Ад пісьменнага кіравання — да вынікаў

- 16:33Нам пішуць

На абласным семінары дырэктараў шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі Гомельшчыны кіраўнікі з усіх рэгіёнаў вобласці абмяркоўвалі эфектыўнае кіраванне.

— Галоўная задача кіраўніка сёння — аператыўна прымаць рашэнні, пісьменна распрацоўваць стратэгію развіцця ўстановы, хутка рэагаваць на змены, умець арганізаваць прафесійную каманду аднадумцаў і паспяхова кіраваць яе дзейнасцю, — лічыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і метадычнай рабоце Гомельскага абласнога палаца творчасці Таццяна Беладзедава.

Для гэтага неабходна быць прафесійна дасведчаным, валодаць сфарміраванымі ключавымі і кіраўнічымі кампетэнцыямі, лічаць арганізатары мерапрыемства. Менавіта гэтым пытанням была ўдзелена ўвага на семінары.

Дырэктар абласнога палаца творчасці Святлана Якіменка спынілася на выкананні ўстановамі дзяржаўных праграм і дакументаў упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а таксама прааналізавала дзейнасць шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі за першае паўгоддзе навучальнага года. Яна паведаміла, што лепшы вынік удзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах прадэманстравалі Жлобінскі гарадскі цэнтр творчасці “Эўрыка”, цэнтр творчасці “Ювента” г. Светлагорска і Мазырскі цэнтр творчасці.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і метадычнай рабоце абласнога палаца творчасці Таццяна Беладзедава акрэсліла важнасць павышэння прафесійных кампетэнцый метадычных службаў і педагогаў. Так, установай рэалізоўваецца праект “Метадычны экспрэс”, у аснове якога —удасканаленне метадычнай дасведчанасці педагагічных работнікаў сродкамі навучальных семінараў і майстар-класаў, якія праводзяць пераможцы конкурсу “Метадыст года 2017”. З мэтай ахопу навучаннем педагогаў праведзена ўжо тры выязныя мерапрыемствы. І, як падкрэсліла Таццяна Аляксандраўна, удзельнікі такіх сустрэч адзначаюць, што заўсёды карысна ўбачыць, як працуе калега, павучыцца, каб нешта выкарыстоўваць потым у сваёй практыцы.

Далей праца прадоўжылася ў дзвюх секцыях.

Загадчык аддзела па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі палаца творчасці Уладзімір Александронец падрыхтаваў секцыю “Сусветнае кафэ”, удзельнікі якой абмяркоўвалі кропкі росту рэгіянальнай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Кіраўнікі цэнтраў творчасці расказалі пра брэнды сваіх устаноў, абмеркавалі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сёння іх установы. Разважалі і аб тым, якія новаўвядзенні магчымы ў нарматыўнай прававай базе для больш эфектыўнай работы. Напрыклад, былі прапановы пачатак навучальнага года ва ўстановах дадатковай адукацыі зрабіць афіцыйна 15 верасня. Прапаноўвалі і павялічыць працоўны адпачынак педагогам-дадаткоўцам, паколькі яны працуюць у вячэрні і канікулярны час, а сіл і часу на падрыхтоўку да заняткаў затрачваецца не менш, чым у школьнага настаўніка. Да таго ж (і сёння гэта ні для кога не сакрэт) педагогу дадатковай адукацыі даводзіцца сур’ёзна працаваць над тым, каб захаваць кантынгент навучэнцаў. Яшчэ адно важнае меркаванне, якое выказалі кіраўнікі — унесці змяненні ў п 1.3 пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 93 ад 2012/08/31, а менавіта ўключыць катэгорыю “педагог дадатковай адукацыі”, “метадыст”, “педагог-псіхолаг” для аплаты на перыяд інавацыйнай дзейнасці.

Удзельнікі секцыі “Валанцёрства як адзін з фактараў сацыялізацыі падлеткаў і іх камунікатыўных здольнасцей ва ўстанове дадатковай адукацыі” яшчэ раз звярнуліся да аднаго з асноўных дакументаў — Канцэпцыі арганізацыі маладзёжнага валанцёрскага (дабравольніцкага) руху ў Рэспубліцы Беларусь, пазнаёміліся з лепшым вопытам арганізацыі валанцёрскай дзейнасці. Вядучая секцыі Дар’я Чыкунова паказала значнасць, запатрабаванасць валанцёрскай працы не толькі для мэтавых груп, але і для саміх навучэнцаў-валанцёраў.

Падводзілі вынікі семінара за круглым сталом. Кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі адзначылі, што падобныя сустрэчы дазваляюць знайсці вырашэнне многіх праблем у працэсе зносін і навучання.

Наталля ЛУТЧАНКА.