Дырэктар школы № 118 Мінска Мікалай Кныш – пра складнікі станоўчага іміджу школы і эфектыўнае кіраўніцтва

- 10:23Персона, Приложение, Школа управления

Пра складнікі станоўчага іміджу школы і эфектыўнае кіраўніцтва карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам сярэдняй школы № 118 Мінска Мікалаем Кнышам. Мікалай Валяр’янавіч на адміністратарскіх пасадах у сістэме адукацыі больш за 30 гадоў.

— Гісторыя вашага станаўлення як педагога і кіраўніка пачалася…

— У 90-х гадах, калі скончыў тады яшчэ Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І.Леніна. Вучыўся з перапынкам у 2 гады на службу ў арміі. Стаў дыпламаваным настаўнікам беларускай і рускай мовы і быў размеркаваны ў Мінск, на што паўплывалі высокія адзнакі ў дыпломе. Яшчэ студэнтам працаваў у школе, і педагагічная дзейнасць мне вельмі падабалася. Але ў выніку пайшоў працаваць у сярэднюю спецыялізаваную школу, якая адкрылася пры БДУ (цяпер Ліцэй БДУ). Першым яе дырэктарам быў цяперашні рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. Ён запрасіў мяне на пасаду свайго намесніка па вучэбнай рабоце. І ў 25 гадоў я ўжо быў на адміністратарскай пасадзе. З гэтага моманту пачалася мая паўнавартасная педагагічная і кіраўнічая дзейнасць. Працаваў у калектыве аднадумцаў і энтузіястаў. Многія прыйшлі з камсамола, дзе былі актывіс­тамі. Праводзілі ў школе столькі часу, колькі патрабавалася, ра­зам шукалі новае, ездзілі, вучыліся, стваралі. Было вельмі цікава. У гэтай школе я адпрацаваў 6 гадоў. І, канечне, многаму навучыўся.

Затым перайшоў на чарговую кіраўнічую пасаду — у аддзел адукацыі Ленінскага раёна сталіцы, дзе таксама адпрацаваў 6 гадоў. Далей вырашыў паспраба­ваць сябе ў ролі дырэктара школы. І месца было якраз у ­118-й школе. Яна асабліва нічым не вылучалася. Побач была гімназія № 1 імя Ф.Скарыны, якая стала папулярнай і вабіла дзяцей з усяго раёна. Таму перада мной стаяла задача — захаваць кантынгент навучэнцаў, арганізаваць і аб’яднаць педагагічны калектыў, бо назіраўся пэўны кадравы голад. Спачатку, вядома, былі цяжкасці і няўдачы. Але з часам школа змянілася, сталі з’яўляцца добрыя водзывы. Адтоку дзяцей у нас няма па гэты дзень. Мы стабільна набіраем першыя класы (сёлета да нас хочуць трапіць 70—80 чалавек), а на свабодныя месцы ў старшых класах назіраецца конкурс.

Школай кірую ўжо 22 гады. Я на сваім месцы. Хаджу па школе не проста нагамі, а душой. Лічу, што трэба любіць і шанаваць тое месца, дзе ты працуеш. Маё педагагічнае крэда і простае, і складанае: “Гадаваць шчаслівых дзяцей і вучыць дзіця быць шчаслівым”. А кіраўніцкае крэда штодзень загартоўвае: “Поспех школы — заслуга калектыву, няўдача — памылка дырэктара”.

— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя. Якія яго функцыі, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі і эфектыўнымі?

— У большасці сваёй эфектыўнымі кіраўнікамі не нараджаюцца, а становяцца. Атрымаць веды і навыкі эфектыўнага мене­джменту можна падчас  спецыяльнага навучання ці шляхам сама­адукацыі. У абодвух выпадках для кіраўніка вялікае значэнне мае матывацыя. Ёсць матывацыя — будзе і поспех. Яна складаецца з асабістых амбіцый (я не горшы за іншых), імкнення зрабіць кар’еру (дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам), школьнага пат­рыятызму (мая школа лепшая), жадання зарабіць (лепш працуеш — больш атрымліваеш).

