Чараўніцтва ў педагагічным фармаце

- 9:00Людзі адукацыі

Ёсць людзі сціплыя і працавітыя, якія штодзень сумленна выконваюць сваю справу і заўсёды з павагай адносяцца да іншых, імкнуцца бачыць добрае ў кожным чалавеку, бо інакш не могуць: так выхаваны. Сярод іх — выхавальніца групы прадоўжанага дня Ларыса Уладзіміраўна Януць з Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, яе выпускніца.

Цікавасць да педагогікі ў здольнай дзяўчыны заўважыў у свой час дырэктар установы І.П.Бобка, які і прапанаваў ёй паступаць на педспецыяльнасць. Пасля заканчэння Пінскага педвучылішча настаўніца пачатковых класаў пэўны час працавала ў Люсіне, а затым вярнулася на малую ра­дзіму і ўжо амаль 30 гадоў шчыруе ў роднай школе. Дарэчы, яе дачка пайшла па слядах маці і таксама працуе настаўніцай пачатковых класаў, толькі ў гімназіі ў Кало­дзішчах.

Малую радзіму Ларыса Ула­дзіміраўна любіць не на словах, а ўсёй душой. Педагог разам з калегамі, настаўніцай рускай мовы і літаратуры В.М.Мелехавец і намеснікам дырэктара Т.К.Волах, распрацавала праект “А ўспаміны яркім полымем гараць” і даведнік “Адукацыйныя маршруты маёй малой радзімы”. У рамках праекта ў школе створаны віртуальны музей “Тут маё сэр­ца”, прысвечаны гісторыі вёскі Кукава. Асобны раздзел (“Каб гэта ўсё не стала доляй сына”) прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У прадстаўленых фотаздымках, падрыхтаваных вучнямі, іх бацькамі, настаўнікамі і вяскоўцамі, пераплятаюцца каханне і сме­рць, ваенныя жахі, дабрыня і подзвігі продкаў.

Надзвычай паважліва адносіцца Ларыса Уладзіміраўна да гісторыі роднай вёскі. Неяк прадавалі старую хату. Новыя гаспадары палілі старыя рэчы на падворку. Педагог прахо­дзіла міма і пацікавілася наконт старых дакументаў і фота­здымкаў. Ёй прынеслі цэлы стос. Там былі запісы пра жыхароў вёскі, іх маёмасць. Ларыса Ула­дзіміраўна забрала пакамечаныя дакументы, прывяла іх у належны выгляд, сістэматызавала. Сёння гэтыя папяровыя сведкі гісторыі — экспанаты музея. 

Л.У.Януць праводзіць вялікую даследчую работу па вывучэнні свайго роду, ра­зам з дачкой піша яго летапіс, куды ўключаны генеалагічнае дасье на родных, іх успаміны, артыкулы пра блізкіх з райгазеты, фотаздымкі і дакументы, узнагароды. Як зрэнку вока беражэ Ларыса Уладзіміраўна кнігу казак братоў Грым, якой больш за 100 гадоў, стары бабулін малітоўнік, маміны перадавыя вымпелы і медалі за выдатную працу ў калгасе.

Педагог неабыякавая да навакольнага асяроддзя, птушак і жывёл. І сваіх выхаванцаў ву­чыць жыць у міры і згодзе з прыродай. Штогод з дзецьмі вырабляе кармушкі для птушак, малюе, піша апавяданні, вершы, казкі… Любоў да навакольнага свету і клопат пра яго насельнікаў дэманструе ўласным прыкладам. Здаецца, яна разумее мову раслін і жывёл, для кожнай жывой істоты знойдзе добрае слова. Аднойчы, калі кураня зламала лапку, Ларыса Уладзіміраўна наклала яму гіпс і выхадзіла птушаня. Нядзіўна, што яе выхаванцы — актыўныя ўдзельнікі і неаднаразовыя пераможцы абласной экалагічнай акцыі “Падтрымаем птушак”.  

У Л.У.Януць цудоўны голас. Яна шмат гадоў спявае на святочных і ўрачыстых мерапрыемствах не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Непаўторна гучаць у яе выкананні народныя песні і прыпеўкі. У скарбонцы педагога шмат узнагарод за папулярызацыю народнай творчасці сярод працоўных калектываў у рамках праекта “Малой радзімы галасы” з ансамблем “Дубрава”, у дуэце з Аляксандрам Макаедам і работнікамі школы.

Ларыса Уладзіміраўна ўвесь час вучыцца, бо лічыць, што педагог павінен пастаянна рухацца наперад, каб адпавядаць запытам часу. Так, Л.У.Януць удзельнічала ў абласным адукацыйным праекце “Экалогія ў творчым фармаце” па тэме “Навука тварыць мастацтва”.

— Я працую чараўніцай! — прызнаецца педагог. — Так-так, вы правільна пачулі. Вучу дзяцей бачыць чароўнае ў простых рэчах, ствараць цуды сваімі рукамі. Замяняю тату і маму, бабулю і дзядулю 6 гадзін кожны дзень. Я адначасова псіхолаг і выхавальнік, мастак і артыст, сябар, дарадчык і фокуснік. Знахожу не толькі зніклыя рэчы, але і добры настрой, усмешкі. Начароўваю жаданне працаваць плённа і якасна, дапамагаць сябрам, быць сумленнымі. А гэта цяжкая праца. Сапраўднае чараўніцтва! 

Слухаю Ларысу Уладзіміраўну і здзіўляюся: як яна ўсё паспявае, дзе бярэ сілы? 14 дыпломаў толькі за апошні год! Дасягненні выхаванцаў адзначаны ў раённых конкурсах “Беларусь — мая краіна! Беларусь — мая сям’я!”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Калядная зорка”, у абласных выставах дзіцячай творчасці “Берасцейшчына: традыцыі і святы” і “Вясёлкавы каледайскоп”, а таксама ў рэспубліканскай выставе-конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія”.

У Ларысы Уладзіміраўны залатыя рукі, добры густ і незвычайны погляд на звыклыя рэчы. Пра гэта сведчаць яе вырабы, праекты і ўзнагароды. Сярод асабістых дасягненняў — грамата за лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і поспехі ў выхаванні маладога пакалення. Л.У.Януць — пераможца абласнога конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Беларусь — мая краіна! Беларусь — мая сям’я!”, абласнога конкурсу этнаграфічных музеяў у рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” і міжнароднага конкурсу “Свет прыроды”. 

Настаўніцкая праца — сэнс жыцця Ларысы Уладзіміраўны. Мудрая і спагадлівая жанчына дастойна нясе званне педагога, ганарыцца сваёй прафесіяй, бо любіць дзяцей, а работа з імі прыносіць ёй радасць і задавальненне, акрыляе і натхняе.

Марына КЛІМАВЕЦ,
настаўніца англійскай мовы Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.