Адчуць смак танца

- 11:11Людзі адукацыі

Напярэдадні Дня настаўніка міжволі ўспамінаюцца любімыя педагогі. Для многіх бярэзінцаў адзін з іх — настаўніца рытмікі і танца Таццяна Аляксандраўна Шкода. Больш за 40 гадоў яна вучыць юных жыхароў Беразіна адчуваць сваё цела і “размаўляць” пры дапамозе рухаў, трымаць спіну роўна, а галаву высока ўзнятай, рытмічна вытанцоўваць польку і плаўна вальсіраваць. І нават калі нехта з дзяцей спачатку не вельмі задаволены ўрокамі строгага педагога, затое на выпускным балі ўсе з удзячнасцю іх прыгадваюць.

Таццяна Аляксандраўна “сябруе” з Тэрпсіхорай (муза танца ў грэчаскай міфалогіі. — Заўв. аўт.)з самага дзяцінства. Аднак пасля заканчэння школы яна збіралася паступаць у гандлёвае вучылішча. Калі ж прыехала падаваць дакументы, то, прахо­дзячы міма Мінскага культурна-асветніцкага вучылішча (зараз гэта Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў), зразумела, што больш за ўсё на свеце хоча танцаваць. З лёгкасцю паступіла на харэаграфічнае аддзяленне і скончыла яго ў 1980 годзе. Вось так спантаннае рашэнне стала лёсавызначальным, і за 40 гадоў яна ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

Аднаго года навучання харэаграфіяй заўсёды мала, каб адчуць смак танца.

“Пасля заканчэння вучылішча я прыйшла працаваць мастацкім кіраўніком у Паплаўскі сельскі дом культуры. Нарадзіўшы дачушку, перайшла ў Бярэзінскі раённы дом культуры. А ў 1990 годзе мяне запрасілі выкла­даць рытміку ў Бярэзінскую гімназію. На працягу амаль 20 гадоў я, так бы мовіць, адчыняла дзверы ў свет танца вучням з 1 па 7 клас, — успамінае педагог. — На жаль, сёння вяду толькі факультатыўныя заняткі па харэаграфіі ў пачатковай школе № 1 Беразіно”.

Усе чатыры дзесяцігоддзі Т.А.Шкода імкнецца павышаць сваю кваліфікацыю і шліфаваць прафесійнае майстэрства: “Я ніколі не стаяла на адным месцы. Вышэйшую адукацыю атрымала ў 1985 годзе ў Мінскім інстытуце культуры — сёння гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Рэгулярна наведвала розныя курсы, прычым у свой час мне пашанцавала пабываць не толькі на рэспубліканскіх, але і на саюзных — у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Калі толькі прыйшла ў школу, з-за адсутнасці праграм па рытміцы магла эксперыментаваць, прапаноўваючы дзецям самыя розныя танцавальныя стылі. Так, з малодшымі школьнікамі мы развучвалі народныя танцы (беларускія і ўкраінскія), а са старэйшымі — бальныя: польку, вальс, ча-ча-ча, джайв, квікстэп і г.д. Гэта быў неверагодны час майго педагагічнага станаўлення. І, дарэчы, менавіта ад мяне пайшла гарадская традыцыя правядзення балю выпускнікоў з абавязковым выкананнем вальса”.

Колькасць заняткаў харэаграфіяй у сучаснай агульнаадукацыйнай школе — 1—2 гадзіны на тыдзень. Таму, для таго каб вучні за такі час змаглі на добрым узроўні асвоіць комплекс рухаў, а іх стыхійнае жаданне займацца танцамі стала свядомым захапленнем, павінен адбыцца амаль што цуд. І ён адбываецца дзякуючы разнастайным метадам і прыёмам, якімі валодае і якія віртуозна прымяняе педагог-харэограф. Каб урок прайшоў цікава, Таццяна Аляксандраўна знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых ідэй і натхнення.

“Танец для мяне — гэта кісларод, якім немагчыма надыхацца”.

“Для паўнавартаснага і гарманічнага танцавальнага развіцця школьнікі павінны асвоіць мінімум рухаў розных жанраў харэаграфіі. Зразумела, што ў прафесійным навучанні існуюць асобныя ўрокі, на якіх вывучаюць спачатку класічны, потым народны, гістарычна-бытавы танцы, а ў агульнаадукацыйнай школе ўвесь гэты комплекс прыхо­дзіцца асвойваць за вельмі абмежаваны час. Пры гэтым мне неабходна навучыць дзяцей не толькі самым простым танцавальным практыкаванням і рухам, але і выкананню танца асэнсавана, натхнёна, музычна, свабодна і лёгка. Каб пасля можна было годна выступаць як на гарадскіх мерапрыемствах, так і на абласных і рэспубліканскіх конкурсах”, — дадала настаўніца.

Слова “рытміка” паходзіць ад грэчаскага rhythmos, якое ў перакладзе азначае “парадак руху”. А таму рытміка — гэта практычныя заняткі, падчас якіх музычныя вобразы перадаюцца пры дапамозе рухаў. Такія ўрокі спрыяюць эстэтычнаму развіццю дзяцей, прывіваюць ім любоў да танца, фарміруючы пачуццё рытму і ўдасканальваючы каардынацыю рухаў, а таксама выхоўваюць мастацкі густ і вучаць паўнавартасна ўспрымаць творы танцавальнага мастацтва. Праз рытміку адбываецца далучэнне да музычнай культуры, эстэтыкі і этыкету.

