Чаму кітайскія дзеці хочуць вучыцца ў ЗША?

- 12:18Паралелі
За апошнія гады Кітай, як, напэўна, ніводная іншая буйная краіна, зрабіў вялікі крок наперад у сваім развіцці. Штогадовы прырост ВУП перавышае 7%, па яго памеры нават у намінальнай велічыні КНР упэўнена выйшла на другое месца ў свеце. Новыя прыгожыя гарады са шкла і бетону, упрыгожаныя зялёнымі паркамі і багаццем кветак, не могуць не выклікаць захаплення ў тых, хто наведвае гэтую краіну. Так, ёсць тут і праблемы. Гэта найперш усё большая розніца ў даходах насельніцтва, у тым ліку паміж горадам і вёскай, паступовае расслаенне грамадства, якое ўлады, варта аддаць ім належнае, усімі сіламі імкнуцца змякчыць. Сакрэт поспеху Кітая, напэўна, у тым, што гэтая краіна, пайшоўшы па шляху рэформ, адкрылася свету і прыняла правілы глабальнай канкурэнцыі. І ў гэтай канкурэнцыі дзякуючы сваім традыцыйным перавагам — дысцыплінаванасці, працавітасці, а таксама ўдалым эканамічным і палітычным дзяржаўным рашэнням, выйшла пераможцай. Паўплывалі перамены і на галіну адукацыі. Агульная колькасць кітайскіх студэнтаў, якія вучыліся і вучацца за мяжой з 2000 года, перавысіла 2 млн чалавек. Зараз выявілася яшчэ адна тэндэнцыя: на вучобу ў Злучаныя Штаты едуць не толькі студэнты, але і школьнікі — дзеці заможных бацькоў.

Спадарыня Ван у гэтым годзе адправіла сваю 15-гадовую дачку Лі ў вядомую школу-інтэрнат у прыгарадзе Вашынгтона, спадзеючыся, што пасля яе заканчэння дзяўчына зможа паступіць у адзін з вядучых амерыканскіх універсітэтаў. Апошнім часам рэзка павялічылася колькасць кітайскіх дзяцей, якія, як і Лі, адпраўляюцца вучыцца ў ЗША. Згодна з данымі Дэпартамента нацыянальнай бяспекі ЗША, у 2010/2011 навучальным годзе каля 24 тысяч кітайскіх дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў вучыліся ў сярэдніх школах Амерыкі. Пяць гадоў назад гэты паказчык быў практычна роўны нулю.
У 2011 годзе 6725 кітайскіх школьнікаў ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў паступілі ў малодшыя і сярэднія класы амерыканскіх школ, у 2006 годзе іх было ўсяго 65 чалавек. Што падахвочвае кітайскіх школьнікаў ехаць на вучобу ў ЗША? Ці можна адаптавацца да жыцця ў Амерыцы ў такім юным узросце? Чаму кітайскія дзеці хочуць вучыцца ў ЗША, а дакладней, чаму гэтага жадаюць іх бацькі, якія накіроўваюць сваіх дзяцей за акіян?
Прыватныя школы Нью-Ёрка заўсёды былі месцам засяроджання дзяцей з багатых амерыканскіх сем’яў, а сёння і забяспечаныя кітайцы пачалі адпраўляць сваіх дзяцей сюды на навучанне. У адпаведнасці са статыстычнымі данымі Дэпартамента нацыянальнай бяспекі ЗША, у 2012 годзе ў прыватныя сярэднія школы Нью-Ёрка было прынята 638 кітайскіх вучняў, пяць гадоў назад іх было толькі 114.
Адукацыйны канал Sina разам з цэнтрам па абслугоўванні кітайскіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, пры Міністэрстве адукацыі КНР і даследчай установай MyCOS з верасня 2010 года па красавік 2011 праводзіў даследаванне старшакласнікаў, якія вучацца за межамі краіны. Выявілася, што на першым месцы сярод прычын, якія падштурхоўваюць школьнікаў выехаць за мяжу, знаходзіцца “жаданне атрымаць больш якасную адукацыю” (так адказалі 67% апытаных), далей ідзе “павышэнне канкурэнтаздольнасці пры ўладкаванні на работу” (37%), пасля — “намер знайсці работу за мяжой і застацца там на працяглы час” (21% ) і, нарэшце, “жаданне пазбегнуць стрэсу ад паступлення ў кітайскія ВНУ” (18%).
