Да развіцця адукацыйнай прасторы — праз прафесіяналізм, узаемадзеянне, інавацыі

- 14:19Планёрка ў рэгіёне

Стратэгічнымі арыенцірамі развіцця сістэмы адукацыі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці з’яўляюцца нацыянальная самасвядомасць і актыўная грамадзянская пазіцыя, якасць і прафесіяналізм. Прычым якасць — гэта не толькі ўзровень ведаў, але і ўзровень сфарміраванасці ключавых кампетэнцый школьнікаў.
Аб завяршэнні навучальнага года, значных падзеях, якія адбыліся ў сістэме адукацыі рэгіёна сёлета, дасягненнях навучэнцаў і педагогаў нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама Таццяна Іванаўна ЛАГУТА.

— Традыцыйна напрыканцы навучальнага года педагагічная грамадскасць раёна падводзіць вынікі і вызначае прыярытэты на наступны навучальны год. Значнай падзеяй для нашага раёна сёлета стала правядзенне ў лістападзе раённых Свята-Пакроўскіх адукацыйных чытанняў на тэму “Супрацоўніцтва школы і царквы: шляхі духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Праблемы і перспектывы”. Гэтае мерапрыемства чарговы раз даказала значнасць і неабходнасць духоўнага і маральнага выхавання навучэнцаў.

Таксама ў лістападзе на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў заключны этап абласнога конкурсу “Лепшы кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці”. Мы ганарымся тым, што ў дзявятку лепшых па выніках першага адборачнага этапу ўвайшоў і дырэктар Суткоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы нашага раёна Аляксандр Яфімавіч Крот. Кіраўнік прадэманстраваў высокі прафесіяналізм ва ўсіх конкурсных мерапрыемствах, за што быў узнагароджаны граматамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, інстытута развіцця адукацыі, адна з якіх — у намінацыі “Захоўваючы гісторыю, захоўваем будучыню”.

У сакавіку ўпершыню ў раёне быў праведзены конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Выхавальнік года — 2016”. За званне лепшага выхавальніка спаборнічалі ў трох конкурсных мерапрыемствах 3 педагогі — выхавальнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 7 педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі.

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама разам з Гомельскім абласным аддзяленнем Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” у сакавіку на базе Лоеўскай сярэдняй школы імя А.Казлова прайшоў выязны практычны міжраённы семінар “Узаемадзеянне грамадскіх і дзяржаўных арганізацый па аказанні дапамогі прыёмным сем’ям, дзіцячым дамам сямейнага тыпу” ў рамках праграмы “Будзь маім бацькам”.

Нядаўна на базе Лоеўскай раённай гімназіі быў арганізаваны раённы конкурс “Педагагічны дэбют” для педагогаў, якія працуюць першы і другі год ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Педагагічная грамадскасць разумее, што канкурэнтаздольнага выпускніка ў стане падрыхтаваць толькі педагог, які знаходзіцца ў творчым пошуку і імкнецца да прафесійнага майстэрства.

Эфектыўным з’яўляецца ўзаемадзеянне педагогаў Лоеўскага раёна з педагогамі Чыгуначнага раёна Гомеля. Праграма ўзаемадзеяння ўяўляе сабой сукуп-насць мерапрыемстваў, накіраваных на інфармацыйнае, арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне супрацоўніцтва, выхаванне духоўна багатай асобы навучэнца. У рамках праграмы ўзаемадзеяння былі арганізаваны азнаямляльныя наведванні ўстаноў адукацыі, майстар-класы педагогаў, дыстанцыйнае тэсціраванне навучэнцаў па вучэбных прадметах, спартыўныя спаборніцтвы і турыстычна-краязнаўчыя мерапрыемствы.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў ганарыцца раён? Як выступілі школьнікі на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах?

— На базе раённага вучэбна-метадычнага кабінета створана метадычная група, якая каардынуе работу з адоранымі навучэнцамі. Іх выяўленню, падтрымцы садзейнічае разнастайнасць прапанаваных алімпіяд, конкурсаў, інтэлектуальных гульняў, інтэрнэт-віктарын і г.д.

Алімпіядны рух — адзін са складнікаў работы з такімі дзецьмі. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў скарбонцы раёна 2 дыпломы (па беларускай мове і літаратуры дыплом І ступені і па гісторыі дыплом ІІІ ступені).

Педагог Лоеўскай раённай гімназіі Юрый Рыгоравіч Паўліўскі з’яўляецца абласным трэнерам па астраноміі. Эфектыўнасць работы настаўніка пацвярджаецца дасягненнямі яго вучняў. Выпускнік мінулага года Дзмітрый Шычкоў, дыпламант заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, уключаны ў банк адоранай моладзі Гомельскай вобласці.

Значныя дасягненні нашых навучэнцаў на конкурсах рознага ўзроўню: дыпломам лаўрэата абласной прыродаахоўнай акцыі “Белы бусел” за перамогу ў намінацыі “Літаратурная” ўзнагароджаны выхаванец Лоеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мікалай Мельнічэнка, дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Тэатральная творчасць” (канферанс) узнагароджана выхаванка Лоеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юлія Кукса; дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе конкурсу дзяцей і падлеткаў “Выконваем законы дарог” і дыпломам ІІ ступені ў рэспубліканскім этапе гэтага ж спаборніцтва ў намінацыі “Малюнак” узнагароджаны выхаванец Лоеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Раман Ігнаценка. Раман з’яўляецца таксама пераможцам абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей”.

З апошніх дасягненняў варта прыгадаць спартыўныя перамогі навучэнцаў. Зборная каманда Лоеўскага раёна заваявала дыплом І ступені і кубак за перамогу ў абласных спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны”.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне? Якія напрамкі карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей і бацькоў?

— Асаблівасць Лоеўскага раёна ў тым, што ён невялікі па колькасці ўстаноў адукацыі. У сёлетнім навучальным годзе дзейнічаюць 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 5 дзіцячых садоў — сярэдніх школ, 5 дзіцячых садоў — базавых школ, 1 сярэдняя школа і 1 гімназія. Разам з тым у аддзеле і ва ўстановах праведзены шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў па пераходзе на профільную адукацыю. Сёлета профільнае навучанне прадстаўлена дзвюма мадэлямі і арганізавана ў дзвюх установах з ахопам 53% навучэнцаў 10-х класаў. Пры фарміраванні груп навучэнцы і іх бацькі аддаюць перавагу беларускай і рускай мовам, матэматыцы, замежнай мове, хіміі і біялогіі. Акрамя таго, 8 навучэнцаў 11 класа сельскай школы працягваюць вывучаць матэматыку і фізіку на павышаным узроўні.

Думаю, увядзенне профільнага навучання забяспечыць рацыянальнае размеркаванне выпускнікоў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі на далейшае атрыманне адукацыі з улікам рэальных патрэб рынку працы.

— Якія праблемы асабліва актуальныя на сённяшні дзень?

— Адзначу важнасць пытання ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна. Шляхі вырашэння гэтай праблемы шукаем разам з мясцовымі органамі ўлады, прадпрыемствамі, бацькоўскай грамадскасцю, бо стварэнне бяспечных і здароўезберагальных умоў пры арганізацыі харчавання, навучання і выхавання навучэнцаў з’яўляецца асноўным.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.