Да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання
У 2017 годзе Беларусь адзначае адну з найважнейшых дат сваёй гісторыі і культуры — 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. 500 гадоў назад намаганнямі Францыска Скарыны была надрукавана першая на ўсходнеславянскіх землях кніга. Дзякуючы гэтаму, кніга як галоўная крыніца ведаў і шматвяковай мудрасці стала шырокадаступнай, што значна паспрыяла распаўсюджванню асветы і развіццю адукацыі ў Беларусі. Гэтая значная дата будзе адзначацца не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Лічу, што дадзеная распрацоўка будзе карыснай педагогам-практыкам напярэдадні новага навучальнага года.
Тэма: Сёння кніга — імянінніца.
Мэта: фарміраваць станоўчую матывацыю да чытання і ўменні самастойнай працы з кнігай; развіваць пазнавальны інтарэс, маўленне, назіральнасць, увагу, мысленне; выхоўваць пачуццё прыгожага, культуру чытача.
Абсталяванне: кнігі беларускіх пісьменнікаў, розныя па змешнім выглядзе і афармленні, але аб’яднаныя адной тэматыкай; плакаты з прыказкамі (“Хто многа чытае, той многа знае”, “Да чаго сам не дойдзеш, тое ў кніжцы знойдзеш”, “Кнігу чытаеш — як на крылах лятаеш”, “Кніга — акно ў свет, часцей заглядвай у яе”, “Кніга — маленькае акенца, ды праз яго ўвесь свет відаць”).
Настаўнік. Добры дзень! О, колькі дзяцей сабралася ў зале! Значыць, будзе нясумна. Сёння мы адзначаем імяніны, а вось хто імяніннік, вы даведаецеся, калі адгадаеце загадкі:
1. Пра азёры і пра моры, пра даліны і пра горы, І пра сонца, і пра зоры, пра лядовыя прасторы,Пра заводы і машыны, пра плаціны і турбіны Расказаць магу я ўсім: і дарослым, і малым. (І.Муравейка.)
2. З ёй вандрую я па свеце, з ёй лятаю на ракеце. Чаго сам не адгадаю — у яе я запытаю. Усё на свеце яна знае, мне ва ўсім дапамагае. З ёй я гутарку вяду, з ёй нідзе не прападу. (А.Русак.)
3. Не куст, а з лісточкамі, не кашуля, а сшыта. Хто яе чытае, той розум мае.
4. Расчыніцца ночка — глянуць з яе лісточкі, хто іх разглядае — той многа пазнае.
5. Вокладка нібыта дзверы, Разгарнеш і не паверыш: Тут і каз-небыліцы, і малюнкі, каб дзівіцца, І гісторыі, і вершы. Што гэта? Хто адкажа першы?
6. Знаю ўсё і ўсіх вучу, а сама заўжды маўчу.
Усе гэтыя загадкі пра кнігу, менавіта яна сёння імянінніца.
Школа чытачоў або віды кніг
Настаўнік. З дзяцінства вы бачылі розныя кніжкі. Спачатку паслухайце, якія віды кніг існуюць, а затым раскажыце, якія з іх і дзе вы бачылі. (Дзеці па чарзе знаёмяць аднакласнікаў з сучаснымі відамі кніг.)
