Моцная метадычная служба – сістэма адукацыі на перадавых пазіцыях

- 15:10Суразмоўца
Калектыў ВМК Барысаўскага раёна.
Усе рэгіёны, дзе эфектыўна працуе метадычная служба, падобныя адзін на другі. І наадварот, тыя рэгіёны, дзе гэтая служба існуе толькі намінальна, маюць свае асаблівыя праблемы. Высветліць, наколькі якасна працуе метадычная служба ў рэгіёне, можна па некалькіх ключавых паказчыках. Па-першае, наколькі актыўна творчыя педагогі ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах (ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню), ці ўмеюць трансліраваць свой вопыт і наколькі гэты вопыт запатрабаваны. Па-другое, якіх поспехаў дасягнулі настаўнікі ў рабоце з адоранымі дзецьмі, наколькі тыя паспяхова выступаюць у інтэлектуальных, спартыўных і творчых спаборніцтвах. Па-трэцяе, ці шмат у раёне праводзіцца мерапрыемстваў, на якія запрашаюць калег з вобласці, рэспублікі. І па-чацвёртае, наколькі педагогі рэгіёна актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, ведаюць адно аднаго. Гэтыя паказчыкі мы вызначалі разам з Любоўю Сцяпанаўнай Чарпаковай, загадчыкам РВМК аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама падчас апошняй нашай сустрэчы. Ад сябе я яшчэ дадала адзін паказчык: наколькі аператыўна і інфарматыўна могуць прадставіць звесткі аб любым педагогу раёна работнікі метадычнага кабінета.

З прадстаўнікамі ВМК Барысаўскага раёна, а менавіта Л.С. Чарпаковай, працую даўно, і для сябе адзначыла, як тутэйшыя метадысты хутка і з радасцю рэагуюць на прапановы журналіста напісаць пра іх педагогаў ці паўдзельнічаць у мерапрыемствах. Менавіта таму пра сістэму адукацыі Барысаўшчыны на старонках “Настаўніцкай газеты” гаворка ідзе дастаткова часта.
Любоў Сцяпанаўна Чарпакова — метадыст з вялікім стажам, за сваю работу адзначана шматлікімі ўзгагародамі, мае ганаровыя званні выдатніка асветы БССР, выдатніка асветы СССР, адзначалася Ганаровымі граматамі СССР і БССР. Як з усмешкай заўважае сама жанчына, метадычнай работай яна займаецца ўсё сваё вялікае працоўнае жыццё (агульны педагагічны стаж 47 гадоў і з іх 26 — у аддзеле адукацыі). ВМК Барысаўскага раёна Любоў Сцяпанаўна ўзначальвае з 2006 года, з моманту яго стварэння. Але да гэтага часу, дзе б яна ні працавала — у школе настаўнікам гісторыі або намеснікам дырэктара па метадычнай рабоце, ці па вучэбна-выхаваўчай рабоце; у аддзеле адукацыі інспектарам школ або вядучым арганізатарам — усюды дапамагала педагогам павышаць іх прафесійны ўзровень, абагульняць вопыт, распаўсюджваць яго.
Любоў Сцяпанаўна памятае, як развівалася метадычная служба ў савецкія, “перабудовачныя” часы, узгадвае, як адмовіліся ад раённай метадычнай службы. Але затым прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў адукацыі Барысава выходзілі на ўлады з прапановай адрадзіць гарадскую метадычную службу. Яны нават былі гатовы ахвяраваць некаторыя свае стаўкі на карысць гэтай службы.
Педагогі, якія мелі вопыт добрага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі метадычнай службы, адзначаюць іх вялікую дапамогу і станоўчы ўдзел у сваім прафесійным жыцці. Іншыя толькі наракаюць і адзначаюць, што метадысты ім непатрэбныя. Іх меркаванні залежаць ад вопыту. Але ўсё ж пэўная сувязь паміж паспяховай работай сістэмы адукацыі рэгіёна і работай метадычнай службы існуе. Калі метадычная служба моцная, тады і сістэма адукацыі будзе на перадавых пазіцыях. Менавіта клопатам і поспехам работнікаў метадычнай службы рэгіёна была прысвечана наша размова з Л.С.Чарпаковай.

— Любоў Сцяпанаўна, якія спецыялісты сёння працуюць у метадычным кабінеце? Як вы вырашаеце адно з праблемных пытанняў метадычнай службы — забеспячэнне прафесійнымі кадрамі?