Між тым ёсць істотныя адрозненні ў прынцыпах падрыхтоўкі ў школах і ВНУ ЗША і КНР, якія ўплываюць на працэс адаптацыі кітайскіх студэнтаў у Амерыцы. Так, напрыклад, выкладчыца Меліса Тодара заўважыла, што кітайскія студэнты атрымліваюць добрыя адзнакі за тэсты, аднак іх здольнасці ўдзельнічаць у групавых дыскусіях даволі слабыя, таму яна наўмысна выдзяляе час з агульных заняткаў, каб дапамагчы ў іх развіцці. Тодара лічыць, што калі кітайскія студэнты хочуць паступіць у амерыканскія ВНУ, ім неабходна авалодаць такімі здольнасцямі, удзяляць больш увагі такім аспектам, як публічнае выступленне па спрэчных пытаннях, уменне выказваць і пераканаўча адстойваць сваю пазіцыю.
Выпускнік старшых класаў Тун Ялун адчувае цяжкасці з граматыкай на ўроках англійскай мовы. Акрамя таго, у кітайскіх і амерыканскіх школах існуюць розныя падыходы да вывучэння замежных моў. “Тут (у Злучаных Штатах) пасля чытання тэксту трэба выказаць уласнае меркаванне, у той час як у Кітаі на кожнае пытанне ёсць пэўны адказ, і неабходна разважаць менавіта ў напрамку гэтага правільнага адказу”,— гаворыць ён.
Увогуле з-за моўнага бар’ера ўзнікае шмат перашкод нават у тых, хто мае выдатную падрыхтоўку. У параўнанні з амерыканскімі, кітайскія вучні і студэнты дэманструюць лепшыя вынікі па матэматыцы, фізіцы, іншых дакладных і прыродазнаўчых навуках. Пра гэта пераканаўча сведчаць вынікі міжнародных алімпіяд і спецыяльных даследаванняў, дзе старшакласнікі і студэнты КНР, як правіла, заўсёды апярэджваюць сваіх равеснікаў з ЗША. У той жа час пры навучанні ў Штатах нават такія юнакі і дзяўчаты адчуваюць нямала цяжкасцей з-за неразумення занадта вялікай колькасці спецыяльных тэрмінаў: усё ж такі мовы вельмі розныя.
І, нарэшце, сакраментальнае пытанне, якое ўзнікае перад маладымі кітайцамі, якія выехалі на вучобу: застацца або вярнуцца дадому?
Кітаянка Лі яшчэ не вырашыла, застацца ёй у ЗША ці вярнуцца ў Кітай пасля заканчэння сярэдняй школы і ўніверсітэта. Яна не супраць вярнуцца на радзіму і знайсці работу, але таксама думае пра тое, як давядзецца сумясціць вучобу ў Амерыцы і работу ў Кітаі. “Да таго часу ўсе мае асабістыя кантакты будуць у ЗША, маёй акадэмічнай і прафесійнай мовай будзе англійская, а не кітайская”. Што тычыцца тых кітайскіх абітурыентаў, якія прыязджаюць на вучобу ў ЗША, каб пазбегнуць стрэсу падчас уступных экзаменаў у айчынныя ВНУ, то гэты шлях для тых, хто мае толькі грошы, а не здольнасці і жаданне вучыцца і рабіць кар’еру.
Так, кітайскі студэнт Бостанскага ўніверсітэта Чжан лічыць, што для маладых людзей з высокай ступенню самадысцыпліны вучоба ў ЗША — гэта добрая рэч, “бо можна набыць некаторыя карысныя веды і навыкі”, аднак калі гэта робіцца, “каб пазбегнуць праблем у Кітаі і пажыць у сваё задавальненне”, то лепш наогул сюды не прыязджаць.