Дацягнуцца да нябёс

- 11:50Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

У святочныя дні, прысвечаныя Дню Перамогі, Мінск стаў месцам правядзення незвычайных спаборніцтваў. У ззянні сонечных прамянёў у блакітнае неба пад самыя аблокі ўзняліся рознакаляровыя паветраныя змеі. Яны як быццам ўвасаблялі маўклівы святочны салют, які з’яднаў сённяшняе маладое пакаленне з пакаленнем герояў, якія прынеслі на нашу зямлю доўгачаканы мір.Такую магчымасць прадаставіў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ўдзельнікам III Рэспубліканскага конкурсу паветраных змеяў “ТэхнаЭнергія”, які прайшоў пад лозунгам “Імёны герояў жывуць у нашых сэрцах і аблоках!” і стаў своеасаблівай данінай гераізму нашым суайчыннікам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Высветліць, які ж змей будзе самым спрытным, у Мінск з’ехаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх рэгіёнаў нашай краіны, якія прадстаўлялі навучальныя ўстановы і ўстановы дадатковай адукацыі. На пляцоўцы Мінска было запушчана 40 змеяў, якія адрозніваліся адзін ад аднаго формай, канструкцыяй і расфарбоўкай. Але ніводны з іх не згубіўся на нябесных прасторах, бо вострае вока кожнага з удзельнікаў пільна сачыла менавіта за сваім вырабам, які быў адзіным і непаўторным. Удзельнікі конкурсу прадставілі плоскія, аб’ёмныя, пілатажныя і змейкавыя цягнікі, а таксама радыёкіруемыя канструкцыі з розных матэрыялаў, вырабленыя сваімі рукамі. Даўжыня леера складала да 30 метраў.
Як паведаміла Наталля Васільеўна Бурая, загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, згодна з умовамі спаборніцтва, паветраны змей павінен быў насіць імя нашага земляка, які за свой подзвіг, здзейснены ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Крылы змеяў вынеслі ў нябёсы прозвішчы Марата Казея, Веры Харужай, Надзеі Траян, Аляксея Антоненкі і іншых. Удзельнікі спаборнічалі ў трох намінацыях: “Гераічны вандроўнік” — самы прыгожы змей, “Уладар нябёс” — самы вялікі змей, “Змяіны вышэйшы пілатаж” — самы тэхнічны змей. Кожны са змеяў павінен быў лунаць у паветры не менш за 5 хвілін. За гэты кароткі час удзельнікі спаборніцтваў лоўка лавілі вецер і ўздымалі сваіх змеяў на ўсё большую вышыню. Гэта ўдалося толькі тым, хто зрабіў самага хуткага і спрытнага змея, які адпавядаў усім неабходным нарматывам і тэхнічным характарыстыкам. У выніку спаборніцтваў у намінацыі “Гераічны вандроўнік” перамог навучэнец сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Мінскай вобласці Уладзімір Дылеўскі. У намінацыі “Уладар нябёс” першым стаў прадстаўнік Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Гродзенскай вобласці Міхаіл Лобач. У намінацыі “Змяіны вышэйшы пілатаж” перамог Аляксей Лобан з Капыльскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мінскай вобласці.

Ала КЛЮЙКО.