Дысертацыя не дзеля дысертацыі, а дзеля прырашчэння навуковых ведаў

- 17:35Якасць адукацыі
фота з сайта www.polit.ru

На мінулым тыдні ў Міністэрстве адукацыі адбылося пасяджэнне бюро Рэспубліканскага савета па каардынацыі навуковых даследаванняў у галіне псіхолага-педагагічных навук. Мерапрыемства прайшло пад старшынствам першага намесніка міністра адукацыі А.І.Жука з удзелам прадстаўнікоў Прэзідыума і профільных экспертных саветаў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Былі яшчэ раз агучаны патрабаванні ВАК да дысертацый і заўвагі наконт адхіленых прац. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў са свайго боку далі аналіз забракаваных дысертацый і былі вымушаны прызнаць, што ўзровень адказнасці і прынцыповасці тых, ад каго залежыць папярэдняя экспертыза, мог бы быць і вышэйшым. У выніку работы бюро быў сфармуляваны комплекс прапаноў, накіраваных на павышэнне якасці псіхолага-педагагічных дысертацыйных даследаванняў.

Зараз у краіне дзейнічаюць 3 доктарскія і 4 кандыдацкія саветы па педагагічных навуках, а па псіхалагічных — 1 доктарскі і 1 кандыдацкі саветы. Аналіз паказаў, што з 2008 па 2012 год па педагогіцы з 114 кандыдацкіх і 13 доктарскіх дысертацый зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй па 69% работ. Па псіхалогіі падобная карціна: з 43 дысертацый зацверджана 31, што складае 72%. Калі параўноўваць з іншымі гуманітарнымі навукамі, то гэта адзін з самых горшых паказчыкаў.
Пытанне якасці дысертацыйных даследаванняў абмяркоўвалася ў 2011 годзе на сумесным пасяджэнні Прэзідыума ВАК, Прэзідыума НАН Беларусі і Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ з выпрацоўкай сістэмы мер. А напрыканцы мінулага года Прэзідыум ВАК разгледзеў пытанне падрыхтоўкі дысертацый па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка прафесійнай адукацыі” і таксама прапанаваў шэраг рашэнняў. Апошняе пасяджэнне бюро прайшло па даручэнні міністра адукацыі С.А.Маскевіча, паколькі станоўчай дынамікі не назіраецца.

фота з сайта www.polit.ruКіраўнік секцыі педагогікі, доктар педагагічных навук, прафесар І.І.Цыркун і кіраўнік секцыі псіхалогіі, доктар псіхалагічных навук, прафесар І.А.Фурманаў прадставілі аналіз аўтарэфератаў дысертацый, якія былі адхілены ВАК у апошні час.
Так, Іван Іванавіч Цыркун прааналізаваў 25 дысертацый. Па яго словах, пік незацверджаных прац прыйшоўся на 2011 год: 12, ці больш за 46% ад агульнай колькасці адхіленых Прэзідыумам ВАК ці знятых з разгледжання.
Экспертная група выявіла наступныя агульныя недахопы незацверджаных дысертацый: большасць саіскальнікаў не валодаюць сучасным стылем навуковага мыслення, схільны да шматслоўя, уключаюць у работы супярэчлівыя меркаванні, ігнаруюць дакладнасць, не выконваюць належныя эксперыментальныя ўмовы. “Саіскальнікі мала ўвагі ўдзяляюць супастаўленню атрыманых вынікаў з ужо вядомымі, што ўскладняе вызначэнне ступені навізны даследавання, — падкрэсліў вучоны. — Дысертацыя рыхтуецца дзеля дысертацыі, а не дзеля прырашчэння навуковых ведаў”.
Вось яшчэ прычыны адхілення і зняцця дысертацый з разгляду: адсутнасць навізны (што, дарэчы, не перашкаджае аўтарам актыўна друкавацца; праблема якасці публікацый вельмі злабадзённая), канцэптуальнасці, недастатковая даказальнасць, няўзгоднены навуковы апарат, невыразнасць праблемы даследавання, неадпаведнасць спецыяльнасці, нізкі ўзровень практычнай значнасці і інш.
Калі ацэньваць тэматыку работ па шкале актуальнасці, то 57% з іх малаактуальныя ці неактуальныя. Гэта значыць, што недастатковая практычная патрэба ў распрацоўцы тэмы, альбо яна ўяўляе інтарэс толькі для невялікага кола асоб.
Зусім ніякай крытыкі не вытрымліваюць работы, дзе прапушчаны яўныя памылкі. У сувязі з выяўленымі недахопамі экспертная група секцыі па педагогіцы прапаноўвае арганізаваць рэспубліканскі метадалагічны семінар па педагагічных навуках для кіраўнікоў дысертантаў і членаў саветаў, рэкамендуе праблемным саветам шырэй выкарыстоўваць тайнае галасаванне ў працэсе папярэдняга разгляду дысертацый, праводзіць іх закрытае рэцэнзаванне. “На папярэдніх этапах дысертацыі павінны разглядаць незалежныя эксперты”, — упэўнены І.І.Цыркун.
Секцыі педагогікі, на яго думку, неабходна абнавіць прыярытэтныя напрамкі дысертацыйных даследаванняў, прымаць меры па павышэнні матывацыі навуковых кіраўнікоў і аспірантаў, адказнасці за якас ць дысертацый.