Сучасны кіраўнік (дырэктар школы) з’яўляецца каардынатарам, сацыяльным будаўніком, носьбітам усяго новага і прагрэсіўнага. Грунтуючыся на розных прынцыпах кіравання, кіраўнік павінен зыходзіць з чалавекацэнтрычнага падыходу. І тут на дапамогу можа прыйсці сістэма Дэйла Карнегі, выкладзеная ім у знакамітых 10 правілах.

  1. Пачынайце з пахвалы і шчырага прызнання годнасці суразмоўніка.
  2. Указвайце на памылкі іншых не прама, а ўскосна. Прамая крытыка бескарысная, бо яна прымушае абараняцца.
  3. Спачатку гаварыце пра ўласныя памылкі, а потым крытыкуйце суразмоўніка.
  4. Задавайце суразмоўніку пытанні замест таго, каб яму нешта загадаць.
  5. Давайце людзям магчы­масць выратаваць свой прэстыж.
  6. Будзьце шчодрыя на пахвалу.
  7. Стварайце людзям добрую рэпутацыю, якую яны будуць імкнуцца захаваць і апраўдаць.
  8. Заахвочвайце. Стварайце ўражанне, што памылкі лёгка выправіць, рабіце так, каб усё, да чаго вы заахвочваеце людзей, здавалася ім простым.
  9. Дабівайцеся таго, каб лю­дзям прыемна было рабіць тое, што вы хочаце.
  10. Давайце людзям магчымасць захоўваць сваё аблічча.

Гэтыя правілы пра тое, як зрабіць калектыў лепшым. Ідэальна, калі пажаданні дырэктара супадаюць з магчымасцямі педагогаў і пры гэтым усе працуюць з задавальненнем.

— Мікалай Валяр’янавіч, вы атрымалі прэмію Мінгарвыканкама за работу па ўдасканаленні кіраўнічай дзейнасці як фактара павышэння прэс­тыжу навучальнай установы, уваходзіце ў камісію па кадравым рэзерве ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна. Што параіце маладым дырэктарам?

— Не рабіце ўсё самастойна, не лічыце сябе лепшымі за іншых, не бярыцеся за ўсе справы адразу, не пераносьце на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, выразна размяжоўвайце функцыі работнікаў, вызначайце канкрэтныя заданні і абавязкі, не перакладвайце ўласныя недапрацоўкі на іншых. Эфектыўны кіраўнік у сучасным грамадстве той, хто ўмее правільна ставіць і вырашаць задачы.

— А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Усе дакументы важныя. Але ў першую чаргу заўсёды пад рукой павінен быць Кодэкс Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі, пастанова Міністэрства адукацыі аб установе агульнай сярэдняй адукацыі. Не абысціся ў нашай працы і без санітарных норм і правіл, якімі дырэктар павінен кіравацца штодня. Яшчэ важнымі з’яўляюцца Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі і адпаведная праграма, якая разлічана да 2030 года. Вядома ж, у полі зроку заўсёды павінны быць адукацыйныя стандарты і 10 правіл педагога.

Увогуле, нарматыўна-прававая база ў сістэме адукацыі цалкам распрацавана, усе алгарытмы прапісаны, таму калі вы пачынаючы кіраўнік, то проста бярыце і вывучайце. Але ж дырэктар — гэта яшчэ і гаспадар, які павінен пастаянна сачыць за станам будынка школы, за тэрыторыяй і тым, што на ёй знаходзіцца. Дырэктар пачынае несці адказнасць абсалютна за ўсё прама з брамкі. Ён становіцца спецыялістам па кветках, раслінах, камунікацыях, спартыўным і вучэбным абсталяванні, фарміруе і распараджаецца бюджэтам школы.

Важна сачыць за рэгулярным абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбных кабінетаў. Дарэчы, пераабсталёўваем іх як за ўласныя сродкі, так і з дапамогай дзяржавы. У рамках рэалізацыі праграмы Міністэрства адукацыі мы атрымалі кабінет біялогіі з сучаснымі сродкамі навучання. Новы кабінет паўплываў на матывацыю настаўніцы біялогіі, якая проста ажыла, а праз некаторы час у яе пачалі з’яўляцца дасягненні ў алімпіядным руху.

