Расія: рэфармаванне адзінага дзяржэкзамену непазбежнае

- 12:12Паралелі
У гэтым годзе правядзенне Адзінага дзяржаўнага экзамену ў Расіі было азмрочана цэлым шэрагам скандалаў. Масавая публікацыя ў інтэрнэце адказаў на заданні яшчэ да пачатку экзаменаў (кошт за адказы ў сацыяльных сетках вар’іраваўся ад 3 да 20 тысяч рублёў), выкарыстанне мабільных тэлефонаў, парушэнне правіл дзяржэкзамену яго арганізатарамі — адметныя асаблівасці АДЭ-2013. Толькі афіцыйна было зафіксавана 500 выпадкаў выкарыстання сотавых тэлефонаў, 125 фактаў спісвання. Генеральная пракуратура пачала праверкі, чыноўнікі, дэпутаты і эксперты спрачаюцца, як рэфармаваць Адзіны дзяржэкзамен. Тое, што працэдура правядзення АДЭ патрабуе як мінімум удасканалення, не аспрэчвае ніхто.

Яшчэ на пачатку чэрвеня, калі стала зразумела, што ўцечка кантрольна-вымяральных матэрыялаў набыла маштабны характар, Уладзімір Пуцін даручыў міністру адукацыі Дзмітрыю Ліванаву “сур’ёзна прааналізаваць праблемы і прапанаваць шляхі іх вырашэння”. Меры прынялі — там, дзе быў зарэгістраваны рост паспяховых работ, пачалі праверкі. Выяўлены завышэнне балаў, ацэнка неіснуючых заданняў, наяўнасць розных почыркаў у адной рабоце і г.д. Але на распаўсюджванне матэрыялаў АДЭ па хіміі, гісторыі, біялогіі, інфарматыцы, грамадазнаўстве гэта не паўплывала. Фота з сайта www.yakutia.infoМінадукацыі паспяшалася заявіць, што ў інтэрнэт даныя трапляюць з цяжкадаступных рэгіёнаў, куды іх дасылаюць па электроннай пошце за дзень да экзамену. Спецыялісты міністэрства таксама абвясцілі, што інфармацыю распаўсюджваюць школьнікі і хакеры, і заклалі ў бюджэт–2014 на барацьбу з уцечкамі 300 млн рублёў. Супраць выступілі некаторыя дэпутаты Дзярждумы.
Напрыклад, Уладзімір Бурматаў лічыць, што перш чым выдзяляць дадатковыя грошы на інфармацыйную абарону, трэба разабрацца, адкуль гэтыя ўцечкі адбываліся. “Інакш атрымаецца, што чыноўнікі Мінадукацыі, якія дапусцілі ўцечкі сёлета, атрымаюць 300 млн рублёў на абарону ад саміх сябе, а праз год мы сутыкнёмся з такой жа праблемай. У гэтым выпадку расходаванне грошай будзе не проста неэфектыўным, яны будуць закопаны ў зямлю. Трэба зразумець, наколькі пэўныя звесткі, якія распаўсюджвалі прадстаўнікі міністэрства, гаворачы пра тое, што ва ўсіх выпадках вінаваты нейкія хакеры”.
Чыноўнікі ад адукацыі адмаўляюць дачыненне да ўцечак. “Супрацоўнікі адукацыйных органаў і падведамных арганізацый, адказных за правядзенне АДЭ, не маюць доступу да кантрольна-вымяральных матэрыялаў, адпаведна, у іх няма магчымасці распаўсюджваць заданні да тэсціравання”, — заявіў сакратар рабочай групы Мінадукацыі і навукі РФ па забеспячэнні правядзення інфармацыйнай кампаніі па АДЭ Яўген Семчанка.
У Мінадукацыі іншая версія: “У пунктах прыёму экзаменаў недастаткова ўважліва сачылі за тым, ці выкарыстоўваюць школьнікі тэлефоны. Дзеці фатаграфавалі заданні і выкладвалі на сваю старонку ў інтэрнэт. Абсалютная большасць такіх вучняў злоўлена з доказамі парушэнняў. У перыяд асноўнай хвалі здачы АДЭ ў сацыяльных сетках заблакіравана звыш дзвюх тысяч груп, значна больш, чым у мінулыя гады”.
Намеснік міністра адукацыі і навукі Ігар Рымарэнка звяртае ўвагу на тое, што “тэхналогія, арганізацыя АДЭ была адпрацавана, калі не было мабільных тэлефонаў, з дапамогай якіх можна зняць заданні”, а таму, маўляў, прадухіліць уцечку і масавыя спісванні надзвычай складана.
Дырэктар Федэральнага цэнтра тэсціравання Сяргей Цімафееў перакананы, што гэта не зусім так. Школьнікам Далёкага Усходу, напрыклад, было бескарысна выкладваць заданні ў сетку: “Імі не маглі скарыстацца вучні з Цэнтральнай Расіі. Гэта памылковае меркаванне, якое тыражуюць СМІ”. Ён растлумачыў, што пры распрацоўцы заданняў улічваліся гадзінныя паясы. Тэрыторыя Расійскай Федэрацыі была падзелена на чатыры зоны, для кожнай з якіх рыхтаваліся свае варыянты АДЭ.
