Аляксандр ЖУК: “БДПУ — вялікая дружная сям’я. І ў гэтым наша сіла”

- 10:55Вышэйшая школа

Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка — 105 гадоў. І сёння ў нас у гасцях рэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч ЖУК.

— Ёсць спакуса паглыбіцца ў гісторыю, але я прапаную пагаварыць пра сучаснасць і нават будучыню вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Аляксандр Іванавіч, назавіце тры галоўныя трэнды, якія вызначаюць развіццё БДПУ.

— Па-першае, гэта ўстойлівае развіццё — сусветны трэнд, скіраваны на беражлівасць, інклюзіўнасць, захаванне стабільнасці ў соцыуме. Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый прыняты 17 Мэт устойлівага развіцця, і адна з іх (Мэта № 4) — якасная, даступная адукацыя.

Зрэшты, мы не разглядаем адукацыю толькі праз прызму чац­вёртай мэты. Гэта найважнейшы механізм падрыхтоўкі людзей, пачынаючы з дашкольнага і заканчваючы трэцім узростам, да асэнсавання каштоўнасцей устойлівага развіцця і, галоўнае, фарміравання навыкаў для дасягнення пастаўленых мэт. Мы гэта ўлічваем і выкарыстоўваем у абнаўленні адукацыйнага працэсу. Так, БДПУ стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, таксама на нашай базе створаны каардынацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці. За апошні час калектыў універсітэта рэалізаваў цэлы шэраг адпаведных праектаў.

БДПУ афіцыйна прысвоены статус Рэгіянальнага цэнтра экспертыз у галіне адукацыі для ўстойлівага развіцця (RCE Belarus). А Прадстаўніцтва ААН у Беларусі ўручыла ўніверсітэту Сертыфікат удзячнасці за сацыяльна значную дзейнасць у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і стварэнне інклюзіўнага грамадства ў Беларусі.

Другі трэнд, які мы ўлічваем, — інфарматызацыя. У Беларусі пастаўлена задача развіваць інфармацыйнае грамадства і эканоміку ведаў, будаваць ІТ-краіну. А з гэтага вынікае неабходнасць удасканальваць сістэму адукацыі з улікам магчымасцей інфармацыйных тэхналогій. Мы гатовы да такой работы і разам з Паркам высокіх тэхналогій плануем рэалізаваць нацыя­нальны праект “ІТ-настаўнік — для ІТ-краіны”, бо менавіта ад настаўніка, ад таго, як будзе ажыццяўляцца адукацыйны працэс, залежыць развіццё і паспяховасць эканомікі.

Пры падрыхтоўцы будучых педагогаў мы фарміруем адну з найважнейшых кампетэнцый — ІТ-кампетэнтнасць. І гэта не проста ўменне выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. Стаіць задача, каб педагогі маглі распрацоўваць уласны прадукт пад свае прафесійныя патрэбы з улікам інтарэсаў класа і асаблівасцей дзяцей.

Місія БДПУ

“Ад педагога як ключавой фігуры ў грамадстве ведаў зале­жыць адукацыя і выхаванне пакаленняў і будучыня краіны. Таму сваё сацыяльнае служэнне БДПУ ба­чыць у павышэнні інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу нацыі як рэсурсу і гаранта ўстойлівага развіцця грамадства”.

Інфарматызацыя аказвае моц­ны ўплыў на псіхафізічнае і ўзроставае развіццё навучэнцаў, на стыль іх мыслення (спецыялісты гавораць пра кліпавае, геймерскае мысленне). Мы маем справу з новым, “лічбавым”, пакаленнем, якое нараджаецца “з пальцам на кнопцы”, і гэта трэба ўлічваць. Для таго каб працаваць у апераджальным рэжыме, мы ўмацоўваем навуковы складнік, праводзім сур’ёзныя псіхолага-педагагічныя даследаванні. Гэта дазваляе своечасова перафармаціраваць і абнаўляць змест адукацыі.

Нарэшце, трэці трэнд — гэта кампетэнтнасны падыход, які ляжыць у аснове развіцця ўсіх адукацыйных сістэм у перадавых краінах. Сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі актыўна працуем над стварэннем кампетэнтнасна арыентаванага зместу школьнай адукацыі, а ў сябе ва ўніверсітэце рыхтуем педагогаў, якія маглі б фарміраваць новыя кампетэнцыі ў школьнікаў.