— На гэты час у нашым РВМК працуюць 16 спецыялістаў. У іх ліку я (загадчык кабінета), мой намеснік А.А.Кочык, два начальнікі аддзелаў, тры загадчыкі сектараў і метадысты. Усе метадысты маюць вышэйшую адукацыю. Большасць спецыялістаў — педагогі з выйшэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыямі. Без педагагічнай кваліфікацыйнай катэгорыі 5 чалавек. Усе нашы спецыялісты — выдатныя людзі не толькі па асабістых якасцях, але і па прафесійных.
Маючы багаты вопыт метадычнай работы, я ўяўляю, хто з педагогаў можа працаваць у гэтай сферы, праводжу з ім індывідуальныя гутаркі, матывую. Нам прыемна, што некаторыя нашы метадысты сёння працуюць у раёне на розных пасадах. Наш метадычны кабінет нават называюць кузняй кадраў для аддзела адукацыі.
Калі фармальна глядзець на лічбы, колькі і з якой кваліфікацыйнай катэгорыяй у нас працуюць людзі, не знаёмячыся з імі, то, натуральна, можа скласціся ўражанне, што ў РВМК працуюць невукі. Што ў такім выпадку яны могуць даць педагогам? Навошта яны ўвогуле? На самай справе, нашы метадысты — сапраўды апантаныя сваёй работай людзі. Гэта не толькі маё меркаванне, а і многіх калег з вобласці. Нашы метадысты ўсе былі добрымі педагогамі, але і тут, у метадычным кабінеце, знайшлі сваёй прызванне, а затым і прызнанне калег. Яны не з ліку тых, хто пайшоў са школы ў пошуку лёгкага хлеба. Хто хоць сутыкаўся з метадычнай работай, ведае, якая яна аб’ёмная, шматпланавая.
Напрыклад, наш загадчык сектара фізічна-аздараўленчай, спартыўнай і турыстычна-краязнаўчай работы курыруе два прадметы (а гэта 103 настаўнікі), пры гэтым працуе з вялікай колькасцю дзяцей (8670 навучэнцаў). Ён займаецца арганізацыяй работы фізкультурна-аздараўленчага, спартыўнага і турыстычна-краязнаўчага кірункаў, кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў, арганізацыяй і правядзеннем аздараўленчых, спартыўных і турыстычна-краязнаўчых мерапрыемстваў, а таксама наладжваннем інтэлектуальных конкурсаў па прадметах.
Не кожны можа вучыць педагогаў. Метадыст павінен валодаць дарам пераканання, быць уважлівым да людзей. Вельмі важна, як метадыст стасуецца з калегамі. Адно, калі ты гаворыш як кіраўнік, а другое, калі ты прапускаеш праз сябе ўсю інфармацыю, калі сам перакананы ў тым, што робіш, тады і педагогі ў гэта пачынаюць верыць, адгукаюцца на твае прапановы. Гэта кіраўнікі дзейнічаюць праз загады, а мы, метадысты, больш праз перакананне, матывацыю. Метадыст абавязкова павінен увесь час працаваць над самаўдасканаленнем, быць у курсе ўсяго новага, перадавога.

— Што дапамагае вашым спецыялістам расці прафесійна? Якім чынам вы павышаеце сваю кваліфікацыйную катэгорыю?
— Безумоўна, найперш праз самаадукацыю і ўдзел у мерапрыемствах, курсах, якія праводзяць Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Мы актыўна супрацоўнічаем з гэтымі дзвюма ўстановамі. У межах сваёй кампетэнцыі яны актыўна дапамагаюць. Прыемна, што нам не навязваюцца пэўныя курсы і семінары, а мы маем права выбару. Установы дасылаюць план, а мы аналізуем, выбіраем тое, што нам трэба, чаго ў нашым раёне яшчэ няма.
Часта ўзгадваю двухмесячныя курсы на базе Дома настаўніка ў Мінску ў 1987 годзе, на якіх я была адразу пасля прызначэння на пасаду загадчыка метадычнага кабінета Барысава. Гэта былі сапраўды дзіўныя курсы: тых ведаў, якія я атрымала, мне затым хапіла на некалькі гадоў наперад. Сутнасць іх была ў тым, што нам давалі змястоўную інфармацыю (ад нарматыўнай базы да творчых пакрокавых падыходаў) па кожным прадмеце. Таму я адчувала сябе ўпэўнена, магла навучыць гэтаму намеснікаў дырэктараў, даць кансультацыю любому настаўніку-прадметніку. Вось такія курсы былі б нам вельмі дарэчы.
