“Бязмежнае кіно” з аўдыядэскрыпцыяй

- 11:46Сацыяльны ракурс

У кінатэатры “Беларусь” у Мінску адбыўся паказ для людзей з інваліднасцю па зроку мастацкага фільма з аўдыядэскрыпцыяй “Вянок санетаў” — лірычнай, пранізліва-шчымлівай стужкі з выдатнай ігрой акцёраў, цудоўнай музыкай і закадравым голасам паэтэсы Бэлы Ахмадулінай — адной з лепшых работ рэжысёра Валерыя Рубінчыка па матывах аповесці Віктара Муратава “Мы ўцякалі на фронт”, класікі беларускага кінематографа. Паказ некамерцыйны, уваход для людзей з абмежаваннямі па зроку быў вольны. Аўдыядэскрыпцыя, або тыфлакаменціраванне дазволіла гледачам “убачыць” тое, што адбываецца на экране. Адаптацыя фільма і яго паказ ажыццёўлены сацыяльна-культурнай установай “МоцАрт” пры падтрымцы рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

“Не хлебам адзіным жывы чалавек. Чалавек з глыбокімі парушэннямі зроку мае патрэбу не толькі ў пандусах, прыступках, пафарбаваных у жоўты колер, тактыльнай плітцы, але і ў тым, каб далучыцца да мастацтва і культуры ў даступных яму фарматах, — заўважыў галоўны рэдактар інтэрнэт-радыё і аўдыячасопіса Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дырэктар некамерцыйнай сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт”, чалавек з інваліднасцю па зроку Аляксандр Калоша. — Наша ўстанова пры падтрымцы дзяржавы клапоціцца аб тым, каб адаптаваць лепшыя ўзоры беларускай і сусветнай культуры для людзей з парушэннямі зроку”.

Сярод праектаў, рэалізаваных у Беларусі ўстановай “МоцАр­т”, — выданне вучэбных кніг у DAISY-фармаце: хрэстаматыі па гісторыі Беларусі для 8 класа агульнаадукацыйнай школы, якая стала дадаткам да падручніка па гісторыі Беларусі, і хрэстаматыі для 8 класа па сусветнай гісторыі. Кнігі былі выдадзены шрыфтам Брайля ў выдавецтве “Народная асвета”. Праект рэалізоўваўся па заказе Міністэрства адукацыі. DAISY-фармат — гэта спецыяльны міжнародны фармат, які забяспечвае шмат магчымасцей людзям з глыбокімі парушэннямі зроку ў карыстанні дакументамі (гукавымі, электроннымі).

Яшчэ адно ўнікальнае выданне ад “МоцАрта” — кніга “Ефрасіння Полацкая”, надрукаваная шрыфтам Брайля і дапоўненая іконай, якую можна “ўбачыць” тактыльна. Выданне ўяўляе сабой зборнік, у які ўвайшлі жыццяпіс святой, малітвы прападобнай, а таксама падрабязнае апісанне іконы Ефрасінні Полацкай з мэтай дапоўніць тактыльнае ўспрыманне вобраза. Тэксты кнігі ўзгоднены з выдавецтвам Беларускага Экзархата і супрацоўнікамі Нацыянальнага мастацкага музея.

Ідэя і рэалізацыя праекта па пастаноўцы першага ў Беларусі спектакля з аўдыядэскрыпцыяй таксама належыць установе “МоцАрт”. Людзі з інваліднасцю па зроку змаглі ўбачыць адну з самых папулярных пастановак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — “Школа падаткаплацельшчыкаў” Мікалая Пінігіна.

