя патрэбы, таму раскажыце, калі ласка, пра вучэбную сетку свайго раёна ў лічбах.

В.В. Мельнікаў— У гэтым навучальным годзе ў нас функцыянуе 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 972 вучні. У гарадскім пасёлку размешчана адна сярэдняя школа — Расонская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава, у якой вучыцца 610 вучняў. У сельскай жа мясцовасці ўстановы адукацыі працуюць у рэжыме вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”. І тут у нас 3 дзіцячыя сады — сярэднія школы, 3 дзіцячыя сады — базавыя школы, 2 дзіцячыя сады — пачатковыя школы. Акрамя таго, у сістэму адукацыі раёна ўваходзяць 5 устаноў дашкольнай адукацыі (агульная колькасць выхаванцаў — 384), сацыяльна-педагагічны цэнтр на 14 выхаванцаў. Дзейнічае Расонскі цэнтр дзяцей і моладзі. Яго наведваюць 469 вучняў, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах розных профіляў: турыстычна-краязнаўчы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацкі, экалагічны, фізкультурна-спартыўны. На базе школ аграгарадкоў функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах ад устаноў дадатковай адукацыі, што спрыяе занятасці навучэнцаў у вольны час, а таксама развіццю іх здольнасцей і задаткаў.
Асаблівасцю нашага раёна з’яўляецца малаколькаснасць населеных пунктаў у сельскай мясцовасці, таму для навучэнцаў пастаянна арганізоўваецца падвоз. У цяперашні час да месца вучобы падвозяцца 159 навучэнцаў з 17 населеных пунктаў. У распараджэнні аддзела адукацыі 7 аўтобусаў. Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі ажыццяўляюць 260 педагагічных работнікаў: 186 настаўнікаў, 56 выхавальнікаў дашкольных устаноў, 10 педагагічных работнікаў установы дадатковай адукацыі, 8 — сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

— У працяг размовы пра лічбы: скажыце, якія ў вас працэнтныя суадносіны маладых педагогаў і настаўнікаў “ва ўзросце” і, як вы думаеце, які баланс аптымальны?
— Маладых педагогаў (са стажам да 5 гадоў) у раёне 32, або 17%, настаўнікаў са стажам больш за 25 гадоў — 64, або 34%. Кожная ўстанова адукацыі забяспечана педагагічнымі кадрамі, а суадносіны колькасці маладых настаўнікаў і колькасці педагогаў са стажам у кожнай установе свае. Галоўнае, што настаўнікаў-навічкоў калегі прымаюць добразычліва і тыя арганічна ўпісваюцца ва ўжо сфаріміраваныя калектывы, але пры гэтым заўсёды прыўносяць нешта новае. Напрыклад, у Заборскі дзіцячы сад — сярэднюю школу ў 2009 годзе прыйшла настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Таццяна Васільеўна Копцелева, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, якая ўключыла ў спартыўна-масавую работу не толькі дзяцей, але і ўвесь педагагічны калектыў. У выніку ўстанова адукацыі зараз займае лідзіруючыя пазіцыі ў раённай спартакіядзе сярод педагогаў і членаў іх сем’яў.

