Дарыць крылы ўсім, хто побач

- 11:07Людзі адукацыі

Сферу адукацыі Навагрудчыны Гродзенскай вобласці нельга ўявіць без Алега Аркадзьевіча Анікевіча. На гэтай ніве ён шчыра працуе трыццаць другі год. Са школьнай парты марыў займацца педагогікай на малой радзіме. Ніколі не выбіраў лёгкіх шляхоў. Упэўнены: варта пастаянна развівацца, ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх, каб быць прафесіяналам у сваёй сферы, весці за сабой і дарыць крылы тым, хто побач.

Чым жа так моцна аднойчы і назаўсёды прывабіла педагогіка? У першую чаргу людзьмі, да ўзроўню якіх хацелася дацягнуцца. Алег Аркадзьевіч скончыў Масцішчанскую сярэднюю школу Навагрудскага раёна. Перад яго вачамі і сёння стаяць прыклады яго настаўнікаў, як ён кажа, педагогаў савецкай загартоўкі.

— Адзін з самых важных людзей у маім лёсе — дырэктар Масцішчанскай сярэдняй школы Уладзімір Уладзіміравіч Вярбіцкі, — расказвае А.А.Анікевіч. — Спачатку яго ўрокі сталі любімымі, а пасля мне захацелася быць падобным на гэтага чалавека, таксама звязаць сваё жыццё са школай. Асабісты прыклад — вельмі моцная матывацыя і лепшы аргумент. Заўсёды памятаю аб гэтым і імкнуся быць прыкладам для іншых.

Зараз Алег Аркадзьевіч узначальвае Навагрудскую спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Гэта задача асаблівай складанасці, аднак за плячамі багаты вопыт педагога і кіраўніка.

Пасля вучобы ў Лідскім педагагічным вучылішчы і службы ў арміі свой педагагічны шлях пачынаў настаўнікам пачатковых класаў у Заполле-Ятраўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна. Гэта былі шэсць цікавых і адначасова хвалюючых, напружаных гадоў. І зноў побач аказаліся людзі, на якіх хацелася раўняцца. 

Алег Аркадзьевіч паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Атрымаў кваліфікацыю настаўніка гісторыі. Некалькі гадоў выкладаў гэты прадмет ва ўстановах адукацыі горада і раёна. З 1998 па 2008 год узначальваў школу-інтэрнат для дзяцей з адхіленнямі ў паводзінах, у сем’ях якіх неспрыяльныя ўмовы для жыцця. Аб гэтым перыядзе гаворыць з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. За дзесяцігоддзе было шмат дасягненняў і станоўчых змен, а галоўнае — быў згуртаваны калектыў, здольны паспяхова спраўляцца з любой задачай. 

З часам установа адукацыі была рэарганізавана. У жыцці Алега Аркадзьевіча таксама адбыліся змены. Тры гады ён займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама. Затым восем гадоў узначальваў упраўленне адукацыі Навагрудскага райвыканкама. Сёння ён узгадвае найбольш значныя падзеі ў гэты час, зноў-такі адзначаючы, што за ўсімі поспехамі стаялі людзі, каманда аднадумцаў-прафесіяналаў.

Рашэнне ўзначаліць не агульнаадукацыйную школу, а менавіта спецшколу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення было ўсвядомленым. Зараз пра гэтую ўстанову адукацыі Алег Аркадзьевіч гаворыць з вялікай цеплынёй, у кожным слове адчуваюцца клопат і шчырыя адносіны.

— Школа-інтэрнат — асаблівае месца. Гэта ў першую чаргу дзеці, часам абдзеленыя ўвагай дарослых, параненыя, — адзначае А.А.Анікевіч. — Да кожнага маленькага чалавека трэба знайсці падыход, каб далёка ад роднага дому ён адчуваў сябе спакойна. Неабходна не толькі стварыць камфортныя ўмовы, вучыць і выхоўваць, але і абавязкова кожнага захапіць нейкай справай. Гэта можа быць усё што заўгодна: футбол, гімнастыка ці кулінарыя. Дзіця абавязкова павінна быць занята чымсьці карысным. 