Кніжка-цацка — выданне для дзяцей, якое мае адмысловую форму і дазваляе не толькі разглядваць і чытаць кнігу, але і гуляць з ёй, раскладваць ці расфарбоўваць яе. Кніжка-круцёлка складаецца з некалькіх круглых лістоў, якія можна паварочваць і разглядваць малюнкі, што з’яўляюцца ў акенцах. Кніжка-гармонік зроблена па тыпе мяхоў гармоніка, таму чытаць і разглядваць яе трэба, раскладваючы і складваючы старонкі. Кніжка-забава змяшчае ўклееныя дэталі, якія могуць звінець, рыпець, пішчаць, калі да іх дакранацца. Кніжка-раскладушка складзена такім чынам, што, дзякуючы разрэзам на паперы, розныя фігуры падымаюцца на старонцы ў час разгортвання кнігі. Кніжка-самаробка змяшчае загатоўкі для аплікацыі, цацак і лялечнага адзення з паперы. Кніжка-расфарбоўка з контурамі фігур, прызначанымі для расфарбоўвання. Кніжка-фігурка мае форму пэўнай фігуры ці прадмета. Кніжка з рухомымі часткамі — у ёй карцінкі могуць высоўвацца ці, наадварот, хавацца пад элементам, які адгінаецца. Кнігу-тунель можна лічыць трохмернай: у сярэдзіне кнігі ёсць выраз, які дае магчымасць убачыць выявы на іншых старонках (гэта могуць быць пейзажы ці партрэты). Кніга з пальчыкавымі лялькамі, а таксама кніжка-карцінка, на старонках якой чытачу трэба адшукаць пэўны прадмет ці чалавека.(Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні выконваюць практычную работу — параўноўваюць кнігі рознага прызначэння: вучэбныя, мастацкія, навуковыя.)
Падарожжа ў мінулае
На сцэну выходзяць вучні, якія расказваюць урыўкі з кнігі А.Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла Кніга”. Аповед суправаджаецца дэманстрацыяй малюнка або слайда.
1-ы вучань. Даўней шмат якія надпісы выціскалі на гліняных плітках. Уявіце сабе цаглінку таўшчынёй у два пальцы. Сотні такіх цаглінак утваралі старадаўнюю кнігу. Паспрабуй такую кнігу пакласці ў ранец. Адзін нумар часопіса “Вясёлка” павёз бы хіба грузавік. Але ж грузавікоў у тыя часы не было… Нязручная такая кніга.
Толькі адна перавага была ў яе: ніякі пажар ёй быў не страшны — цаглінкі абпаліліся б і сталі б яшчэ больш трывалымі.
2-гі вучань. У Афрыцы, у Егіпце людзі вельмі даўно навучыліся пісаць на папірусах. Матэрыял для пісьма з папірусу рабілі так: расліну ссякалі, ніжнюю яе частку дзялілі на роўныя кавалкі. Іголкай дзялілі валакно на палоскі, выкладвалі іх на стол так, каб краі палосак заходзілі адзін на адзін, білі драўляным малатком, потым палівалі вадой і клалі пад прэс. Пры сцісканні з расліны выдзяляўся сок, які праклейваў усе валокны — атрымліваўся суцэльны аркуш. Склейваючы такія аркушы, можна было атрымаць рукапіс любой даўжыні. Да нашага часу захаваўся папірус даўжынёй 39 метраў.
3-ці вучань. У штодзённым жыцці былі ва ўжытку васковыя таблічкі. Як зрабіць васкоўку сваімі рукамі? Вазьміце дзве драўляныя дошчачкі шырынёй 12 сантыметраў, даўжынёй — 14. Акуратна выбіце долатам ці ножыкам роўнае паглыбленне на ўсёй паверхні дошчачкі на сантыметр. Запоўніце яго воскам, складзіце дзве дошчачкі васковымі бакамі адна да адной, зрабіце дзіркі і, працягнуўшы ў іх шнуркі, звяжыце. Цяпер у вас сапраўдная васкоўка. Пісалі на іх металічным стрыжнем вострым канцом, а другім канцом — пляскатым — сціралі, калі было патрэбна. У старажытнасці часта злучалі ў адну кнігу тры і больш дошчачак. Вага такой драўлянай кнігі не нашмат рознілася ад вагі глінянай.