— Віктар Віктаравіч, у канцэпцыі развіцця адукацыі раёна важная роля адводзіцца менавіта педагогам-пачаткоўцам. Робіце стаўку на маладых?
— У нас распрацавана праграма развіцця сістэмы адукацыі раёна на 2012—2016 гады, і адным з яе асноўных складнікаў з’яўляецца работа з педагагічнымі кадрамі. Мы ў стане самі выгадаваць для сабе педагогаў, таму важным кірункам нашай дзейнасці ў гэтым рэчышчы з’яўляюцца мэтавыя накіраванні ва ўстановы адукацыі педагагічнага профілю, якія мы афармляем для выпускнікоў.
Цяпер ва ўстановах вышэйшай адукацыі навучаецца 16 мэтавікаў з Расонскага раёна. За апошніх 5 гадоў колькасць замацаваных выпускнікоў дасягнула 67%, але наша мэта — 100%, таму вядзецца актыўная работа па прафарыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці ва ўсіх школах раёна: праводзяцца дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах дашкольнай адукацыі (паколькі патрабуецца абнаўленне кадраў), дні самакіравання ў школах (навучэнцы, якія жадаюць атрымаць педагагічную адукацыю, могуць паспрабаваць сябе ў якасці педагога і нават адміністратара).
Запрашаем прадстаўнікоў педагагічных факультэтаў універсітэтаў, арганізоўваем прафарыентацыйныя паездкі ва ўстановы адукацыі (напрыклад, у студзені гэтага года была праведзена экскурсія ў Віцебск, дзе навучэнцы выпускных класаў наведалі Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію і філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта). У выпускнікоў заўсёды ёсць магчымасць наведаць дзень адкрытых дзвярэй установы адукацыі педагагічнага профілю.
Але, гаворачы пра работу з кадрамі ў нашым раёне, нельга не сказаць пра дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне і тых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў межах аптымізацыі сістэмы адукацыі раёна. За пяць гадоў у нас былі рэарганізаваны 3 і ліквідаваны 2 установы адукацыі. У выніку было вызвалена 36 педагагічных работнікаў, але ўсе педагогі працаздольнага ўзросту былі працаўладкаваны ў іншыя ўстановы адукацыі. Толькі 2 чалавекі змянілі сферу дзейнасці.
Улічваючы спецыфіку нашых школ (іх малакамплектнасць: сярэдняя напаўняльнасць класа ў сельскай мясцовасці складае 6 навучэнцаў), запатрабаваны тыя настаўнікі, якія маюць не адну, а некалькі спецыяльнасцей, таму ў раёне значная ўвага ўдзяляецца перападрыхтоўцы педагогаў па запатрабаваных спецыяльнасцях. Спецыяліст, які мае некалькі спецыяльнасцей, лягчэй уладкуецца. У цяперашні час у нас даволі шмат дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, таму запатрабаваны педагогі-дэфектолагі. Зараз у банк даных унесена 167 дзяцей, што складае 9,7% ад агульнай колькасці дзяцей па раёне (мінулы год — 11,4%).

— Ці існуе ў вас сістэма падтрымкі маладых настаўнікаў?
— Як я ўжо адзначыў, на гэты момант у раёне працуюць 32 маладыя педагогі. Канечне, склалася сістэма падтрымкі маладых настаўнікаў. Гэта прадастаўленне іншагароднім жылля, дапамога ў вырашэнні бытавых праблем. Ажыццяўляецца 50-працэнтная аплата праезду да месца работы, існуюць даплаты, якія атрымліваюць маладыя педагогі на працягу 2-х гадоў, аказваецца матэрыяльная дапамога.
Акрамя таго, для маладых спецыялістаў распрацоўваецца (па меры магчымасці) зручны расклад, каб даць магчымасць наведваць урокі вопытных педагогаў і паказваць свае знаходкі. Ва ўстановах адукацыі раёна за кожным маладым спецыялістам замацаваны высокакваліфікаваны педагог. Традыцыйным стала прадстаўленне і ўшанаванне маладых педагогаў на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. Праводзяцца сустрэчы маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.
Безумоўна, адным з найважнейшых напрамкаў у рабоце раённых метадычных фарміраванняў з’яўляецца падтрымка маладых педагогаў у станаўленні іх як прафесіяналаў. Для настаўнікаў-пачаткоўцаў арганізавана школа маладога педагога, ёсць апорна-кансультацыйны пункт для маладых настаўнікаў замежнай мовы, і кожны пачатковец прымае ўдзел у рабоце метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў.
У пачатку прафесійнай дзейнасці малады педагог сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі: не ўмее дакладна разлічыць час на ўроку, лагічна выбудаваць паслядоўнасць этапаў урока, яму няпроста пры тлумачэнні матэрыялу, часам адсутнічае паразуменне з калегамі — вось далёка не поўны пералік нягод, якія падпільноўваюць настаўніка-пачаткоўца.
Дыягнаставаць прафесійныя цяжкасці маладога спецыяліста і вызначыць формы канкрэтнай метадычнай дапамогі дазваляе анкетаванне педагогаў-пачаткоўцаў, якое праводзіцца на першых занятках школы маладога педагога. У рамках работы аб’яднанняў для маладых спецыялістаў праводзяцца тэарэтычныя семінары, семінары-практыкумы, круглыя сталы, майстар-класы, тыдні педагагічнага майстэрства, наведванне ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, мадэліраванне, праектаванне адукацыйнага працэсу і шмат чаго іншага.

