Без літаратуры чалавек ніколі не стане асобай

- 11:51Якасць адукацыі

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі Таццяна Фёдараўна Барткевіч у педагогіцы 37 гадоў. На маё “Ого!” з гонарам заўважыла: “А вы думалі!”, а на пытанне “Чаму беларуская мова і літаратура?” адказала проста і шчыра: “Гэта проза жыцця. Мы з вясковымі сяброўкамі пайшлі туды ў Віцебскім педагагічным інстытуце, дзе быў меншы конкурс”. Адчуванне, што абраны кірунак — прызванне, прыйшло ў інстытуце. Як адзначыла Таццяна Фёдараўна, атмасфера і выкладчыкі зрабілі сваю справу. Вучыцца было цікава, і рабілася гэта з патрэбай. З таго часу мая суразмоўніца ні на хвіліну не пашкадавала, што стала настаўніцай роднай мовы і літаратуры. “Маё настаўніцтва — боская воля. Так было патрэбна. Гэта цалкам мая справа, справа па душы”, — адзначыла Таццяна Фёдараўна.

Магчыма, наша размова з Таццянай Фёдараўнай таксама была наканавана. Чытацкая культура цяперашніх школьнікаў — пытанне балючае і актуальнае. У кожнага з нас свае стасункі з літаратурай, і складваліся яны ва ўсіх па-рознаму. Таццяна Фёдараўна хварэе за кожнага свайго вучня, бо разумее, што без літаратуры чалавек ніколі не стане асобай. Сёння яна дзеліцца сваім досведам і напрацоўкамі.

— Таццяна Фёдараўна, многія настаўнікі вашага ўзросту любяць параўнаць колішніх вучняў і сённяшніх. Вы так робіце?

— Не. Яны — вучні, і не важна, тады ці зараз. Яны ўсе і заўсёды цікавыя. Мне здаецца, што самае цікавае на свеце — гэта чалавек, ва ўсіх яго праявах, пачуццях, асацыяцыях. Днямі ехала ў маршрутцы разам з нашай выпускніцай, яна выйшла і на развітанне памахала рукой. Сэрца зашчымела і ўзрадавалася адначасова. Ад таго, што маю магчымасць сустракацца з такімі чыстымі, адкрытымі і шчырымі людзьмі, як гэтае дзяўчо. У школе ўсякага хапае: і няпростых у зносінах падлеткаў, і шчырых, цікаўных дзетак, і такіх класных старшакласнікаў, з якімі ўжо ёсць пра што пагаварыць, паспрачацца. Гэта такі энергаабмен! Мне вельмі падабаецца.

— А наколькі за гады працы змяніліся вы?

— У чалавечым плане змены адбыліся каласальныя. Некалі ў школе я была сакратаром камсамольскай арганізацыі і шчыра верыла ва ўсё тое, што тады гаварылася. Нават не ўяўляла, што можа быць па-іншаму. І калі ўсё змянілася і пачалося будаўніцтва новага чалавека, светапогляд мой памяняўся.

Я памятаю, як упершыню загаварылі пра педагогіку супрацоўніцтва. Загучалі ідэі Шаталава, Аманашвілі. Мяне гэта зачапіла, і я імкнулася будаваць адносіны на аснове супрацоўніцтва. Пасля я зразумела, што, будучы настаўнікам, адказваю за якасць засваення вучнямі свайго прадмета: я цябе вучу, таму адказваю за ўзровень тваіх ведаў, а таму павінна быць патрабавальнай. Я цябе, дарагі вучань, люблю і паважаю як чалавека, але твае веды на ўроку магу ацаніць толькі зыходзячы з тваёй працы. На перапынку мы можам і ў абдымку з табой хадзіць, а на ўроку, калі ласка, адкажы, зрабі, выканай. Я была патрабавальным настаўнікам. Думаю, што ім і засталася. Адзінае, цяпер я вучняў больш шкадую. Напэўна, таму, што знаходжуся ва ўзросце бабулі. Некалі была вучням сяброўкай, потым перайшла ва ўзрост маці, а ва ўзросце бабулі на вучняў гляджу па-іншаму, хоць знешне гэта стараюся не праяўляць.