“Сёння пройдзе паказ цудоўнага фільма “Вянок санетаў”, які ўваходзіць у залаты фонд беларускага кіно, — гаворыць Аляксандр Калоша. — Гэта адзін з фільмаў праекта “Бязмежнае кіно”, які рэалізоўваецца нашай арганізацыяй на працягу двух гадоў. У праект увайшлі 12 лепшых мастацкіх фільмаў “Беларусьфільма” — усе яны будуць адаптаваны для ўспрымання невідушчымі людзьмі. Першым фільмам, падрыхтаваным для прагляду, стаў “Горад майстроў”. Акрамя таго, мы выпусцілі фільмы “Белыя Росы”, “У жніўні 44-га”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Пра Чырвоную Шапачку. Працяг старой казкі”, “Прыгоды Бураціна”. Дыскі з адаптаванымі для невідушчых фільмамі “МоцАрт” перадаў бясплатна бібліятэкам для сляпых, школам для дзяцей з парушэннямі зроку, у арганізацыі і на прадпрыемствы Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. У найбліжэйшых планах арганізацыі — запісаць аўдыядэскрыпцыю для фільмаў “Знак бяды”, “Я родам з дзяцінства”, “Нашы суседзі”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Маё каханне”.

Выраб фільма з аўдыядэскрыпцыяй — гэта даволі аб’ёмная, складаная і фінансава затратная работа, якая ўключае запіс і тыражаванне дыскаў. У гэтым працэсе прымаюць удзел гукарэжысёр, дыктар і аўдыядэскрыптар. На першым этапе неабходны ўважлівы прагляд фільма (часам — неаднаразовы), затым пішацца тэкст аўдыядэскрыпцыі (паміж дыялогамі ў фільм уключаецца расказ пра тое, што адбываецца на экране). Існуюць спецыяльная методыка, міжнародныя стандарты адносна таго, як трэба рабіць аўдыядэскрыпцыю. Нагадаем, што гэта дакладнае і лаканічнае апісанне візуальнай інфармацыі, прадметаў, прасторы або дзеянняў, якія незразумелыя невідушчаму без спецыяльных слоўных тлумачэнняў. Пры гэтым нельга даваць трактоўку твору, які агучваеш, або ацэнку паводзін герояў фільма, гаварыць, што ён добры або злы, сумны або вясёлы і г.д.

Усе спецыялісты-аўдыядэскрыптары, якія працуюць у рамках праекта “Бязмежнае кіно”, маюць адпаведныя міжнародныя сертыфікаты. У камандзе таксама прафесійныя акцёры Ула­дзімір Лісоўскі і Ігар Пятроў, якія агучваюць аўдыядэскрыпцыю. Другі этап работы — праверка (тэсціраванне) фільма невідушчымі карыстальнікамі і выпраўленне недахопаў. Заканчваецца работа звядзеннем гукавой дарожкі аўдыядэскрыпцыі з відэа. На запіс аднаго фільма затрачваецца каля двух месяцаў. Кошт адной карціны складае каля 400—500 долараў”.

Нядаўна ў адной з залаў кінатэатра “Беларусь” у Мінску былі абсталяваны спецыяльныя месцы для людзей з інваліднасцю па зроку. З дапамогай спецыяльнай тэхнікі яны могуць глядзець фільмы, адаптаваныя да іх магчымасцей. Зрабіць гэта можна з дапамогай навушнікаў: адным вухам слухаць фанаграму фільма, а другім — аўдыядэскрыпцыю. Для прагляду фільмаў, падрыхтаваных у рамках праекта “Бязмежнае кіно”, невідушчым гледачам не патрэбны навушнікі. Аўдыядэскрыпцыя будзе гучаць разам са звычайнай гукавой дарожкай фільма.

“Мы вельмі ўдзячны дырэктару кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміру Міхайлавічу Карачэўскаму, які заключыў з установай “МоцАрт” дагавор, згодна з якім усе фільмы з залатой калекцыі, адаптаваныя для прагляду невідушчымі, будуць размешчаны на YouTube-канале “Беларусьфільма”, — адзначыў Аляксандр Калоша. — Неацэнную дапамогу ў рэалізацыі праекта аказаў таксама старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Генадзь Браніслававіч Давыдзька. Асаблівая ўдзячнасць — нашаму спонсару Максіму Крупейчанку, дырэктару ААТ “Металоптзбыт”, старшыні Кастрычніцкай раённай арганізацыі Мінска РГА “Белая Русь”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.