Далучаем да здаровага ладу жыцця

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Здаровы лад жыцця — адна з умоў паспяховай сацыялізацыі. Як арганізаваць адукацыйны працэс у рэжыме эфектыўнай прафілактыкі і аховы здароўя, ведае вопытны педагог нашай школы настаўніца пачатковых класаў Ірына Леанідаўна Скарагод. 

На працягу трох гадоў яна апрабоўвае і ўкараняе здароўезберагальныя тэхналогіі, выкарыстоўвае розныя прыёмы па захаванні і ўмацаванні псіхафізічнага здароўя школьнікаў на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. Назапашаным вопытам Ірына Леанідаўна ахвотна дзеліцца з калегамі.

Вельмі цікава педагог ладзіць майстар-класы з вучнямі, дзе паказвае розныя формы правядзення фізкультхвілінак, практыкаванняў і гімнастыкі для вачэй, су-джок гімнастыкі, выкарыстання здароўезберагальных тэхналогій і інш. У рамках тэматычных гульняў іх удзельнікі правяраюць свае веды па асновах здаровага ладу жыцця, правілах паводзін у грамадскіх месцах у час пандэміі.

І.Л.Скарагод аформіла зборнік, які складаецца з тэарэтычных і практычных матэрыялаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў малодшых школьнікаў.

Марына КЛІМАВЕЦ,
настаўніца англійскай мовы Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.