— Таццяна Фёдараўна, ці закранула эвалюцыя вашы ўрокі?

— З набыццём вопыту ўрокі станавіліся іншымі. Многае мне дала нефармальная адукацыя. Некалі было шмат розных курсаў, якія я па магчымасці наведвала. Захавалася шмат метадычнай літаратуры, куды заглядваю і сёння. Імкнуся ісці ў нагу з часам, бо мне павінна быць цікава. Я не магу 7 гадзін у школе, а пасля яшчэ і колькі гадзін дома проста марнаваць сваё жыццё, таму ўвесь час шукаю нешта незвычайнае для ўрокаў.

Спрабую ўсё: і актыўную ацэнку, і медыяадукацыю, і перавернуты ўрок, але ніколі не адмаўляюся ад таго, што было раней. Ніколі не скажу, што там было дрэнна. Без фундамента можна пабудаваць толькі паветраны замак. Усё тое, што было лепшым у школе мінулых гадоў, бяру з сабой і выкарыстоўваю. Дыскусія, гутарка на ўроках літаратуры не можа страчваць сваёй актуальнасці. Калі літаратуру абставіць усялякімі метадамі і формамі, то не будзе калі абмяркоўваць прачытанае, адчуваць твор, смакаваць яго. Урок літаратуры — гэта найперш аналіз, спрэчка, дыскусія, супастаўленне. Жывую гаворку нічым не заменіш.

Не кідаюся з галавой у нешта адно. Я закончыла курс па актыўнай ацэнцы і многае з яе выкарыстоўваю (і бачу яе карысць), але не ўсё запар. Мне падабаецца “НаШтоБузу”, мэта ўрока на мове вучня — гэта тое, што доктар прапісаў. Рэфлексія ў нас і так была. Вельмі патрэбная рэч — зваротная сувязь, але выкарыстоўваць яе так, як патрабуецца ў актыўнай ацэнцы, у мяне атрымліваецца часткова. На складанне пісьмовага аналізу выкананай працы ўсім вучням не хопіць ніякіх фізічных сіл. Таму выбіраю толькі найменш энергазатратныя метады.

— Не магу не спытаць: ці чытаюць вашы вучні?

— Усё залежыць ад класа. Сама ўвесь час думаю, што ўплывае. Задаюся пытаннем: чаму ў адным класе ўрок праходзіць на вышэйшай ноце, а ў другім — як сані па пяску. Настаўнік той самы, прапаную тое ж, і перад сабой пхаю, і за сабой цягну, і можа нічога не атрымацца. Разам з тым да 11 класа вырастаюць добрыя чытачы. У некага чытацкая культура фарміруецца раней, у некага — пазней. Падабаецца выслоўе “Дзеці як кветкі: кожная расцвітае ў свой час”. Спакойна стаўлюся да тых, хто не прачытаў твор у старэйшых класах. Да меншых — строга: прачытаць — закон. Гаворка ладзіцца з тымі, хто ведае, і часта здараецца, што пасля нашага гарачага абмеркавання да твора звяртаюцца тыя, хто не чытаў яго. Гэта, канечне, радуе.

— Таццяна Фёдараўна, у вас не ўзнікала адчування, што некаторыя праграмныя творы па беларускай літаратуры маральна састарэлі? Сучасныя дзеці іх проста не разумеюць, а таму не ўспрымаюць.

— Сустракалася. Я не магу падняць свой настаўніцкі голас на твор класіка, бо гэта няправільна. Трэба разумець сваё месца ў гэтым жыцці. Але ж як дзецям цяжка іх чытаць!

Найлепш чытаюць у сучасным вучнёўскім асяроддзі У.Караткевіча, В.Быкава. Што цікава: на лета даю і “Чазенію”, і “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча. Калі “Дзікае паляванне караля Стаха” прачытаюць усе, то на “Чазенію” знойдзецца толькі некалькі чалавек, але яна для іх стане любімым творам.

У канцы навучальнага года правяла з вучнямі 10 і 11 класаў невялікую рэфлексію. Яны адказвалі на пытанні “якую кнігу паклалі б на свой працоўны стол, каб яна ўвесь час была побач?”, “якую кніжку паклалі б у шуфлядку (можа, калі і адкрыеце)?”, “а які твор (кнігу) паставілі б на самую далёкую паліцу ў кніжнай шафе?”

Адказы былі вельмі розныя. Нехта гаварыў, што “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча не тое, што на стале трымаў бы, а насіў бы пад пахай. Другі, наадварот, схаваў бы гэтую кнігу. Тое самае і з Быкавым, Шамякіным. У кожнага свой густ.

— На чытацкі густ уплывае шмат фактараў: агульная культура, сямейнае выхаванне і нават мода. Моладзь чытае, але не грамадзянскую лірыку. Іх цікавіць фэнтэзі, містыка. У такіх умовах настаўніку трэба быць вельмі мабільным, каб падтрымліваць цікавасць да кнігі, да класічнай літаратуры.

— Сучасныя школьнікі прагматычныя ў думках і дзеяннях, яны мабільныя і разняволеныя. Увесь час думаю, як зрабіць так, каб мой прадмет стаў і цікавым, і патрэбным. Тут шчыры дзякуй за падказку хачу сказаць нашым настаўнікам. Каб вывучыць біяграфію пісьменніка, паэта, шырэй знаёміцца з яго творамі, прапаную распрацаваць буклет і абараніць яго. Гэта па жаданні. Для астатніх — падручнік. І такая радасць: амаль усе пайшлі па шляху творчасці! І з кожным разам атрымлівалася ўсё лепш.

І яшчэ. “Інтэрнэтныя” дзеці, якія штодня чытаюць “20 лепшых цытат …”, з цікавасцю ствараюць свае цытатнікі з рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, абараняюць іх, разважаюць над сэнсам сказанага, дыскутуюць. А заадно вучацца чытаць уважліва, са смакам, думаць. І радавацца таму, што могуць і самі быць творцамі.

Не проста вывучаецца паэзія, а ў ёй жа схаваны жыццёвыя сімвалы, метафары. Ёсць вершы ў дзесяць радкоў, а працаваць з такім вершам можна цэлы ўрок. Але паэзіяй захапляюцца адзінкі, а многія аргументуюць проста: “Не маё”, а калі зрабілі цытатнікі і буклеты, то некаторыя вершы нават я не чытала, у прыватнасці гаворка ідзе пра вершы Максіма Танка. А каб зрабіць такі цытатнік, трэба пералапаціць шмат літаратуры. Адразу бачна, калі верш чытаны, а не вырваны з кантэксту радок. Падчас такой работы інтуітыўна адчуваеш, што дзецям трэба даваць больш свабоды ў выбары. Тады яны самі знойдуць свой твор і прынясуць яго.

Яшчэ паспрабавала і такое: прапанавала ва “УКантакце” стварыць старонку ад імя пісьменніка. Мы вывучалі сваіх мясцовых паэтаў, таму старонкі ствараліся ад імя Алеся Жыгунова, Віталя Гарановіча, Фамы Ляшонка. Яны зрабілі такія рэчы!

— Але ж творы, напісаныя ў гады Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля яе цяперашнія дзеці ніяк не ўспрымаюць. Напрыклад, у мяне няма аргументаў на карысць такой літаратуры для сваёй дачкі.

— Згодна з вамі. Я вельмі люблю творчасць Янкі Купалы, разумею яе значнасць у нашай гісторыі, але “Паўлінку”, пакуль не паставілі інсцэніроўку, вучні ніяк не хацелі разумець і ўспрымаць. Я проста фізічна адчувала, як ім было цяжка зразумець асобу Быкоўскага, Паўлінкі, Сарокі. А калі паспрабавалі зразумець твор праз інсцэніроўку, то ён пайшоў на ўра.

— Магчыма, таму, што вучні прымералі на сябе характары, пачуцці герояў.

— Можа быць. Ведаеце, што яшчэ раблю. Мы з вучнямі здымаем ролікі. Напрыклад, па вершы Анатоля Грачанікава “Як ападае ліст”. Такі класны ролік атрымаўся! Сёння ў рабоце ролік па ўрыўку з “Сымона-музыкі” Якуба Коласа.

