Дзеці з асаблівасцямі — такія ж розныя, як і мы

- 12:40Спецыяльная адукацыя

Бараўлянская сярэдняя школа № 3 — адна з апорных устаноў Мінскага раёна ў кірунку спецыяльнай адукацыі. Настаўнікі-дэфектолагі школы Таццяна Міхайлаўна Леановіч і Андрэй Андрэевіч Грузд падзяліліся паспяховым вопытам работы з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі па пытаннях, звязаных з іх сацыялізацыяй і інтэграцыяй у грамадства, фарміраваннем талерантнага стаўлення да такіх дзяцей.

“У нашай установе вучацца розныя дзеці, у тым ліку 32 вучні з АПФР: расстройствам аўтыстычнага спектра (РАС), сіндромам Даўна, парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, а таксама ёсць дзіця з кахлеарным імплантантам, — адзначыла Таццяна Міхайлаўна. — Работа ўсіх спецыя­лістаў школы накіравана на тое, каб максімальна сацыя­лізаваць гэтых вучняў, далучыць да мерапрыемстваў, якія праводзяцца ва ўстанове, данесці да ведама ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, што асаблівыя дзеці ёсць, што з імі можна падтрымліваць зносіны, сябраваць.

На базе нашай школы праводзяцца тыдні спецыяльнай адукацыі і талерантнасці, а таксама дні, прысвечаныя людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізуюцца конкурсы, выставы творчых работ, дабрачынныя акцыі, інфармацыйныя гадзіны па тэме, урокі дабрыні, кіналекторыі, круглыя сталы, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы, кірмашы. Навучэнцы вырабляюць плакаты, альманахі, буклеты, якія затым распаўсюджваюцца ў школе. У такіх мерапрыемствах удзельнічае літаральна ўся школа, далучаюцца і бацькі вучняў.

У чытальнай зале школьнай бібліятэкі для бацькоў, педагогаў і дзяцей пастаянна абнаўляецца тэматычная выстава “Погляд збоку”, на якой прадстаўлена літаратура, перыядычныя выданні па спецыяльнай адукацыі, электронныя сродкі навучання, навінкі дзіцячых друкаваных выданняў. У рамках Міжнароднага дня інвалідаў афарм­ляецца інфармацыйны стэнд, які знаёміць з мерапрыемствамі, якія адбываюцца ў гэты дзень у Беларусі, а таксама змяшчае цікавыя звесткі аб выбітных асобах з асаблівасцямі ў развіцці. Аднойчы да нас у госці завітаў зорны пасол ІІ Еўрапейскіх гульняў Аляксей Талай — параалімпіец, плывец. У юнацтве Аляксей страціў абедзве рукі і абедзве нагі, але гэта не перашкодзіла яму адбыцца і ў асабістым, і ў прафесійным жыцці. Інфармацыя аб такіх людзях і тым больш такія сустрэчы дазваляюць нашым дзецям зразумець, што ў гэтым жыцці ўсё магчыма і ніякіх абмежаванняў няма.

Дастаткова паспяховы вопыт трансляцыі падчас школьных перапынкаў невялікіх відэаролікаў (на мультыбордах, размешчаных у калідорах), дзе дэманструюцца сюжэты з жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пра цяжкасці, якія яны пераадольваюць. Адзін з яркіх момантаў — інсцэніроўка казкі “Рэпка” (у вершах), дзе былі задзейнічаны нашы вучні з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Складана было брацца за падрыхтоўку інсцэніроўкі, мы не ведалі, як арганізаваць дзяцей. Але калі пачалі, то ўбачылі, што дзеці адгукаюцца на творчасць, што ім падабаецца адчуваць сябе акцёрамі. Усё прайшло вельмі добра. На выступленне былі запрошаны бацькі. Пасля адбылося сумеснае чаяванне”.

“У рамках Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму педагогі, навучэнцы і іх бацькі атрымліваюць падрабязную інфармацыю аб людзях з РАС. Людзі з аўтызмам вельмі розныя, такія ж розныя, як і мы. Але ў той жа час яны бачаць свет пад зусім іншым вуглом, — адзначае Андрэй Андрэевіч Грузд. — У адных сустракаюцца неардынарныя здольнасці і фантастычная памяць, у іншых — адчувальныя цяжкасці са зносінамі і навучаннем. На пытанне “Як жывуць людзі з сіндромам Аспергера” адзін чалавек з гэтым расстройствам адказаў: гэта як быццам усіх людзей у свеце сабралі на сустрэчу, дзе падрабязна расказвалі пра эмоцыі і ўзаемаадносіны, а ты ў гэты дзень быў у стаматолага.

Існуюць спецыяльныя праграмы, накіраваныя на дапамогу дзіцяці з аўтызмам у развіцці сацыяльных навыкаў, зносін і гульні з аднагодкамі. Яго вучаць уступаць у дыялог і падтрымліваць яго, прытрымлівацца правіл у гульні, адмаўляцца ад таго, што непрыемна. Праграмы прадугледжваюць і навучанне людзей, якія знаходзяцца побач з такімі дзецьмі. Вельмі важна даваць дзіцяці з асаблівасцямі час для апрацоўкі інфармацыі, не прыспешваць яго, падтрымліваць ініцыятыву. Нямала дзяцей з аўтызмам вучацца ў звычайных школах па самых звычайных праграмах. На сёння спецыялісты ў галіне дзіцячага развіцця ў адзін голас кажуць, што для нармальнага жыцця дзіцяці з асаблівасцямі развіцця яму неабходна мець зносіны са звычайнымі аднагодкамі і вучыцца разам з імі. Калі з дзіцем пачац­ь займацца рана, можна дасягнуць значных вынікаў. Як паказваюць апошнія даследаванні, у невялікай групы дзяцей (каля 10%), якія атрымалі раннюю дапамогу, у далейшым зусім не праяўляюцца асаблівасці ў паводзінах, якія з’яўляюцца падставай для пастаноўкі заключэння “аўтызм”. У большасці ж дзяцей сімптомы, на падставе якіх быў пастаўлены дыягназ, захоўваюцца ўсё жыццё, але праграма дапамогі можа скарэкціраваць паводзіны чалавека і палепшыць яго жыццё ў грамадстве.

