Для выхаванцаў — другая маці

- 10:36Людзі адукацыі

Для гэтай жанчыны педагогіка стала не проста любімай справай, а, як яна сама адзначыла, станам душы. Выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7 Магілёва Таццяна Рачонак прыйшла ў дашкольную адукацыю маладой дзяўчынай. З таго часу мінула больш за 20 гадоў, і яна ні разу не засумнявалася ў правільнасці выбару прафесіі.
Яшчэ студэнткай, спасцігаючы азы педагогікі, Таццяна запомніла словы адной са сваіх настаўніц: “Для выхаванцаў вы павінны стаць другімі мамамі”. Гэтай парады яна прытрымліваецца на працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці.
Таццяна Уладзіміраўна бязмежна любіць сваіх выхаванцаў. Любіць за тое, што яны такія розныя, за іх дапытлівасць, адкрытасць, давер. Давер дзетак яна стараецца апраўдваць. Да кожнага малыша шукае індывідуальны падыход, стараецца, каб любы дзень, праведзены ў дзіцячым садзе, стаў для іх падзеяй, напоўненай шчаслівымі і радаснымі момантамі.У сваёй рабоце Таццяна Рачонак актыўна выкарыстоўвае інавацыйныя тэхналогіі, сучасныя падыходы, методыкі ў развіцці і навучанні дзяцей. Асаблівае значэнне надае маральнаму выхаванню дашкольнікаў. Яна выбудавала сваю сістэму заняткаў, якая спрыяе сацыялізацыі выхаванцаў і іх далучэнню да вышэйшых духоўных каштоўнасцей. Уласным вопытам і напрацоўкамі Таццяна Уладзіміраўна пастаянна дзеліцца з калегамі.
Плённая педагагічная дзейнасць не засталася незаўважанай. Таццяна Рачонак з’яўляецца прызёрам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Выхавальнік года”, пераможцай аналагічнага раённага конкурсу, узнагароджана ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад.
Важна, калі праца адзначана, але для Таццяны Уладзіміраўны не гэта галоўнае. Бывае які-небудзь малыш, забыўшыся, называе яе мамай. Менавіта такія моманты яна лічыць сваёй вышэйшай узнагародай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.