Будзь здаровы з дзяцінства

- 15:18Нам пішуць

Здароваму ладу жыцця імкнёмся навучыць нашых выхаванцаў з дзяцінства. У дашкольнай установе рэалізоўваем праект “Мы — за здаровы лад жыцця”, які падтрымліваецца інжынірынгавай кампаніяй “АСЭ” Расіі.

У рамках праекта ладзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў. Адно з апошніх — фізкультурна-спартыўнае свята “Будзь здаровы!”. Яно прайшло ў санаторнай групе, якую наведваюць дзеці, якія часта хварэюць.

Для мерапрыемства закупілі мячы для фітбола. Дзеці выконвалі з імі розныя заданні: вясёлую размінку, спартыўную эстафету, практыкаванні карыгіравальнай гімнастыкі, танцавальныя практыкаванні ў парах. Вольны час суправаджаўся вясёлай музыкай. Нашы выхаванцы атрымалі велізарны зарад бадзёрасці і добрага настрою, адначасова замацаваўшы ўменні і навыкі валодання фітбол-гімнастыкай.

Вольга ГРАЧАНІК,
кіраўнік фізічнага выхавання
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.