Бачыць сябе ў дзецях

- 10:26Людзі адукацыі

— Трэба бачыць сябе ў дзецях і дапамагаць ім стаць дарослымі, — лічыць педагог-арганізатар Вольга Уладзіміраўна Махнавец з Маларыцкай раённай гімназіі. — Прымаю вучняў такімі, якія яны ёсць, таму што бачу ў іх своеасаблівае паўтарэнне ўласнага дзяцінства. Работа з дзецьмі дазваляе ўвесь час удасканальвацца і рухацца наперад. Жыву жыццём, турботамі і клопатамі сваіх выхаванцаў, падказваю, раю, радуюся іх поспехам і дасягненням, спачуваю і сумую, калі штосьці з запланаванага не атрымалася.

Дзяцінства В.У.Махнавец прайшло ў Казахстане, у невялікім райцэнтры за 60 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы з Кітаем. З маленства дзяўчынку вылучала любоў да музыкі.

— Я з музычнай сям’і, але ўсе ў ёй самавучкі, — расказвае Вольга Уладзіміраўна. — Амаль кожны ўмеў іграць на нейкім інструменце. Асабліва захапляла дзедава ігра на цымбалах і дзядзькава — на баяне. Бацька выдатна валодаў многімі струннымі інструментамі, а ў маці быў цудоўны голас. Яе прыгожыя спевы можна было слухаць бясконца.

Яшчэ ў пачатковай школе В.У.Махнавец вырашыла, што стане артысткай і будзе ездзіць на гастролі. З музыкай і сцэнай дзяўчынка ўвесь час ішла па жыцці. Вучылася ў музычнай школе, наведвала танцавальны гурток пры Доме культуры. Раённыя мерапрыемствы і конкурсы, агляды і фестывалі немагчыма было ўявіць без яе.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Вольга Уладзіміраўна планавала паступаць у Ленінградскі інстытут культуры, каб набыць прафесію харэографа. Гэта была яе запаветная мара, але ўсё склалася інакш.

Неадольнае жаданне звязаць жыццё з культурай прывяло ва Усць-Каменагорскае культасветвучылішча Усходне-Казахстанскай вобласці на спецыяльнасць “Рэжысёр тэатралізаваных паказаў”. Пасля заканчэння ўстановы В.У.Махнавец працавала рэжысёрам у адным з райцэнтраў Казахстана. Любімай прафесіі аддала шмат гадоў.

У 1985 годзе Вольга Уладзіміраўна пераехала ў Беларусь, а ў 2005 годзе апынулася ў Маларыце. Спачатку працавала рэжысёрам дзіцячага драматычнага гуртка ў Маларыцкім гарадскім доме культуры, а ў 2010 стала педагогам-арганізатарам у гімназіі, дзе стварыла піянерскую агітбрыгаду. Сёння піянерская дружына імя Нюры Кіжаватавай з’яўляецца адной з лепшых на Маларытчыне.

— Я вельмі люблю працаваць з дзецьмі, — гаворыць В.У.Махнавец. — Штодзень атрымліваю ад зносін з імі зарад бадзёрасці, энергіі і станоўчых эмоцый. Мая прафесія ўніверсальная. Даводзіцца быць адначасова арганізатарам, мастаком, артыстам, псіхолагам, харэографам, сцэнарыстам, мадэльерам… Але гэта мне падабаецца, бо прыносіць душэўную раўнавагу, радасць і задавальненне. Прафесія педагога-арганізатара — гэта, напэўна, тое, што шукала не адзін год. Цяпер ужо, здаецца, нікім іншым працаваць не змагла б. Вельмі моцна прывыкла да сваіх выхаванцаў. Нават у адпачынку сумую па іх, а таксама па рэпетыцыях, паездках, выступленнях.

Вольга Уладзіміраўна працуе над развіццём вучнёўскіх талентаў і здольнасцей. Яна педагог творчы і ініцыятыўны. Пад кіраўніцтвам В.У.Махнавец у гімназіі праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця дзяцей, павышэнне іх культурнага ўзроўню, выхаванне важных грамадзянска-патрыятычных якасцей.

Для большай эфектыўнасці работы Вольга Уладзіміраўна шмат эксперыментавала, але ў педагагічнай дзейнасці засталося толькі самае каштоўнае і выніковае. Скарбонка творчых дасягненняў В.У.Махнавец даволі ўнушальная. Сярод іх — дыпломы рознай вартасці, атрыманыя па выніках ІV Рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабрыні” (намінацыя “Піянер — усім прыклад”), абласнога этапу V Рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабрыні” (намінацыя “Заўсёды гатовы!”), 39-га занальнага злёту-конкурсу юіраўцаў (намінацыя “Агітацыйна-мастацкі паказ”), абласнога этапу VІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабрыні” (намінацыя “Зірні на нас па-новаму”), абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!” (намінацыя “Плац-канцэрт”) і інш. Летась Вольга Уладзіміраўна была адзначана граматай за ўдзел у І Міжнароднай выставе інфармацыйна-метадычных матэрыялаў і інавацыйнага вопыту дзіцячага руху “Піянерская скарбонка” і граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за вялікі ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Педагог марыць стварыць у гімназіі дзіцячы лялечны калектыў. Станоўчы вопыт у гэтым напрамку дзейнасці ў В.У.Махнавец ужо ёсць. Падчас работы ў Жыткавіцкім раённым доме культуры лялечны тэатр “Чудесники”, якім яна кіравала шмат гадоў, двойчы пацвярджаў званне ўзорнага.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.