Я вельмі люблю парадак і ўтульнасць. Заўсёды цікаўлюся меркаваннем калег на гэты конт. У выніку мы разам творым прыгажосць. Школа павінна прыцяг­ваць. У ёй заўсёды адчуваюцца свая атмасфера і дух, фарміра­ваць якія неабходна штодня, бо школа — гэта месца агульнага прыцяжэння.

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа?

— Само паняцце, вядома, існуе, але ідэальных школ не бывае. Школа можа быць прэстыжнай або проста добрай. Калі бацькі гавораць, што ў нас добрая школа, то мяне такая пахвала стымулюе. Прэстыж школы ў яе напаўненні. У першую чаргу гаворка ідзе пра кадры, адміністрацыю, кантынгент навучэнцаў. У нашай школе працуе вельмі працаздольная каманда настаўнікаў пачатковых класаў. І пра нас добра адгукаюцца. Сучасныя бацькі выбіраюць школу не па месцы знаходжання, а па педагогах. Яны разумеюць, што адукацыйны падмурак закладваецца менавіта настаўнікам пачатковых класаў.

Яшчэ школа заўсёды адметная інавацыямі, якія дапамагаюць рухацца наперад. Вучэбны і выхаваўчы працэсы, якія ў сучаснай педагагічнай навуцы зай­маюць вядучае месца, накіраваны на перадачу навучэнцам ведаў, уменняў і навыкаў, якія спрыя­юць фарміраванню асобы, грама­дзянскасці. Усе змяненні дыктуюцца часам, мяняюцца адносіны да навучання, выхавання і развіцця. Інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыі дазваляюць рэгуля­ваць навучанне, накіроўваць яго ў патрэбнае рэчышча. Трэба не баяцца браць у работу новае, каб адыхо­дзіць ад стэрэатыпаў. Мне здаецца, што адна з прычын нежадання прымяняць інавацыі ў сучасным адукацыйным пра­цэсе тоіцца ў блакіраванні жыццёвых патрэб і набытага камфорту. Я заўсёды гавару сваім настаўнікам: “Вы можаце ўсё, і нават больш”. Мы не раз станавіліся ўдзельнікамі інавацыйных праектаў, у сваёй дзейнасці выкарыстоўваем тэхналогію крытычнага мыслення, гульнявыя і здароўезберагальныя тэхналогіі, ТРВЗ-­педагогіку, выхаваўчую сістэму “Крок за крокам”, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

Педагогі школы — удзельнікі і прызёры раённых і гарадскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Акадэмія ўрока”, метадычнага вернісажу “Магу навучыць”. Асобна хачу адзна­чыць настаўніцу геаграфіі Таццяну Уладзіміраўну Сакольчык, якая не першы год рыхтуе пераможцаў другога, трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Сёлета ў нас таксама ёсць перамога на рэс­пуб­ліцы. Дыплом І ступені заваяваў дзевяцікласнік Аляксей Клімко. Наша школа, дзякуючы Аляксею, была ўдастоена ўзнагароды — “Ленінскага Алімпа”, які нам уручылі падчас цырымоніі ўшанавання таленавітых вучняў раёна, якая сёлета праходзіла ў Лошыцкай сядзібе.

Хочацца падзякаваць начальніку ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталлі Кучынскай за падтрымку і натхненне на пакарэнне новых метадычных, выхаваўчых і арганізацыйных вяршынь. Дзякуючы яе актыўнасці і руплівай дзейнасці, мы ўвесь час абменьваемся вопытам з калегамі са сталіцы і іншых рэгіёнаў. Адукацыйныя падарожжы сталі добрай традыцыяй.

— Сёння шмат увагі ўдзяляецца арганізацыі выхаваўчай прасторы навучальнай установы. Кожная школа імк­нецца набыць свае адметнасці. Чым у гэтым плане вылучаецца 118-я сталічная школа?

