Аляксей ГАЙДАШОЎ: “У нас таксама космас”

- 11:26Суразмоўца

 

З Аляксеем Аляксандравічам Гайдашовым мы сустрэліся яшчэ ўлетку. 7-я Беларуская антарктычная экспедыцыя толькі ў маі завяршыла сваю работу, аднак поўным ходам пачалася падрыхтоўка да 8-й экспедыцыі.
На будучы сезон у нашых палярнікаў вялікія планы: даставіць у Антарктыду і ўстанавіць першы модуль новай Беларускай антарктычнай станцыі. І калі ўсё пойдзе як задумана, то ўжо праз 5 гадоў у раёне гары Вечаровай, непадалёк ад закрытай у 1994 годзе расійскай аэрадромнай базы, пабудаванай яшчэ ў савецкі час, паўстане сучасная, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі Беларуская антарктычная станцыя.
Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў, які, дарэчы, правёў за палярным кругам амаль 7 гадоў жыцця (9 антарктычных экспедыцый, уключаючы зімоўку на лядовым кантыненце 1988—1989 года), параўноўвае гэтую падзею з запускам першага беларускага спадарожніка. Для нашай краіны прысутнасць у Антарктыдзе — гэта пытанне не толькі навукова-тэхнічнай дзеяздольнасці і прэстыжу, але і пытанне нацыянальнай бяспекі.

— У свеце ўсяго каля трох дзясяткаў краін, якім удалося наладзіць сваю пастаянную прысутнасць у Антарктыдзе. У тым ліку і наша Беларусь. Раскажыце, Аляксей Аляксандравіч, як усё пачыналася.
— Па вялікім рахунку, усё пачыналася з савецкіх антарктычных экспедыцый, у рабоце якіх беларускія спецыялісты ўдзельнічалі штогод з 1956 года і да самага развалу СССР. Іх было больш за сто чалавек — навукоўцаў і тэхнічных спецыялістаў. Аднак з пачатку 90-х гадоў антарктычная дзейнасць беларусаў практычна спынілася.У лютым 2006 года адзначалася знамянальная падзея — 50-гадовы юбілей савецкіх антарктычных даследаванняў, і група беларускіх ветэранаў-палярнікаў была запрошана ў Маскву на святкаванне. У гэты ж час Нацыянальная акадэмія навук, якую тады ўзначальваў М.У.Мясніковіч, шэраг беларускіх вучоных, сярод якіх вядомы кліматолаг з сусветным імем акадэмік Уладзімір Фёдаравіч Логінаў, а таксама грамадскіх дзеячаў і ветэранаў-палярнікаў выступілі з ініцыятывай узнаўлення нашых даследаванняў у Антарктыцы. Гэтая ініцыятыва была падтрымана прэзідэнтам, і ужо ў чэрвені 2006 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб далучэнні да Дагавора аб Антарктыцы”, а ў жніўні зацверджана Дзяржаўная праграма па вывучэнні палярных раёнаў Зямлі. Уласна кажучы, 2006 год можна лічыць пачаткам дзейнасці суверэннай Беларусі ў Антарктыцы.
З самага пачатку стратэгічным партнёрам нашай краіны па дзейнасці ў Антарктыцы стала Расія. Прычын шмат, але адна з галоўных у тым, што ўсе беларускія ветэраны-палярнікі выйшлі з савецкіх антарктычных экспедыцый, шмат гадоў працавалі побач з расійскімі калегамі і добра ведалі адно аднаго. Гэта значна спрашчала ўзаемадзеянне.
Трэба ўлічваць і тое, што наша краіна не мае ўласных сродкаў для дастаўкі экспедыцый у Антарктыду. У нас няма ні суднаў, ні авіяцыі, а галоўнае — пілотаў, якія маюць дазвол на работу ў Антарктыцы, і г.д. А ў Расіі ёсць і тэхнічныя, і прафесійныя рэсурсы.
Некалькі гадоў наша супрацоўніцтва вялося на ўзроўні спецыялістаў і асобных арганізацый. Аднак у 2013 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін было падпісана вельмі важнае міжурадавае пагадненне паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Гэта садзейнічала стварэнню дзяржаўнай базы для сумеснай навуковай і лагістычнай дзейнасці. У тым жа 2013 годзе была створана сумесная рабочая група, якая сустракаецца двойчы на год: летам — у Беларусі, восенню — у Расіі. Мы падводзім вынікі мінулай экспедыцыі, намячаем планы дзеянняў на наступны сезон, а таксама выпрацоўваем сумесную стратэгію дзейнасці ў сістэме Дагавора аб Антарктыцы на найбліжэйшую перспектыву.

