Арыенцір на сацыялізацыю, поспех і запатрабаванасць вучняў

- 9:30Планёрка ў рэгіёне

Сваімі напрацоўкамі і падыходамі ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага прайцэсу падчас кавіду дзеліцца начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз.

— Людміла Васільеўна, ідзе трэцяя чвэр ць, таму хочацца спытаць, як прайшло першае паўгоддзе ва ўстановах адукацыі вашага раёна?

— Радуе тое, што новы навучальны год ва ўстановах адукацыі пачаўся арганізавана і нашы дзеці зноў вярнуліся ў школы, таму што засумавалі па вучэбных занятках, педагогах, зносінах з аднагодкамі. Аднак, як і раней, асаблівую ўвагу мы ўдзяляем забеспячэнню здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах адукацыі ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19. З гэтай мэтай рэалізуецца комплекс мер па зніжэнні рызыкі інфіцыравання, ажыццяўляецца штодзённы кантроль за наведвальнасцю навучэнцамі ўстаноў адукацыі, аналізуюцца прычыны іх адсутнасці.

— У рамках прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруса абмежавана правя­дзенне масавых мерапрыемстваў. Як вы арганізоўваеце вольны час вучняў?

— Мы, вядома ж, распачалі работу па пошуку новых форм арганізацыі вольнага часу дзяцей. І асноўным памочнікам у вырашэнні да­дзенага пытання стаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які стварыў на сайце пляцоўку “#Сядзім_дома” і google-праект “#NOVOLeto”, што выклікала станоўчы водгук у дзяцей і бацькоўскай грамадскасці. Педагогі дадатковай адукацыі распрацавалі майстар-класы, анлайн-заняткі, гульнявыя праграмы, квест-гульні, віртуальныя экскурсіі. Работа пабудавана па формуле: “Даведайся! Зрабі сам! Навучы іншага!”. Увосень 2020 года стартаваў раённы Google-праект па арганізацыі шостага школьнага дня “#КУБ”. Па выніках правядзення тэматычных субот ствараюцца электронныя рэсурсы, дзе можна паглядзець створаныя прадукты: відэавыставы малюнкаў, электронныя кнігі дзіцячай творчасці, відэапрэзентацыі, каталогі, відэаролікі і інш.

— Якія найбольш значныя падзеі ў гэтым навучальным годзе вы хацелі б адзначыць?

— Знакавай падзеяй для педагагічнай грамадскасці Навагрудчыны стаў візіт міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі, які наведаў установы адукацыі раёна, пагутарыў з настаўнікамі і навучэнцамі. Падчас сустрэчы з педагогамі абмяркоўваліся актуальныя пытанні наконт дыстанцыйнай адукацыі, якасці выкладання вучэбных прадметаў і іх практыка­арыентаванасці, развіцця прафесійнай адукацыі і дапрофільнай пад­рыхтоўкі, сістэмы пошуку і падтрымкі таленавітых навучэнцаў і студэнтаў, змяненняў у выніковай атэстацыі навучэнцаў, якаснай арганізацыі харчавання, бяспекі адукацыйнага працэсу. Запамінальным для нашых педагогаў і навучэнцаў стала наведванне ўстаноў адукацыі раёна студэнцкім атрадам “Авангард” факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ў рамках 56-га Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Падчас сустрэч прайшлі прафарыентацыйныя мерапрыемствы са старшакласнікамі, майстар-класы педагогаў, выкладчыкаў і студэнтаў, канцэртныя праграмы, былі наведаны брацкія магілы.

— Цяпер у школах пануе алімпіядны дух (завяршыліся абласныя алімпіяды, ідзе падрыхтоўка да рэспублікі). У вас ёсць вынікі?

— Па выніках трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы раёна 6 дыпломаў, што на 3 больш, чым у мінулым навучальным годзе, і дзве граматы. Сярод іх адзін дыплом I ступені па працоўным навучанні, тры дыпломы II ступені па інфарматыцы, англійскай мове і беларускай мове і літаратуры, два дыпломы III ступені па біялогіі і інфарматыцы. Перамогі прынеслі навучэнцы сярэдняй школы № 7, гімназіі № 1 Навагрудка, Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Нягневіцкай сярэдняй школы. Зараз ідзе падрыхтоўка да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, у якой пры­муць уд зел пяцёра нашых вучняў у складзе каманды Гродзенскай вобласці. Мы ганарымся нашымі юнымі інтэлектуаламі і ўдзячны педагогам за ўменне ўбачыць, падтрымаць і развіць талент вучняў.

— А як у раёне ідуць справы з профільнай адукацыяй?