— Выхаванне падрастаючага пакалення — працэс няпрос­ты і адказны, але мы знайшлі сваю нішу. На фарміраванне грамадзянскасці і лідарскіх якасцей вучняў накіравана наша работа па развіцці вучнёўскага самакіравання праз супрацоўніцтва з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі. На базе школы дзейнічае раённая адкрытая пляцоўка “Тэрыторыя лідарства”, у рамках якой для навучэнцаў Ленінскага раёна праводзяцца трэнінгі, адкрыты пакой лідарства. План работы адкрытай пляцоўкі ўключае заняткі для навучэнцаў з улікам іх узросту і пажаданняў, а таксама семінар для намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце і педагогаў-арганізатараў. Акрамя таго, мы ў гэтым кірунку з’яўляемся прэзентацыйнай пляцоўкай для слухачоў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, МДІРА, ГА “БРПА”.

Таксама хачу звярнуць увагу на інфармацыйна-адукацыйны праект “ШАГ”, які прызваны фарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне, актыўную жыццёвую пазіцыю, развіваць даследчыцкія кампетэнцыі, удасканаль­ваць уменні працаваць з інфармацыяй. Гэты праект унікальны сустрэчамі школьнікаў з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання розных узроўняў. У навучальныя ўстановы пачалі прыходзіць людзі, якія займаюць высокія пасады, чаго раней ніколі не было. І яны — не проста прафесіяналы найвышэйшага класа, але і яркія, цікавыя субяседнікі. Прынамсі нашым вучням вельмі запомнілася сустрэча са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, якая ўразіла сваёй шчырасцю і адкрытасцю. 

У нас пабудавана мадэль сучаснага педагагічнага ўплыву на выхаваўчую прастору праз узаемадзеянне з класным вучнёўскім самакіраваннем. Так, у кожным класе працуюць каманды Поспеху, Парадку, Дабра, Крэатыву на чале з лідарам і яго намеснікам. На працягу месяца самакіраванне класа дэманструе сваю дзей­насць і адзін раз у месяц падводзіць вынікі на класнай гадзіне, падчас якой дзеці самі право­дзяць аналіз работы класа. Абмяркоўваюцца спазненні, пропускі ўрокаў, прытрымліванне дзелавога стылю адзення, вя­дзенне дзённікаў, паводзіны, удзел у мерапрыемствах, паспяховасць.

У 2022/2023 навучальным го­дзе ў школе створаны патрыятычны атрад “Вяршыня”, які прыняў удзел у нясенні Ганаровай вахты Памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска. Ёсць сцягавая група, якая выносіць сцяг на кожным школьным мерапрыемстве. У кожным класе ёсць харавая група, якая з’яўляецца запявалай падчас выканання гімна. Акрамя таго, мы стварылі музейную экспазіцыю “Ствараем будучыню, не забываючы пра мінулае”, канцэпцыя якой прадугледжвае захаванне памяці пра падлеткаў — герояў мінулага і забеспячэнне пераемнасці з піянерамі — героямі нашых дзён, якія здзейснілі подзвіг у мірны час. Трэцяя экспазіцыя прысвечана генацыду беларускага народа. Музейныя ўрокі праводзяцца кожны дзень.

— Мікалай Валяр’янавіч, што ў планах?

— Школа знаходзіцца на прас­пекце Ракасоўскага. І цяпер мы займаемся падрыхтоўкай дакументаў для прысваення школе імя Канстанціна Ракасоўскага. Працуем у гэтым кірунку разам з пасольствам Расіі. Калі гава­рыць пра вучэбны працэс, то ў наступным годзе плануем адкрыць клас фізіка-матэматычнага профілю з грамадзянска-патрыятычным кірункам. Анкетаванне паказала, што дзеці і бацькі вельмі зацікаўлены ў гэтым. Акрамя таго, будзе прадастаўлена магчымасць на павышаным узроўні вывучаць рускую і англійскую мову.

— Поспехаў вам!

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва навучальнай установы