— Я ведаю, што якраз перад нашай сустрэчай у Мінск прыязджала расійская дэлегацыя. Пра што канкрэтна ішла размова на гэты раз?
— Сапраўды, у Мінск прыязджала група спецыялістаў з Інстытута Арктыкі і Антарктыкі, а таксама Расійскай антарктычнай экспедыцыі на чале з яе начальнікам Валерыем Уладзіміравічам Лукіным. Мы правялі перамовы па ключавых пытаннях узаемадзеяння, у прыватнасці аб дастаўцы ў Антарктыду секцый і асобных элементаў інфраструктуры будучай Беларускай антарктычнай станцыі.
Трэба разумець, што адна справа, калі ў рамках экспедыцыі праводзіцца абмен спецыялістамі (гэта сусветная практыка, тут практычна не патрэбны дадатковыя грошы). І зусім іншая справа, калі гаворка ідзе пра дастаўку на процілеглы край Зямлі буйных грузаў. І хоць мы заўсёды стараліся максімальна кампенсаваць фактычныя выдаткі, гэта ўсё роўна вельмі высокія затраты, прычым найперш з боку Расіі.
Зараз сітуацыя ўскладнілася тым, што бюджэтнае фінансаванне расійскіх антарктычных экспедыцый істотна скарочана. У сувязі з гэтым зменены і скарочаны графік руху суднаў лядовага класа, якія ходзяць у Антарктыку. Заход асноўнага флагмана расійскага палярнага флоту навукова-экспедыцыйнага судна “Акадэмік Фёдараў” у раён базіравання Беларускай антарктычнай экспедыцыі сёлета ўвогуле не быў запланаваны. Таму стаяла задача знайсці кампраміснае рашэнне, каб гэты заход адбыўся. Натуральна, беларускі бок павінен узяць на сябе затраты на тое, каб судна змагло адхіліцца ад запланаванага маршруту.
Адзначу, што дзякуючы канструктыўнай пазіцыі кіраўніцтва НАН Беларусі і Расійскай антарктычнай экспедыцыі такі кампраміс быў знойдзены. Сёння ўжо можна казаць пра тое, што ў снежні гэтага года першыя тры секцыі, якія ўтвараюць адзіны модуль Беларускай антарктычнай станцыі, будуць дастаўлены ў Антарктыку менавіта ў месца базіравання Беларускай антарктычнай экспедыцыі.
Па значнасці я параўнаў бы гэтую падзею з запускам першага беларускага спадарожніка. У нас таксама космас. З курса фізічнай геаграфіі вы ведаеце, што ў Антарктыцы размешчаны 4 полюсы: паўднёвы геаграфічны, полюс вятроў Зямлі, полюс холаду Зямлі, паўднёвы геамагнітны полюс. Гэта ўнікальнае месца, у якім трэба быць і якое трэба вывучаць.

— Скажыце, Аляксей Аляксандравіч, а ў якіх умовах Беларуская антарктычная экспедыцыя размяшчалася дагэтуль?
— Калі паўстала пытанне аб тым, дзе будзе размяшчацца Беларуская антарктычная экспедыцыя, расійскі бок прапанаваў бясплатна, у якасці часовай меры, скарыстацца адным са старых збудаванняў, размешчаных ва Усходняй Антарктыдзе на былой савецкай палявой базе “Гара Вечаровая”. Гэта за 28 кіламетраў ад найбуйнейшай у свой час станцыі “Маладзёжная”. (Зараз “Маладзёжная” пераведзена ў разрад сезонных палявых баз. Яе інфраструктура настолькі вялікая, што калі ў 2000-я гады пачалі лічыць грошы, то высветлілася, што ўтрымліваць такую станцыю вельмі затратна. Утылізаваць яе таксама нерэальна, бо ўзведзена каля сотні капітальных будынкаў. У свой час там толькі на зімоўку заставалася некалькі соцень чалавек, а ў летні антарктычны сезон працавала да тысячы чалавек. Цяпер гэтая станцыя стаіць практычна замарожаная.)На “Гары Вечаровай” у савецкі час размяшчалася палявая аэрадромная база, дзе знаходзіўся пераважна тэхнічны персанал, які круглы год абслугоўваў узлётна-пасадачную лядовую паласу. У 1994 годзе палёты авіяцыі з Вялікай Зямлі туды спыніліся, расіяне пакінулі станцыю, і вось праз 12 гадоў на яе базе часова размясцілася Беларуская антарктычная экспедыцыя. Каб палепшыць сваё жыццезабеспячэнне, мы правялі там неабходныя работы. Пры гэтым пытанне аб будаўніцтве ўласнай станцыі ніколі не здымалася з парадку дня. І вось зараз гэтае будаўніцтва пачынаецца.