Прафесар І.А.Фурманаў паведаміў, што з 1994 па 2011 год было абаронена 9 доктарскіх і 138 кандыдацкіх работ па псіхалогіі, што складае каля 1,5% у адносінах да агульнай колькасці дысертацый, абароненых у ВАК за гэты перыяд.
Прааналізавана эфектыўнасць работы двух саветаў па псіхалогіі з 2008 па верасень 2012 года. Так, у савеце пры БДПУ імя Максіма Танка падрыхтавана 29 дысертацый, з іх ВАК зацвердзіў 22. У савеце БДУ (працуе з 2009 года) абаронена 5 кандыдацкіх дысертацый, 4 зацверджаны ВАК.
Пачынаючы з 2009 года назіраецца спад абарон дысертацый па псіхалагічных навуках, канстатаваў Ігар Аляксандравіч. У 2012 годзе абаронена толькі адна дысертацыя. “Выклікае трывогу той факт, што за апошніх пяць гадоў ніводнага аспіранта з Магілёўскага, Гомельскага, Віцебскага дзяржаўных універсітэтаў не выйшла на абарону. Гэта рэгіёны, дзе працуюць аспірантуры па псіхалогіі”, — заўважыў кіраўнік секцыі.
Ігар Аляксандравіч Фурманаў адзначыў і такія трывожныя факты: у Беларусі зараз 17 дактароў псіхалагічных навук, і толькі крыху больш за палову з іх маюць абароненых аспірантаў на працягу апошніх 5 гадоў. А кандыдаты навук пасля абароны дысертацыі цалкам спыняюць усялякую навуковую актыўнасць: не рыхтуюць аспірантаў, не публікуюць вынікі навуковых даследаванняў, а засяроджаны ў асноўным на дыпломных і курсавых праектах студэнтаў.
“Прычына — у нізкай якасці падрыхтоўкі студэнтаў-псіхолагаў, якіх у рэспубліцы сёння рыхтуе хто заўгодна, — упэўнены вучоны. — У студэнтаў не фарміруецца матывацыя да навуковай кар’еры. Адпаведна, зніжаецца колькасць паступаючых у магістратуру і аспірантуру. Наступная прычына — нізкая матывацыя навуковых кіраўнікоў, якія пытаюцца: “А што я буду мець за падрыхтоўку дысертанта?”. Ад зін аспірант — гэта 50 гадзін акадэмічнай нагрузкі, што эквівалентна 5 курсавікам і 3 дыпломнікам, дзе адказнасць за адзнаку і ўклад у работу намнога меншыя”.
Аналіз праблемнага поля абароненых дысертацый паказаў абмежаванасць колькасці спецыяльнасцей і вузкасць тэматыкі. Так, 6 дысертацый прысвечаны псіхалогіі вучэбнай дзейнасці, 5 — псіхалогіі сям’і, шлюбных і бацькоўска-дзіцячых адносін, 5 — псіхалогіі паводзін адхіленняў, 3 — псіхалогіі педагагічнага ўзаемадзеяння. “Вузкасць тэматычнага поля звязана з тым, што доўгі час асноўным заказчыкам дысертацый было Міністэрства адукацыі, а падрыхтоўка кадраў ажыццяўлялася лакальна, у БДПУ і Нацыянальным інстытуце адукацыі, таму і адпавядала запытам тых устаноў, дзе праводзіліся даследаванні”, — сказаў І.А.Фурманаў.
Эксперты секцыі псіхалогіі намецілі перспектыўныя напрамкі псіхалагічных даследаванняў. Сярод іх — спецыфіка беларускай ментальнасці, сацыяльнай ідэнтычнасці, нацыянальнага характару, самасвядомасці; правядзенне маніторынгавых даследаванняў асноўных працэсаў памяці, увагі, мыслення, эмацыянальных станаў, матывацыі розных катэгорый людзей. Псіхалогія павінна суправаджаць сістэму менеджменту ў адукацыі, займацца сямейнымі адносінамі, прафілактыкай агрэсіі і дэструктыўнасці, гвалту, вывучаць фактары здаровага ладу жыцця, праводзіць даследаванні ў галіне эканамічнай, інжынернай псіхалогіі і эрганомікі, вывучаць уплыў СМІ і інтэрнэту на псіхічны стан і паводзіны дзяцей і моладзі, механізмы і заканамернасці адаптацыі да змен умоў жыцця (у тым ліку мігрантаў, замежных студэнтаў). Актуальныя, на меркаванне экспертаў, даследаванні ў галіне спартыўнай, медыцынскай, ваеннай, юрыдычнай псіхалогіі, псіхалогіі кіравання, рэкламы, маркетынгу, псіхалагічнай дапамогі насельніцтву. Словам, вучоным-псіхолагам адкрыта вялізнае поле для дзейнасці.