Ёсць яшчэ адна форма работы, якую, дарэчы, знайшла ў старой метадычцы. Цэнтон (з лац. — “з розных частак”) — гэта верш (найчасцей), цалкам складзены з радкоў, строф розных аўтараў або аднаго, але з розных вершаў. Ствараецца па прынцыпе звязнасці і цэласнасці, забяспечаны тэматычным адзінствам, структурным упарадкаваннем і развіццём канкрэтнай ідэі. Бяром, напрыклад, лірыку кахання і на гэтую тэму збіраем радкі ў розных аўтараў так, каб быў пачатак, асноўная частка, заключэнне. Каб у выніку атрымаўся паўнавартасны сюжэт. У 11 класе мы такім чынам наскладалі пра Радзіму, пра каханне. Дапрацоўваем з дзесяцікласнікамі ролік-цэнтон “Свяці, кахання вечная зара”.

— Цікава. Таццяна Фёдараўна, не магу не запытацца пра спісы літаратуры на лета. Ці ёсць эфект ад такога летняга чытання?

— Эфект будзе, калі сказаць: “Ты гэта чытай, але ў новым навучальным годзе мы гэта разбіраць не будзем”. Тады ёсць шанс, што вучань атрымае задавальненне ад прачытанага. Калі даваць спіс з устаноўкай, што творы будуць разбірацца на ўроках, то малая надзея, што да часу абмеркавання нешта застанецца ў памяці. Пачнуцца ўрокі — мастацкі твор давядзецца перачытваць. Летам прачытаны твор можа захоўвацца толькі ў эмацыянальнай памяці (пры ўмове, што спадабаўся), а пры аналізе спатрэбяцца дэталі, нейкія характарыстыкі, адметнасці. Значыць, трэба будзе перачытваць. А каб прачытаць другі раз, трэба любіць тое, што чытаеш.

Спісы на лета я даю, але пасля не караю, калі не прачыталі. Адзінае, вучням 11-х класаў даю праграмныя творы, бо часу на занятках на літаратуру катастрафічна не хапае. Калі прачытаюць летам, то вельмі сабе дапамогуць на ўроках. А вось дзевяцікласнікі (і нават старэйшыя) “Урокі першага кахання” Валерыя Гапеева чытаюць з вялікім задавальненнем.

— Бо чытаюць там пра тое, што хвалюе.

— Так. Яшчэ заўсёды вяду гаворку на перспектыву. Раю звяртацца да аўтараў пасля, нават калі школа закончана. Важна, каб з-за аднаго твора вучні не закідвалі ўсяго аўтара. Прыемна, калі пасля падыходзяць і просяць парады, што пачытаць. Нават калі гэта толькі адзін чалавек у класе, для мяне гэта перамога. Цяжка з літаратурай, але без літаратуры нам будзе вельмі кепска. Душу трэба карміць, і пажадана якаснай ежай, інакш засохне, зачарсцвее, загіне.

— Можа, вучні раяць што пачытаць?

— Прыносяць. Некалі мы разам з дзецьмі чыталі і абмяркоўвалі творчасць Паўла Каэльё. Могуць Ніцшэ прынесці. Я яго некалі чытала, але больш не хачу.

— А што самі чытаеце? Да якой літаратуры ляжыць душа?

— Зараз мастацкую літаратуру чытаю ў меншай ступені, чым гэта было некалі. А некалі чытала вельмі шмат і рускай, і беларускай, і замежнай літаратуры. Сачу за навінкамі беларускай літаратуры. Можа, дзіўна, але мне спадабалася кніга Андруся Горвата “Радзіва Прудок”: сучасна, характарна, незвычайна, добры гумар. Пастаянна чытаю духоўную літаратуру, літаратуру з кірункам асобаснага развіцця.

Калі гаварыць пра мастацкую літаратуру, то найчасцей перачытвала “Маленькага прынца” Экзюперы. Люблю Васіля Быкава, але пасля яго цяжка на душы. Вельмі хацелася б перачытаць усе творы Уладзіміра Караткевіча. Спадзяюся, што яшчэ хопіць на гэта часу.

— Не сумняваюся. Вялікі дзякуй, Таццяна Фёдараўна, за цікавую размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.