Дэлегацыя з Томскай вобласці Расіі знаёміцца з вопытам работы дашкольных устаноў Гродзеншчыны

- 17:27Образование

Калег з розных краін аддзяляе адлегласць больш чым у 4,5 тысячы кіламетраў і чатырохгадзінная розніца ў часе, але разам з тым шмат што аб’ядноўвае. Абодва бакі адукацыйнага супрацоўніцтва імкнуцца да ўдасканалення работы ўстаноў дашкольнай адукацыі кожны ў сваім рэгіёне. Менавіта гэты момант стаў вызначальным у дыялогу калег. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У Гродна прыехалі загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі — усяго 23 кіраўнікі дзіцячых садоў Томскай вобласці, — адзначыла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ГрАІРА Марына Дабрадушанка. — Паколькі каманда гасцей у аснове сваёй — кіраўнікі, іх цікавіць, як зрабіць работу ўстановы адукацыі эфектыўнай, стварыць адукацыйнае асяроддзе і пабудаваць узаемадзеянне з усімі суб’ектамі сістэмы адукацыі.

На працягу шасці дзён прадстаўнікі Томскай вобласці будуць знаёміцца з вопытам работы калег з Гродна, стануць удзельнікамі майстар-класаў і практыкумаў. Праграма складзена такім чынам, каб госці змаглі ўбачыць сістэму адукацыі ў розных зрэзах — гэта інавацыйныя праекты, даследчая дзейнасць, робататэхніка, работа матчынай школы і многае іншае.

Першы дзень міжнародных зносін калег стартаваў з круглага стала ў ГрАІРА. Удзельнікі сустрэчы даведаліся, як пабудавана і якімі ўстановамі прадстаўлена сістэма дашкольнай адукацыі на Гродзеншчыне, азнаёміліся з асаблівасцямі такой сістэмы ў Томскай вобласці.

— Адна з асаблівасцей арганізацыі кіравання дзіцячым садам заключаецца ў тым, што сад можа складацца з некалькіх асобных карпусоў — ад аднаго да пяці, якія могуць размяшчацца ў розных мікрараёнах. Загадчыку дзіцячага сада вельмі важна пабудаваць сістэму кіравання, зразумець ключавыя механізмы ўзаемадзеяння з педагагічным калектывам, — патлумачыла загадчыца кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Томскага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў адукацыі Таццяна Гарохава.

Са слоў суразмоўніцы, у Томскай вобласці сёння 320 адукацыйных арганізацый, якія ажыццяўляюць дашкольную адукацыю. Гэта больш за 160 муніцыпальных дзіцячых садоў. Да таго ж праграмы дашкольнай адукацыі рэалізуюцца таксама на базе школ Томскай вобласці і нават на базе нацыянальных даследчых Томскага дзяржаўнага і Томскага політэхнічнага ўніверсітэтаў, у недзяржаўным сектары. Для гасцей з Томска візіт у Гродзенскую вобласць не толькі магчымасць прадукцыйнага дыялогу з калегамі, а яшчэ і даволі сімвалічны адукацыйны мост, якім для іх завяршаецца год, аб’яўлены ў Расіі Годам педагога і настаўніка.

 — Нам цікавы экалагічныя праграмы і праграмы духоўна-маральнага, патрыятычнага, фінансавага выхавання. Гэтыя тэмы сёння набываюць новыя грані свайго гучання, і такая тэндэнцыя — яшчэ адзін момант, які аб’ядноўвае нашы рэгіёны,  — сказала Таццяна Гарохава.

Першым пунктам непасрэднага знаёмства з дашкольнымі ўстановамі Гродна стаў дзіцячы сад № 101, які носіць статус “Зялёная школа”. Аб асноўных напрамках рэалізацыі адукацыйнага праекта расказала загадчыца дашкольнай установы Жанна Казловіч. Служыць гэтаму нават афармленне адукацыйнай прасторы, у чым упэўніліся госці падчас экскурсіі. Пабывалі яны і на пазнавальных занятках старшай групы выхаванцаў “Свята вады”.

— У Беларусі ўпершыню, і гаспадарчы падыход здзівіў літаральна з парога: вашы палі ўсе ўбраныя. Такі ж гаспадарскі падыход убачылі і непасрэдна ў дзіцячым садзе № 101. Усё вельмі эстэтычна, і важна, што аформленыя ў цікавай форме холы дашкольнай установы працуюць на адукацыю дзяцей. Многія моманты ўзяла на заметку, — адзначыла Ірына Кітлер, загадчыца муніцыпальнай аўтаномнай дашкольнай установы камбінаванага віду № 6 Томска.

У падпарадкаванні суразмоўніцы — чатыры асобныя корпусы дзіцячых садоў у звыклым нам разуменні. Тры з іх размешчаны побач, а чацвёрты — у іншым канцы горада. Гэта трохпавярховы дзіцячы сад на 220 месцаў. Усяго ж свайго роду садаўскі холдынг пад кіраўніцтвам госці аб’ядноўвае амаль 850 выхаванцаў.

Азнаёміцца ў Гродне томская дэлегацыя таксама з вопытам работы трох дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, а таксама дзіцячага сада ў маладым мікрараёне Альшанка № 110. Гасцей чакаюць не толькі экскурсіі па ўстановах дашкольнай адукацыі. У праграме візіту — азнаямленчая экскурсія па горадзе над Нёманам. Убачаць педагогі з Томска таксама Мірскі і Нясвіжскі замкі, пабываюць на спектаклі ў абласным драмтэатры.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлены ГрАІРА