150 гадоў гісторыі

- 15:59Брэстчына

Надыходзячы 2019 год будзе юбілейным для альшанскай сярэдняй школы № 1. 150 гадоў назад, у 1869 годзе, на тэрыторыі сучаснай вёскі Альшаны было адкрыта Земскае народнае вучылішча. На той час тут налічвалася ўсяго 26 вучняў (усе хлопчыкі).

Ішлі гады. Мяняліся дзяржавы, у склад якіх уваходзілі Альшаны, і разам з гэтым мянялася і развівалася школа. У розныя перыяды яна была рускамоўнай, польскамоўнай, нарэшце, беларускамоўнай. У 1976 годзе для ўстановы адукацыі быў узведзены трохпавярховы будынак на 1176 месцаў.

— Уадрозненне ад большасці вёсак, дзе дэмаграфічная сітуацыя ўвесь час пагаршалася, у Альшанах колькасць жыхароў з кожным годам павялічвалася, — гаворыць дырэктар Міхаіл Ільіч Лемяза. — Дзякуючы Столінскаму выканаўчаму камітэту, у 2011 годзе ў Альшанах была пабудавана новая школа. А ў нашым будынку быў зроблены капітальны рамонт.

Сёння ў альшанскай сярэдняй школе № 1 налічваецца 844 вучні. Гэта сучасная ўстанова адукацыі, дзе задавальняюцца адукацыйныя патрэбы кожнага дзіцяці.

Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца развіццю інфарматызацыі. Стандарт забяспечанасці камп’ютарнай тэхнікай выконваецца тут у поўным аб’ёме. Ёсць 2 інтэрактыўныя дошкі, лакальная сетка, 2 камп’ютарныя класы. Установа прымае актыўны ўдзел у праекце “Электронная школа”.

Штогод дзеля задавальнення патрэб навучэнцаў у падрыхтоўцы да ўступных іспытаў і далейшым выбары прафесіі ў школе фарміруюцца профільныя класы для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні. У мінулым навучальным годзе была арганізавана работа педагагічнага класа. З гэтага года вучні маюць магчымасць наведваць аграрны клас. У 10 класе арганізавана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў па прафесіях цясляр для хлопчыкаў і “швачка” для дзяўчынак.

— І хоць светапогляд альшанцаў адрозніваецца ад светапогляду іншых жыхароў краіны, у нас назіраецца станоўчая дынаміка ў прафесійным выбары школьнікаў, — гаворыць Міхаіл Ільіч. — З кожным годам усё больш вучняў працягвае вучобу па-за межамі школы. Сёлета з 55 выпускнікоў неарганізаванымі засталіся 16 чалавек, хаця я лічу, што для нашай мясцовасці гэты тэрмін не падыходзіць, бо дзеці з маленства прывучаны да працы. Станоўчы прыклад паказваюць многія альшанцы, якія без спецыяльнай адукацыі сталі прафесіяналамі ў аграрнай справе. Дзякуючы ім, жыхары вёскі, ды і раёна, маюць працоўныя месцы і пастаянную заработную плату. Менавіта для гэтага ў нас і арганізаваны аграрны клас.

Школа крочыць у нагу з сучаснасцю. Для павышэння эканамічнай культуры вучняў і ажыццяўлення Дэкрэта № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” ў верасні 2018 года стартавала школьная бізнес-кампанія ААТ “Рагнеда”. Усё пачалося з вырабу дэкаратыўных кашпо. Але потым знайшлі фундатара, які дапамог школе набыць лазерна-гравіравальны станок. Цяпер на гэтым станку дзеці вырабляюць магніты, ёлачныя цацкі, сувеніры. У будучыні плануюць запусціць выраб лінеек і транспарціраў, праводзіць гравіроўку тэлефонных чахлоў, нататнікаў, кніжных вокладак і г.д.

— У аснове дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі — выхаванне працавітасці і эканамічнай пісьменнасці навучэнцаў. Ствараюцца ўмовы для таго, каб яны на практыцы атрымалі першасныя веды аб прадпрымальніцтве, — гаворыць кіраўнік бізнес-кампаніі настаўнік матэматыкі альшанскай школы № 1 Міхаіл Сцяпанавіч Масалыка.

Вялікая ўвага ўдзяляецца спартыўнаму навучанню дзяцей. Штогод са сцен установы выходзяць пераможцы раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў у розных відах спорту. Школа таксама ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце па развіцці дзіцячага футбола.

Арганічнай часткай выхаваўчай сістэмы школы з’яўляецца шосты школьны дзень. Па суботах тут праводзяцца вечарыны і тэматычныя дыскатэкі, акцыі па фарміраванні здаровага ладу жыцця і прафілактыцы супрацьпраўных паводзін. Арганізавана работа спартыўнай залы, бібліятэкі, камп’ютарнага класа.

— Усё гэта фарміруе нацыянальную самасвядомасць, любоў да малой радзімы, жаданне жыць і працаваць на карысць грамадства ў цэлым і свайго роднага куточка, — гаворыць Міхаіл Ільіч.

У 2014 годзе Рамельская сярэдняя школа Столінскага раёна атрымала статус апорнай пляцоўкі па ўкараненні прынцыпаў “роўны вучыць роўнага” ў прафілактычнай рабоце з моладдзю. Валанцёрская група “Сэрцабіцце” прапагандуе здаровы лад жыцця сярод аднагодкаў пры дапамозе трэнінгавых заняткаў. Агульная колькасць валанцёраў-інструктараў, падрыхтаваных за ўвесь перыяд існавання валанцёрскага атрада, складае 56 навучэнцаў. Кіраўнік групы — сацыяльны педагог Любоў Мікалаеўна Нагар.


На базе альшанскай сярэдняй школы № 2 нам была прадстаўлена шырокая панарама адукацыйнага і выхаваўчага вопыту педагогаў Століншчыны. На жаль, абмежаваная плошча газетных старонак не дазваляе паказаць усю палітру педагагічнай творчасці. Але мы абавязкова вернемся да палескага вопыту, ён знойдзе адлюстраванне ў нашых будучых матэрыялах.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.