Адукацыйная каштоўнасць і функцыянальная мэтазгоднасць

Час ад часу ў адукацыйнай супольнасці ўзнікаюць дыскусіі наконт ролі, месца і мэтазгоднасці існавання вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму і абласных інстытутаў развіцця адукацыі, маўляў, гэтыя структуры не могуць забяспечыць якасную прафесійную падрыхтоўку педагогаў і паўнацэннае метадычнае забеспячэнне іх дзейнасці. Вучэбна-метадычныя кабінеты прапануюць скараціць ці ўвогуле ліквідаваць, а інстытуты развіцця адукацыі далучыць да рэгіянальных універсітэтаў. У рэктара Брэсцкага абласнога ІРА, кандыдата педагагічных навук, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі Ю.А.Іванова іншая пазіцыя ў дачыненні да падобных прапаноў. Юрый Аляксандравіч аспрэчвае іх памылковасць пераканаўчымі довадамі:

— Апошнія гады сталі часам фарміравання новай якасці паслядыпломнай адукацыі педагогаў. Інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў былі пераўтвораны ў інстытуты развіцця адукацыі, якія, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, уключаны ў сістэму дадатковай адукацыі дарослых. На гэтыя ўстановы ўскладзены функцыі практычнай рэалізацыі прынцыпу бесперапыннасці адукацыі, пераемнасці ў развіцці прафесіяналізму педагогаў пры павышэнні кваліфікацыі і ў мерапрыемствах дадатковай адукацыі, каардынацыі дзейнасці метадычных службаў, навукова- і вучэбна-метадычнага суправаджэння работы кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і выхавальнікаў.
Дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі педагогаў, выбудаваная па вертыкалі ад Акадэміі паслядыпломнай адукацыі да школьных метадычных фарміраванняў, носіць сістэмны, планавы і практычны характар. У гэтым заключаецца адукацыйная каштоўнасць існуючай сістэмы. Таму пытанне мэтазгоднасці перадачы функцый павышэння кваліфікацыі УВА лічу неактуальным, бо яно карэнным чынам мяняе сістэму, правераную часам, замежным вопытам і адобраную педагагічнай грамадскасцю.
Наш інстытут як падведамная ўстанова абласнога ўпраўлення адукацыі працуе больш эфектыўна, чым будзе працаваць як структурнае падраздзяленне ўніверсітэта. Так, штогод на базе ІРА павышаюць кваліфікацыю больш за 6 тысяч работнікаў адукацыйнай галіны вобласці па 33 катэгорыях і такіх актуальных напрамках, як “Класнае кіраўніцтва”, “Бібліятэчная работа ў школе”, “Педагагічная дзейнасць у сацыяльна-педагагічных установах”, “Выхаванне прыёмных дзяцей”, “Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, “Рэзерв кіраўніцкіх кадраў” і “Атэстацыя педагагічных работнікаў”.
У міжкурсавы, як раней казалі, перыяд інстытут праводзіць больш за 60 навукова- і вучэбна-метадычных мерапрыемстваў: абласныя конкурсы прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і “Малады настаўнік Брэстчыны”, абласныя конкурсы па энергаэфектыўнасці ўстаноў адукацыі і школ аграгарадкоў. Акрамя таго, каля 20 мерапрыемстваў праходзіць на гаспадарча-разліковай аснове. Усё гэта ўяўляе сабой вялікі пласт арганізацыйна-метадычнай работы, якой неабходна прафесійна і сучасна кіраваць, своечасова выконваючы заяўкі ўстаноў і органаў кіравання на адукацыйныя паслугі.
Акрамя адукацыйнай і навукова-метадычнай функцый, інстытут выконвае і інфармацыйную функцыю: вядзе і абнаўляе розныя банкі і базы даных, неабходныя абласному ўпраўленню адукацыі для эфектыўнага менеджменту. Гэта і сацыяльны пашпарт Брэстчыны, і звесткі аб выкананні прэзідэнцкага Дэкрэта № 18, і база даных аб кадравым складзе работнікаў адукацыі вобласці.
Штогод каля 1,5 тысячы педагогаў вобласці праходзяць у інстытуце сертыфікацыю карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій. На дзвюх кафедрах і ў іншых падраздзяленнях ІРА працуюць спецыялісты, якія дэталёва валодаюць пытаннямі дашкольнай, пачатковай школьнай і агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў, дадатковай адукацыі дарослых: 12 кандыдатаў навук і 40 метадыстаў, з якіх 26 маюць вышэйшую і першую катэгорыю. Інстытут паспяхова каардынуе інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць устаноў адукацыі Брэстчыны.
Усё гэта сведчыць пра значны ўзровень самадастатковасці ў развіцці і функцыянаванні ІРА ў сістэме дадатковай адукацыі Беларусі.
Што тычыцца дадатковых аргументаў наконт немэтазгоднасці перадачы функцый павышэння кваліфікацыі УВА, то ў краіне ўжо рабілася спроба (першапачаткова на эксперыментальным узроўні ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях) далучэння ІРА да рэгіянальных універсітэтаў. Ідэя не атрымала падтрымкі з боку аблвыканкамаў, абласных упраўленняў адукацыі, мясцовых органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі і педагагічнай грамадскасці з-за небяспекі трансляцыі спецыялістамі вышэйшай школы падчас павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі вучэбнага матэрыялу, пераважна тэарэтычнага, які выкладаецца студэнтам. Пры абмеркаванні ідэі прэваліраваў інтарэс кіраўнікоў УВА не да пашырэння адукацыйных магчымасцей рэгіянальных універсітэтаў, а найперш да магчымага атрымання дадатковых вучэбных плошчаў і значнага пашырэння вучэбна-матэрыяльнай базы. Зразумела, што падобная ідэя не была адобрана.
Трэба ўлічваць і тое, што ў рэгіянальных універсітэтах, якія рыхтуюць педагагічныя кадры найперш на тэарэтычным узроўні, працуюць лічаныя адзінкі спецыялістаў, якія дасканала валодаюць пытаннямі эфектыўнай практыкі школьнай адукацыі. А на кафедрах і ў іншых падраздзяленнях абласных ІРА задзейнічаны пераважна спецыялісты, якія дэталёва валодаюць пытаннямі выкладання школьных дысцыплін і кіравання сучаснай школай на ўзроўні не тэарэтычнай, а практычнай методыкі, здольныя ажыццявіць для педагогаў падчас павышэння іх кваліфікацыі кансалтынг па розных пытаннях адукацыйнай практыкі. Падрыхтаваць такіх спецыялістаў ва УВА немагчыма нават за 5 гадоў, а іх дэфіцыт абавязкова паўплывае на якасць і выніковасць павышэння кваліфікацыі.
Аўтары і прыхільнікі ідэі перадачы функцыі павышэння кваліфікацыі педагогаў універсітэтам, напэўна, не разумеюць, якой мегаструктурай трэба будзе кіраваць, прычым кіраваць эфектыўна. Пры перадачы функцый павышэнне кваліфікацыі набудзе акадэмічны, не арыентаваны на масавую педагагічную практыку характар. Узнікне неабходнасць стварэння абласной метадычнай службы для каардынацыі дзейнасці рэгіянальных вучэбна-метадычных структур, што запатрабуе дадатковых фінансавых затрат. А гэта супярэчыць аптымізацыі сістэмы адукацыі, якая пачалася.

