Да юбілею Тургенева

- 12:19Нам пішуць

З творамі класіка рускай літаратуры І.С.Тургенева мы знаёмімся ў дзяцінстве, перажываючы трагедыю прыгоннага мужыка Герасіма з апавядання “Муму”, і адразу ж улюбляемся ў творчасць пісьменніка-паэта. Разам з дзеткамі з апавядання “Бежин луг” слухаем гісторыі-“страшылкі”. Пасталеўшы, даведваемся пра гісторыю першага кахання тургенеўскай дзяўчыны Асі з аднайменнай аповесці. І завяршаецца школьны курс раманам “Бацькі і дзеці”. Але нават гэты нешматлікі пералік твораў раскрывае глыбіню таленту пісьменніка. А калі зазірнуць глыбей…

Навучэнцы Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з энтузіязмам уключыліся ў рэалізацыю культурна-адукацыйнага праекта “Вялікі майстар мовы і стылю”, прымеркаванага да 200-годдзя з дня нараджэння І.С.Тургенева. Арганізатарамі праекта выступаюць Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску і метадычнае аб’яднанне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У перыяд з 30 кастрычніка па 17 снежня творчая група дзяцей Геранёнскай школы пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Н.В.Сасноўскай арганізоўвала і праводзіла розныя мерапрыемствы.

У фае школы размясцілі інфармацыйны стэнд, дзе навучэнцы знаёміліся з праграмай мерапрыемстваў, віктарынамі, конкурсамі.

Інфармацыя з фотасправаздачай — і на сайце школы. У кабінеце рускай мовы і літаратуры і бібліятэцы былі арганізаваны кніжныя выстаўкі: “Вялікі майстар мовы і слова”, “Пісьменнікі-юбіляры: І.С.Тургеневу 200 гадоў”.

9 лістапада ўся школа была напоўнена духам ХІХ стагоддзя, тым днём, калі на свет з’явіўся Іван Сяргеевіч Тургенеў. Гадзіна рускай класікі прайшла у Беларусі пад адзінай назвай “Ён жыццё прысвяціў…” Навучэнцы прагледзелі відэафільм аб Тургеневе, пазнаёміліся з кнігамі Івана Сяргеевіча, праслухалі вершы паэта, рамансы на яго вершы, урыўкі з твораў, паўдзельнічалі ў віктарыне. Вялікі майстар слова нібы прысутнічаў у зале і гутарыў з пакаленнем ХХІ стагоддзя пра вечнае: пра прыгажосць, дабрыню, любоў.

У цёплай атмасферы прайшла літаратурная гасцёўня. Час нібы вярнуўся ў ХІХ стагоддзе, каб далучыць да эпохі вялікага творцы. Гараць свечкі, гучыць музыка… Вучні чытаюць вершы, урыўкі з прозы, гучаць рамансы на вершы Івана Сяргеевіча. На сцэну выходзіць тургенеўская дзяўчына, і пачынаецца тэатралізаваны паказ фрагмента аповесці “Ася”. Але самыя хвалюючыя моманты — гісторыя сапраўднага ўзнёслага кахання Івана Тургенева і Паліны Віярдо. Пераўвасабленыя ў іх вобразы, навучэнцы прайгралі сцэны перапіскі двух вялікіх сэрцаў.

А далей… Тургенеўскія ўрокі, форум юных тургенезнаўцаў “А ці ведаеце вы?”, віктарына “Ці ведаеш ты І.Тургенева?”, вусны часопіс “І.С.Тургенеў і Беларусь”.

На ўроках і перапынках не абышлося без музычнага калейдаскопа “І загучаў тургенеўскі раманс…”, гадзіна выразнага чытання “Разлог тургенеўскіх дум”, а дома — вечары сямейнага чытання “Чытаем І.С.Тургенева”.

Партрэтная галерэя “Героі тургенеўскіх кніг” перарасла ў конкурс дзіцячай творчасці “Натхнёныя І.С.Тургеневым”.

Урок рускай літаратуры ў 10 класе па рамане “Бацькі і дзеці” завяршыўся дыскусіяй “Спрэчка пакаленняў: бацькі ці дзеці?”.

Праблемы, пытанні, закранутыя Тургеневым, вечныя. Творчасць вялікага майстра будзе хваляваць, вучыць не адно пакаленне.

Для самых актыўных, ініцыятыўных і таленавітых навучэнцаў нашай школы, а таксама для навучэнцаў Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй шоклы (настаўнік А.П.Валюшкевич) арганізатары праекта наладзілі сапраўднае свята: 27 снежня запрасілі ў Дом Масквы ў Мінску на паказ музейна-тэатральнага праекта-спектакля “Малёк-Адэль” па апавяданнях І.С.Тургенева “Чартапханаў і Недапюскін” і “Канец Чартапханава”. Пастаноўка пакінула незабыўнае ўражанне. Зносіны з рэжысёрам Андрэем Беркутам і акцёрамі Паўлам і Данілам Расамахінымі запомняцца дзецям на ўсё жыццё.

Наталля САСНОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.