Дзеці павінны жыць і выхоўвацца ў сям’і

- 10:52Сацыяльны ракурс

11 лістапада ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшоў І Рэспубліканскі форум замяшчальных сем’яў. Удзел у ім прынялі прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі, бацькі-ўсынавіцелі, апекуны і спецыялісты па сямейным уладкаванні з усіх абласцей краіны. Адметным гэты форум стаў таму, што на ім ішла сапраўды шчырая гаворка не проста пра поспехі і дасягненні, але і пра шляхі сумеснага пераадольвання складанасцей, пра існуючыя праблемы — адразу з прапановамі па іх вырашэнні.

Чужых дзяцей не бывае

— Грамадства ўжо ўсвядоміла, што калектыўная сістэма выхавання дзяцей, якія страцілі апеку бацькоў, не можа ў належнай меры забяспечыць іх паспяховую сацыялізацыю: у іх не выпрацоўваецца імунітэт да негатыўных жыццёвых з’яў, нярэдка ў такіх дзяцей выпрацоўваецца комплекс спажыўца сацыяльных паслуг. Панарама жыццёвых гісторый і чалавечых лёсаў пераканала нас у тым, што дзіця павінна жыць і выхоўвацца ў сям’і, — сказаў, выступаючы перад удзельнікамі форуму, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.
Сёння больш за 17 тысяч дзяцей-сірот выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, амаль 7 тысяч дзяцей усыноўлены. Але, нягледзячы на намаганні па дэінстытуцыяналізацыі, больш за 4 тысячы дзяцей-сірот усё яшчэ знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах. Нягледзячы на тое, што дзейнасць замяшчальных бацькоў дазволіла закрыць больш за палову гэтых устаноў (іх колькасць скарацілася з 73 у 2007 годзе да 40 у 2014-м), ёсць дзеці, якіх прыняць на выхаванне ў сем’і, на жаль, надзвычай складана з-за таго, што яны маюць патрэбу ў дадатковым медыцынскім абслугоўванні.— Падрыхтоўка і суправаджэнне замяшчальных сем’яў — гэтую праблемную тэму ў розных варыяцыях фармулююць усе рэгіёны краіны, — адзначыў намеснік міністра адукацыі. — Упэўнены, што спецыялістам ёсць яшчэ над чым працаваць. Так, у працэсе павышэння кваліфікацыі і ў ходзе суправаджэння замяшчальных бацькоў іх неабходна навучыць прагназаваць і мадэляваць шляхі паслясямейнай сацыялізацыі выхаванцаў, уключаючы прафарыентацыю і работу па інтэграцыі ў грамадства асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Для гэтага будуць карыснымі супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне органаў адукацыі і органаў сацыяльнай абароны, накіраваныя на забеспячэнне пераемнасці ў сацыялізацыі гэтай катэгорыі выхаванцаў.
Дэлегаты форуму адзначылі, што ў праграмы навучання студэнтаў педагагічных факультэтаў неабходна ўнесці змены, павялічыўшы гадзіны практычнай работы з дзецьмі-сіротамі, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У выпадках прыёму на выхаванне ў замяшчальную сям’ю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў (такія выпадкі сёння перасталі быць рэдкасцю) уся інфраструктура мясцовай супольнасці (уключаючы ЦКРНіР, сацыяльна-педагагічныя, медыцынскія, сацыяльныя, адукацыйныя ўстановы і іх спецыялістаў) павінна ўдзельнічаць у суправаджэнні такой сям’і, забяспечваючы разнастайную дапамогу, падтрымку і своечасовае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць.
Другая сур’ёзная праблема, агучаная на форуме і якая мае месца ў замяшчальных сем’ях (выпадкі адзінкавыя, але вельмі паказальныя), — прафесійная дэфармацыя бацькоў-выхавальнікаў і прыёмных бацькоў. — Бываюць выпадкі, калі дарослыя, нанятыя на працу, пачынаюць скажона разумець сваю ролю ў жыцці дзяцей, губляюць паразуменне з работадаўцам, у дадзеным выпадку з органамі кіравання адукацыяй. Мы павінны імкнуцца да таго, каб сацыяльна-псіхалагічнае і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне не адставала ад патрэб канкрэтнай сям’і. Неабходна, каб на мясцовым узроўні забяспечваўся калегіяльны кампетэнтнасны падыход да ўзаемадзеяння з бацькамі-выхавальнікамі, а патрабавальнасць да прафесіяналізму замяшчальных бацькоў не падмянялася паблажлівым ці фармалізаваным падыходам, — рэзюмаваў Віктар Віктаравіч.
Беларускія сем’і штогод усынаўляюць 500—600 дзяцей-сірот. Сярод беларускіх усынавіцеляў ёсць нават конкурс на ўсынаўленне дзяцей да трох гадоў. У Беларусі дзяцей такога ўзросту, якія маюць патрэбу ва ўсынаўленні, становіцца ўсё менш. Асноўная катэгорыя дзяцей, якім складаней знайсці новую сям’ю, — падлеткі.