— А што будзе ўяўляць сабой новая станцыя?
— Станцыя будзе будавацца па сучасным прынцыпе. Не шляхам капітальнага будаўніцтва, бо гэта нам не пад сілу і вельмі дорага з пункту гледжання фінансаў (у нас, як я ўжо казаў, няма ўласных сродкаў дастаўкі грузаў), а шляхам модульнага будаўніцтва па прынцыпе канструктара лега: з асобных элементаў, якія, дарэчы, вырабляюцца ў Беларусі, аснашчаных усім неабходным для жыцця і працы. Усе элементы аднаго стандарту і зручна стыкуюцца паміж сабой, утвараючы адзіную сістэму.
Дастаўка іх таксама простая, бо яны лёгка змяшчаюцца ў стандартны марскі 20-футавы кантэйнер — гэта ўніверсальны памер, прыняты ва ўсім свеце. Пад яго выраблены пагрузачныя і захопныя прылады, а таксама разлічана перавозка не толькі марскім, але і чыгуначным, і паветраным транспартам. Палубная верталётная авіяцыя, якая дастаўляе грузы з карабля на бераг, мае магчымасць падымаць груз на падвесцы масай да 5 тон. Вага нашых кантэйнераў з модулямі складае крыху больш за 4 тоны, таму дастаўка будзе даволі зручнай.
Мы цесна працавалі з канструктарамі, і модулі выраблены з улікам кліматычных умоў, павышаных ветравых нагрузак, ультрафіялетавай радыяцыі. Уявіце, у разгар палярнага лета сонца практычна кругласутачна стаіць над галавой. Пры гэтым мае месца двайны эфект апраменьвання, бо, трапляючы на снежнае покрыва, 90% ультрафіялетавай радыяцыі адбіваецца назад. Новая станцыя павінна быць устойлівай да ўсіх антарктычных нагрузак.

— Скажыце, Аляксей Аляксандравіч, як у антарктычных умовах гатовыя модулі будуць мацавацца да зямлі?
— Раён нашага базіравання — гэта прыбярэжная зона. Справа ў тым, што 99% паверхні Антарктыды пакрыта лядовай шапкай, і толькі 1% непакрытай лёдам паверхні выпадае на тоненькую берагавую лінію па перыметры кантынента. Наша станцыя знаходзіцца на адлегласці 250—280 м ад пачатку марской акваторыі на палосцы выхаду скальных парод. Гэта не значыць, што скалы пастаянна адкрытыя, частка іх у зімовы перыяд заносіцца снегам. Для ўстаноўкі збудаванняў выбіраюцца найбольш высокія пункты, якія прадзімаюцца ветрам і круглы год застаюцца незанесенымі.
Акрамя таго, нашы збудаванні ўстанаўліваюцца на апорах, якія рэгулююцца. Гэта дазваляе пры неабходнасці падымаць і апускаць іх над паверхняй.
Трэба адзначыць, што першы модуль станцыі, які мы ўстановім у будучым сезоне, разлічаны на работу і пражыванне ўсяго трох чалавек. Гэта толькі першае звяно ў інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі. Па плане ў найбліжэйшыя 5 гадоў там павінна з’явіцца каля 12—15 падобных модуляў, і тады станцыя зможа прымаць мінімум 10—12 чалавек, там можна будзе праводзіць сур’ёзныя навуковыя мерапрыемствы. Тады ж можна будзе перайсці да круглагадовай работы.

