Аднойчы,праз дваццаць гадоў

- 14:22Сацыяльны ракурс

Вось ужо амаль дваццаць гадоў існуе дзіцячы дом сямейнага тыпу Ніны Сяргееўны Паўлючэнка. Яе вялікая сям’я займае пяціпакаёвую кватэру на вуліцы Слабадской у Мінску. Цяпер тут акрамя Ніны Сяргееўны і яе мужа Вадзіма Леанідавіча жывуць восем непаўналетніх хлопчыкаў і дзяўчынак. Хаця і старэйшыя дзеці, якія ўжо атрымалі свае кватэры, не адразу пакідаюць родны дом, паступова прывыкаючы да статусу дарослага чалавека, набываючы паціху мэблю, посуд, іншыя неабходныя рэчы.

Я не магу інакш

Няма нічога дзіўнага ў тым, што старэйшыя дзеці не спяшаюцца пакінуць сям’ю. Ну як 18-гадовы хлопец або дзяўчына могуць знянацку змяніць прывычны лад жыцця, акунуўшыся ў дарослыя праблемы? Гэта цяжка нават “дамашнім” дзецям. Ды і прывыклі выхаванцы Н.С.Паўлючэнка, як яна сама кажа, да “нашага табара”, сумна ім адным — пакуль прыстасуюцца. Хаця, канечне, з дзіцячага дома сямейнага тыпу падлеткі адпраўляюцца ў вялікі свет у пэўнай ступені падрыхтаванымі да вядзення хатняй гаспадаркі.
— Яны ў мяне ўсё ўмеюць, — кажа Ніна Сяргееўна, — нават памперсы немаўлятам мяняць, малочную сумесь для іх гатаваць, бо заўсёды бяру ў сваю сям’ю маленькіх дзетак і старэйшыя дапамагаюць іх даглядаць. А яшчэ бялізну сваю, шкарпэткі ўручную мыюць. Вось мая Люба выйшла замуж, нарадзіла дзіця і з усім сама спраўляецца.
Такім чынам, у Ніны Сяргееўны ўжо ёсць пяцімесячная ўнучка Эмілія, маці якой да яе нараджэння вучылася ва ўніверсітэце і хутка збіраецца там аднаўляцца.
— У вёску летам паедзем — у мяне дача на Нарачы, — працягвае мая суразмоўніца, — дзеці агарод полюць. Не скажу, што ахвотна, ніякім дзецям гэта не падабаецца, але ж працуюць. А старэйшыя, 18-гадовыя, заставаліся здаваць экзамены ў Мінску, дык самі сабе есці гатавалі, грошы вучыліся эканоміць, каб на ўвесь час хапіла. Прыязджаю — усё ў поўным парадку. Учора вось пірагі пяклі — у мяне і хлопчыкі гэта любяць рабіць. Шэсцьдзясят пяць штук наляпілі, а з’елі ў адзін момант — нас жа многа. Раней і пельмені самі ляпілі, але цяпер перасталі, бо столькі не зробіш, колькі нам трэба. Зараз яшчэ і рамонт у кватэры робім, дык дзеці дапамагаюць. Усё як у звычайнай сям’і.
Самаму маленькаму выхаванцу Ніны Сяргееўны — Ванечку — усяго год і месяц. А трапіў ён сюды ледзь не адразу пасля нараджэння. Самы старэйшы хлопец — Дзіма, яго ўсынавілі, калі таму быў год. А здарылася гэта ў маі 1995-га, праз некалькі месяцаў пасля смерці адзінага 15-гадовага сына Ніны Сяргееўны, Алёшы… Хаця ў чарзе на ўсынаўленне жанчына стаяла даўно, бо пасля сур’ёзнай хваробы больш не магла мець дзяцей.
Алёша, дарэчы, вельмі паспяхова займаўся веславаннем. І Дзіму маці пазней прывяла да трэнера, які займаўся з Алёшам. Хлопец таксама дасягнуў немалых поспехаў у гэтым спорце, стаў майстрам спорту, чэмпіёнам Беларусі, закончыў УВА, зараз працуе трэнерам. Яго малодшую сястру Н.С.Паўлючэнка таксама забрала ў сям’ю. Зараз дзяўчыне ўжо амаль дваццаць гадоў.
Пазней з’яўляліся іншыя малыя: кагосьці падкінулі ў бальніцу, кагосьці маці нарадзіла і кінула ў раддоме, хтосьці трапіў у сям’ю з расфарміраванага дзіцячага дома. У 1998 годзе Ніна Сяргееўна стварыла дзіцячы дом сямейнага тыпу, нейкі час ён заставаўся адзіным у Маскоўскім раёне сталіцы. Тады гаспадыня атрымала кватэру, дзе жыве з дзецьмі і зараз.

