Адданая роднай школе

- 14:46Людзі адукацыі

У сярэдняй школе № 28 Гродна Алена Анатольеўна Аляхновіч працуе з моманту яе адкрыцця — з 1988 года. І прайшла за больш чым трыццаць гадоў шлях ад настаўніцы пачатковых класаў да дырэктара. Сваю навучальную ўстанову, настаўнікаў і вучняў лічыць самымі лепшымі і прыгожымі. І ніколі не абміне сказаць ім аб гэтым.

Абдымацца з самымі маленькімі навучэнцамі — гэта традыцыя з часоў, калі працавала настаўніцай пачатковых класаў. Дзеці на перапынках бягуць да свайго дырэктара і, не саромеючыся, абдымаюць Алену Анатольеўну. А яна лічыць, што такія эмацыянальныя адносіны патрэбны і ёй самой, звяртаецца да дзяцей заўсёды ласкава.

Толькі няхай не ўзнікне ў чытачоў уражанне, што дырэктар школы —  гэта такая добранькая асоба, якая толькі песціць сваіх вучняў. Пад яе кіраўніцтвам, а ўзначаліла навучальную ўстанову Алена Анатольеўна ў 2012 годзе, школа тры апошнія гады становіцца лепшай навучальнай установай горада.

Каб падтрымліваць такі высокі імідж, трэба шмат працаваць, быць пастаянна ў пошуку новых ідэй, прытрымлівацца сучасных кірункаў адукацыі і выхавання, быць аўтарытэтным і прынцыповым кіраўніком. Аб аўтарытэце дырэктара не толькі ў школе, але і ў горадзе сведчыць тое, што Алена Анатольеўна з’яўляецца дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета.

— Поспех школы — гэта зладжаная праца ўсяго калектыву, — гаворыц­ь дырэктар. — Адданасць традыцыям, удзяч­насць людзям, якія іх стваралі на працягу трох дзесяцігоддзяў, атмасфера адкрытасці, падтрымка ініцыятыў вучняў і паважлівае стаўленне да іх, супрацоўніцтва з бацькамі навучэнцаў — гэта тыя цаг­ліначкі, на якіх будуецца наша што­дзённая работа.

Адданасць сваёй школе ёсць у многіх сённяшніх настаўнікаў. 18 з іх — былыя вучні школы. Дарэчы, яшчэ адна рыса дзейнасці навучальнай установы — дзяцей сваіх былых вучняў прымаюць сюды незалежна ад месца пражывання і лі­чаць гэта гонарам для навучальнай установы.

Сярод кіраўніцкіх прынцыпаў А.А.Аляхновіч — стварэнне ўмоў для прафесійнага развіцця настаўнікаў.

— “Кадры вырашаюць усё” — гэта не проста правільныя словы. Гэта пацверджана жыццём, — гаворыць Алена Анатольеўна. — 85 працэнтаў нас­таўнікаў школы маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Два педагогі — гэта настаўнікі-метадысты, а яшчэ некалькі чалавек — на шляху да гэтай катэгорыі. Гэтая лічба была раней і больш высокай. Зараз у школе ідзе амаладжэнне калектыву з-за натуральных узроставых прычын. Але мяне радуе, што  нашы настаў­нікі самаўдасканальваюцца: 7 чалавек скончылі магістратуру, вучацца зараз у магістратуры трое настаўнікаў і яшчэ чацвёра плануюць паступленне. Нашы настаўнікі пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных навуковых мерапрыемствах, 6 раённых метадыч­ных аб’яднанняў Ленінскага раёна Гродна ўзначальваюць педагогі нашай школы.

Вельмі ўважліва ставяцца ў навучальнай установе да маладых настаўнікаў. Арганізавалі для іх школу маладога педагога. Адкрылі два філіялы кафедр Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Рэгулярна ў школе праходзяць практыку студэнты ГрДУ.

У сярэдняй школе № 28 працуе шмат выпускнікоў Ваўкавыскага кале­джа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэтую навучальную ўстанову — ранейшае Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча — скончыла на выдатна і Алена Анатольеўна. І лічыц­ь, што атрыманыя там практычныя веды дазваляюць выпуск­нікам працаваць эфектыўна. Толькі пры прыёме на работу ставіць умову атрымаць у перспектыве вышэйшую адукацыю. У свой час і сама працягнула навучанне ў ГрДУ імя Янкі Купалы на гістарычным факультэце і атрымала кваліфікацыю “настаўнік гісторыі і сацыяльна-гуманітарных навук”.

— Час, калі можна проста правесці ўрок, мінуў, гэта я пастаянна паўтараю сваім настаўнікам, — гаворыц­ь А.А.Аляхновіч. — Сёння трэба прыкласці максімум фантазіі і творчасці, каб зацікавіць дзяцей, натхніць і вучыць іх так, як патрабуюць умовы ХХІ стагоддзя. А яшчэ настаўнік павінен быць неабыякавым і сумленным у адносінах да дзяцей, бо яны вельмі востра адчуваюць несправядлівасць.

Такая актыўная работа — у традыцыях школы. Алена Анатольеўна як дырэктар падтрымлівае ўсё лепшае і ўкараняе новае. Сярод дасягненняў навучальнай установы называе адзін з першых у краіне кадэцкі клас, створаны ў 1997 годзе. Яго выпускнікі маюць сёння ўжо званне падпалкоўнікаў. У школе працуюць два рэсурсныя цэнтры — грамадзянска-патрыятычнага выхавання і нямецкай мовы, этнаграфічны музей “Спадчына” і музей баявой славы 28-й агульнавайскавой чырванасцяжнай арміі. Зараз ажыццяўляецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі алімпійскіх ведаў праз папулярызацыю алімпійскіх ідэалаў і каштоўнасцей”.

Сярод апошніх навацый — правядзенне ў школе  першага гарадскога фестывалю фізічных ідэй. Шведскі стол у школьнай сталовай таксама арганізавалі аднымі з першых. Дарэчы, загадчык сталовай — выпускніца школы. Зараз працуюць над стварэннем школьнай бізнес-кампаніі. Такі “тэлеграфны” пералік штодзённых школьных спраў пасуе і да характару дырэктара — хуткая, актыўная. Такой была і ў дзяцінстве, у студэнцкія гады — старшыня піянерскага атрада і дружыны школы, старшыня камітэта камсамола ў вучылішчы.

Алена Анатольеўна зараз выкладае грамадазнаўства ў 11-х класах. Яе прынцып — не ставіць дрэнных адзнак, а даць шанс выправіць іх, улічвац­ь псіхалагічны стан вучняў. Урокі грамадазнаўст­ва разглядае як магчымасц­ь не толькі даць веды, але і паспрыяць сацыялізацыі падлеткаў. Таму размовы аб жыцці, данясенне сваіх поглядаў на развіццё грамадства, выхаваўчы кампанент урока абавязковыя.

Маці Алены Анатольеўны была настаўніцай пачатковых класаў, цётка — настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Так што педагагічная дзей­насць — цяжкая, адказная, без выхадных — знаёма ёй з дзяцінства. Нягледзячы на ўсё гэта, больш за трыццаць гадоў сама ідзе педагагічным шляхам. Ад першай прыступкі, ад настаўніцы пачатковых класаў, потым намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, вучэбнай рабоце — да пасады дырэктара сваёй школы, якую лічыць самай лепшай.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.