Актывізуем пазнавальную дзейнасць вучняў з дапамогай эксперымента

- 12:47Якасць адукацыі

Школьнікі падзяляюць вучэбныя прадметы на лёгкія і складаныя, цікавыя і не вельмі. На жаль, хімія даволі рэдка трапляе ў лік любімых. Для многіх вучняў гэты прадмет з’яўляецца складаным, паколькі абапіраецца на веды па фізіцы, біялогіі і матэматыцы. Поспехі ў вывучэнні хіміі залежаць ад развіцця лагічнага мыслення і памяці, уменняў аналізаваць і супастаўляць.

З другога боку, хімія, як эксперыментальная навука, прыцягвае дзяцей больш, чым іншыя дысцыпліны. Магчымасці хімічнага эксперымента бязмежныя, але за яго эфектыўнасцю і відовішчнасцю стаіць доўгая і карпатлівая работа, у тым ліку тэарэтычная. Каб павысіць матывацыю вучняў да прадмета, настаўніку трэба звяртацца да розных метадаў і прыёмаў.

Вучэбны хімічны эксперымент — адзін з найважнейшых метадаў у хіміі. За гады работы я заўважыла, што ў школьнікаў вельмі часта ўзнікаюць цяжкасці пры выкананні эксперыментальных заданняў, звязаных з якасным вызначэннем рэчываў і ажыццяўленнем ланцужкоў пераўтварэнняў. Колькасць такіх заданняў у алімпіядах і ЦТ павялічваецца. Калі вучні правядуць доследы эксперыментальным шляхам, то запомняць іх лепш, чым тэорыю.

Адна з галоўных маіх задач — актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў шляхам прымянення вучэбнага эксперымента і заданняў практычнай накіраванасці, пры выкананні якіх школьнікі могуць абапірацца не толькі на веды, але і на ўласны жыццёвы вопыт. Такія практыкаванні добра далучаюць да актыўнай дзейнасці дзяцей з розным узроўнем ведаў і матывацыі.  

Метад эксперымента выкарыстоўваю як у пачатку ўрока на этапе матывацыі, так і пры вывучэнні і замацаванні матэрыялу. Вельмі важна зацікавіць дзяцей у пачатку заняткаў. Можна прапанаваць вучням адгадаць загадку, адказаць на праблемнае пытанне ці выра­шыць праблемную сітуацыю. Напрыклад: “Чаму хлеб пры доўгім жаванні набывае саладкаваты смак?” (тэма “Глюкоза” ў 9 класе) ці “Чаму пры апусканні ў кубачак з гарачым чаем долькі лімона аслабляецца афарбоўка вады?” (вывучэнне індыкатараў у 7 класе). 

Добра прыцягваюць увагу вучняў супярэчлівыя факты. Так, пры вывучэнні тэмы “Алюміній” праводжу дослед узаемадзеяння гідраксіду натрыю з хларыдам алюмінію. Вучні чакаюць убачыць асадак, але падчас доследу назіраюць, як утвораны асадак раствараецца. Без вывучэння тэарэтычнага матэрыялу растлумачыць убачанае дзеці не могуць.

Пры вывучэнні карбанатаў у 9 класе цікаўлюся, ці можна пры ўзаемадзеянні вапнавай вады з вуглякіслым газам атрымаць растваральнае рэчыва. Школьнікам не хапае атрыманых ведаў для фармулёўкі правільнага адказу. Вучні ведаюць, што пры ўзаемадзеянні гэтых рэчываў утвараецца нерастваральны карбанат. Паказваю эксперымент, падчас якога дзеці назіраюць атрыманне растваральнага рэчыва. Што гэта такое і чаму так адбылося, яны змогуць адказаць толькі напрыканцы ўрока, уважліва выслухаўшы тлумачэнні настаўніка. У падобнай сітуацыі ў вучняў узнікае патрэба ў новых ведах, што прыводзіць да развіцця ўменняў вызначаць прычынна-выніковыя сувязі і рабіць высновы.

Даволі эфектыўна выкарыстоўваць эксперымент, прычым розных відаў (дэманстрацыя, лабараторны дослед, заданне-расследаванне), на этапе вывучэння новага матэрыялу ці замацавання. Так, пры вывучэнні ў 7 класе фізічных і хімічных з’яў прапаноўваю школьнікам заданне-расследаванне: “Цыбуля і часнок у выглядзе галовак амаль пазбаўлены паху, але варта іх разрэзаць ці здрабніць — адразу ўзнікае спецыфічны пах. Разразанне цыбулі ці часнаку — фізічная з’ява. З чым звязана з’яўленне паху пры гэтым?” Адказ: узнікненне паху абумоўлена хімічнай рэакцыяй з кіслародам паветра. Падобныя заданні, звязаныя з нязвыклай фармулёўкай і апорай на жыццёвы вопыт, развіваюць у вучняў цікаўнасць і творчую актыўнасць.  

