Дні ўдзячнасці

- 15:02Нам пішуць, Рознае

Штогод 14 кастрычніка мы ўсе спяшаемся да нашых мам, каб яшчэ раз праявіць клопат і пацвердзіць сваю любоў. 

З пакалення ў пакаленне для кожнага маці — галоўны чалавек. Яна патрэбна кожнаму дзіцяці, колькі б яму ні было: два гады ці сорак гадоў. Якімі б сталымі, моцнымі, разумнымі ні станавіліся дзеці, мама заўсёды застанецца мамай, а дзеці — дзецьмі. Становячыся маці, жанчына адкрывае ў сабе лепшыя якасці: дабрыню, клапатлівасць, любоў.

У нашай школе на працягу некалькіх гадоў стала добрай традыцыяй праводзіць мерапрыемствы ў рамках Тыдня маці “Дні ўдзячнасці. Маці сваёй мы дзякуем”.

Напярэдадні і ў Дзень маці прайшлі тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны. Сярод іншых мерапрыемстваў — літаратурная кампазіцыя “Мама… Жыццё падарыла”, гасцёўні “Пагавары са мною, мама”, “Мама, імя тваё пранясу скрозь гады як святыню”, тэматычныя сустрэчы “За ўсё табе я дзякую”, “Мая матуля даражэй за ўсіх”.

Вучні 9—11 класаў падчас класных гадзін “Шчасце — гэта калі…”, “Самае каштоўнае і дарагое ў свеце”, “Матчына каханне” разважалі не толькі пра сваю любоў да маці, але і пра беражлівае стаўленне да сямейных каштоўнасцей, інстытуту шлюбу і сям’і.

У дзень свята, 14 кастрычніка, валанцёры школы разам з педагогам-арганізатарам Аленай Уладзіміраўнай Сіліцкай правялі віншавальную акцыю “Цяпло сэрцаў для нашых мам” на вуліцах горада. Яны віншавалі мам, маладых і тых, якія ўжо сталі бабулямі, са святам, дарылі ім сімвалічныя сэрцайкі з цёплымі і шчырымі пажаданнямі. А мамы ў сваю чаргу маглі выказаць “калегам” — іншым маці — свае пажаданні, запісаўшы іх на невялікіх лістоўках.

У суботні дзень вучні 3 і 4 класаў сабраліся разам са сваімі мамамі і бабулямі на сямейна-забаўляльную праграму “Нам весела разам, ці Няхай заўжды будзе мама”, падчас якой 4 сям’і спаборнічалі ў розных конкурсах, а дзеці дарылі мамам-удзельніцам і мамам-глядачкам свае самыя прыгожыя і кранальныя вершы і песні.

І няхай словы падзякі нашым мамам, якія дораць нам любоў, дабро, пяшчоту і ласку, гучаць як мага часцей!

Аксана ЗАНЬКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 1 Ганцавіч Брэсцкай вобласці.