— У 2020/2021 навучальным годзе ў 9 установах агульнай сярэдняй адукацыі па-ранейшаму асобныя вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні: на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць 20 класаў з ахопам 248 навучэнцаў (69,3%), на II ступені — 363 навучэнцы (17%). Прыярытэтнымі пры выбары вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, як і ў мінулым годзе, застаюцца матэматыка і замежная мова. На базе гімназіі № 1 Навагрудка, сярэдніх школ № 4, 5, № 7 Навагрудка, Любчанскай і Нягневіцкай сярэдніх школ арганізавана работа 11 профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці. Працуюць 2 прававыя, 5 педагагічных, 3 аграрныя групы, 1 група ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У мэтах фарміравання спартыўнага рэзерву на базе сярэдніх школ № 5 і № 7 Навагрудка функцыянуюць 2 спецыялізаваныя па спорце класы. Працягваюць работу 7 кадэцкіх класаў у сярэдняй школе № 7 Навагрудка.

У бягучым навучальным годзе 106 навучэнцам 10—11-х класаў прадастаўлена магчымасць асвоіць адну з 5 прафесій. З 94% да 100% павялічыўся ахоп прафесійнай падрыхтоўкай на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі: 23 навучэнцы (22%) асвойваюць спецыяльнасць “Афіцыянт”, 25 (23,5%) — “Тынкоўшчык”, 25 (23,5%) — “Аператар ЭВМ”, 18 (17%) — “Пакаёўка”, 15 (14%) — “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”. Па выніках мінулага года 62 выпускнікі 11-х класаў разам з атэстатам сталасці атрымалі пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду рабочага (служачага).

— Укараненне якіх сучасных тэндэнцый лічыце важным на сучасным этапе і што робіце ў гэтым кірунку?

— Мы стараемся ісці ў нагу з часам і, пачынаючы ўжо з I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, даём навучэнцам магчымасць зрабіць першыя крокі ў праграмаванні праз арганізацыю факультатыўных заняткаў па асваенні асяроддзя праграмавання Scretch і 3D-мадэлявання. Заняткі праводзяц­ца амаль ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі з ахопам 138 навучэнцаў. Робататэхніка — яшчэ адзін кірунак, які цікавы маладому пакаленню. У дзве ўстановы ўжо набыты электрамеханічныя канструктары, якія дазваляюць не толькі стварыць прылады сваімі рукамі, але і кіраваць імі. Для развіцця ў навучэнцаў умення мадэляваць і атрымліваць на выхадзе гатовую дэталь набыты 3D-прынтары.

— Як вы ацэньваеце дзейнасць раённай метадычнай службы? Якія яна мае перспектывы развіцця менавіта ў рамках раёна?

— На сённяшні дзень у раёне для розных катэгорый педагагічных работнікаў у міжкурсавы пе­рыяд арганізавана работа 47 метадычных фарміраванняў. Пры выбары форм арганізацыі метадычнай работы прыярытэт аддаецца правядзенню майстар-класаў, практыкумаў, панарам метадычных ідэй, дзелавых гульняў, трэнінгаў, бо гэтыя формы дазваляюць актыўна ўключаць педагогаў у метадычнае ўзаемадзеянне і арганізоўваць узаеманавучанне. Ёсць шмат плюсаў ва ўвядзенні элементаў дыстанцыйнага навучання ў педагагічную дзейнасць. На працягу 2020 года па гэтай тэме праводзіліся семінары-практыкумы для прадстаўнікоў адміністрацыі ўстаноў адукацыі і педагагічных работнікаў. Гэта дазволіла ў перыяд каронавіруснай інфекцыі праводзіць вучэбныя заняткі, выкарыстоўваючы элементы дыстанцыйнай формы навучання. Пра прафесіяналізм педагогаў раёна сведчыць выніковы ўдзел у метадычных мерапрыемствах і выставах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў — атрыманы 26 дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў і 23 серты­фікаты. Перспектывы развіцця раённай метадычнай службы бачым у стварэнні адзінага метадычнага партала, які будзе спрыяць павышэнню прафесійных кампетэнцый педагагічных кадраў, пашырэнню інавацыйнага поля, мадэрнізацыі адукацыйнага асяроддзя прадметных кабінетаў.

— Людміла Васільеўна, якія праблемы хвалююць вас як начальніка сёння?

— У першую чаргу хвалююць пытанні захавання здароўя нашых дзяцей і педагогаў, стварэння сучаснага адукацыйнага асяроддзя для атрымання якаснай адукацыі, павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў, у тым ліку атэстацыі на катэгорыю “настаўнік-метадыст”, арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Вырашаючы ўсе гэтыя пытанні ў комплексе, мы дапаможам нашым дзецям стаць у далейшым сацыялізаванымі, паспяховымі людзьмі, запатрабаванымі на рынку працы, і знайсці сваё месца ў жыцці.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.