У лютым мінулага года калектыў школы-інтэрната святкаваў 75-годдзе ўстановы адукацыі. Пра гэтую падзею дырэктар узгадвае з асаблівай гордасцю за сваю ўстанову і супрацоўнікаў. Сабралася шмат выпускнікоў розных гадоў. Словы падзякі выказвалі прадстаўнікі самых розных прафесій. Спецшкола-інтэрнат дала ім пуцёўку ў дарослае самастойнае жыццё, дзе ўсё склалася паспяхова. А зараз Алегу Аркадзьевічу важна захаваць і прымножыць лепшыя традыцыі.

Для Алега Аркадзьевіча менавіта цёплыя сустрэчы з яго былымі вучнямі, выпускнікамі — галоўнае сведчанне таго, што ён працуе не дарэмна. Вынікі педагагічнай дзейнасці бачны не адразу, а праз гады і дзесяцігоддзі. Таму навіны аб тым, што вучні знайшлі сваё месца ў жыцці, сталі прафесіяналамі, стварылі добрыя сем’і — самыя важныя і дарагія. 

А яшчэ тое, што праз гады гэтыя людзі не праходзяць міма, яны шчыра рады бачыць свайго настаўніка, пагаварыць з ім! Значыць, усё было правільна! Радуе, што такіх добрых сустрэч у яго жыцці вельмі многа!

За гады работы ў Алега Аркадзьевіча склаліся свае кіраўніцкія прынцыпы. Галоўныя з іх — быць гатовым ­узяць на сябе адказнасць, быць ва ўсім першым, не шкадуючы сябе і свайго часу; згуртаваць калектыў і цаніць уклад кожнага. На вяршыні яго жыццёвых каштоўнасцей — чалавечнасць. Імкнецца спалучаць яе з патрабавальнасцю і высокім прафесіяналізмам. 

— Калі ты кіраўнік, ты павінен быць патрабавальным, але справядлівым, — дзеліцца сваімі поглядамі на жыццё Алег Аркадзьевіч. — Калі ты настаўнік, ты павінен быць кампетэнтным у сваім прадмеце, патрабавальным і справядлівым. Калі ты тата, ты павінен быць прыкладам для свайго дзіцяці і зноў жа быць патрабавальным і справядлівым. 

Алег Аркадзьевіч — вельмі цікавы суразмоўнік, прычым гаворыць ён на прыгожай беларускай мове, любіць айчынную літаратуру, выдатна ведае гісторыю. На працягу дваццаці гадоў збірае звесткі па тэме, якая асабліва зацікавіла яго ў пэўны перыяд жыцця, — развіццё адукацыі на Навагрудчыне ў пасляваенны час. На цяперашні момант ён валодае інфармацыяй пра ўсе ўстановы адукацыі, якія працавалі на малой радзіме. Ад некаторых ужо не засталося і следу. Аднак важна сабраць, захаваць і перадаць нашчадкам па­мяць і пра іх. Лёс кожнай установы звязаны з многімі людзьмі. Забываць пра гэта нельга.

Зараз Алег Аркадзьевіч працуе над стварэннем свайго блога пра гісторыю адукацыі Навагрудчыны, дзе бу­дзе размешчаны ўвесь сабраны матэрыял, уласныя артыкулы, прысвечаныя розным навучальным гадам. Яшчэ адзін з важных кірункаў дзейнасці — выкладанне ў гуртку, які дзейнічае пры Свята-Мікольскім кафедральным саборы горада. З радасцю ён вучыць майстэрству выразання лобзікам і жыццёвай мудрасці вучняў нядзельнай школы. 

Работа з дзецьмі і іх бацькамі, педагогамі для Алега Аркадзьевіча нібы паветра, без якога ён не ўяўляе свайго жыцця. Марыць пра тое, каб педагогіка стала сямейнай справай. Абодва сыны звязалі свой лёс з медыцынай, і бацька з павагай аднёсся да іх выбару. Аднак у душы жыве надзея, што ў будучыні нехта з унукаў захоча стаць педагогам. Падарункамі пераемніку будуць багатая бібліятэка кніг і калекцыя школьных званочкаў, якія нязменна ўпрыгожваюць працоўны кабінет Алега Аркадзьевіча.

Таццяна ШЫМКО.