Будуць знаёміцца з прафесіяй лётчыка: атрад «Пілоты будучыні» створаны ў сярэдняй школе № 1 Копішча

- 9:00Главная, Образование

Атрад «Пілоты будучыні» быў адкрыты пры падтрымцы Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Для дзяцей, якія далучыліся да яго дзейнасці, створана эксперыментальная сістэма дадатковай адукацыі. Школьнікі вывучаюць паветраную навігацыю і аэрадынаміку, знаёмяцца з тым, як пабудаваны самалёты, і пазнаюць прафесію лётчыка.

Дарэчы, сярэдняя школа № 1 Копішча для супрацоўніцтва была выбрана не выпадкова: раней на яе месцы знаходзілася авіябаза.

— Авіяцыйны свет вельмі шматгранны і цікавы, — выказаў меркаванне педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 1 Копішча Вадзім Зарэцкі. — Дзецям падабаецца, што ў атрадзе можна пашырыць свой кругагляд. Многія дысцыпліны, якія звязаны з авіяцыяй, пераклікаюцца са школьнымі прадметамі. Таму вучні ў тым ліку змогуць падцягнуць веды па матэматыцы, англійскай мове.

Тое, што новы атрад у школе карыстаецца папулярнасцю, пацвердзіла дырэктар установы адукацыі Кацярына Шыўрына:

— Нашы выпускнікі часта аддаюць перавагу прафесіям, якія звязаны з  авіяцыяй. Таму гэты кірунак варты таго, каб на яго звярнуць увагу.

Наталля САХНО