Кампетэнцыі ХХІ стагоддзя — гэта сплаў ведаў і ўменне прымяняць іх у канкрэтных сітуацыях, і не толькі ў вырашэнні традыцыйных задач, а, самае галоўнае, ва ўмовах нявызначанасці. Для гэтага трэба фарміраваць у вучняў крытычнае мысленне, уменне аналізаваць інфармацыю, здольнасць праца­ваць у камандзе, узаемадзейнічаць, пераадольваць канфлікты і г.д.

І ў вучэбным працэсе, і ў пазавучэбнай дзейнасці мы рыхтуем нашых выпускнікоў да таго, каб яны маглі рэалізоўваць гэтыя задачы, умелі працаваць з сучаснымі школьнікамі і іх бацькамі. Як і ва ўсе часы, педагогам нельга адставаць, а трэба крыху апярэдж­ваць час.

— Адно з найважнейшых дасягненняў БДПУ ў тым, што вы змаглі вярнуць прэстыж педагагічнай адукацыі. Не сакрэт, што быў перыяд, калі на педспецыяльнасці часта прыходзілі людзі, якія больш нікуды не маглі паступіць. На шчасце, гэты цёмны час мінуў. Сёння на шэраг спецыяльнасцей БДПУ прахадныя балы перавышаюць 300, а на некаторыя паступаюць выключна медалісты і пераможцы прадметных алімпіяд. І ўсё часцей абітурыенты прыходзяць спачатку да вас і потым ужо, калі не праходзяць па конкурсе, шука­юць шчасця ў іншых установах. Каб гэта здарылася, было зроблена вельмі шмат. Але работа ў гэтым кірунку працягваецца. Якіх ідэальных абітурыентаў — будучых педагогаў вы чакаеце?

— Сапраўды, мы вельмі шмат зрабілі для таго, каб павысіць прэстыж педагога ў грамадстве, і гэта станоўча адбілася на якасці падрыхтоўкі нашых абітурыентаў. Калі гадоў 6 назад у БДПУ былі вялікія недаборы (на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці — да 50%), нізкія прахадныя балы (100—120), то сёння мы маем устойлівы сярэдні конкурс ва ўніверсітэт 2—2,5 чалавека на месца. На асобныя спецыяльнасці — да 10 чалавек на месца. Колькасць медалістаў вырасла ў 9 разоў (з 20 да 180), колькасць выпускнікоў гімназій і ліцэяў таксама з кожным годам павялічваецца.

Адкрыццё педагагічных класаў садзейнічала таму, што сёння мы маем вельмі якасных абітурыентаў. Яны не проста добра падрыхтаваны ў адукацыйным плане (паступаюць з баламі не ніжэйшымі за 7, а па профільных прадметах — не ніжэйшымі за 8), самае галоўнае, што яны матываваны атрыманне педагагічнай прафесіі. Вывучаючы факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, прахо­дзячы педагагічныя пробы на працягу двух гадоў, яны свядома ро­бяць важны жыццёвы выбар.

БДПУ выступае за здаровы лад жыцця. Ва ўніверсітэце вельмі добрая спартыўная база: сучасны стадыён, басейн, трэнажорныя залы. Многія студэнты займаюцца спортам і па некаторых відах перамагаюць усіх. Напрыклад, нядаўна будучыя педагогі сталі лепшымі на рэспубліканскай універсіядзе па дзюдо.

На Мінскім паўмарафоне каманда БДПУ — самая масавая (сёлета на дыстанцыю выйшлі 1750 чалавек). Кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканы факультэтаў, выкладчыкі і студэнты — нашы і замежныя.

Без перабольшання можна сказаць, што БДПУ — спартыўны ўніверсітэт.

Мы ўжо трэці раз прымаем выпускнікоў педагагічных класаў — ад 200 да 240 чалавек штогод. Па выніках сесій бачым, што вучацца яны лепш, чым іншыя студэнты: балы, прынамсі, на адзін пункт вышэйшыя (здаюць экзамены, амаль як медалісты). Акрамя таго, выпускнікі педагагічных класаў вельмі актыўныя, ахвотна бяруць удзел ва ўсіх значных праектах і грамадскіх справах. Прычым не як назіральнікі, а гатовы ўзяць на сябе функцыю лідара, арганізатара. Такі вопыт яны набываюць падчас вучобы ў педагагічных класах. Іх партфоліа ўражвае: у школе яны ўдзельнічаюць у творчых, спартыўных, ін­тэлектуальных спаборніцтвах. Мы бачым, што і ва ўніверсітэце яны гатовы адразу ўключыцца ва ўсе працэсы.

Такім і павінен быць сучасны настаўнік — актыўным, энергічным, падрыхтаваным прафесійна і ў той жа час жывым, таварыскім, кантакт­ным. Універсітэцкае асяроддзе і ўся сістэма нашай работы скіравана на тое, каб студэнты развівалі ў сабе гэтыя асобасна і прафесійна значныя якасці.

