Для працы не шкада і паловы жыцця

- 15:18Спецыяльная адукацыя

Выбар прафесійнага шляху праходзіць па-рознаму. Адны з самага дзяцінства ведаюць, кім стануць, другія разумеюць гэта ў падлеткавым узросце, трэція знаходзяць справу па душы толькі пасля дзвюх “вышэйшых” і трох змен працоўнага месца. А ёсць яшчэ чацвёртыя, пятыя, шостыя… Напэўна, самым прыемным застаецца першы варыянт, бо калі сілы не марнуюцца на выбар шляху, а ідуць на ўдасканаленне сябе як прафесіянала, карысці гэта прыносіць больш. Галіна Мікалаеўна КАРАТКЕВІЧ з дзяцінства ведала, што хоча працаваць педагогам.

Яе мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Толькі дзяўчынка не хацела засяроджвацца на канкрэтным прадмеце, і калі надышоў час паступлення, Галіна Мікалаеўна паступіла на дэфекталагічны факультэт тагачаснага Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага.

— У 1981 годзе я скончыла вучобу і па размеркаванні трапіла ў дапаможную школу-інтэрнат № 5 Гомеля. Там з’явілася стаўка настаўніка-дэфектолага дашкольнай адукацыі. З таго часу і працую ў гэтай галіне.

Праз год педагог-дэфектолаг перайшла ва Улукаўскую дапаможную школу-інтэрнат Гомельскага раёна. Мужу там прапанавалі пасаду завуча, і маладая сям’я вырашыла змяніць вялікі горад на вёску. Прайшло ўжо амаль 40 гадоў, а Галіна Караткевіч так і працуе настаўнікам-дэфектолагам.

— Я развівалася заўсёды, не стаяла на месцы. Ездзіла на курсы, шукала метады работы з дзецьмі. Імкнуся ствараць нешта новае з уласнага вопыту работы і чытаю літаратуру педагогаў-наватараў.

Вопыту ў Галіны Мікалаеўны хапіла б і на асабістую кнігу. У асноўным яна праводзіць заняткі па развіцці маўлення, фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў і інш. Дэфектолаг не любіць суха тлумачыць тэму, напэўна, дашкольнікі і не вытрымалі б такіх урокаў. Дзецям па­трэбны эмоцыі, гульні, узаема­дзеянне.

— Часта прымяняю нетрадыцыйныя метады навучання: маляванне далонькамі, пальчыкамі, аплікацыі з папяровых ручак, з кавалачкаў паперы, тканіны, нітак, з пластылінавых шарыкаў. Гэтыя прыёмы, як частка інтэграваных заняткаў, выклікаюць у дзяцей не проста цікавасць, а бурныя эмоцыі. Яны раней і не ведалі, што з кавалачкаў можна стварыць цэлае, — гаворыць Галіна Караткевіч. — Я стараюся не разві­ваць тэму як тэму, а ўплятаць у яе нейкі від дзейнасці. Напрыклад, калі мы вывучаем посуд, то робім з пацерак кубкі, сподкі, чайнікі. Дзецям гэта падабаецца. Плюс, развіваючы дробную маторыку рук, мы развіваем маўленне і мысленне. Малышы нават не заў­важаюць, што яны вучацца. Гэтыя веды як снежны камяк накочваюцца і накочваюцца.

Заняткі пачынаюцца ў 9 раніцы. Спачатку ідуць групавыя і падгрупавыя, потым — індывідуальныя. Апошнія больш падабаюцца і настаўніцы, і дзецям. На групавых занятках адно дзіця хоча займацца, іншае не, гэта стварае пэўныя складанасці. На індывідуальных занятках вучні лепш успрымаюць інфармацыю, больш настроены на работу, і педагог можа быць бліжэй да малышоў.

— Навучаючы дзяцей, я вучуся сама тым метадам і прыёмам, якія трэба выкарыстоўваць. Усім патрэбен індывідуальны падыход, бо ў кожнага свая асаблівасц­ь, свая псіхіка.

Галіна Мікалаеўна прытрымліваецца меркавання, што кожны педагог павінен быць псіхолагам. “Спачатку настаўніку трэба абследаваць вучня, а потым праводзіць з ім заняткі”. Дэфектолаг — гэта і псіхолаг, і настаўнік, і лагапед. Такая вялікая колькасць абавязкаў патройвае і добрыя эмоцыі.

— Самае прыемнае — гэта вынік. Тады і дадому ляціш на крылах, і на работу бяжыш, і хочацца зноў нешта новае зрабіць. Выпадкі, калі я бачу вынік, грэ­юць душу.

Яшчэ праз год-два вучні пераходзяць у першы клас, яны працягваюць бачыцца з мінулымі настаўнікамі, расказваюць ім пра сваё новае жыццё, а педагогі радуюцца іх поспехам.

— Нейкі асаблівы шлях праходзіш з нашымі дзецьмі. Гэта не проста шлях навучання, гэта і духоўнае станаўленне іх і маё.

Амаль 40 гадоў. Цяпер, калі мноства артыкулаў крычаць “Спрабуй нешта новае! Не заседжвайся на адным месцы!”, складана такое ўявіць. Галіна Мікалаеўна свой выбар зрабіла і, здаецца, пра яго не шкадуе.

— Што значыць палова жыцця? Яе не выкінеш, ёй трэба аддацца. Калі не аддасіся — жыцця няма.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Г.М.Караткевіч.