— Гэта азначае, што кадравы патэнцыял і матэрыяльна-тэхнічная база інстытута дазваляюць паспяхова вырашаць профільныя задачы?
— Вырашэнне задач, вызначаных інстытутам і заказчыкамі адукацыйных паслуг дадатковай адукацыі дарослых, забяспечваецца адміністрацыйна-кіраўніцкім, прафесарска-выкладчыцкім, вучэбна-дапаможным і абслуговым персаналам, які налічвае больш за 140 чалавек. На дзвюх інстытуцкіх кафедрах усе выкладчыкі маюць вучоныя ступені і званні. Іх маюць і ўсе супрацоўнікі рэктарата, які складаецца толькі з мужчын. У інстытуце працуюць 5 выдатнікаў адукацыі і адзін заслужаны настаўнік Беларусі. Два чалавекі, у тым ліку і рэктар, маюць вучоную ступень доктара педагагічных навук, абароненую ў навуковых установах Расіі. 16 метадыстаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Цякучасць кадраў за апошнія гады настолькі нязначная, што гэта ніяк не ўплывае на якасць паслуг, якія аказваюцца.
Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы, то за апошнія некалькі гадоў яна істотна палепшылася ў тым напрамку, дзе інстытут адчуваў найбольшую патрэбу. Так, паступова быў закуплены комплекс сучаснага абсталявання для выдавецкай дзейнасці. Сёння інстытут мае дастатковую колькасць сучаснай аргтэхнікі. Ёсць камп’ютарныя класы, доступ да інтэрнэту, інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйнае і гукавое абсталяванне. У інстытуце дзейнічаюць прафілакторый для аказання слухачам аздараўленчых паслуг і інтэрнат для іншагародніх педагогаў. Зразумела, што матэрыяльна-тэхнічная база будзе ўмацоўвацца і ўдасканальвацца і далей.

— Інстытут актыўна задзейнічаны ў арганізацыйным і метадычным суправаджэнні розных мерапрыемстваў (семінараў, фестываляў, конкурсаў) у адукацыйнай галіне вобласці. Ці не абцяжарваюць гэтыя паўнамоцтвы асноўную дзейнасць інстытута па павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў?
— Арганізацыйнае і метадычнае суправаджэнне мерапрыемстваў для педагогаў вобласці можна лічыць не толькі інтэнсіўным, але і напружаным. Цяжка назваць семінары, фестывалі і конкурсы, у правядзенні якіх не ўдзельнічалі б работнікі інстытута. І праходзяць гэтыя мерапрыемствы, як правіла, у час павышэння кваліфікацыі.
Нашы спецыялісты ва ўмовах аптымізацыі сістэмы адукацыі выконваюць таксама пэўныя арганізацыйныя і кантралюючыя функцыі, якія выходзяць за межы статутнай дзейнасці ІРА. Работнікі інстытута ўдзельнічаюць у арганізацыі алімпіяднага руху школьнікаў, выязджаюць у рэгіёны для кантролю выніковай атэстацыі на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
ІРА забяспечвае (і гэта заканамерна) большасць вучэбна- і навукова-метадычных мерапрыемстваў праз гадавы план мерапрыемстваў дадатковай адукацыі для педагогаў. Так званы міжкурсавы перыяд павінен быць запоўнены метадычнымі дзеяннямі, якія накіроўваюць настаўнікаў, выхавальнікаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі на бесперапыннае ўдасканаленне кампетэнтнаснага ўзроўню. Штогод план інстытута ўключае 60—70 мерапрыемстваў, у тым ліку па заказах устаноў адукацыі і органаў кіравання адукацыяй.

— Адным з галоўных напрамкаў работы інстытута з’яўляецца навукова-метадычная і выдавецкая дзейнасць, звязаная з папулярызацыяй перадавога педагагічнага вопыту. Што зроблена і робіцца ў гэтым плане?
— Навукова-метадычная работа — арганічная і неад’емная частка дзейнасці інстытута ў цэлым. За апошнія 5 гадоў было апублікавана 57 манаграфій і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, а таксама шмат артыкулаў і метадычных матэрыялаў у прафесійным друку. Скаардынаваная работа інстытута і вучэбна-метадычных кабінетаў вобласці дазваляе шырока папулярызаваць перадавы вопыт педагогаў Брэстчыны на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопісаў “Народная асвета”, “Роднае слова”, “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” і інш. За апошнія 3 гады работнікі інстытута падрыхтавалі каля 150 метадычных дапаможнікаў і зборнікаў метадычных матэрыялаў, апублікавалі больш за 100 артыкулаў, адрэцэнзавалі і адрэдагавалі каля 900 розных матэрыялаў.

— Брэстчына не можа пахваліцца значнымі поспехамі ў алімпіядным руху. Пэўную долю віны за гэта органы кіравання адукацыяй і не толькі ўскладаюць на інстытут, які, на іх думку, пакуль не стаў эфектыўным каардынатарам работы з алімпіяднікамі і іх настаўнікамі на ўзроўні вобласці. Наколькі апраўданы падобныя папрокі?
— Інстытут як установа дадатковай адукацыі дарослых забяспечвае развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў у сферы работы з адоранымі вучнямі ў рамках павышэння кваліфікацыі. У праграмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-прадметнікаў уключаны матэрыялы, якія раскрываюць прадметна-метадычнае і псіхолага-педагагічнае забеспячэнне работы з адоранымі дзецьмі. Падчас павышэння кваліфікацыі разглядаюцца тэмы, звязаныя з праблемай падрыхтоўкі вучняў да ўсіх этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і навукова-практычных канферэнцый даследчых работ школьнікаў, а таксама з псіхолага-педагагічным суправаджэннем адораных дзяцей. Педагогі могуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі.
Сёлета каманда вобласці палепшыла вынікі выступлення ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды: 73 дыпломы супраць мінулагодніх 58. Павялічылася і колькасць дыпломаў І і ІІ ступеней (51%). Дасягненню такіх вынікаў садзейнічала работа па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд рознага ўзроўню ў рэгіёнах вобласці, дзейнасць абласнога ўпраўлення адукацыі, абласнога рэсурснага цэнтра на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і нашага інстытута.
Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці інстытута з’яўляецца арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне раённых і абласных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, якое ўключае шэраг сумесных мерапрыемстваў з абласным упраўленнем адукацыі і УВА на працягу навучальнага года (з кастрычніка па красавік).
Складзены, апублікаваны і даведзены да ведама рэгіёнаў і ўстаноў адукацыі вобласці “Праграмы падрыхтоўкі вучняў устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці да алімпіяд”, якія выкарыстоўваюцца для арганізацыі заняткаў з адоранымі дзецьмі ў школах, гімназіях, ліцэях і рэсурсных цэнтрах.
Выкладчыкі і метадысты інстытута разам з творчымі педагогамі і навукоўцамі УВА з’яўляюцца распрацоўшчыкамі заданняў раённага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Арганізоўваюцца выезды ў рэгіёны з мэтай вывучэння яго правядзення і аказання метадычнай дапамогі па пытаннях арганізацыі спаборніцтваў. Работнікі інстытута ўдзельнічаюць у арганізацыйным суправаджэнні абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Акрамя прадметных алімпіяд, у вобласці праводзяцца алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, па пытаннях здаровага ладу жыцця і асновах прававых ведаў сярод школьнікаў і навучэнцаў ПТНУ.
Пералічаныя віды дзейнасці прадугледжваюць цесныя зносіны з рай(гар)аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, факультэтамі і кафедрамі рэгіянальных універсітэтаў, асобнымі ўстановамі адукацыі і педагогамі школ. Несумненна, любая дзейнасць патрабуе аналізу, пастаяннага пошуку шляхоў удасканалення і выпрацоўкі новых падыходаў для дасягнення больш высокіх вынікаў.

— Ці рэалізоўваюцца ў інстытуце значныя праекты, у тым ліку ў галіне міжведамаснага і міжнароднага супрацоўніцтва?
— Інстытут ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках адпаведных пагадненняў і дамоў. Так, з мэтай комплекснага падыходу ў забеспячэнні эфектыўнасці і якасці адукацыі паміж кафедрай кіравання развіццём адукацыйных сістэм Міжнароднага інстытута адкрытай адукацыі (Масква) і кафедрай псіхолага-педагагічнага забеспячэння павышэння кваліфікацыі нашага інстытута заключана дамова аб супрацоўніцтве, рэалізацыя якой прадугледжвае навукова-метадычнае забеспячэнне і суправаджэнне дзейнасці рэгіянальных дашкольных, агульнаадукацыйных, сацыяльна-педагагічных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны. Акрамя таго, у свой час супрацоўнікі маскоўскай кафедры правялі на базе інстытута навуковую сесію “Развіццё адукацыйных сістэм ва ўмовах сацыяльнай разнастайнасці”. Для работнікаў адукацыйнай галіны вобласці быў арганізаваны практыка-арыентаваны аўтарскі семінар доктара педагагічных навук П.І.Траццякова “Рэсурсы развіцця адукацыйнага асяроддзя сучаснага ўрока”. На восень запланавана чарговая навуковая сесія.

— У свой час інстытут стаў першай установай у краіне, дзе з’явіўся прафілакторый для педагогаў, якія маглі падчас павышэння кваліфікацыі прайсці аздараўленне. Наколькі запатрабаваны паслугі прафілакторыя сярод настаўнікаў?
— Летась у прафілакторыі аздаравілася каля 2 тысяч чалавек. За першае паўгоддзе 2015 года — каля 1,3 тысячы.
Падчас павышэння кваліфікацыі ў інстытуце пастаянна знаходзіцца каля 200 чалавек у тыдзень, таму прафілакторый выконвае таксама функцыю пункта па аказанні даўрачэбнай і медыцынскай дапамогі.
Медыцынскі профіль прафілакторыя даволі шырокі: захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, бронха-лёгачнай паталогіі, нервовай сістэмы і апорна-рухальнага апарату. У прафілакторыі працуюць стаматалагічны, гінекалагічны, працэдурны, масажны і фізіятэрапеўтычны кабінеты, кабінеты ЭКГ-дыягностыкі, цепла- і водалячэння, інгаляторый і фітабар.
Пры паступленні ў прафілакторый людзей аглядае ўрач-тэрапеўт, які прызначае адпаведнае лячэнне і працэдуры. Пры неабходнасці пацыентаў накіроўваюць на кансультацыі ў эндакрыналагічны, кардыялагічны і анкалагічны дыспансер. Заключана дамова з гарадской цэнтральнай паліклінікай на ультрагукавыя і лабараторныя даследаванні.

— Паспяховае жыццё любой установы вызначае перспектыўны план яе развіцця. Якія напрамкі работы інстытута з’яўляюцца прыярытэтнымі ў найбліжэйшы час?
— Асэнсоўваючы перспектывы развіцця інстытута на 2016—2020 гады, варта спыніцца на такіх актуальных напрамках, як аптымізацыя метадычнага забеспячэння павышэння кваліфікацыі і мерапрыемстваў дадатковай адукацыі педагогаў Брэстчыны, далейшае развіццё кансалтынгавай дзейнасці ІРА на бязвыплатнай аснове (па актуальных пытаннях і цяжкасцях у адукацыйнай дзейнасці), укараненне кааперыраванай з іншымі абласнымі ІРА формы забеспячэння дадатковай адукацыі педагогаў, пашырэнне і павелічэнне прадукцыйнасці міжнародных сувязей інстытута з аналагічнымі ўстановамі, а таксама далейшае ўдасканаленне ўкаранёнай сістэмы менеджменту якасці адукацыйных паслуг.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.