— Якія навуковыя задачы стаяць перад Беларускай антарктычнай экспедыцыяй?
— Давайце казаць прама: краіна прыходзіць у Антарктыку не толькі і не столькі дзеля навукі. Ёсць больш сур’ёзныя прычыны, якія вымушаюць прыняць такое рашэнне. Гаворка ідзе пра нацыянальную бяспеку. Наша краіна ў значнай ступені залежыць ад клімату. Яна падвержана і засухам, і паводкам, і замаразкам, і буранам. А Антарктыка — гэта кухня надвор’я ўсёй Зямлі. Вывучэнне кліматычных працэсаў у Антарктыцы, рэгістрацыя шматгадовых назіранняў, аналіз, прагназаванне глабальных кліматычных змяненняў, пабудова мадэлей уздзеяння, у тым ліку на тэрыторыю Беларусі, — гэта надзвычай важна.
Нацыянальная бяспека — гэта яшчэ і харчовая бяспека, пошук прыродных рэсурсаў і крыніц энергазабеспячэння. Згодна з Дагаворам аб Антарктыцы 1959 года, кантынент абвешчаны нейтральнай зонай, прызначанай толькі для мірных даследаванняў. Там забаронена размяшчэнне якой бы то ні было зброі і ваеннага персаналу, а таксама любое размежаванне тэрыторыі. Акрамя таго, гэта цалкам бяз’ядзерная зона, дзе нельга выкарыстоўваць нават элементы атамнай энергетыкі і закрыты шлях для атамных ледаколаў.Антарктыда — гэта сусветны запаведнік, дзе забаронена распрацоўваць, здабываць карысныя выкапні і нават весці разведку. Але марскія акваторыі пад гэтую забарону не трапляюць. Там надзвычай багатыя запасы крыля, рыбы і іншых морапрадуктаў, і сёння многія краіны вядуць там промыслы. Але для гэтага трэба выканаць пэўныя працэдуры. У прыватнасці, краіна павінна даследаваць воды, якія адносяцца да зоны дзейнасці нацыянальнай антарктычнай экспедыцыі, ацаніць іх біяпрадукцыйнасць, падрыхтаваць пэўныя абгрунтаванні і з пакетам дакументаў выйсці на камісію ААН па марскім праве, якая выдае дазвол і квоты на лоўлю пэўных відаў морапрадуктаў. Для гэтага не трэба нават мець уласны флот, свае квоты краіна можа прадаваць іншым краінам — гэта сусветная практыка.
На пачатку 80-х гадоў быў такі ўнікальны выпадак: у Антарктыдзе на савецкай станцыі “Навалазараўская” прыборы сейсмічнай разведкі зафіксавалі вельмі моцны падземны штуршок. Гэтыя звесткі былі перададзены ў спецыяльны цэнтр апрацоўкі інфармацыі, і высветлілася, што такі ж штуршок зафіксавалі амерыканцы на сваёй станцыі, а таксама на тэрыторыі ЗША. Калі супаставілі звесткі і змадэлявалі сітуацыю, то ўсё звялося да аднаго пункта — Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Гэта было першае і апошняе выпрабаванне атамнай бомбы ў гэтай краіне. Пасля таго як высветлілі, хто ажыццявіў падземны выбух, былі прыкладзены ўсе намаганні, каб ПАР адмовілася ад ядзернай зброі. Гэта таксама яскравы прыклад таго, што даюць даследаванні ў Антарктыцы.
Акрамя таго, вы, напэўна, чулі такое слова, як біяпраспектынг. Гэта выкарыстанне ўласцівасцей антарктычных мікраарганізмаў для распрацоўкі новых біятэхналогій, перш за ўсё ў медыцыне і фармакалогіі. Японцы ўжо заявілі, што дасягнулі прарыўных поспехаў у стварэнні прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў. Гэтаксама ўласцівасці антарктычных мікраарганізмаў могуць выкарыстоўвацца для ўтылізацыі прадуктаў нафты. Мы даўно заўважылі: калі кропелькі бензіну ці саляркі трапляюць на скалу — праз некалькі гадзін на гэтым месцы з’яўляецца нейкая пена, а праз пару тыдняў ад прадуктаў нафты ўвогуле не застаецца следу. Гэтая з’ява таксама патрабуе вывучэння.
Нашы мікрабіёлагі, якія працуюць у складзе Беларускай антарктычнай экспедыцыі, таксама маюць пэўныя напрацоўкі ў гэтым напрамку, і ў іх вельмі добрыя перспектывы. Выгадаваць штамы бактэрый пры адсутнасці неабходных лабараторных умоў — гэта сапраўднае мастацтва, але сёлета наш мікрабіёлаг Уладзіслаў Мямін здолеў прывезці ў Беларусь 280 штамаў антарктычных бактэрый. А яшчэ мноства проб імхоў, лішайнікаў і іншых арганізмаў. Гэта бясцэнны матэрыял для беларускіх біёлагаў.
Хачу заўважыць, што навуковыя адкрыцці робяцца не ў Антарктыдзе. Яны робяцца тут, на Вялікай зямлі, пасля апрацоўкі матэрыялу на адпаведным абсталяванні ў адпаведных умовах. Мы робім зачын для гэтых адкрыццяў.
А ўвогуле, калі казаць пра навуку, якую на працягу ўсёй дзейнасці нашай краіны ў Антарктыцы ўзначальвае НАН Беларусі, то ўсе даследаванні ажыццяўляюцца ў рамках навуковай праграмы. Пачынаючы з 2007 года і да гэтага часу выконваюцца 5 навуковых заданняў — гэта вывучэнне аэразольнага і газавага складу атмасферы, азонавага слоя і ўльтрафіялетавай радыяцыі, геафізічныя даследаванні, вывучэнне варыяцый магнітнага поля Зямлі і вымярэнне магнітных узрушэнняў (паўднёвая палярная шапка вельмі ўплывае на сродкі сувязі, навігацыю), распрацоўка радыёлакацыйных сродкаў для даследавання структуры снежна-лядовага покрыва і геалагічных структур (дарэчы, геарадары і геалакатары — беларускай вытворчасці, у прыватнасці ў распрацоўцы ўдзельнічае БДУІР), біялогія і мікрабіялогія. Мы ўніверсальныя салдаты, таму, нягледзячы на колькасны склад экспедыцыі (у розныя гады ад 2 да 6 чалавек), штогод працуем над выкананнем усіх гэтых заданняў.