Дэманстрацыйны хімічны эксперымент — галоўны сродак нагляднасці на ўроку. Як правіла, праводжу яго сама, але для павышэння матывацыі вучняў дазваляю ім самастойна праводзіць нескладаныя доследы. Падчас іх вельмі важна паказаць прадукты, якія вырабляюцца з пэўнага хімічнага рэчыва. Так, пры вывучэнні фенолаў паказваю лекавыя прэпараты, дзе выкарыстоўваюцца фенол і яго вытворныя. Вучні ведаюць, што фенол ядавіты, але ён прымяняецца ў медыцыне ў якасці антысептычнага сродку. Гэта здзіўляе і зацікаўлівае. У выніку актуалізуюцца веды пра фізічныя ўласцівасці фенолу.

Адным з відаў вучэбнага эксперымента з’яўляюцца практычныя работы. Пры іх правя­дзенні звяртаюся да дыдактычных картак, з дапамогай якіх школьнікі вучацца назіраць, аналізаваць і рабіць высновы. Дзякуючы карткам, работы становяцца менш шаблоннымі. Каб дзеці не спісвалі бяздумна адказы з інтэрнэту, а развівалі пазнавальную актыў­насць і пашыралі веды пра якасныя рэакцыі і ўзаемныя пераўтварэнні рэчываў, самастойна падбіраю матэрыял і складаю дыдактычныя карткі да практычных работ. Пры іх выкананні ў школьнікаў часта ўзнікае пытанне, што пісаць у высновах. На жаль, многія вучні не заўсёды правільна фармулююць іх да выкананых доследаў. Таму ў дыдактычнай картцы (у калонцы “Высновы”) запісваю пытанні, на якія трэба даць поўны адказ. У выніку атрымліваецца паўнацэнная выснова. Гэта асабліва эфектыўна ў 7—8 класах. Затым дзеці паступова вучацца рабіць высновы самастойна. 

Акрамя таго, складаю да практычных работ дадатковыя варыянты, якія крыху адрозніваюцца ад тых, што ў падручніку, замяняю адны рэчывы на іншыя. Гэта змяншае рызыку спісвання і прымушае вучняў больш адказна і дасканала рыхтавацца да практычнай работы.

З мэтай павышэння матывацыі да вывучэння прадмета прапаноўваю дамашнія эксперыменты, да якіх рыхтую інструкцыі па выкананні. Гэта дапамагае паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў, сфарміраваць і развіць іх даследчую кампетэнцыю.

Звяртаюся да віртуальнага эксперымента. Але камп’ютар мэтазгодна выкарыстоўваць толькі тады, калі ён забяспечыць атрыманне ведаў, якія немагчыма ці даволі складана атрымаць без ЭСН. Камп’ютар становіцца эфектыўным памочнікам пры дэманстрацыі эксперыментаў і арганізацыі практычных работ, асабліва пры вывучэнні таксічных рэчываў (бензолу, фенолу, галагенаў) і адсутнасці неабходных рэактываў і абсталявання ў лабараторыі.

Дзякуючы названым метадам, вучні з вялікай цікавасцю далучаюцца да даследчай дзейнасці, павышаюць матывацыю да вывучэння прадмета, развіваюць пазнавальныя інтарэсы. Сістэматычнае і мэтазгоднае прымяненне вучэбнага хімічнага эксперымента і заданняў практычнай накіраванасці на ўроках прыносіць станоўчыя вынікі. Школьнікі актыўна наведваюць факультатыўныя заняткі па прадмеце, удзельнічаюць у пазакласнай і даследчай дзейнасці, выбіраюць хіміка-біялагічны напрамак навучання ў 10 класе. Павялічыўся сярэдні бал здачы ЦТ па хіміі. Усё больш выпускнікоў аддаюць перавагу прафесіям, звязаным з хіміяй. Павысілася выніковасць удзелу ў алімпіядным руху, прадметных конкурсах і турнірах, навукова-даследчых канферэнцыях. 

Галіна КУПРЫЯНЧЫК,
настаўніца хіміі гімназіі № 2 Пінска.