Свае меркаванні выказалі кіраўнікі ўніверсітэцкіх дысертацыйных саветаў, старшыня экспертнага савета ВАК па педагагічных навуках В.Л.Яканюк і намеснік старшыні экспертнага савета ВАК па псіхалагічных і філасофскіх навуках У.А.Янчук, а таксама член Прэзідыума ВАК Л.У.Хвядчэня.
У прыватнасці, дэкан факультэта псіхалогіі, сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА, доктар псіхалагічных навук, прафесар У.А.Янчук адзначыў рэзкае зніжэнне культуры навуковага мыслення і культуры навуковага доказу, што ідзе ад навуковага кіраўніка. Яшчэ адна праблема, на яго думку, звязана з экспертызай. “Экспертам павінен быць сапраўдны эксперт, а не прызначаны чалавек. Калі работу псіхолага ацэньвае медык, філосаф, то ўзнікае сумненне ў іх кваліфікаванасці”, — падкрэсліў Уладзімір Аляксандравіч. Вучоны звярнуў увагу на “местачковасць” псіхолага-педагагічных даследаванняў. “Мы рызыкуем у найбліжэйшай перспектыве, — сказаў ён, — ператварыцца ў лакальную прастору, якая не выходзіць за межы меркаванняў сваіх класікаў, аддзяліцца ад вялікай навукі. Для таго каб друкавацца ў прэстыжных навуковых часопісах, мы павінны быць аўтарытэтнымі, валодаць замежнай мовай, ведаць праблему на ўзроўні сусветнай супольнасці. А для гэтага як мінімум патрэбен доступ да асноўных міжнародных баз даных у галіне псіхалогіі і адукацыі”.