— Вядома, што ўмовы для работы Беларускай антарктычнай экспедыцыі надзвычай складаныя. Па-першае, вельмі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы. Па-другое, састарэлая матэрыяльная база, дзе адсутнічае нармальная лабараторыя і побытавыя ўмовы вымушаюць жадаць лепшага (новая станцыя толькі пачынае будавацца). Зазямліць электрапрыборы — і тое праблема. Як вы з усім гэтым спраўляецеся?
— Штосьці вырашаем дзякуючы значнаму палярнаму вопыту. Штосьці прыдумваем на хаду. З нейкім негатыўным вопытам вяртаемся дадому і ўлічваем яго пры падрыхтоўцы да будучых экспедыцый. Заўважу, што эфектыўнасць эксплуатацыі розных прыбораў і абсталявання ад экспедыцыі да экспедыцыі павышаецца. Згодна з рэкамендацыямі палярнікаў, іх карэкціроўка вядзецца як па тэхнічных, так і па навуковых напрамках.
Таму асноўная праблема звязана ўсё ж з неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі. Беларускія антарктычныя экспедыцыі пакуль што праходзяць у фармаце сезонных: паўгода, калі ў нашым паўшар’і зіма, у палярнікаў доўжыцца так званы летні антарктычны сезон. Хаця лета ў Антарктыдзе ўмоўнае: у лепшым выпадку, пры рэдкім спалучэнні пэўных метэаралагічных параметраў (сонца і штыль), тэмпература паветра можа дасягаць +3°С. Аднак у прыбярэжнай зоне звычайна вельмі ветрана.
Вецер там настолькі моцны, што калі датчыкі і прыборы не замацаваны як след, па штармавых правілах, то можна не толькі страціць іх, але і стварыць небяспеку для людзей. Таму я з самых першых хвілін, як толькі мы высаджваемся на бераг і пачынаем устаноўку сістэм жыццезабеспячэння, навуковых прыбораў і іншага абсталявання, патрабую рабіць так, як быццам робіш на стагоддзі. І ніякага “потым замацую”, бо пры ветры звыш 20 м/с любы незамацаваны прадмет ляціць як куля. Страшна падумаць, што ён можа трапіць у чалавека. Таму перш за ўсё бяспека.
Што да ўмоў работы навуковых спецыялістаў, то ў нас сапраўды няма спецыялізаваных лабараторый, і стварыць іх у старых будынках немагчыма. Але на базе новай Беларускай антарктычнай станцыі такія лабараторыі ўжо прадугледжаны.
Трэба адзначыць, што кіраўніцтва НАН Беларусі надае першаснае значэнне пытанням бяспекі асабістага складу і матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння Беларускіх антарктычных экспедыцый. З кожным годам аснашчэнне паляпшаецца, яно ўсё больш прыстасавана для работы ў экстрэмальных умовах. Напрыклад, раней адбор марскіх проб мог праводзіцца толькі шляхам прамога апускання чалавека ў ваду (зразумела, у аквалангу і гідракасцюме). Сёлета ўжо закупілі падводны апарат з дыстанцыйным кіраваннем, які можа праводзіць фота- і відэаздымкі пад вадой, а таксама мае прыстасаванне для адбору проб. Цяпер, аглядаючы дно, вучоны можа ўзяць для даследавання менавіта тое, што яму патрэбна. Разумееце, каб зрабіць палонку ў 1,5-метровым лёдзе, трэба вельмі шмат папрацаваць бензапілой і пешняй і потым не радзей чым кожныя два-тры дні разбіваць свежы лёд. І вельмі добра, што з набыццём новага апарата такая работа будзе прыносіць значна большы плён, чым раней.