Замяшчальная сям’я і грамадства

— Мабыць, самым балючым з’яўляецца працэс узаемадзеяння замяшчальнай сям’і з адукацыйнымі ўстановамі, — лічыць маці-выхавальніца ДДСТ аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Брэсцкай вобласці Валянціна Друк. — Дзіця да змяшчэння ў замяшчальную сям’ю знаходзіцца ў вельмі небяспечнай сітуацыі, і пакуль біялагічная сям’я захоўваецца, хоць і мае статус сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, да дзіцяці праяўляюць спагаду, яго антысацыяльныя паводзіны і безвыніковую вучобу апраўдваюць яго становішчам. Калі гэтае ж дзіця змяшчаецца ў прыёмную сям’ю, то патрабаванні да яго мяняюцца, бо як жа так: “У яго цяпер усё добра — чаму ж яно па-ранейшаму праблемнае?” Аднак гэта адно і тое ж дзіця, змена становішча, вядома, адаб’ецца на яго паводзінах, але далёка не адразу, і толькі ў тым выпадку, калі прыёмная сям’я і ўстанова адукацыі пойдуць насустрач адна адной.На жаль, педагогі далёка не заўсёды гатовы “адаптавацца” да дзіцяці з асаблівым лёсам, неяк адразу забываючы пра траўміруючыя фактары яго папярэдняга жыцця. Хаця ўсе мы ведаем, якія цяжкія наступствы нясуць у сабе дзіцячыя псіхатраўмы. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што і прыёмныя бацькі часта займаюць няправільную пазіцыю, канфліктуючы са школай. Гэтыя канфлікты часта з’яўляюцца вынікам нежадання прыёмных бацькоў “каму-небудзь што-небудзь тлумачыць”, бо, як яны лічаць, педагогі і так павінны самі ўсё разумець. Бывае і такое, што прыёмныя бацькі аб’яўляюць сябе “героямі, якія ўчынілі подзвіг выратавання дзіцяці”, і патрабуюць, без усялякай на тое падставы, адмысловага стаўлення і да сябе, і да дзіцяці. Аднак справіцца з дэпрывацыйнымі паводзінамі дзіцяці, асабліва падлетка, можна толькі разам, паказваючы прыклад бесканфліктных зносін і несупрацьпастаўлення сябе іншым. Калі ставіцца да сітуацыі жыццёва, калі не “геройстваваць”, а працаваць на карысць дзіцяці, калі не шкадаваць часу і сіл на сумесную работу з установамі адукацыі, калі інфармаваць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную службу аб асаблівасцях паводзін і выхавання дзіцяці дома і праводзіць работу сумесна са спецыялістамі па ўзнікаючых у сямейным асяроддзі праблемах, калі сумесна шукаць шляхі вырашэння гэтых праблем, вынік абавязкова будзе. Вопыт нашага ДДСТ сведчыць пра гэта. Прыйшоў час згуртаваць метадычныя аб’яднанні прыёмных бацькоў і педагогаў або, па меншай меры, запрашаць бацькоў з замяшчальных сем’яў на педагагічныя саветы або гэтыя аб’яднанні.
Яшчэ адна праблема, агучаная Валянцінай Юр’еўнай, — гэта ўзаемадзеянне з валанцёрскім рухам.
— Так, канечне, валанцёры робяць шмат для інтэрнатных устаноў, але іх патэнцыял значна большы, асабліва калі гаворка ідзе пра суправаджэнне дзяцей у прыёмных сем’ях. Вядома, дабрачынная матэрыяльная дапамога вельмі важная, але ёсць і іншыя аспекты, пакуль ніяк не задзейнічаныя ў валанцёрскім руху. Валанцёры могуць суправаджаць замяшчальныя сем’і, арганізоўваць семінары і трэнінгі для іх, а таксама для педагогаў устаноў адукацыі; яны могуць працаваць з выхаванцамі прыёмных сем’яў. Напрыклад, не лішнім будзе аказанне такім дзецям рэпетытарскіх і дадатковых адукацыйных паслуг на бязвыплатнай аснове. Напрыклад, у нашым ДДСТ усе дзеці школьнага ўзросту: 1, 3, 5, 6, 7, 8 і 9 класы, і ўсім ім неабходна дапамога пры выкананні дамашніх заданняў, у запаўненні прабелаў у ведах. Любая дапамога ў гэтым напрамку была б дарэчы, — адзначыла дэлегат Брэсцкай вобласці.

