Апладысменты за ўрок

- 10:19Людзі адукацыі

У культурным цэнтры Міншчыны, ці, як яго яшчэ называюць, горадзе сонца і беларускага слова — у Маладзечне — жыве і працуе ўлюбёная ў родную мову і заўсёды сонечная, энергічная, жыццярадасная настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Іваненка. Яна амаль 15 гадоў не толькі прывівае любоў да беларускай мовы і літаратуры сваім вучням у сярэдняй школе № 2 Маладзечна, але і дапамагае ім паверыць у свае сілы, раскрыць таленты, знайсці сябе і вызначыцца з будучай прафесіяй.

У 2000 годзе Таццяна Уладзіміраўна паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура і дзіцяча-юнацкая журналістыка”. І пакуль яе аднагрупнікі шукалі шляхі ў журналістыку, яна мэтанакіравана ішла ў педагогіку, не сумняваючыся ў правільнасці свайго выбару. “Мне здаецца, што пытанне аб выбары прафесіі ў мяне не стаяла ніколі. Я заўсёды ведала, што буду настаўніцай. Нават калі ў дзяцінстве мае сяброўкі ўжо прайшлі той узрост, калі падабаецца быць настаўніцамі для лялек, і пачалі актыўна гуляць у прадаўцоў, дактароў, кухараў, то ў мяне “настаўніцкае” жыццё працягвала існаваць, — расказала Т.У.Іваненка. — А яшчэ мне пашанцавала, што ў мяне былі малодшыя браты і сёстры, на якіх я, так бы мовіць, адточвала сваё педагагічнае майстэрства. Ды, напэўна, і гены спрацавалі: з бацькавага боку бабуля і дзядуля былі настаўнікамі, і сярод іх сваякоў таксама шмат педагогаў. Таму мае родныя часта жартавалі, што я магла б і не хадзіць у школу, а атрымліваць адукацыю дома”.

Канчаткова вызначыцца са спецыялізацыяй Таццяна Іваненка змагла ўжо ў 8 класе, калі выбар звузіўся да прафесіі філолага. Але стаяла пытанне, якой мовай займацца — рускай ці беларускай. І вось аднойчы настаўніца рускай мовы прапанавала ёй “прымераць” педагагічную прафесію. “Быў распрацаваны план урока, падрыхтаваны заданні, напісаны спіс тых, у каго трэба праверыць дамашняе заданне і каго выклікаць да дошкі, але… не пайшло. Я расхвалявалася, разгубілася — урок не атрымаўся. І ў той момант падсвядома быў зроблены выбар на карысць беларускай мовы і літаратуры”, — успомніла настаўніца.

Праз 5 гадоў вучобы ва ўніверсітэце Таццяна Уладзіміраўна вярнулася ў родны горад і пачала працаваць у сярэдняй школе № 2. З самага пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці яна зразумела, што яе галоўная задача — даць штуршок сваім вучням для далейшага развіцця, а наколькі эфектыўным і доўгім будзе іх рух, залежыць ужо ад іх саміх. “У сваім узаемадзеянні з вучнямі пакалення Z я карыстаюся простай формулай: можна прывесці каня да вады, але прымусіць яго піць нельга. Вось і я вяду сваіх вучняў да крыніцы, а ўжо колькі хто з яе вып’е, залежыць ад іх саміх. Пры гэтым імкнуся рабіць так, каб не было сорамна ні перад сабой, ні перад людзьмі, і гэтаму вучу дзяцей, — прызналася яна. — Некалькі гадоў назад я склала вось такую формулу поспеху настаўніка: МОЙ

І — ініцыятыва, індывідуальны падыход.

Д — дабрыня, добразычлівасць.

Э — энергія, эксперымент.

А — актыўная жыццёвая пазіцыя.

Л — любоў да дзяцей і сваёй прафесіі.

Па сённяшні дзень нічога не змянілася”.