— Раскажыце, Аляксей Аляксандравіч, пра асаблівасці жыццезабеспячэння Беларускай антарктычнай станцыі — ацяпленне, асвятленне, арганізацыю харчавання і г.д. Вы там амаль што як на касмічным караблі — поўная ізаляцыя на працягу некалькіх месяцаў…
— Так, найбліжэйшая круглагадовая станцыя — японская — знаходзіцца на адлегласці 380 км ад нашай. Але ва ўмовах Антарктыды і 28 кіламетраў (сезонная палявая база “Маладзёжная”) — гэта вельмі вялікая, часам непераадольная адлегласць. Таму мы працуем у аўтаномным рэжыме, цалкам забяспечваючы сябе ўсім неабходным.
За гады работы ў нас з’явілася цэлая гаспадарка: дызель-генератары, сістэмы сувязі, транспартныя сродкі і г.д. Пры гэтым штогод неабходна дастаўляць на кантынент дызельнае паліва, бензін і многае іншае.

— А ці выкарыстоўваюцца ў Антарктыдзе альтэрнатыўныя крыніцы энергіі?
— Гэта вельмі прыгожы міф. Каб забяспечыць бесперабойную работу прыбораў і абсталявання, абагрэць станцыю, неабходны вялікія магутнасці. Дастаўка, мантаж і абслугоўванне адпаведных гелія- і ветраўстановак ва ўмовах Антарктыды абышліся б надзвычай дорага. Пры гэтым ніякія ветраўстаноўкі і сонечныя батарэі не вытрымаюць антарктычных умоў. Замежныя экспедыцыі спрабавалі ўстанаўліваць ветракі, але дэльта парываў ветру такая (літаральна за долі секунды яго хуткасць можа змяніцца з 10 да 40—45 м/с), што дарагія ўстаноўкі вельмі хутка выходзяць са строю.
Таму выкарыстоўваем стары добры дызель. Гэта таксама нятанна, бо пасля дастаўкі ў Антарктыду кошт саляркі ўзрастае прынамсі ў 10 разоў. Патрэбы экспедыцый разлічваюцца зыходзячы з лінейных норм расходаў для пэўных відаў агрэгатаў з папраўкай на кліматычныя ўмовы, эксплуатацыю ў неспрыяльных прыродных умовах плюс аварыйны запас. Нашы сезонныя патрэбы пры наяўнасці двух сур’ёзных дызельных генератараў складаюць ад 4 да 6 тон. Уявіце сабе, што гэтае паліва трэба купіць, даставіць на процілеглы канец Зямлі спачатку на караблі, а потым верталётам на бераг — мы беражом яго як зрэнку вока.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, прыйшла добрая навіна з Нарвегіі: Беларусь стала пастаянным членам Савета кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм.
Намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў прыняў удзел у рабоце XVII пасяджэння Савета кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм, дзе прадставіў інфармацыю аб дзейнасці нашай краіны ў Антарктыцы. У выніку прадстаўнікі 29 краін — пастаянных членаў згаданага савета, аднагалосна прагаласавалі ЗА прысваенне Беларусі статусу пастаяннага члена Савета кіраўнікоў нацыянальных антарктычных праграм. Такім чынам, наша краіна стала 30-м членам гэтай уплывовай арганізацыі ў сістэме Дагавора аб Антарктыцы.
У новым статусе Беларусь зможа браць непасрэдны ўдзел у прыняцці стратэгічных рашэнняў па пытаннях ажыццяўлення навуковай і практычнай дзейнасці ў Антарктыцы, а таксама атрымае шырокі доступ да агульнай лагістычнай і транспартнай схем краін—удзельніц Дагавора аб Антарктыцы.