У сучасных умовах лёгка наладзіць узаемадзеянне з дапамогай інтэрнэту, але мы праводзім і вочныя сустрэчы са сваімі калегамі. Так, напрыклад, у межах абласнога педагагічнага марафону арганізоўвалі сумеснае мерапрыемства са Смалявіцкім РВМК. Мы дзяліліся сваімі напрацоўкамі і шмат чаго даведаліся пра калег.
Пасля правядзення любога мерапрыемства, мы абавязкова яго аналізуем: што прывяло да поспеху, што трэба ўлічыць у наступны раз. Падчас гэтага аналізу можа нават дыскусія ўзнікнуць, па выніках якой мы прыходзім да меркавання, што і як нам трэба рабіць лепш.
Мы ў сваім калектыве прывыклі працаваць без зайздрасці да поспеху іншага, а навучаючыся адно ў аднаго. Нашы метадысты-пачаткоўцы часта многа чаму вучацца ў кіраўнікоў раённых метадычных аб’яднанняў, бо яны ў асноўным педагогі з вялікім стажам, даўно ўзначальваюць МА.
Наш РВМК быў створаны ў 2006 годзе і мы да гэтага часу працуем у адпаведнасці з тагачаснымі дакументамі. За гэты перыяд начальнікі аддзелаў, загадчыкі сектараў, загадчык і намеснік загадчыка не маглі павышаць сваю кваліфікацыйную катэгорыю як метадысты, бо гэта не прадугледжана палажэннем аб атэстацыі педагагічных работнікаў. Мяркую, што гэта абавязкова трэба хутка вырашыць, бо людзі працуюць і могуць павышаць сваю кваліфікацыю.

— З гэтага навучальнага года нашы лепшыя педагогі могуць атрымліваць новую кваліфікацыйную катэгорыю — педагог-метадыст. Ведаю, што ўжо два педагогі з вашага раёна атрымалі яе. Якім чынам вы мяркуеце іх задзейнічаць у рабоце метадычнага кабінета?
Калектыў ВМК Барысаўскага раёна. — Сапраўды, у нас ёсць ужо свае педагогі-метадысты. Гэта супрацоўнікі адной установы адукацыі — Лошніцкай раённай гімназіі — Юлія Уладзіміраўна Саматыга, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара, і Іван Віктаравіч Якіменка, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2011”.
Хачу сказаць, што Юлія Уладзіміраўна і Іван Віктаравіч і без атрымання гэтай кваліфікацыйнай катэгорыі дапамагалі нам праводзіць метадычную работу ў раёне, займаліся метадычнай работай у сваёй установе. Іх таксама запрашалі чытаць курсы і праводзіць майстар-класы ў абласны ІРА. Ю.У.Саматыга з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Па выніках спаборніцтва сярод устаноў адукацыі ў мінулым годзе Лошніцкая гімназія названа лепшай установай адукацыі па арганізацыі метадычнай работы. Гімназія таксама з’яўляецца нашым рэсурсным цэнтрам па гэтай рабоце. На яе базе, напрыклад, у межах педагагічнага марафону адбылося пасяджэнне школы маладога спецыяліста “Дыялог” па тэме “Асноўныя шляхі ўдасканалення ўрока ў сучаснай школе. Арганізацыя работы з адоранымі навучэнцамі”. У пасяджэнні прымалі ўдзел педагогі, якія працуюць у школах толькі першы год. Пра асаблівасці адукацыйнага працэсу ў сваёй гімназіі ў рабоце з адоранымі дзецьмі паведаміла Ю.У.Саматыга. Яркім і цікавым было выступленне І.В.Якіменкі, які расказваў, што такое “Крок-пазл”, алгарытм імправізацыі.
Мы пастаянна запрашаем на работу ў метадычны кабінет як кіраўнікоў МА нашага раёна, так і педагогаў з кваліфікацыйнай катэгорыяй “педагог-метадыст”, аднак яны не спяшаюцца да нас. Іх пакуль задавальняе іх становішча: яны маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, больш чым адну стаўку, таксама розныя даплаты, у тым ліку і за метадычную работу, якую яны праводзяць разам з намі. Яны імкнуцца займацца метадычнай работай, але ў невялікім аб’ёме, і пры гэтым жадаюць заставацца працаваць у школе. Да таго ж заробак настаўніка і метадыста сёння значна адрозніваецца, і метадысты не маюць такога вялікага летняга адпачынку, як педагогі.

— Як вы будуеце ўзаемадзеянне з педагогамі раёна?