— Педагога нельга проста навучыць, яго можна вырасціць. У сувязі з гэтым некалькі гадоў назад у БДПУ была ўзмоцнена практыка-арыентаваная падрыхтоўка. Аляксандр Іванавіч, раскажыце, у чым сакрэт хуткага (усяго за 4 гады) пераўтварэння дапытлівага маладога чалавека ў дасведчанага, матываванага спецыяліста.

— Гэты працэс пачынаецца задоўга да таго, як студэнты прыхо­дзяць у аўдыторыю. Мы працуем над тым, каб да нас ішлі самыя матываваныя і падрыхтаваныя — перш за ўсё выпускнікі педагагічных класаў. Нядаўна ў нас адбылася маштабная міжнародная канферэнцыя, дык вось такой сістэмы дзяржаўнага фарміравання кантынгенту студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей няма ні ў адной краіне. Ільготы, якія прадугле­джаны для выпускнікоў педкласаў, вельмі важныя. Пры гэтым на ўваходзе застаюцца патрабаванні да адзнак, а таксама рэкамендацыя педагагічнага савета школы — гэта давер і адказнасць педагогаў, якія добра ведаюць патэнцыял сваіх выпускнікоў.

Дзякуючы педкласам, змяніліся і гендарныя паказчыкі. Сёлета да нас на фізіка-матэматычны факультэт прыйшло 40% хлопцаў, на факультэт фізвыхавання — 60, а на гістарычны факультэт — 63%. Мы ўжо назіраем трэнд: хлопцы ўсё часцей выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці, а гэта свед­чыць пра тое, што грамадства, бацькі, моладзь разумеюць і бачаць перспектыўнасць нашай прафесіі.

Акрамя павышэння якасці адбору абітурыентаў, мы істотна ўзмацнілі практычную падрыхтоўку будучых педагогаў. Зменшылі колькасць лекцый і павялічылі колькасць практычных і семінарскіх заняткаў.
Таксама вырасла колькасць філіялаў кафедр на базе ўстаноў адукацыі. Цяпер частку заняткаў студэн­ты праходзяць там, на практыцы вывучаючы лепшы вопыт прафесіяналаў.

Ужо на першым курсе прадугледжана валанцёрская практыка: студэнты ідуць ва ўстановы адукацыі, дзе дапамагаюць педагогам у вырашэнні практычных задач.

На фізіка-матэматычным факультэце БДПУ дзейнічае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. Тут рыхтуюць сучасных настаўнікаў фізікі, інфарматыкі, матэматыкі і іншых прыродазнаўчых дысцыплін для работы з навучэнцамі ва ўмовах высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя. Акрамя таго, у цэнтры праходзяць вучэбныя курсы па адукацыйнай робататэхніцы для настаўнікаў.

Дарэчы, у нас больш як дзясятак валанцёрскіх аб’яднанняў, якія налічваюць некалькі соцень студэн­таў. Яны працуюць ва ўстановах адукацыі, у спецустановах, бальніцах з рознымі катэгорыямі дзяцей і дарослых. Гэта вельмі складаная, але ўдзячная работа, за якую наш універсітэт атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”.

На другім курсе праходзіць так званы дзень у школе (у дзіцячым садку і г.д.). Тут ідзе непасрэдная дапамога настаўніку ў падрыхтоўцы да ўрокаў, праверцы сшыткаў, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, суботняга дня і г.д. Гэта жывая работа і паглыбленне ў адукацыйны працэс. Як вынік — у студэнтаў узмацняецца матывацыя да вывучэння базавых педагагічных дысцыплін: педагогікі, псіхалогіі, методыкі навучання. Яны разумеюць, для чаго ўсё гэта патрэбна, вучацца прымяняць атрыманыя веды ў сваёй рабоце.

Узмацненне практыкі плюс пазавучэбная актыўнасць (праект­ная, валанцёрская дзейнасць, педагагічныя атрады, зорныя паходы) — усё гэта працуе на фарміраванне прафесійна значных якасцей будучых педагогаў.

— Аляксандр Іванавіч, раскажыце пра свой калектыў. Думаю, нашым чытачам, многія з якіх — выпускнікі БДПУ, цікава даведацца, як жывуць любімыя выкладчыкі, а таксама маладое пакаленне. У чым сіла сённяшняй каманды БДПУ імя Максіма Танка?