Канечне, усё гэта складнікі многіх прафесій. Але ў педагогіцы яны асабліва важныя і актуальныя. Без іх немагчыма наладзіць кантакт з падрастаючым пакаленнем. “Ні для каго не сакрэт, што зацікавіць і ўтрымаць увагу сённяшніх вучняў вельмі складана, а пастаянна гуляць і выдумляць забаўлянкі на ўроку — гэта не мой варыянт. Бо паўстае пытанне: а калі працаваць? Таму стараюся адразу сфарміраваць у вучняў разуменне, што на ўроках мы вучымся вучыцца, здабываць інфармацыю, аналіза­ваць яе, рабіць высновы, а не проста атрымліваем веды па нейкай тэме, — патлумачыла Таццяна Уладзіміраўна. — Самае складанае — не проста наладзіць кантакт з вучнямі, а захаваць з імі такія ўзаемаадносіны, каб пасля школы яны не пераходзілі на іншы бок вуліцы, пазбягаючы сустрэчы з табой. А самае прыемнае тое, што настаўнік заўсёды павінен быць маладым, бо, каб быць цікавым сваім вучням, трэба адпавя­даць патрабаванням часу, шукаць нешта новае і ў сабе, і ў сваіх вучнях, і ўвогуле ў жыцці”.

Канспекты ўрокаў Т.У.Іваненка выглядаюць па-сучаснаму. А самі ўрокі набываюць не толькі адукацыйны, але і выхаваўчы змест, часта пачынаючыся з прытчы ці прыказкі. “Далёка не ўсе мае планы выглядаюць узорна, часта раблю запісы на палях, мяняю заданні месцамі, люблю выкарыстоўваць схемы, табліцы, кластары, умоўныя абазначэнні, дзякуючы якім атрымліваюцца цікавыя і насычаныя ўрокі, — дадала настаўніца. — І хоць тыя творчыя і педагагічныя знаходкі, якімі я карыстаюся, нельга назваць аўтарскімі, ды і мяняюцца яны з цягам часу, са зменай пакаленняў вучняў і ўзроўню іх падрыхтаванасці, але апладысменты за добры адказ ці добры ўрок — гэта тое, што застаецца нязменным на працягу ўжо доўгага часу. Абавязковая ўдзячнасць: я дзякую вучням за працу на ўроку, а яны мне — за яго тэмп і заданні. Раней мы проста гаварылі “дзякуй”, а цяпер ставім “лайкі” адно аднаму”.

Акрамя таго, Таццяна Уладзіміраўна — настаўніца, якая проста апантана ідэяй паўдзельнічаць з вучнямі ў як мага большай колькасці мерапрыемстваў. Бо яна пераканана, што сённяшнія шматлікія конкурсы дапамагаюць навучэнцам вызначыцца прафесійна і паспраба­ваць свае сілы ў розных сферах. “Для многіх маіх вучняў удзел у творчых спаборніцтвах і алімпіядах — магчымасць пераадолець унутраную скаванасць, няўпэўненасць, павысіць узровень сваёй самаацэнкі, атрымаць аб’ектыўную ацэнку, — сказала яна. — Маім вучням цікава ўсё тое, што ў першую чаргу звязана з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і гаджэтамі: конкурсы фота- і відэазамалёвак, буктрэйлеры, праекты сацыяльных відэа, фільмы, знятыя на тэлефон, і г.д. Рыхтуючыся да такіх конкурсаў, мы ў першую чаргу абмяркоўваем з імі, для чаго патрэбна такое спаборніцтва, які вопыт мы набудзем, ці зможам павысіць свой узровень. Да таго ж гэта добрая “трэніроўка” для нервовай сістэмы: уменне адэкватна ўспрымаць крытыку, быць гатовым да заўваг, дастойна рэагаваць на паражэнне ці перамогу”.

Нядзіўна, што выпускнікі Таццяны Ула­дзіміраўны Іваненка, гаворачы пра настаўнікаў, якія паўплываўлі на іх жыццёвы выбар, нярэдка называюць яе імя, а некаторыя нават узялі з яе прыклад і выбралі прафесію педагога. “Прыемна, што ёсць вучні, якія і праз шмат гадоў звяртаюцца да мяне, каб атры­маць параду, і не толькі педагагічную, — прызналася настаўніца. — Вельмі хачу, каб кожны мой вучань не згубіўся ў жыцці, не збочыў са сваёй сцяжыны, не схіліўся і не зламаўся ад жыццёвых цяжкасцей, каб кожны дастойна вытрымаў экзамен на чалавечнасць”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Т.У.Іваненка.