Дапаможам лесу і мурашам

- 10:50Нам пішуць

У рамках раённага этапу рэспубліканскай акцыі “Эка-свет” навучэнцы Мілявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы сталі ўдзельнікамі школьнай экалагічнай акцыі “Мурашнік”, якая праводзілася сумесна з Курылавіцкім лясніцтвам пад кіраўніцтвам лесніка А.П.Ражко.

Кіраўніцтва лясніцтва ахвотна адгукнулася на нашу прапанову зладзіць сумесную акцыю, таму што мурашнікаў у нашых лясах вялікая колькасць. Мурашкі-будаўнікі ўзвялі свае “гмахі” нават уздоўж цэнтральнай дарогі на ўскрайку лесу. Мэта нашай акцыі — ачысціць месца кемпінгу і лясны масіў уздоўж дарогі ад смецця і абгарадзіць мурашнікі. Мы вырашылі, што кожны павінен зрабіць уклад у захаванне “лясных санітараў”.

Першы этап акцыі прайшоў ва ўстанове адукацыі. З розных крыніц (часопісы, падручнікі, навуковая літаратура, інтэрнэт) сабралі матэрыял для інфармацыйных лістовак аб карысці мурашоў для чалавека, прыроды. распаўсюдзілі лістоўкі сярод навучэнцаў нашай школы і жыхароў аграгарадка Мілявічы. Самымі ініцыятыўнымі былі Настасся Патаповіч, Яўген Салейка, Уладзімір Галаўко, Валерыя Руль, Максім Бацько і інш.

Другі этап акцыі прайшоў у лясным масіве паміж аграгарадком Мілявічы і вёскай Монькавічы. Пад чулым кіраўніцтвам лесніка нашы хлопцы (Уладзіслаў Нагуй, Аляксей Дубатоўка, Яўген Дубатоўка, Юрый Галаўко і інш.) змайстравалі і ўстанавілі драўляныя агароджы для мурашнікаў. Побач з мурашнікам — інфармацыйныя таблічкі.

У выніку акцыі было сабрана 9 мяшкоў бытавога смецця і агароджана 3 мурашнікі. Дзеці працавалі з цікавасцю і энтузіязмам. У кожнага ўдзельніка акцыі была магчымасць адчуць сябе гаспадаром сваёй зямлі, малой радзімы.

Народная прыказка гавораць: “Руйнуючы мурашнік, ты знішчаеш дом сваіх сяброў”. Таму давайце беражліва ставіцца да іх, бо ад гэтага залежыць і наша з вамі жыццё!

Алена РУСАК,
педагог-арганізатар Мілявіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.