— У нас ёсць місія і разуменне, што рэалізаваць задуманае мы можам толькі сумеснымі намаганнямі. Веды нельга даць, іх можна толькі ўзяць, таму задача выкладчыкаў і кіраўніцтва — стварыць адпаведнае асяроддзе і ўмовы для паўнавартаснага асваення студэнтамі сучасных і якасных ведаў.

Выкладчыкі працуюць над абнаўленнем зместу адукацыі і падыходаў, укараняюць актыўныя формы і метады работы. А абавязак студэнтаў — вучыцца і спазна­ваць. Мы ствараем для іх умовы, але вучоба і асваенне кампетэнцый — гэта іх клопат.

У нас прынята праводзіць пасяджэнне рэктарата ў пашыраным складзе, куды запрашаюцца дэканы, загадчыкі кафедр і студэнцкі актыў — студсавет, прадстаўнікі грамадскіх маладзёжных арганізацый, старасты груп. Студэнты бачаць, якія задачы ставяцца і як яны вырашаюцца. Мы задаём ім пытанні, а яны задаюць пытанні нам. Ёсць узаемны давер, і мы не баімся дэлегаваць студэнтам пэўныя паўнамоцтвы. Так і павінна быць, бо гэта будучыя настаўнікі, класныя кіраўнікі — ім давядзецца многае ў жыцці вырашаць, і мы дапамагаем ім фарміраваць адказнасць на рэальных справах.

Што да выкладчыкаў, то кожны стараецца ісці ў нагу з часам. З улікам развіцця інфармацыйных тэхналогій і неабходнасці ства­раць электронныя рэсурсы для іх арганізоўваюцца курсы, семінары — і гэта дазваляе ім быць сучаснымі і цікавымі. Вядзём мэтанакіраваную работу з моладдзю яшчэ са студэнцкай лаўкі. Матывуем здольных студэнтаў да выкладчыцкай дзейнасці, каб пазней, скончыўшы магістратуру і аспірантуру, абараніўшы дысертацыю, яны маглі рабіць навуковую кар’еру ў БДПУ.

Педагог ва ўніверсітэце (прафесар, дацэнт ці старшы выкладчык) — гэта найперш даследчык. Навука — аснова нашага ўдасканалення, таму ўсе актыўна ўдзельнічаюць у буйных праектах, дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах. Невыпадкова БДПУ быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару як лепшая навуковая арганізацыя краіны.

Нядаўна ў БДПУ адкрылі аўдыторыю імя першага бе­ларускага гросмайстра Віктара Давыдавіча Купрэйчыка. Цяпер будучых настаўнікаў пачатковых класаў бу­дуць вучыць гульні ў шахматы і методыцы яе выкладання. Атрыманыя веды яны змогуць выкарыстоўваць на занятках са школьнікамі.

Ёсць праграма “Кадры” на 5 гадоў, дзе прапісаны тэрміны абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Як вынік — у мінулым годзе з пяці аспірантаў чацвёра абараніліся ў тэрмін. А ўвогуле, дзякуючы сістэме кантролю і адказнасці, колькасць дысертацый за 5 гадоў вырасла з 2-3 да 20 у год. Летась кандыдацкія і доктарскія дысертацыі абаранілі 24 нашы навукоўцы.

БДПУ — вялікая дружная сям’я, мы ўсё робім разам. І ў гэтым наша сіла. У студэнтаў і выкладчыкаў ясныя мэты, мы іх агучваем і разам працуем дзеля іх дасягнення.

— Год назад універсітэту прысвоены статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзель­ніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Што гэта азначае для ўніверсітэта: новыя магчымасці для навуковага супрацоўніцтва, узмацненне акадэмічнай мабільнасці, прыток слухачоў, а магчыма, і абітурыентаў з краін СНД?

— Да ўсяго гэта яшчэ і вялікая адказнасць. На базе колішняга факультэта мы стварылі Інстытут інклюзіўнай адукацыі — і гэта не проста змена шыльды. Мэта — узмацніць навуковы складнік работы. У Беларусі, як і ва ўсім свеце, колькасць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі не змяншаецца, таму пытанні спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі паўстаюць вельмі востра, і імі трэба сур’ёзна займацца.

Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ мы стварылі Рэспубліканскі цэнтр інклюзіўнай адукацыі, і БДПУ прысвоены статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Такім чынам, аб’ядноўваем сілы на постсавецкай прасторы.

Узмацняем павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку, у тым ліку ў сеткавай форме. Да нас на курсы прыязджае шмат спецыялістаў з краін СНД. Але задачы ставяцца больш шырокія: трэба сістэмна працаваць і рыхтаваць усіх педагогаў (настаўнікаў-прадметнікаў, выхавальнікаў дашкольных устаноў) да работы з асаблівымі дзецьмі, даваць ім грунтоўныя інклюзіўныя веды. Гэтая работа сістэмная, карпатлівая, і мы яе вя­дзём як у навуковым, так і ў змястоўным плане.