Сям’я для дзіцяці, а не дзіця для сям’і

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Алена Сіроткіна паведаміла пра ролю кіраўніцкай дзейнасці ў забеспячэнні права дзіцяці на жыццё і выхаванне ў сям’і. Алена Міхайлаўна адзначыла, што з 2010 года ў раёне няма дзяцей-сірот, накіраваных у інтэрнатныя ўстановы. Усе 45 непаўналетніх, выяўленых у гэты перыяд, у тым ліку дзяцей ва ўзросце ад 0 да 3 гадоў (12 чалавек), уладкаваны ў сем’і. Усыноўлены 13 непаўналетніх, якія раней знаходзіліся на выхаванні ў прыёмных і апякунскіх сем’ях. У 2013 годзе ў раёне быў зачынены дзіцячы сацыяльны прытулак у сувязі з нізкай напаўняльнасцю. З гэтага моманту ўсе дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў і якія маюць патрэбу ў сямейным уладкаванні, змяшчаюцца ў замяшчальныя сем’і, у тым ліку і дзеці, якія маюць часовы статус. Сёння ў раёне 26 замяшчальных сем’яў: 12 апякунскіх, 13 прыёмных, 1 дзіцячы дом сямейнага тыпу.На форум Алена Міхайлаўна прывезла прапанову ўстанавіць меру матэрыяльнага стымулявання прыёмным бацькам, якія ўзялі на выхаванне дзіця ад 0 да 3 гадоў, у сувязі з асаблівымі ўмовамі працы.
Маці-выхавальніца ДДСТ Гомельскага раёна Ала Кудраўцава прыехала на форум, каб звярнуць увагу на ўладкаванне на сямейныя формы выхавання дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
— Маё глыбокае перакананне: усе дзеці павінны расці ў сям’і, а дзеці з рознага роду дэпрывацыямі — безумоўна. Нават самы лепшы дзіцячы дом, які сабраў у сваім педкалектыве эліту спецыяльнай адукацыі, не можа даць такому дзіцяці і малой долі таго, што выхоўваецца ў сям’і штодзённым простым жыццёвым вопытам, — лічыць Ала Барысаўна. — Менавіта на прыёмную сям’ю кладзецца каласальная адказнасць у справе паспяховай сацыялізацыі дзяцей-сірот, і тым больш сірот з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму варта распрацаваць як механізм падрыхтоўкі замяшчальных сем’яў да работы з асаблівымі дзецьмі, так і магчымасць падрыхтоўкі да жыцця ў сям’і дзіцяці з асаблівасцямі. Той колькасці гадзін, якая цяпер прадугледжана для падрыхтоўкі прыёмных бацькоў, самой па сабе вельмі мала, і яшчэ менш, на маю думку, закранае работу са складанымі дзецьмі. Па адукацыі я дэфектолаг, і каля дваццаці гадоў, да нядаўняга часу, адпрацавала ў дапаможнай школе. Я заўсёды была пераканана, што для любога педагога вопыт работы з асаблівымі дзецьмі — неацэнны, і не пашкодзіла б выпускнікоў педагагічных ВНУ, перш чым накіроўваць на працу ў сярэднія і базавыя школы, накіраваць на стажыроўку ў школы дапаможныя, дэфекталагічныя пункты ці ЦКРНіР, вучыцца вучыць дзяцей, прыродай і лёсам пакрыўджаных, самому жаданню вучыцца.
Падчас работы форуму была арганізавана выстава перадавога метадычна-педагагічнага вопыту ўсіх рэгіёнаў Беларусі і Мінска. Кожны стэнд, кожны экспанат на ёй літаральна “крычаў”: дзеці не вінаваты ў тым, што з імі здарылася. Кожны з іх павінен ведаць: ёсць у гэтым жыцці месца, дзе яго проста любяць — з усім яго мінулым, з усімі капрызамі, хлуснёй і цяжкімі захворваннямі. І месца гэтае — яго сям’я. І не важна, родная ці замяшчальная.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара і БелТА.