Сёння ў скарбонцы яе дасягненняў — мноства дыпломаў як уласных, так і яе выхаванцаў, сярод якіх асобнае месца адведзена амаль штогадовым узнагародам аб’яднання па інтарэсах “Бусинки”, атрыманым на раённым конкурсе юных талентаў “Зорачкі на­дзей”, што ладзіцца ў Беразіне на працягу апошніх 15 гадоў. “У малодшай узроставай групе мы рэгулярна атрымліваем дыпломы I і II ступені. Увогуле самае прыемнае для любога педагога — бачыць вынік сваёй працы, нават самы маленькі, напрыклад, калі дзеткі выдатна выступаюць на лінейках: яны танцуюць, а іх бацькі радуюцца і ганарацца імі, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Многім здаецца, што навучыць дзяцей прыгожа рухацца — лёгка, на самай жа справе танцы — гэта заўсёды тытанічная праца, якую вытрымлівае далёка не кожны вучань. І, сутыкнуўшыся з пэўнымі цяжкасцямі, дзеці пачынаюць пераходзіць у іншыя гурткі. Аднак калі бацькі праяўляюць настойлівасць і не даюць ім кінуць нашы заняткі, бо аднаго года заўсёды мала, каб адчуць смак танца, то праз некаторы час дзеці з задавальненнем працягваюць займацца”. Асаблівая ж гордасць Т.А.Шкоды — выпускнікі, якія прадоўжылі творчы шлях і звязалі сваё жыццё з танцамі.

Педагог пераканана, што па-сапраўднаму гарманічнай асобай зможа стаць толькі той, хто развіваецца не толькі інтэлектуальна, але і фізічна, і духоўна. І менавіта танец выдатна спраўляецца з гэтымі задачамі. “Рыт­міка проста неабходна школьнікам. З яе дапамогай развіваюцца музычны слых і рытм, творчыя здольнасці і пачуццё прыгожага, фарміруецца мастацкі густ. Праз рыт­міку адбываецца далучэнне да музычнай культуры, эстэтыкі і этыкету. Так, хлопчыкі вучацца запрашаць дзяўчынак на танец, падаваць ім руку, а дзяўчынкі — адказваць ім. І з такіх дробязей пачынае фарміравацца карціна пачцівых узаемаадносін паміж будучымі юнакамі і дзяўчатамі, мужчынамі і жанчынамі, — тлумачыць настаўніца. — Не гаворачы пра развіццё памяці, маторна-рухальнага апарату і каардынацыі. Бо дахо­дзіць да смешнага: першакласнікі не могуць нахіліць асобна галаву без удзелу корпуса, ручкі і ножкі не ў тыя бакі рухаюцца. Я ім заў­сёды гавару: “Калі вы танцуеце, то павінны ду­маць: куды бягу, што чую, што раблю і што бу­дзе далей”. Каб засвоіць элементарныя рэчы, патрабуецца не адзін месяц. І толькі пасля яны пачынаюць вучыцца перадаваць характар танца, яго сюжэт і, што самае складанае, вобразы, бо тут ужо далучаецца і акцёрская ігра”.

Харэаграфія для Т.А.Шкоды даўно стала кіслародам: “Я не ўяўляю свайго жыцця без танцаў і сваіх выхаванцаў. Які б настрой ні быў, прыходзіш у школу — і ўсе дрэнныя эмоцыі сыходзяць, застаецца толькі добрае. Бо танец — гэта заўсёды пазітыў, гэта ўніверсальнае лякарства, якое без адзінай таблеткі дапамагае пазбавіцца ад негатыву, стаць больш упэўненым і камунікабельным, — падкрэслівае настаўніца рытмікі. — Прычым як для дзяцей, так і для дарослых. Я другі год займаюся з удзельніцамі бярэзінскага клуба “Сустрэча” — педагогамі на заслужаным адпачынку, якія вельмі любяць танцаваць. Дапамагла ім асвоіць народны танец, зараз развуч­ваем бытавыя і вальс. Дык вось пасля такіх заняткаў усе нашы цудоўныя жанчыны выходзяць бадзёрымі і вясёлымі, і я ад іх зараджаюся гэтай энергіяй”.

Сваім жа калегам Таццяна Аляксандраўна жадае мець як мага больш цярпення: “Дзеці заўсёды дзеці: шумныя, вясёлыя, гарэзлівыя, непаслухмяныя, але трэба набірацца цярпення. Канечне, і строгімі варта быць у меру, бо ў харэаграфіі ўсё праз дысцыпліну. Высокіх вынікаў дасягаюць толькі тыя калектывы, дзе педагога не проста любяць і паважаюць, а нават крыху пабойваюцца (усміхаецца). А яшчэ ўсім настаўнікам рытмікі хачу пажадаць танцаваць не нагамі, а сэрцам і вучыць гэтаму нашых юных беларусаў!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва гераіні.