— Найперш непасрэдна праз работу раённых метадычных аб’яднанняў. У нас 28 настаўнікаў з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных аб’яднанняў. З іх 23 настаўнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і 5 з першай. Яны працуюць непасрэдна з педагогамі свайго кірунку, таксама ўдзельнічаюць разам з нашымі спецыялістамі ў вывучэнні стану выкладання прадмета ў школах. Планы работы метадычных аб’яднанняў кіраўнікі МА распрацоўваюць сумесна з метадыстам РУВМ, які курыруе прадмет, з улікам інструктыўна-метадычных пісьмаў, запытаў педагогаў і тых праблем, якія мы ў рэгіёне бачым.
Таксама мы будуем сваё ўзаемадзеянне з калектывамі навучальных устаноў праз работу раённых рэсурсных цэнтраў. На сёння ў Барысаўскім раёне дзейнічае 25 такіх цэнтраў. Напрыклад, у гэтым годзе на базе сярэдняй школы № 2 Барысава быў адкрыты рэсурсны цэнтр па працоўным навучанні, а ў ВПЦ “яслі-сад — сярэдняя школа № 24 Барысава” — па нямецкай мове і гісторыі. У ліцэі Барысава працуе раённы рэсурсны цэнтр па грамадазнаўстве і ствараецца абласны рэсурсны цэнтр па біялогіі. А на базе сярэдняй гарадской школы № 10 створаны рэсурсны цэнтр па тэме “Укараненне мадэлі сацыяльнага партнёрства ў інтарэсах развіцця навучэнцаў праз музычна-мастацкую і тэатральна-харэаграфічную дзейнасць на аснове нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа”. Раённыя рэсурсныя цэнтры працуюць згодна са сваім планам на вучэбны год. Сёлета, напрыклад, на іх базе былі праведзены семінары-практыкумы, майстар-класы, кансультацыі, курсы, вучэбныя зборы.
Кожны год мы матывуем нашых педагогаў больш актыўна прымаць удзел у педагагічным марафоне спецыялістаў сістэмы адукацыі, які праводзіцца па ініцыятыве Мінскага аблвыканкама. Сёлета ў педагагічным марафоне прымалі ўдзел педагагічныя работнікі ўсіх катэгорый устаноў адукацыі нашага раёна. Было праведзена шмат самых розных мерапрыемстваў: семінар-практыкум, майстар-класы, круглы стол, педагагічная дыскусія, метадычны мост, панарама педагагічнага вопыту і г.д. Кожны дзень марафону быў насычаны цікавымі сустрэчамі і падзеямі. Гэта былі незабыўныя дні. У іх удзельнічала шмат нашых педагогаў.
Гэты год таксама паспяховы для дырэктара сярэдняй школы № 20 Барысава Марыны Юр’еўны Савянок, якая стала дыпламантам (другое месца) першага абласнога конкурсу “Малады кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі”. У гэтай перамозе таксама ёсць і ўклад работнікаў РВМК.
І ў раёне мы праводзім конкурсы прафесійнага майстэрства. Напрыклад, сёлета адбыліся конкурс прафесійнага майстэрства “Педагог года” і конкурс “Малады спецыяліст”. Падчас іх падрыхтоўкі і правядзення мы шмат працуем з удзельнікамі спаборніцтваў над абагульненнем вопыту, а затым найлепшым яго прадстаўленнем. Пераможцы, лаўрэаты і асобныя намінанты нашых конкурсаў затым уключаюцца ў рэзерв кіруючых кадраў, ім прадастаўляецца магчымасць удасканальваць і рэалізоўваць свае лідарскія здольнасці. 33,2 % ад усіх кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — пераможцы, лаўрэаты конкурсу “Педагог года”. Конкурс не толькі нам дапамагае выяўляць творчых і таленавітых педагогаў, а і настаўнікам дазваляе расці і ўдасканальвацца.
Са значных і цікавых мерапрыемстваў, што праводзіць РВМК, я таксама хацела б узгадаць агляд-конкурс вучэбных, метадычных кабінетаў і школьных бібліятэк. Гэты конкурс стымулюе педагагічныя калектывы ствараць у сваіх установах умовы для навучання і выхавання, умацавання ролі вучэбных кабінетаў ва ўдасканаленні адукацыйнага працэсу. У конкурсе-аглядзе прынялі ўдзел 34 установы адукацыі раёна, 52 вучэбныя кабінеты, 2 бібліятэкі, 4 метадычныя кабінеты.