фота з сайта www.polit.ruЧлен Прэзідыума ВАК, загадчыца кафедры англійскай мовы гуманітарнага факультэта БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар Л.У.Хвядчэня звярнула ўвагу на небяспеку парушэння пераемнасці падрыхтоўкі навуковых кадраў. Але хоць сітуацыя і непакоіць Прэзідыум ВАК, яго пазіцыя такая: змагацца трэба не з вынікамі, а з прычынамі, не за колькасць дысертацый, а за іх якасць.
Людміла Уладзіміраўна адзначыла зніжэнне ў цэлым якасці гуманітарных навук (а не толькі псіхолага-педагагічных) па прычыне іх метадалагічнага збяднення. На яе думку, ёсць праблема з вызначэннем перспектыўных напрамкаў даследаванняў: яны пакуль не абноўлены і не заяўлены. У той жа час на іх аснове павінна вызначацца прыкладная тэматыка дысертацый. “Мы не замахваемся на свабоду выбару тэмы, але гэта і не зусім асабістая справа нявопытнага саіскальніка”, — адзначыла прадстаўніца прэзідыума. У якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў педагогікі яна прапанавала навуковае абгрунтаванне мадэрнізацыі сістэмы адукацыі.
Л.У.Хвядчэня назвала цэлы блок суб’ектыўных прычын няякаснага выканання дысертацый, якія схаваны ў саміх вучоных. Разбалансаваны навуковы апарат работ, засмечванне тэрміналагічнай сістэмы, фармалізм — гэтыя і іншыя недахопы дысертацый перашкаджаюць аб’ектыўна іх ацаніць. Агульная памылка дысертантаў — няўменне прадставіць навізну свайго прыкладнога даследавання. На абарону часам выносяцца павярхоўныя палажэнні. Заключэнні экспертных саветаў, на жаль, бываюць такімі ж беззмястоўнымі, як і ўся работа, канстатавала Людміла Уладзіміраўна. У некаторых выпадках мела месца нават фальсіфікацыя фактаў і прысваенне чужых заслуг. “Незразумела, як падобныя работы прайшлі некалькі этапаў папярэдняга абмеркавання і ў выніку атрымалі 100-працэнтнае галасаванне “за”, — заўважыла выступоўца.
Акрамя таго, Прэзідыум ВАК адзначае, што галоўным бічом навукі сталі замкнёнасць, карпаратыўнасць, кланавасць: адны і тыя ж людзі ў сістэме атэстацыі выступаюць у якасці экспертаў, навуковых кіраўнікоў, апанентаў, членаў саветаў і г.д. Фарміруецца навуковае братэрства, калі ўсе з усімі звязаны нейкімі адносінамі. Таму экспертыза і абарона часам прымаюць фармальны характар.
З другога боку, у складзе Прэзідыума ВАК няма спецыялістаў па ўсіх галінах ведаў. Так, у краіне 179 спецыялізаваных саветаў, 32 экспертныя саветы, і ўсяго 15 вучоных працуе ў прэзідыуме. Але іх крытэрыі іншыя: яны ацэньваюць асабісты ўклад саіскальніка ў вырашэнне праблемы, атрыманыя навуковыя вынікі, і дапамагае ім гэта рабіць, па словах Л.У.Хвядчэні, жыццёвы вопыт, агульнаадукацыйны ўзровень, веданне патрэб эканомікі. А ўсё астатняе — справа экспертаў на папярэдніх этапах ацэнкі. “Нягледзячы ні на што, нельга зніжаць планку патрабаванняў да дысертацый”, — упэўнена прадстаўніца Прэзідыума ВАК.

10 прапаноў  па павышэнні эфектыўнасці псіхолага-педагагічнай навукі

Старшыня Рэспубліканскага савета па каардынацыі навуковых даследаванняў у галіне псіхолага-педагагічных навук першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук абагульніў усе прапановы ўдзельнікаў мерапрыемства. Такім чынам, бюро прапаноўвае:
1. Больш якасна і мэтанакіравана адбіраць тых, хто ідзе ў магістратуру і аспірантуру, а найперш прыцягваць студэнтаў педагагічных і псіхалагічных спецыяльнасцей да навукі.
Эксперты секцыі педагогікі ўстанавілі, што сярэдні час напісання дысертацыі складае 8,5 года. “Трэба назапашваць напрацоўкі, пачынаючы з курсавых работ, і далей захоўваць пераемнасць навуковай тэмы ў дыпломным праекце, магістарскай, а затым і кандыдацкай дысертацыі”, — лічыць Аляксандр Іванавіч Жук.