Тое ж самае і з прадуктамі харчавання. Яны разлічваюцца па пэўных нормах менавіта для палярнікаў, з улікам фізічных нагрузак, нізкіх тэмператур і г.д. Харчаванне паўнавартаснае, хаця ў першыя гады ўсё было даволі сціпла: тушонка, макароны, крупы… Зараз у нашым рацыёне ёсць нават пэўная колькасць садавіны і агародніны, а таксама сокі, мінеральная вада, вітамінныя комплексы і г.д. Замарожаныя паўфабрыкаты мы захоўваем на станцыі ў маразільных камерах. Многія, калі чуюць пра гэта, здзіўляюцца: а навошта ў Антарктыдзе маразільнікі?! Але і там здараецца нулявая тэмпература, а, як вядома, для працяглага захоўвання прадуктаў неабходны пастаянны тэмпературны рэжым.
Гатуем па чарзе. Калі нейкаму спецыялісту ў дзень яго дзяжурства трэба штосьці тэрмінова зрабіць пад адкрытым небам, то яго, безумоўна, падменяць. У мінулую экспедыцыю мы прывезлі з сабой мультыварку, якая стала для нас сапраўднай палачкай-выручалачкай. Цяпер нават тыя, хто не любіць гатаваць, сталі смялей брацца за дзяжурства.
Таксама хачу адзначыць, што ў Беларускай антарктычнай экспедыцыі дзейнічае сухі закон.

— А ў экспедыцыях іншых краін?
— Наколькі я ведаю, там з гэтым больш дэмакратычна. У нас сухі закон таксама не прапісаны ў нейкіх загадах, пастановах ці палажэннях, гэта маё патрабаванне як кіраўніка экспедыцыі.
Справа ў тым, што ў нас вельмі маленькі склад экспедыцыі, напэўна, самы маленькі ў параўнанні з іншымі краінамі. Гэта накладвае на кожнага спецыяліста абавязак быць заўсёды ў баявой гатоўнасці і валодаць адразу некалькімі спецыяльнасцямі. З улікам нашых жорсткіх штатных умоў кожны чалавек павінен, акрамя асноўных абавязкаў, умець і рабіць многае (кіраваць снегаходам, разабрацца, калі трэба, з электрыкай, прыгатаваць абед, аказаць хуткую дапамогу і г.д.), каб пры неабходнасці замяніць іншых спецыялістаў. Таму ў нас сухі закон.

— У вас там бываюць выхадныя дні?
— У звыклым разуменні — не. Я, напрыклад, увогуле не магу весці такі лад жыцця, каб нічога не рабіць. Хутчэй у нас бываюць разгрузачныя дні, калі ў пагоднае надвор’е мы робім калектыўны выхад на прыпаяны лёд, у трэшчынах якога можна палавіць рыбу. Або падыходзім на максімальна блізкую адлегласць, каб не патрывожыць, да калоніі пінгвінаў. У летні антарктычны перыяд у іх якраз перыяд гнездавання, а таму вельмі цікава назіраць за імі.

— Пафатаграфаваць…
— Гэта хутчэй забава для навічкоў. Калі чалавек упершыню трапляе ў Антарктыду, то ён некалькі тыдняў не выпускае з рук фотаапарат, бесперапынна шчоўкаючы затворам. Але каб зрабіць там добры здымак, трэба не толькі якасная апаратура, але і пэўная тэарэтычная падрыхтоўка. З першых соцень фотаздымкаў, як правіла, вельмі мала ўдалых. Цікавыя кадры атрымліваюцца пазней, калі людзі пачынаюць фатаграфаваць больш удумліва.

