Дарога ў прытулак, дарога з прытулку

- 12:26Сацыяльны ракурс

Фрунзенскі раён, самы вялікі ў сталіцы, і на сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам гэтага раёна прыходзіцца асабліва вялікая нагрузка. Так, на момант майго наведвання СПЦ у тутэйшым прытулку, разлічаным на 14 дзяцей, іх знаходзілася 17, яшчэ 10 дзяўчынак і хлопчыкаў з Фрунзенскага раёна часова размясцілі ў прытулках іншых раёнаў горада. Ці вернуцца дзеці ў родныя сем’і? Ці шмат жадаючых узяць на выхаванне дзяцей, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў? Як іх рыхтуюць да новай ролі? Як спецыялісты праводзяць сацыяльна-педагагічныя расследаванні? Пра гэта мы пагаварылі з супрацоўнікамі цэнтра.

Сюды…

— На 1 сакавіка ў сацыяльна небяспечным становішчы ў нашым раёне знаходзіліся 514 дзяцей з 312 сем’яў, 158 гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак — з няпоўных сем’яў, — расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СПЦ з прытулкам Фрунзенскага раёна Мінска Таццяна Арсеньеўна Бялецкая. — Ведаю, што гэта самая вялікая лічба па ўсіх раёнах горада, таму і работа ў нас напружаная. А пачынацца яна можа ў адносінах нават да немаўлят, бо інфармацыю мы атрымліваем і з радзільных дамоў, напрыклад, аб тым, што маці нараджала ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, і з міліцыі ад брыгад, якія выязджаюць на сямейныя сваркі, і ад суседзяў, і са школ, ЖЭСаў — аб злосных неплацельшчыках і г.д.
Сацыяльна-педагагічны цэнтр, які з нядаўняга часу ўзначальвае Кацярына Віктараўна Юргелевіч, у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае такую працэдуру, як сацыяльна-педагагічнае расследаванне. Галоўная задача такога расследавання — выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— У кожную, скажам так, падазроную сям’ю мы прыходзім, каб даведацца, якія там умовы для пражывання дзяцей, ці працуюць бацькі, высвятляем шмат іншых момантаў, — гаворыць Т.А.Бялецкая. — У выніку сацыяльна-педагагічнага расследавання вызначаюцца крытэрыі, па якіх можа быць прызнана, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх крытэрыяў шэсць. Так, гэта высвятленне таго, як бацькі або іншыя законныя прадстаўнікі непаўналетняга выконваюць свае абавязкі па выхаванні, навучанні або ўтрыманні дзіцяці. І ў расследаванні гэты пункт, як і ўсе іншыя, падрабязна расшыфроўваецца, каб пазбегнуць суб’ектывізму. Напрыклад, сігналам трывогі, сур’ёзнай падставай для таго, каб прызнаць, што непаўналетні знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, можа быць адмаўленне бацькоў ад медыцынскага абследавання дзіцяці, факты пакідання яго без ежы і цяпла, выгнання яго з дому. Другі крытэрый — гэта выпадкі, калі бацькі злоўжываюць бацькоўскімі правамі — уцягваюць непаўналетняга ў злачынствы, у прастытуцыю, б’юць і г.д. Паказчыкі, як бачна, аб’ектыўныя.