Якім чынам тады правільныя адказы (ды яшчэ і з грыфам Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і адзнакамі аб недапушчальнасці капіравання) трапілі ў інтэрнэт? Наракаць выключна на школьнікаў не атрымліваецца. Так, у Цюменскай і Свярдлоўскай абласцях не зафіксавана ні аднаго выпадку выкладкі заданняў у сетку. А ў Башкірыі, лідара па колькасці такіх уцечак, зафіксавана ўсяго 17 выпадкаў (год назад — 31 выпадак).
На думку члена Грамадскага савета Мінадукацыі Сяргея Рукшына, сёлета ўцечкі варыянтаў АДЭ былі за два тыдні да саміх экзаменаў. “Гэта значыць, што ўцечкі былі з верхніх эшалонаў: з Федэральнага інстытута педагагічных вымярэнняў, з вышэйшых органаў адукацыі або з рэгіянальных органаў, куды яны прыходзілі. Нам абяцалі, што АДЭ ліквідуе карупцыю ў сістэме адукацыі. Замест гэтага выпадкі карупцыі павялічыліся ў дзясяткі і сотні разоў. Больш за тое, метастазы карупцыі, якая была раней выключна ў прыёмнай камісіі ВНУ, праніклі ў органы сярэдняй адукацыі, у школы, якія павялічылі аб’ёмы рэпетытарскіх паслуг, у медыцынскую сістэму, якая выдае даведку, каб здаць АДЭ датэрмінова.
АДЭ, па сутнасці, разбурае сістэму школьнай адукацыі. Цалкам натуральным стала тое, што школьнікі наведваюць урокі выключна па тых прадметах, па якіх збіраюцца здаваць дзяржэкзамен. Частка прадметаў, якія не ўваходзяць у склад АДЭ, вывучаецца вельмі дрэнна ці не вывучаецца наогул. АДЭ забіў алімпіяду як сістэму пошуку адораных дзяцей, ператварыўшы яе ў альтэрнатыўны спосаб заплаціць і пракрасціся ў ВНУ” — адзначыў ён.
У неаб’ектыўнасці адзінага дзяржэкзамену перакананы і кіраўнікі многіх ВНУ. Так, рэктар МДУ Віктар Садоўнічы лічыць, што АДЭ ў якасці адзінага інструмента атэстацыі школьніка і абітурыента не здольны справіцца з такой складанай задачай, патрабуецца комплексны падыход: “Трэба ўводзіць іншыя параметры, іх падсумоўваць, складаць. Думаю, у самы бліжэйшы час АДЭ павінен быць падвергнуты рэканструкцыі”.
Думская фракцыя КПРФ ужо прапанавала варыянт такой рэканструкцыі — падрыхтавала законапраект, якім прадугледжана права выбару спосабу здачы выпускных і ўступных экзаменаў — па старой сістэме ці АДЭ.
Вось што сказаў першы віцэ-спікер Дзярждумы, прафесар МДУ Іван Мельнікаў: “Сярод мноства праблем, звязаных з АДЭ, ёсць дзве глабальныя, відавочныя для ўсіх. Адна — агульная для ўсёй адукацыйнай сістэмы: карупцыя. Выбарачная праверка “высакабальных” работ, дзе атрымана 80 балаў і больш за 100, у 18 суб’ектах Расійскай Федэрацыі выявіла ў 77% выпадкаў сур’ёзныя парушэнні! Другая — для школьніка: схематычнасць падрыхтоўкі вядзе да схематычнасці ведаў. А такія веды не патрэбны ні бацькам, ні самім школьнікам, ні ВНУ, ні работадаўцам, ні краіне.
Ёсць толькі адзін маленькі плюс: юнакі і дзяўчаты з рэгіёнаў маюць больш магчымасцей паступіць у добрыя ВНУ. Але чаму плюс гэты маленькі? Па-першае, таму што ўсё тая ж праблема карупцыі, яе маштабы ў шэрагу рэгіёнаў робяць паток студэнтаў у сталіцу проста незвычайным, несправядліва забіраючы месцы ў тых, хто нядрэнна вучыўся ў Маскве і Пецярбургу. Па-другое, сацыялагічны зрэз паказвае, што каля 70% школьнікаў Сібіры і Далёкага Усходу імкнецца добра здаць АДЭ, каб больш у свой край не вяртацца”.
“Выснова: відавочна, што ў будучым годзе АДЭ застанецца, але ўжо не будзе такім, як раней ці сёння”, — рэзюмаваў Іван Мельнікаў.
Сёлета ў Расіі асноўны перыяд здачы АДЭ праходзіў з 27 мая па 19 чэрвеня. Дзяржэкзамен здавалі амаль 800 тысяч чалавек. Экзамены па рускай мове і матэматыцы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх удзельнікаў, адзнака па гэтых прадметах уплывае на атрыманне школьнага атэстата. У асноўным патоку не здалі рускую мову 2,2% выпускнікоў, матэматыку правалілі — 7,6%.
Што да прадметаў па выбары, то іх можна будзе пераздаць толькі ў наступным годзе. Іх вынікі не ўплываюць на атрыманне атэстата, але патрэбны для паступлення ў ВНУ. Па даных Федэральнай службы па нагляду ў сферы адукацыі, колькасць тых, хто не здаў АДЭ па інфарматыцы, склала 7,3%, па біялогіі — 6,4%, гісторыі — 8,9%, фізіцы — 8,7%, па англійскай мове — 1,4%, па нямецкай — 2,6%. Грамадазнаўства не адолелі 4,4%, літаратуру — 3,9%, хімію — 5,7%, геаграфію — 12% выпускнікоў.

Па матэрыялах расійскіх СМІ.