— Цікава, вы ўсё абсталяванне пакідаеце там ці даводзіцца вазіць яго туды-сюды?
— Усё пакідаем там. Галоўнае, каб абсталяванне і прыборы захоўваліся ў закрытых памяшканнях. Нізкія тэмпературы, безумоўна, аказваюць негатыўны ўплыў на тэхніку, але значна меншы, чым можна было б меркаваць. Напрыклад, у 2007 годзе мы завезлі на станцыю звычайны стацыянарны камп’ютар, і, з’язджаючы, я толькі накідваю ручнік на манітор. Вы не паверыце — ён перажыў ужо столькі зім і дагэтуль бездакорна працуе. Магчыма, гэта звязана з нізкай вільготнасцю: у некаторых выпадках вільготнасць у памяшканнях складае 10%, а так у сярэднім 30—40%.

— Скажыце, Аляксей Аляксандравіч, як вы падтрымліваеце камунікацыі з Вялікай зямлёй?
— Для выхаду ў інтэрнэт выкарыстоўваецца спадарожнікавая сувязь. Аднак там яна надзвычай дарагая, таму камунікацыі зводзяцца пераважна да звычайнага абмену электроннай поштай. Звыклага інтэрнэту, калі можна выйсці ў скайп ці нават проста пачытаць навіны, там няма. Трафік вельмі абмежаваны, у тым ліку і для прыватных размоў (максімум 10 хвілін на месяц).
Насамрэч, гэта добра, бо навічкі (а яны заўсёды ёсць у нашых экспедыцыях) вельмі хваравіта рэагуюць на любыя размовы з роднымі. Вось пагаворыць чалавек з жонкай ці дзецьмі, і калі толькі адчуе нейкія змены ў іх інтанацыі, то ён ўжо на ўзводзе. Адна справа тут пагаварыць па тэлефоне і праз некалькі гадзін ці дзён сустрэцца і ўсё высветліць, і зусім іншая — калі ты пакутуеш і гадаеш, ці ўсё папраўдзе так, як табе расказваюць. Таму заўсёды кажу калегам, што не трэба злоўжываць галасавой сувяззю, накручваць сябе і расстройваць. У нашых умовах лепш пісаць пісьмы.

— Не магу не спытаць пра асабістыя ўзаемаадносіны паміж членамі экспедыцыі. Напрыклад, мяне ў свой час вельмі ўразіў фільм “Як я правёў гэтым летам” (праўда, там дзеянне адбываецца ў Арктыцы). А ў вас бывае так, што не складваюцца стасункі паміж людзьмі? І што тады?
— Я не буду прыхарошваць, безумоўна, нейкія ўспышкі здараюцца. Але адна з маіх задач як начальніка экспедыцыі — тушыць гэтыя ўспышкі, не даючы ім разгарэцца. Гэта ў звычайным жыцці начальнік — адміністратар. Начальнік антарктычнай экспедыцыі — гэта таксама адміністратар, а яшчэ галоўны механік, псіхатэрапеўт, медбрат, часам суддзя і г.д. Хачу сказаць, што не ўсякага чалавека можна ўзяць у каманду, таму перад кожнай экспедыцыяй я прыглядаюся да людзей.
Лічу, што псіхалагічны складнік у шэрагу выпадкаў з’яўляецца больш важным, чым агульная фізічная падрыхтоўка. Магчыма, на кароткі тэрмін гэта не так важна, але калі экспедыцыя доўжыцца звыш месяца і тым больш калі людзі застаюцца разам на зімоўку, асабліва ў замкнёнай прасторы, у перыяд непагадзі і неўладкаванасці побыту, — гэта сапраўды як на касмічным караблі. Табе няма куда дзецца ні ад таварышаў, ні ад сябе, ні ад таго, што цябе акружае. Там не пойдзеш у лес ці на возера, каб пабыць сам-насам. Таму псіхалагічны хрыбет у кожнага ўдзельніка экспедыцыі павінен быць моцным.
Невыпадкова паўторна ў экспедыцыі ў Арктыку і Антарктыку вяртаюцца толькі 30—35% з тых, хто трапіў туды ўпершыню. Астатніх або не бяруць па іх маральна-псіхалагічных якасцях, або яны самі адмаўляюцца. Затое тым, хто вяртаецца, можна давяраць як сабе.

— Дзякую, Аляксей Аляксандравіч, за інтэрв’ю.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі з архіва Аляксея ГАЙДАШОВА.