Цікава, што ў апошнія гады нярэдка прызнанне таго, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адбываецца па крытэрыі, вызначэнне якога гучыць так: “Непаўналетні знаходзіцца ў нядобранадзейных умовах, экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі”. Вельмі часта такая сітуацыя складваецца з-за шматгадовых разводаў бацькоў, калі, здавалася б, разумныя, адэкватныя, адукаваныя людзі маніпулююць дзіцем, ствараючы для яго надзвычай цяжкія псіхалагічныя ўмовы.
— У такіх бацькоў дзяцей не адбіраюць, падобных выпадкаў я не ведаю, — дадае спецыяліст, — хаця гэта вельмі складаныя сем’і. А вось у іншых сітуацыях адбіранні адбываюцца. Канечне, наша задача — зрабіць так, каб дзіця засталося ў роднай сям’і. Таму шэсць месяцаў адводзіцца на рэабілітацыю сям’і, і толькі потым, калі такой рэабілітацыі не адбылося, дзіця аказваецца ў прытулку. Па сем’ях, па якіх прызнана, што дзецям неабходна дзяржаўная абарона, таксама вядзецца сацыяльна-педагагічнае расследаванне: вывучаем сітуацыю ў сям’і, дакументы, акты, складзеныя іншымі зацікаўленымі органамі.
Па словах Т.А.Бялецкай, апошнім часам усё часцей у прытулак трапляюць дзеці з мнагадзетных сем’яў — па трое-чацвёра з адной сям’і. Нагадаю, што ў Фрунзенскім раёне знаходзіцца мікрараён Каменная Горка, дзе шмат кватэр атрымліваюць мнагадзетныя сем’і. Звычайна гэта, канечне, нармальныя сем’і, з добрымі ўмовамі, псіхалагічнай атмасферай для малых, але бывае і інакш. Вось і трапляюць у прытулак адразу некалькі брацікаў і сястрычак. Так, зараз трое дзяцей з такой сям’і знаходзяцца ў прытулку, чацвёрты, самы малодшы, — у доме дзіцяці. А зусім нядаўна адабралі яшчэ чацвёра малых у адзінокай маці, якой не хапае часу займацца дзецьмі, затое заўсёды ёсць час займацца, як яна кажа, асабістым жыццём. Праўда, для гэтых малых месца ў прытулку не хапіла, таму часова яны знаходзяцца ў адным з дзіцячых дамоў Мінска.
Наогул жа апошнім часам у прытулак нярэдка трапляюць дзеці з вельмі запушчаных сем’яў, якія далёка не заўсёды могуць рэабілітавацца. Напрыклад, з сем’яў хранічных алкаголікаў, дзе не толькі бацькі, але і бабулі з дзядулямі падпадаюць пад гэты статус і дзе людзі ўжо не ў першым пакаленні пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў. А яшчэ ўсё часцей супрацоўнікі СПЦ і іншых адказных устаноў сталіцы сутыкаюцца з сем’ямі наркаманаў. І гэта, бадай, самая цяжкая катэгорыя, бо калі на выпраўленне алкаголікаў, хаця б і з дапамогай кадзіравання, надзея застаецца, то ў адносінах да наркаманаў яе куды менш. Гэта, як правіла, маладыя сем’і або маці-адзіночкі. Прычым іх не тое што вельмі цяжка матываваць на рэабілітацыю, гэта амаль немагчыма.
А здараецца, што дзеці аказваюцца ў прытулку паўторна. Напрыканцы мінулага года быў адзін выпадак такога звароту: каля года двое малых знаходзіліся ў роднай сям’і пасля вяртання з прытулку. На жаль, бацькі — хранічныя алкаголікі — зноў вярнуліся да згубнай прывычкі. Зараз дзецям знойдзены месцы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Адсюль…