4-ы вучань. Папірус рос у Егіпце, таму людзі з іншых краін шукалі, чым яго замяніць. Так з’явіўся новы пісьмовы матэрыял — пергамент, выраблены са скуры цяляці, ягняці ці казляняці. Выраб пергаменту забіраў шмат часу і працы. Затое атрымліваўся добры матэрыял для пісьма — трывалы, гладкі, гнуткі, непразрысты. Пісаць на ім можна было з абодвух бакоў. Скуру згіналі папалам, а пасля яшчэ папалам. Разразалі з бакоў, і ўтвараўся сшытак. Пісалі на пергаменце птушынымі пёрамі, звычайна гусінымі.
Вокладкі кніг упрыгожваліся рознымі ўзорамі з золата ці серабра, выкладваліся каштоўнымі камянямі, таму нярэдка да вокладак прыраблялі вушкі, за якія прымацоўвалі кнігу да жалезнага ланцуга, каб яе нельга было ўкрасці.
Настаўнік. У старадаўнія часы кніг было мала, таму што перапісваліся яны марудна, часам некалькі гадоў. Вось чаму сёння, на імянінах кнігі, мы выказваем асаблівую ўдзячнасць тым, хто знайшоў спосаб друкаваць кнігі. Сярод іх і слаўны сын нашага народа — Францыск Скарына.
Конкурс чытальнікаў вершаў, прысвечаных Ф.Скарыну
“Астральны знак Францыска” У.Скрынкіна, урывак з паэмы П.Броўкі “Беларусь”, “Францішак Скарына” В.Жуковіча, вершы А.Іверса, А.Канапелькі, “Перапісчык” М.Багдановіча і інш.
Літаратурная віктарына
Настаўнік. Кніга суправаджае чалавека ўсё жыццё, па кнігах ён вучыцца, з кнігай адпачывае ў вольную хвіліну, скарачае час у далёкіх паездках. У кожнага ёсць любімы пісьменнік і любімая кніга, якую хочацца чытаць і перачытваць, запамінаць радкі, які запалі ў душу. Я буду зачытваць урыўкі з вядомых твораў, а вы павінны адгадаць назву твора і прозвішча паэта. (Урыўкі падбіраюцца ў залежнасці ад падрыхтаванасці дзяцей.)
Настаўнік. Дзякуючы Ф.Скарыну, да нас прыйшло друкаванае слова, адбылося першае знаёмства з кнігай. Такое не забываецца… Не забываецца і тая першая кніжачка, якую ўпершыню чалавек прачытаў самастойна. Потым на стале з’явяцца падручнікі, тоўстыя дарослыя кнігі, а першая тоненькая кніжачка з серыі “Мая першая кніжка” будзе ў памяці ўсё жыццё.
Інсцэніроўка верша А.Дзеружынскага “Крыўда кніжкі”
Настаўнік. Сумная гісторыя… На шчасце, у зале няма вучняў, падобных на Грышку. Аднак кніга-імянінніца перадае нам вялікую просьбу ўсіх кніг (слайды):
*Не бяры мяне нямытымі рукамі.
*Не пішы і не малюй на маіх старонках.
*Не загінай ражкоў, зрабі закладку.
*Не кладзі ў мяне аловак ці ручку.
*Не вырывай маіх старонак.
Падвядзенне вынікаў
Настаўнік. З якімі відамі кніг вы пазнаёміліся? Якой тэме прысвечаны творы? Якія з іх найбольш спадабаліся? Чаму?Кніга сёння стала для нас сапраўдным сябрам і спадарожнікам жыцця. У народнай загадцы літары параўноўваюцца з зярнятамі. Як зярняты, пасеяныя ў добрую глебу, даюць багаты ўраджай, так і кніга выклікае высакародныя пачуцці, вучыць быць сумленным і доблесным, любіць людзей і разумець прыроду.Пройдзе дзень, пачнецца новы,Будзеш ты расці і з часамРазгадаеш сілу словаЗ роднай кнігаю сам-насам. (Эдзі Агняцвет.)
Святлана КАЛАШНІКАВА, настаўніца пачатковых класаў
Сласцёнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна
Магілёўскай вобласці.