Адной сцяжынкай праз усё жыццё

- 10:31Людзі адукацыі

Больш за 50 гадоў назад настаўніца пачатковых класаў Галіна Станіславаўна Карака прыйшла ў сярэднюю школу № 111 Мінска (зараз гэта адзіная ў Заводскім раёне сталіцы беларускамоўная гімназія № 14), дзе працуе і сёння.

Кожную раніцу Галіна Станіславаўна спяшаецца знаёмай сцяжынкай на любімую работу. Заўсёды хвалюецца, ці ўсё падрыхтавана да прыходу дзяцей. Спакойна працуецца на працягу дня толькі тады, калі зранку ўсё пабачыць на свае вочы.

Да прафесійнай дзейнасці настаўніца ставіцца без лішніх эмоцый, якія перашкаджаюць адэкватна ўспрымаць розныя рабочыя сітуацыі. Спачатку ўважліва, дэталёва і ўсебакова аналізуе і ўзважвае іх, а пасля прымае правільнае рашэнне.

Галіна Станіславаўна — кампетэнтны спецыяліст, які на высокім узроўні валодае беларускай мовай. Вывучэнне роднай мовы педагог разглядае як працэс моўнага і духоўнага развіцця кожнага вучня беларускамоўнай гімназіі. На сваіх уроках яна імкнецца выхоўваць у дзяцей павагу да нацыянальных традыцый, культуры, мовы.

Педагог удзяляе шмат увагі і часу выхаваўчай рабоце з навучэнцамі, развіццю іх маральных якасцей, паважлівых адносін да людзей, добразычлівасці ў зносінах, арганізоўвае шматлікія паездкі і экскурсіі, якія пашыраюць кругагляд вучняў, фарміруюць пачуццё патрыятызму.

Галіну Станіславаўну вызна­чаюць працавітасць, стрыманасць, адказ­насць, добразычлівасць. Уменне нала­дзіць кантакт з дзецьмі, бацькамі, калегамі забяспеч­вае паспяховае вырашэнне задач па фарміраванні ў навучэнцаў ведаў, уменняў, навыкаў, па выхаванні індывідуальнасці. Яе паважаюць і калегі, і баць­кі, і вучні.

На думку Галіны Станіславаўны, дзеці не павінны бачыць на твары настаўніка незадаволенасці, стомленасці, нядужасці. Нават сваім знешнім выглядам педагогу неабходна несці пазітыў. Яму трэба ўмець кантраляваць свае эмоцыі, стымуляваць вучняў.

Вялікую ўвагу ў сваёй дзейнасці Галіна Станіславаўна ўдзяляе арганізацыі індывідуальнай работы з дзецьмі, дзякуючы чаму многія вучні гімназіі становяцца пераможцамі інтэлектуальных конкурсаў, вучэбна-даследчых канферэнцый, гарадскіх алімпіяд па вучэбных прадметах.

Часцінка ведаў, прыўнесеная настаўніцай у пачатковай школе, дала магчы­масць яе навучэнцам стаць лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Ужо ў пачатку свайго педагагічнага шляху Галіна Станіславаўна на высокім узроўні прадстаўляла свой вопыт у выглядзе майстар-класаў, удзельнічала ў рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях. За доўгія гады плённай педагагічнай дзейнасці ў яе працоўнай скарбонцы з’явіліся шматлікія ганаровыя граматы і падзякі. Г.С.Карака — лаўрэат прэміі імя Н.К.Крупскай.

На працягу многіх гадоў настаўніца перадавала свой вопыт маладым педагогам, дапамагала ім метадычна правільна пабудаваць заняткі, натхняла моладзь на плённую працу. На яе думку, поспех настаўніка пачынаецца з якаснага ўрока. Вялікае дасягненне — гэта даступны, інфарматыўны і выніковы ўрок.

У кожнага чалавека ёсць месца, дзе яму добра і ўтульна, месца, дзе насычаешся сіламі, дабрынёй, шчаслівымі думкамі, каб пасля дарыць іх тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Для Галіны Станіславаўны гэта гімназія № 14 Мінска, работа ў якой прыносіць задавальненне і сапраўдную духоўную аддачу.

Ірына ДОЎНАР,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 14 Мінска.