Мы ўвесь час працуем над абагульненнем вопыту нашых педагогаў. Лепшы з іх абавязкова імкнёмся выдаць ці асобным зборнікам, ці мультымедыйным дыскам. Усе гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў метадычным кабінеце, мы таксама іх тыражуем і распаўсюджваем.
Хачу заўважыць, што мы, працуючы з навучэнцамі раёна, узаемадзейнічаем і з іх педагогамі. А для навучэнцаў мы штогод арганізоўваем раённую навукова-практычную канферэнцыю, тэматычную алімпіяду і раённы этап рэспубліканскай алімпіяды, вялікую колькасць іншых творчых і спартыўных конкурсаў. Вось некалькі лічбаў. На працягу гэтага навучальнага года для школьнікаў былі праведзены інтэлектуальныя конкурсы (у якіх прыняло ўдзел 18707 навучэнцаў), НПК (243 навучэнцы), прадметныя алімпіяды (1184 навучэнцы), дыстанцыйныя прадметныя алімпіяды (600 навучэнцаў), творчыя конкурсы (5780 навучэнцаў), спартыўныя спаборніцтвы (8670 навучэнцаў), дыягнастычнае тэсціраванне сумесна з БНТУ (3446 навучэнцаў). Яшчэ займаемся аздараўленнем навучэнцаў у санаторных школах-інтэрнатах Мінскай вобласці (241 навучэнец).

— Спіс вашых спраў сапраўды вялікі. А скажыце, калі ласка, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання — гэта ганаровая пасада, альбо за гэтую дзейнасць людзі матэрыяльна заахвочваюцца?
— Нейкі час сапраўды гэтай справай займаліся людзі настолькі апантаныя, што выконвалі абавязкі па асабістай зацікаўленасці. Затым, калі ва ўстановах адукацыі з’явіўся прэміяльны фонд, кіраўнікі навучальных устаноў пайшлі нам насустрач (у аддзеле адукацыі няма такога спецыяльнага фонду) і пачалі з гэтых фондаў заахвочваць кіраўнікоў МА. Гэта прапісана ў калектыўных дагаворах, узгоднена з райкамам прафсаюза. Кіраўніку раённага МА ўстанаўліваецца даплата ў пачатку навучальнага года ў залежнасці ад таго, якую колькасць педагогаў ён курыруе, наколькі вынікова працуе метадычнае аб’яднанне. А гэта значыць, ці паспяхова ўдзельнічаюць навучэнцы па пэўным прадмеце ў алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, ці аказвае МА дапамогу маладым спецыялістам і г.д.
Са свайго боку, мы імкнёмся адзначыць людзей граматамі раённага аддзела адукацыі і абласнога ўпраўлення адукацыі.
Кіраўнікі школьных метадычных фарміраванняў таксама матэрыяльна заахвочваюцца. І, дарэчы, нярэдка іх матэрыяльнае заахвочванне большае, чым у кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання. Магчыма, у такіх выпадках кіраўнікі ўстаноў мяркуюць, што іх педагогі больш працуюць на сваю ўстанову, чым на раён. Хаця, як мне здаецца, яны памыляюцца. Бо педагог, які працуе з усімі педагогамі раёна, больш дасведчаны і мае ўяўленне аб напрацоўках усіх педагогаў-прадметнікаў рэгіёна, а значыць, лепш “падкаваны” метадычна.

— Любоў Сцяпанаўна, якія шляхі самаўдасканалення раённай метадычнай службы вы бачыце?
— Мы працуем па штатным раскладзе 2006 года. З таго часу шмат чаго змянілася і нам патрэбны карэктывы. Сёння з’явіліся такія структуры, як сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і развіцця, ва ўстановах створаны псіхолага-педагічныя службы. Шмат людзей займаюцца абаронай правоў дзіцяці і пры гэтым у адпаведных службах ёсць свае метадысты. Таму, магчыма, з метадычнага кабінета гэты аддзел па пытаннях абароны правоў дзіцяці можна ліквідаваць. А больш выдзеліць ставак на вучэбныя прадметы, каб мы ім больш удзялялі ўвагі.
Мы ў сваім кабінеце вылучылі двух спецыялістаў, якія займаюцца выхаваўчай работай, а дакладней, спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работай, а таксама разнастайнымі конкурсамі, фестывалямі. Гэтыя стаўкі не прадугледжаны штатным раскладам, хаця такія спецыялісты нам вельмі патрэбны. Я палічыла, што гэта ўваходзіць у межы пытання абароны правоў дзіцяці: мы нашых дзяцей не толькі абараняем, але і даём ім магчымасць развівацца ўсебакова і гарманічна.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.