— У БДПУ цяпер прыкметна больш замежнікаў, чым было нават 5 гадоў назад. Назавіце, калі ласка, некалькі лічбаў, якія характарызуюць цікавасць замежных грамадзян і нават больш — іншых дзяржаў — да вашага ўніверсітэта.

— Сапраўды, за апошнія гады колькасць замежных студэнтаў БДПУ павялічылася ўтрая. Сёння ў нас вучыцца 1350 замежнікаў з 22 краін. Экспарт адукацыйных паслуг вырас у 3,5 разу.

Павелічэнне колькасці замежных студэнтаў назіраецца на ўсіх узроўнях: і на першай ступені, і ў магістратуры, і ў аспірантуры. Акрамя таго, сярод замежнікаў расце попыт на павышэнне кваліфікацыі і стажыроўкі.

Павялічылася колькасць дагавораў з універсітэтамі не толькі краін СНД, але і з іншых рэгіёнаў. Геаграфія супрацоўніцтва няўхільна пашыраецца. Усё больш універсітэтаў хоча мець з намі справы.

Мы шмат працуем па сумесных праектах у рамках міжнародных праектаў “Эразмус+”, “Гарызонт 2020”, “Мост”. Стараемся пашыраць мабільнасць нашых выкладчыкаў, каб яны ездзі­лі, пераймалі перадавы вопыт, стажыраваліся і, самае галоўнае, наладжвалі сувязі з калегамі. Вынікам павінна стаць яшчэ больш сумесных адукацыйных і даследчых праектаў.

Ёсць дзве найважнейшыя якасці педагога. Ён павінен любіць дзяцей — усіх, незалежна ад паспяховасці, паводзін, псіхафізічных асаблівасцей. Без любові да дзяцей нельга заходзіць у клас. І ён павінен любіць сваю прафесію. Не ўсё вызначаецца грашыма (“багатыя таксама плачуць”). Настаўніку трэба ўсвядоміць, што ён выконвае важную місію — не толькі адукоўвае, але і выхоўвае, фарміруе асобу (а значыць, грамадства, дзяржаву), таму ён сам павінен быць асобай.

Летась разам з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам мы стварылі сумесны факультэт інавацыйнай педагогікі. Зараз там вучацца 150 студэн­таў па формуле 2+1+1 (два гады — у Ташкенце, год — у нас, у Мінску, і яшчэ год — у Ташкенце). Выпуск­нікі — будучыя псіхолагі, лагапеды, спецыялісты дашкольнай адукацыі (а з гэтага года пачалі рыхтаваць яшчэ і спецыялістаў пачатковай адукацыі) — атрымаюць двайны дыплом. Адбор ажыццяўляем сумесна, таксама нашы выкладчыкі выязджаюць у Ташкент для правядзення лекцый і семінараў, экзаменацыйных сесій. Па нашых праграмах, узгодненых з узбекскім бокам, мы кантралюем і адбор, і адукацыйны працэс, для таго каб статус нашага дыплома быў высокім.

Падобныя сеткавыя праграмы, але звязаныя з магістарскай падрыхтоўкай, рэалізоўваем з Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам (Санкт-Пецярбург) — дашкольная адукацыя, з Балтыйскім федэральным універсітэтам імя Імануіла Канта (Калінінград) — інклюзіўная адукацыя і лагапедыя, а таксама з маскоўскімі педагагічнымі ўніверсітэтамі.

Працуем па ўсіх напрамках, і гэта ўмацоўвае наш імідж. На вучобу ў БДПУ едзе ўсё больш мола­дзі з іншых краін (на філалагічным факультэце амаль палова студэнтаў — замежнікі).

— Аляксандр Іванавіч, назавіце, калі ласка, топ-5 дасягненняў БДПУ, якімі вы ганарыцеся.

— Прэмія “За духоўнае адра­джэнне”, якой БДПУ ўзнагаро­джаны за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі.

Занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый.

Прысваенне статусу базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі.

Сертыфікат удзяч­насці Прадстаўніцт­ва ААН у Беларусі за сацыяльна значную дзейнасць у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і стварэнні інклюзіўнага грамадства ў Беларусі.

І нарэшце Прэмія ўрада ў галіне якасці.

Таму з добрым настроем сустракаем юбілей універсітэта. Рады, што плённа працуем для адукацыі і для краіны.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА, Настассі ХРЫШЧАНОВІЧ і з архіва ўніверсітэта.