Мая сям’я — мой выбар

Сярод дзяцей, якім жанчына стала маці, ёсць і тыя, каго яна ўсынавіла або ўдачарыла, і малыя з іншым статусам.
— А я не дзялю іх на родных і выхаванцаў, — гаворыць Н.С.Паўлючэнка. — Гэта мая сям’я, якую я прыдумала і стварыла сама. Першыя часы я, можа, не столькі дзецям дапамагала, колькі сабе. І, калі здароўе дазволіць, абавязкова дагадую самых маленькіх. Забяры ў мяне дзяцей — і я загіну. Ну куды без іх? Гэта, ведаеце, як старыя людзі не хочуць ехаць да дзяцей у горад, а могуць жыць толькі ў сваіх вёсках. Так і мая сям’я — усё маё жыццё.
Калісьці ў дзяцінстве, узгадвае жанчына, яна марыла стаць выхавальнікам дзіцячага сада. Але бацька-ваенны вырашыў, што дачцэ надзейней будзе атрымаць прафесію інжынера. Праўда, паступіць у тэхнічную ВНУ ў Ніны не атрымалася, яна стала мантажніцай радыёапаратуры. А потым лёс усё ж прывёў яе да работы з дзецьмі.
Канечне, жыццё патрабуе ад маці такой вялікай сям’і вялікіх сіл. І душэўных, і фізічных. Так, каб прыгатаваць ежу на заўтра, Ніна Сяргееўна становіцца за пліту ноччу — больш часу няма. І бялізну прасаваць ноччу лепей, бо так больш бяспечна для малых, ніхто ля гарачага праса не апынецца.
— Хаця, — кажа яна, — ну што тут такога? Ці я тры літры супу навару, ці дзесяць? Прывыкла.
Мы размаўляем з Нінай Сяргееўнай у вялікай гасцёўні, куды раз-пораз заглядвае чарнавокі Вадзік (пра яго маці кажа: “Агонь!”), каб спытаць: “А што ў нас на першае? А што на другое? А вы бачылі мае фатаграфіі?” Вадзік — адзін з “пяцёркі адважных”. Так маці называе пяць васьмі- і дзевяцігадовых хлопчыкаў: Вадзіма, Ваню, Руслана, Алега і Валеру. А ёсць яшчэ 15-гадовы блакітнавокі Лёша, які трапіў у сям’ю ў двухмесячным узросце, ёсць трохгадовая Бажэна — кволая светлавалосая дзяўчынка, што ўвесь час нашай размовы туліцца да маці, абдымаючы яе за шыю з усіх сваіх сіл.
— Ну вось як я з імі расстануся? — гаворыць, прыціскаючы да сябе Бажэну, Ніна Сяргееўна. — Сама забываю, што яны не мае родныя дзеці. Спачатку я думала: “Буду працаваць, пакуль старэйшыя вырастуць”. А потым аказалася, што і малодшых пакінуць не магу ніяк, хаця мне ўжо 58. Я, канечне, за іх вельмі хвалююся, асабліва за вучобу перажываю, бо будзе галава, будуць веды — і жыццё добрае будзе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з сямейнага архіва Н.С.Паўлючэнка.