Чалавек з легенды

- 12:27Нам пішуць

Тыдзень, прысвечаны памяці палкавога камісара Я.М.Фаміна, прайшоў у сярэдняй школе № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста. Гэты час быў насычаны шматлікімі конкурсамі, віктарынамі, тэматычнымі класнымі гадзінамі. Школа стала ініцыятарам правядзення ў Маскоўскім раёне Брэста турніру па ваенна-спартыўным мнагаборстве, прымеркаванага да гэтай падзеі.

Тыдзень традыцыйны. Яго мэта — выхаванне павагі да слаўнага мінулага нашай краіны, фарміраванне пачуцця нацыянальнага гонару, грамадзянскасці і патрыятызму, пачуцця ўдзячнасці тым, хто пазбавіў чалавецтва ад жахаў фашызму. У гэтым навучальным годзе мы, як і заўсёды, правялі шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, якія прыйшліся даспадобы навучэнцам розных узростаў. Напрыклад, для 5—8 класаў члены БРПА арганізавалі лектарскія групы. Навучэнцы пачатковай школы падрыхтавалі выставу малюнкаў “Памяць у сэрцы маім”.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікала віктарына “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”. Вучні з цікавасцю адказвалі на пытанні пра гісторыю горада і абаронцаў Брэсцкай крэпасці, а ў школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава “Чалавек з легенды”. На працягу тыдня ў фае школы дэманстраваліся відэаролікі, прысвечаныя падзеям абароны Брэсцкай крэпасці і гісторыі горада і створаныя нашымі школьнікамі. Школа актыўна супрацоўнічае з Музеем абароны Брэсцкай крэпасці, работнікі якога правялі ўрок-лекцыю “Сямейны альбом. Памяці бацькоў…” для старшакласнікаў.

Адным з самых відовішчных мерапрыемстваў тыдня стаў адкрыты турнір па ваенна-спартыўным мнагаборстве. У ім узялі ўдзел навучэнцы сямі ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна Брэста. На мерапрыемстве прысутнічалі ганаровыя госці: дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Р.Р.Бысюк, намеснік камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады гвардыі палкоўнік С.М.Сухавіла. Дапамогу ў правядзенні турніру аказаў дэпутат Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў дырэктар ТДА “Панда” А.У.Ласковіч.

Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Маскоўскага раёна Брэста. З гонарам хочацца сказаць, што першае месца ў турніры заняла каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста.

Таццяна САЦУК,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста.