Білет у дарослае жыццё

- 11:37Сацыяльны ракурс

У Мінску ў Дзень Канстытуцыі лепшым юнакам і дзяўчатам краіны ўручылі пашпарты. Цырымонія прайшла ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Ва ўрачыстай абстаноўцы свой галоўны дакумент самыя таленавітыя хлопцы і дзяўчаты атрымалі з рук кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 24 падлеткі з усёй Беларусі. Хоць ім усяго толькі па 14 гадоў, за плячыма кожнага з іх важкі багаж дасягненняў у розных сферах.

Звяртаючыся да маладых людзей, Наталля Іванаўна павіншавала іх з днём 25-годдзя Канстытуцыі нашай дзяржавы і адзначыла, што гэта вялікі гонар і адказнасць уручаць пашпарт юным беларусам і даваць ім наказ у дарослае жыццё:

— Упэўнена, што гэты дзень вам запомніцца. Наша дзяржава хоць і маладая, але суверэнная, прыгожая, моцная. Памятайце, што будучыня нашай роднай Беларусі, якую мы вельмі любім, у вашых руках. Тое, якой яна будзе, залежыць ад вас. І нам бы вельмі хацелася, каб вы цанілі тое, што ёсць у нашай краіне.

Наталля Іванаўна пажадала маладым людзям далейшых поспехаў у вучобе, грамадскай дзейнасці, спорце і адзначыла:

— Дзе б вы ні былі і куды б ні выязджалі, вы павінны ведаць, што ў вас ёсць родная зямля, родная Беларусь, якая вас чакае заўсёды, і што вы патрэбны тут. Скончыўшы школу, атрымаўшы адукацыю і прафесію, што выберыце для сябе, вы заўсёды зможаце тут рэалізавацца, у тым ліку ў сваім горадзе, раёне, роднай вёсцы.

Асаблівую значнасць падзеі надало і месца правядзення ўрачыстасці — Музей беларускай дзяржаўнасці, які дэманструе высокія дасягненні нашай краіны, якімі па праве можна ганарыцца. Сёння гэтую скарбонку дасягненняў папаўняюць юныя таленты: пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па гандболе Яна Бацян з гімназіі № 22 Мінска, лёгкаатлет і самбіст з Полацкага кадэцкага вучылішча Станіслаў Марозаў, пераможца шматлікіх конкурсаў па харэаграфіі Ягор Каспяровіч з сярэдняй школы № 151 Мінска, пераможца алімпіяды па беларускай мове і літаратуры Кацярына Якубёнак з Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці і інш.

Некаторыя хлопцы і дзяўчаты таленавітыя адразу ў некалькіх сферах. Так, Злата Скубей з гімназіі № 1 Віцебска — мнагакратная пераможца спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы, у тым ліку пераможца рэспубліканскага чэмпіянату. Не менш паспяховыя вынікі яна дэманструе і ў музыцы, мае перамогі ў міжнародных музычных конкурсах у Швецыі, Аўстрыі, Чэхіі, Латвіі за вакальную і інструментальную творчасць (ігра на сінтэзатары).

— Я з трох гадоў прафесійна займаюся мастацкай гімнастыкай. Мне заўсёды падабаўся гэты прыгожы від спорту. Але ў 9 гадоў мне адной гімнастыкі стала мала. Нягледзячы на тое, што трэніроўкі працяглыя і займаюць 6 дзён у тыдзень, усё ж я пайшла і ў музычную школу. Вучуся па класе фартэпіяна і сінтэзатара, займаюся вакалам. Хоць спорт і музыка — кардынальна розныя рэчы, яны мне падабаюцца, адмаўляцца ад чагосьці з іх я не хачу. І прыемна, што менавіта мае захапленні і дасягненні дазволілі мне атрымаць свой пашпарт ва ўрачыстай абстаноўцы, з рук Наталлі Іванаўны Качанавай. Я ніколі не была ў Музеі беларускай дзяржаўнасці, ды і ў Мінску я была толькі на спаборніцтвах, таму добра ведаю тут толькі спарткомплекс “Дынама”.

Усяго ў рэгіёнах і Мінску ў межах Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” ў гэтыя дні прашло 167 урачыстых цырымоній уручэння пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Іх героямі сталі 14-гадовыя хлопцы і дзяўчаты — выдатнікі вучобы, удзель­нікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, алімпіяд, актывісты маладзёжных арганізацый. Свае першыя дакументы яны атрымалі з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і іншых заслужаных і аўтарытэтных людзей краіны. Дарэчы, у рэгіёнах пашпарты былі ўручаны і 25-гадовым грамадзянам нашай краіны — равеснікам суверэннай Беларусі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.