Сёлета, дарэчы, пяцёра дзяцей з трох сем’яў удалося вярнуць да родных бацькоў. У адной сям’і бацька і маці закадзіраваліся ад алкагалізму, у другой сын вярнуўся да бацькі, а наконт маці вырашаецца пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў, у трэцяй 15-гадовая дзяўчынка вярнулася да маці, якой, здаецца, удалося звярнуць з дарожкі асацыяльных паводзін, яна ўладкавалася на працу.
Летась у СПЦ Фрунзенскага раёна атрымалася так: 9 дзяцей (21%) вярнуліся ў родныя сем’і; у прыёмныя, апякунскія сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу трапілі 27 хлопчыкаў і дзяўчынак (61%). У інтэрнатных установах аказаліся 18% малых, бо для іх замяшчальных бацькоў адшукаць не ўдалося.
Добры гэта вынік ці дрэнны? Адназначна сказаць не бяруся, хаця ведаю, што ёсць у нашай краіне рэгіёны, дзе працэнт звароту дзяцей у родныя сем’і прыкметна большы. Але тут трэба, думаю, улічваць тое, што ў малых гарадах і вёсках менш сем’яў наркаманаў, якім вяртаць малых можна, верагодна, вельмі рэдка. Пры гэтым, па назіраннях супрацоўнікаў СПЦ, суды зараз сталі куды больш лаяльна ставіцца да бацькоў, якім пагражае пазбаўленне бацькоўскіх правоў, ім усё часцей даюць дадатковыя, скажам так, шансы на выпраўленне.
Ёсць у вялікага горада і яшчэ адно адрозненне ад малога населенага пункта. Тут куды больш дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных сем’яў. У Фрунзенскім раёне пакуль 10 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных сем’яў — 42, больш, чым у любым іншым раёне сталіцы. З будучымі і існуючымі замяшчальнымі бацькамі працуюць сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг СПЦ. З псіхолагам Крысцінай Аляксееўнай Лазюк мы і пагутарылі наконт работы з такімі бацькамі. Задача падабраць дзіцяці прыёмную сям’ю, безумоўна, складаная, але Крысціна Аляксееўна мае багаты вопыт такой дзейнасці.
— Шукаючы людзей, якія гатовы ста ць прыёмнымі бацькамі, мы кожны квартал даём сацыяльную рэкламу ў сродках масавай інфармацыі, запрашаем жадаючых звязацца з цэнтрам. Адгукаюцца на яе многія — у сярэднім атрымліваем па 2—3 званкі ў дзень, прычым тэлефануюць людзі з розных раёнаў горада. Але працаваць мы абавязаны з жыхарамі Фрунзенскага раёна дзеля таго, каб малыя заставаліся ў сваіх школах, жылі недалёка ад біялагічных бацькоў. Хаця, канечне, час ад часу здараецца, што дзеці ідуць у сем’і або дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і ў іншыя раёны, дзіцячую вёску “Вытокі” і SOS-вёску ў Бараўлянах.
Зразумела, галоўнае тут усё ж не месца пражывання прыёмнай сям’і, а яе падрыхтаванасць да такога адказнага кроку. Матывацыя прыёмных бацькоў, як кажа спецыяліст, бывае вельмі рознай. Часцей гэта жаданне даць дзіцяці любоў, клопат, сямейную ўтульнасць.
Добры паказчык, які ўказвае на шчырае жаданне дапамагчы дзіцяці, — гэта пытанні кандыдатаў у прыёмныя бацькі аб тым, як наладзіць кантакт з малым, як дапамагчы яму адаптавацца. Тэсціраванне, анкетаванне, іншыя стандартныя працэдуры, прадугледжаныя ў такіх выпадках, дапамагаюць выявіць сапраўдную матывацыю людзей, іх гатоўнасць да работы з прыёмнымі дзецьмі. Затым пачынаюцца групавыя заняткі — дзевяць заняткаў па праграме Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і праграме “Прайд” прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Кандыдытаў у прыёмныя бацькі знаёмяць з тым, як дапамагчы дзіцяці ў сітуацыі страты біялагічных бацькоў, з пытаннямі ўстанаўлення ўзаемаадносін у новай сям’і.
На навучанне ў СПЦ Фрунзенскага раёна трапляюць і кандыдаты ў прыёмныя бацькі, усынавіцелі з іншых раёнаў горада.
— Часцей за ўсё да нас прыходзяць людзі сямейныя, якія маюць сваіх дзяцей, але здараецца, што дзіця трапляе да бяздзетных пар, адзінокіх жанчын. Часам прыёмныя бацькі ўсынаўляюць прыёмных дзяцей, — расказвае Х.А.Лазюк. — Так, у маёй практыцы быў выпадак, калі адзінокая жанчына ўзяла прыёмнае дзіця, потым выйшла замуж. І ўжо разам з мужам яны ўзялі яшчэ дваіх дзетак, а потым іх усынавілі.
Было і так: да нас прыйшла жанчына, настроеная ўзяць толькі абсалютна здаровае дзіця. Але пры зносінах з малымі было бачна, што яна абсалютна не разумее, як з імі гаварыць, што з імі рабіць. Ну відавочна, што чалавек не гатовы да стварэння прыёмнай сям’і. Мая задача ў падобных выпадках — тактоўна адмовіць кандыдату ў сувязі з адсутнасцю вопыту ў выхаванні дзяцей.
Здараецца, што ў працэсе групавога навучання чалавек сам разумее, што пакуль не гатовы да таго, каб узяць дзіця. Крысціна Аляксееўна кажа, што толькі рада, калі да яе падыходзяць людзі, якія зразумелі гэта. Лепей вызначыцца загадзя, чым потым пакутаваць самому і ствараць тым самым цяжкую псіхалагічную абстаноўку для прыёмных дзяцей або наогул у выніку адмовіцца ад іх.
— Ёсць, канечне, і бацькі, якія асэнсавана бяруць дзяцей са значнымі праблемамі ў здароўі, — заўважае псіхолаг. — І выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Або спачатку бяруць прыёмных дзяцей, а потым прыходзяць да адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу. Так што этап падрыхтоўкі да стварэння замяшчальнай сям’і надзвычай доўгі і важны. І мы ўдзяляем яму самую пільную ўвагу.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з інтэрнэту.