Дні незабыўнага адпачынку ў “Турысцяняці”

- 10:33Нам пішуць

Ранні падём, ранішні туалет, зарадкаі ўсё гэта на свежым паветры. Менавіта так пачынаўся дзень у юных турыстаў-краязнаўцаў у паходным лагеры з кругласутачным знаходжаннем Турысцяня”, які разгарнуўся гэты летам у лясным масіве каля помніка загінуўшым воінам на тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў Калінкавічах.

Змена турыстычнага лагера працягвалася 9 дзён, на гэты час юныя турысты забылі пра свае гаджэты і наблізіліся да прыроды, акунуліся ў атмасферу турызму і актыўнага адпачынку.

Пасля снедання пачынаецца самае цікавае: спаборніцтвы, заняткі па турызме ці спартыўным арыентаванні, ваенна-патрыятычная гульні.

Кожны дзень, праведзены ў лагеры, суправаджаўся мноствам арганізаваных цікавых і займальных мерапрыемстваў, расказвае начальнік лагера Анатоль Галеня. Гэта пасвячэнне ў турысты, квест-гульня “Падарожнічаем па Калінкавічах”, ваенна-патрыятычная віктарына “Да абароны Радзімы будзь гатовы”, спаборніцтвы па стральбе і іншыя спартыўныя гульні.

Кожны дзень праходзілі прафілактычныя гутаркі аб правілах бяспечных паводзін у лесе. У рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню” прайшла сустрэча з супрацоўнікамі МНС, якія расказалі, як засцерагчы сябе ад надзвычайных сітуацый, чаму нельга наведваць лес, калі гэта забаронена і што рабіць падчас навальніцы. Пазнавальнай была гутарка з інспектарамі ДАІ: дзеці пачулі шмат карыснай інфармацыі і атрымалі яркія буклеты ў падарунак.

Асаблівае месца ў жыцці лагера занялі экскурсіі. З задавальненнем дзеці наведвалі кінатэатр, гарадскі парк культуры і адпачынку. Але самай цікавай, па меркаванні большасці, была паездка ў Мазыр, дзе юныя турысты сталі ўдзельнікамі квест-гульні “Мая Радзіма — Беларусь”, падрыхтаванай для іх клубамі ЦТДіМ Калінкавіч “Віцязь” і “Пешы турызм”.

Хлопцы і дзяўчаты спаборнічалі ў тэхніцы турызму, краязнаўчай віктарыне, рашалі лагічныя задачы. Гульня дазволіла ім даведацца шмат цікавага пра нашу краіну і праверыць веды па яе гісторыі. Пасля завяршэння квеста ўсе ўдзельнікі атрымалі прызы і адправіліся ў лагер.

У канцы дня — вячэра, вясёлыя гульні і доўгія размовы пра мінулы дзень, перажытыя эмоцыі і тое, што яшчэ трэба зрабіць заўтра. Успаміны пра кожны дзень захавала газета “Будні лагера”, якую стваралі выхаванцы.

— У лагеры дзеці вучацца адказна ставіцца да сябе і сваіх таварышаў, атрымліваюць практычныя ўменні пры аказанні першай медыцынскай дапамогі, прывыкаюць да здаровага ладу жыцця, — дзеліцца Таццяна Касцючэнка, педагог, якой выпала магчымасць працаваць у якасці выхавальніка. — Канікулы — гэта час не толькі для адпачынку, але і для пашырэння кругагляду, творчасці і засваення новай інфармацыі.

Сумаваць на працягу змены не было часу, вось толькі дзевяць дзён праляцелі непрыкметна. Расставацца нікому не хацелася, таму хлопцы і дзяўчаты разам са сваімі педагогамі вырашылі зноў сабрацца і адправіцца на экскурсію ў Тураў, дзе ў сваёй дружнай кампаніі весела і цікава правялі яшчэ адзін летні дзень.

Ала ВЕКА,
педагог дадатковай адукацыі ЦТДіМ Калінкавіч Гомельскай вобласці.