— Віктар Віктаравіч, тым не менш, вы — першы, хто размаўляе з кожным маладым педагогам. Якія пытанні задаяце пры такіх сустрэчах і якія крытэрыі кандыдатаў на работу з дзецьмі з’яўляюцца вызначальнымі для вас як кіраўніка адукацыі ўсяго раёна?
— Пры прыёме маладога спецыяліста на работу падыходжу індывідуальна да кожнага. Першае, на што звяртаю ўвагу: чалавек мясцовы ці не. Калі прыехаў з іншага рэгіёна, то цікаўлюся ўражаннем аб нашым раёне, яго планамі на будучыню: адпрацоўка неабходнага тэрміну альбо жаданне працаваць даўжэй. Заўсёды цікаўлюся, як чалавек прыйшоў у гэтую прафесію, што паслужыла штуршком і што ён хоча атрымаць. Яшчэ пытаюся, ці памятае малады спецыяліст свайго першага настаўніка, бо, распавядаючы пра першага настаўніка ці настаўніка, які паўплываў на выбар прафесіі, малады чалавек раскрывае асноўныя рысы таго прафесіянала, якім ён хоча стаць.
Таксама пытаюся, дзе малады спецыяліст праходзіў практыку, які мае вопыт. Ва ўніверсітэце студэнты звычайна праходзяць педагагічную практыку на выпускных курсах. Цесная сувязь тэорыі педагогікі з практыкай дапамагае адчуць упэўненасць у сабе, у сваіх дзеяннях, усвядоміць мэты і задачы настаўніцкай прафесіі. Аднак не кожнаму студэнту, які атрымлівае выдатныя адзнакі на практыцы, удасца паспяхова пачаць работу ў школе.
Школа — гэта свет, у якім свае звычаі і правілы. Прыступіўшы да работы, малады педагог хутка ўсведамляе, што веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, вядома ж, добрыя, але толькі тэарэтычна, а ў жыцці — усё інакш! Пасля заканчэння ўстановы вышэйшай адукацыі практычнае прафесійнае навучанне маладога спецыяліста толькі пачынаецца.
Адаптацыя маладога спецыяліста ва ўстанове адукацыі, ўваходжанне яго ў прафесію і авалоданне спецыяльнасцю на рабочым месцы — сур’ёзны і працяглы працэс, які прадугледжвае засваенне педагогам сваіх функцыянальных абавязкаў, развіццё арганізацыйных, камунікатыўных, дыдактычных, аналітычных, рэфлексіўных і іншых уменняў і навыкаў у кантэксце прафесійнай кампетэнтнасці. Задача ўстановы адукацыі — дапамагчы педагогу адаптавацца, адчуць, што ён правільна абраў прафесію, замацавацца на рабочым месцы, развіць свае здольнасці, дасягнуць якасных вынікаў у навучанні і выхаванні вучняў.

— Ці запаліліся новыя зорачкі на небасхіле адукацыйнай прасторы Расонскага раёна?
— Канечне, у нас ёсць маладыя настаўнікі, якія ўжо паспелі дабіцца пэўнага поспеху і якімі мы ганарымся. Алеся Сяргееўна Шапель, настаўніца біялогіі, хіміі і геаграфіі Сакалішчанскага дзіцячага сада — базавай школы (у 2012 годзе закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава), ужо падрыхтавала пераможцу раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я пазнаю свет”.
Юлія Вячаславаўна Ясюченка, настаўніца рускай мовы і літаратуры Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава, падрыхтавала пераможцу раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды.
Настасся Іванаўна Аляшкевіч, настаўніца пачатковых класаў Заборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, таксама паспяхова рыхтуе сваіх падапечных да раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Я пазнаю свет”.
Людміла Саядаўна Караева, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Краснапольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, — пастаянны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў у рамках раённай спартакіяды сярод педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, раённага турыстычнага злёту.
А некаторыя з маладых спецыялістаў ужо займаюць кіруючыя пасады. Таццяна Цярэнцьеўна Яфрэмчык працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, займала пасаду намесніка дырэктара, а зараз з’яўляецца галоўным спецыялістам аддзела адукацыі. Аксана Антонаўна Рынцэвіч працавала выхавальнікам установы дашкольнай адукацыі, а зараз займае пасаду намесніка загадчыцы дзіцячага сада. Надзея Пятроўна Алексяёнак у 2010 годзе закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць “Замежная мова”), а з 2012/2013 навучальнага года займае пасаду намесніка дырэктара.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам і вашым настаўнікам-пачаткоўцам.

Гутарыла
Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

/h4

/h4