Чароўныя пырскі дэльфінаў-афалінаў

- 15:22Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

У Міжнародны дзень абароны дзяцей Мінскі дэльфінарый “Нэма” правёў дабрачынную акцыю для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з анкалагічнымі захворваннямі, для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, для дзяцей з мнагадзетных сем’яў. На шоу ў дэльфінарыі прысутнічала каля 700 чалавек — дзеці і дарослыя, якія іх суправаджалі. Аб гэтай значнай і святочнай падзеі расказала арт-дырэктар установы Алеся Цітова.

На працягу года дэльфінарый “Нэма” даволі часта на дабрачыннай аснове запрашае на свае паказы дзяцей з асаблівасцямі і іх бацькоў. У мінулую нядзелю гэтае цудоўнае дзейства наведалі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў, БелАДДІіМІ, МДА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”, Рэспубліканскай асацыяцыі бацькоў дзяцей інвалідаў па зроку і дабрачыннага фонду “Дакрананне да жыцця” для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і іншыя госці.

Павіншаваць дзяцей прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы і беларускі эстрадны спявак, тэлевядучы і акцёр Георгій Калдун. Да пачатку шоу гледачоў забаўлялі роставыя лялькі, супергероі, спонсары раздавалі дзецям салодкія пачастункі. Атмасферу чагосьці таямнічага, чароўнага і незвычайнага па-майстэрску ствараў ілюзіяніст-фокуснік. Адкрыў праграму любімец публікі патагонскі марскі леў Нікалас. На першы погляд, гэты ластаногі артыст здаецца такім непаваротлівым, але бачылі б вы, якая ў яго хуткасць рэакцыі і як віртуозна ён выконвае танец бугі-вугі! Ён уразіў гледачоў і адмысловымі спевамі, і незабыўнай, велічнай, сапраўды царскай паходкай.
Ціхаакіянскія дэльфіны-афаліны Х’юга, Геркулес і Віта выступалі доўга і літаральна разагрэлі публіку. Гэтыя добрыя і бескарыслівыя сябры дзяцей і дарослых гулялі з мячыкамі, круцілі абручы, скакалі ўверх, спявалі гімн супергерояў, танцавалі танга, каталі сваіх трэнераў на спіне і нават малявалі! Яны дарылі людзям бясконцую любоў і пяшчоту, а ў адказ атрымлівалі тое ж самае — на працягу ўсяго выступлення іх падтрымлівалі апладысментамі.
Тыя з дарослых і дзяцей, хто непасрэдна кантактаваў ці нават плаваў з дэльфінамі, адзначалі, што пасля такіх сеансаў у іх паляпшаўся настрой, павышалася працаздольнасць, знікала пачуццё агрэсіі, апатыі і стомленасці.

Пасля незабыўнага шоу ў дэльфінарыі свята працягнулася на адной з бліжэйшых культурных пляцовак, дзе прайшоў ІІ раённы фестываль “Мы патрэбны адно аднаму”, арганізаваны пярвічнай арганізацыяй Заводскага раёна БелАДДІіМІ на чале з Таццянай Токаравай сумесна з міжнародным дабрачынным фондам “Адра”. Многія дзеці накіроўваліся на мерапрыемства прама з заапарка. Ім быў паказаны канцэрт з удзелам маладзёжнага харавога калектыву VIVERI філіяла № 19 музычнай школы для дзяцей-мінчан, якія слаба бачаць, выступленні творчых калектываў Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў Заводскага і Ленінскага раёнаў сталіцы, а таксама творчых калектываў пярвічнай арганізацыі БелАД ДІіМІ Чавусаў (Магілёўская вобласць) і ПТВ № 1 Петрыкава (Гомельская вобласць).

У імправізаваных бліннай і кавярні, у дабрачынных салоне прыгажосці, майстэрні прыгажосці ад Мэры Кей і ў салоне бодзі-арт прайшлі майстар-класы для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю. Госці майстар-класа паспрабавалі свае сілы ў стварэнні кулінарных страў, прычосак і г.д. Адбылася таксама “Выстава здароўя”, падчас наведвання якой усе жадаючыя змаглі атрымаць кансультацыі ўрачоў і псіхолагаў. Працавала падчас мерапрыемства і мастацкая майстэрня. У дзяцей таксама была магчымасць пакантактаваць з жывёламі з выязнога Мінскага заапарка, пакатацца на конях, паназіраць за выступленнем кінолагаў. Дзеці ўдзельнічалі ў атракцыёнах, конкурсах, віктарынах і гульнях, па выніках якіх уручаліся падарункі. Даспадобы прыйшліся дзетвары рыбалка і футбол, а таксама выступленні клоўнаў, якія забаўлялі прысутных амаль на працягу ўсяго свята.
Падчас фестывалю быў арганізаваны збор сродкаў і дабрачынны кірмаш па распродажы малюнкаў, паштовак, сувеніраў і многіх іншых вырабаў, якія дзеці і маладыя людзі з інваліднасцю стварылі самі. Сабраныя сродкі пойдуць на іх агульныя патрэбы.

Сапраўднай падзеяй можна назваць тое, што малады чалавек з ДЦП Саша Александровіч, многім вядомы тым, што ўмее маляваць карціны, рабіць драўляныя шкатулкі, а таксама ўнікальныя пацеркі з каштанаў, атрымаў ад міжнароднага фонду “Адра” вялікі трохкалёсны веласіпед, які дазволіць яму самастойна перамяшчацца па горадзе.
На развітанне госці і ўдзельнікі фестывалю запусцілі ў неба паветраныя шары, каб мары іх заўсёды збываліся.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.