2. Арыентавацца на пералік прыярытэтных напрамкаў, што дазволіць даследчыкам пазбягаць дробных, неактуальных тэм. Такія пералікі і па педагагічнай, і па псіхалагічнай навуцы зараз удакладняюцца. “Трэба, каб рашэнне аб актуальнасці тэмы прымала не кафедра, а больш шырокая навуковая грамадскасць”, — прапанаваў старшыня савета.

3. Павышаць адказнасць за якас ць дысертацый навуковых кіраўнікоў, загадчыкаў кафедр, прарэктараў па навуковай дзейнасці на этапе выканання работ, а таксама адказнасць саветаў на этапе папярэдняй экспертызы і абароны дысертацый. Відавочна, што сёння яна заніжана.
“Магчыма, трэба прыпыняць дзейнасць саветаў ва ўніверсітэтах, дзе па 5 гадоў няма абарон дысертацый альбо яны адхіляюцца”, — сказаў першы намеснік міністра.

4. Звярнуць увагу на склад дысертацыйных саветаў. Удзельнікі пасяджэння прапанавалі запрашаць да работы ў саветах вучоных з іншых краін — Украіны, Расіі, супрацоўнічаць з замежнымі арганізацыямі-апанентамі.

5. Аптымізаваць сетку аспірантур па псіхолага-педагагічных навуках, асабліва ў рэгіянальных універсітэтах. Магчыма, іх трэба скарачаць, улічваючы безвыніковую работу ў мінулыя гады, а каб рэгіёны не засталіся без кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, — пашыраць мэтавую падрыхтоўку аспірантаў у эфектыўных аспірантурах вядучых беларускіх універсітэтаў.

6. Рыхтаваць кадры на мэтавай аснове за мяжой. Напрыклад, псіхолагаў па асобных напрамках прапаноўваецца рыхтаваць у вядучых расійскіх цэнтрах па псіхалогіі.

7. Павышаць не толькі адказнасць, але і матывацыю навуковых кіраўнікоў. 50 гадзін за навуковае кіраўніцтва аспірантам — гэта вельмі мала. Паколькі павялічыць нагрузку да 100—200 гадзін нерэальна, прапаноўваецца пераняць вопыт, напрыклад, Таджыкістана, дзе ўсіх дактароў навук вызвалілі ад вучэбнай нагрузкі, — яны займаюцца толькі падрыхтоўкай аспірантаў.
“Таго, хто паспяхова рыхтуе дысертантаў, трэба падтрымліваць значна лепш, чым тых, хто працуе неэфектыўна. Неабходна распрацаваць сістэму крытэрыяў прэміравання, каб навуковае кіраўніцтва было выгадным і значным з матэрыяльнага пункта гледжання”, — адзначыў А.І.Жук.

8. Сачыць за ўзроўнем навуковых публікацый унутры краіны. Па рэкамендацыі ВАК пры падтрымцы Міністэрства адукацыі прапаноўваецца арганізаваць два новыя навуковыя профільныя часопісы: адзін — па педагогіцы, другі — па псіхалогіі.

9. Стымуляваць публікацыі беларускіх вучоных у прэстыжных міжнародных часопісах. БДУ, напрыклад, распрацаваў палажэнне па стымуляванні выкладчыкаў, якія друкуюцца ў часопісах з высокім імпакт-фактарам. “Трэба выходзіць на сур’ёзны міжнародны ўзровень і не замыкацца ва ўмовах беларускай навукі”, — падкрэсліў старшыня савета.

10. Узмацніць метадалагічную падрыхтоўку і інфармацыйную падтрымку саіскальнікаў і кіраўнікоў. На пастаяннай аснове павінен праводзіцца рэспубліканскі метадалагічны семінар па псіхолага-педагагічных навуках. Універсітэтам будзе забяспечаны доступ да міжнародных баз даных.

Падрыхтавала Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by