Дзень, прысвечаны распаўсюджванню інфармацыі аб праблемах дзяцей з сіндромам Даўна, праходзіць у школе пад дэвізам “У кожным дзіцяці — сонца”. Такіх дзяцей часта называюць “сонечнымі”, кажуць, што ў іх у сэрцы не жывуць крыўда і зло. Яны, самі таго не жадаючы, вучаць нас неабыякавасці і ўвазе адно да аднаго і могуць дапамагчы нам змяніцца. Але і самі яны маюць патрэбу ў нашай дапамозе і любові.

Якія ж моцныя якасці мы назіраем у дзяцей з сіндромам Даўна? Выдатнае зрокавае ўспрыманне, увага да дэталей, таму з першых дзён заняткаў дзіцяці трэба паказваць карткі з лічбамі і прадметамі, называючы іх. І ўся далейшая вучоба будзе абапірацца на наглядныя дапаможнікі, нейкія знакі/абазначэнні і жэсты. Вучацца такія дзеці на прыкладзе дарослых і равеснікаў, таму нам трэба ўважліва сачыць за сваімі дзеяннямі і словамі, бо дзіця з сіндромам Даўна паўтарае ўсё за навакольнымі. Калі патрабуецца прывіць яму нейкі навык, то проста самі дэманструйце правільны парадак дзеянняў. Гэтыя дзеці хутка вучацца чытаць, могуц­ь вывучыць тэкст і нават карыстацца ім, таму вучыце іх вітацца, развітвацца з людзьмі, выказваць свае просьбы. Выдатным падмацаваннем стане дэманстрацыя дзеяння жэстамі. “Сонечным дзецям” уласцівы мастацкія таленты: яны любяць спяваць і танцаваць, выступаць на сцэне, пісаць вершы. Таму спецыялісты часта выкарыстоўваюць для іх развіцця арт-тэрапію, маляванне, лепку з пластыліну і гліны, роспіс па дрэве і іншыя напрамкі. Ці ведаеце вы, што ў Параалімпійскіх гульнях выдатных вынікаў дасягаюць плыўцы, гімнасты і бегуны з сіндромам Даўна? Такія дзеці пачыналі свой шлях са звычайных заняткаў фізкультурай, якой яны займаюцца з задавальненнем. Выдатна асвойваюць камп’ютар: гэты навык можа стаць асновай для будучай прафесіі — людзі з сіндромам Даўна паспяхова працуюць на ніве IT-тэхналогій”.

Звернемся да некаторых прыкладаў. Наэлія Гарэла — выхавальніца з сіндромам Даўна — працуе ў адным з дзіцячых садкоў Аргенціны. 30-гадовая Наэлія выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, малыя яе любяць. Спачатку некаторыя бацькі былі супраць, каб выхаваннем іх дзяцей займаўся чалавек з падобным дыягназам. Аднак неўзабаве пераканаліся, што Наэлія — чулы педагог, вельмі любіць дзяцей і ўмее знайсці да іх падыход. Дарэчы, малышы ўспрымаюць жанчыну абсалютна нармальна і не бачаць у ёй нічога незвычайнага. Іншы прыклад: Марыя Няфёдава жыве ў Маскве і да нядаўняга часу была адзіным афіцыйна працаўладкаваным чалавекам з сіндромам Даўна ў Расіі. Яна працуе ў цэнтры “Даўнсайд Ап” памочнікам педагога, дапамагае спецыялістам праводзіць групавыя заняткі для дзяцей з сіндромам Даўна. Акрамя работы ў цэнтры, яна занята ў пастаноўках “Тэатра Прастадушных” і іграе на флейце. Акцёр “Тэатра Прастадушных” Сяргей Макараў за галоўную ролю ў фільме “Старыя” атрымаў галоўны прыз фестывалю “Кінатаўр”. Таксама на яго рахунку залаты медаль кінафестывалю “Дома Ханжонкава” за ролю Міколкі ў фільме “Старыя”. Гледзячы на такія прыклады, хочацца заклікаць: давайце навучымся любіць усіх людзей, незалежна ад таго, як яны выглядаюць і як сябе паводзяць. Магчыма, толькі тады мы адчуем сябе па-сапраўднаму свабоднымі і шчаслівымі людзьмі.

“Дзеці з АПФР у нашай школе займаюцца ў класах інтэграванага навучання і выхавання разам са звычайнымі вучнямі. Толькі вучацца яны па спецыяльных праграмах: для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, з інтэлектуальнай недастатковасцю, з цяжкiмi парушэннямi маўлення. Асноўныя прадметы яны засвойваюць з настаўнікамі-дэфектолагамі, у астатні час наведваюць заняткі разам з усімі дзецьмі. Усе школьнікі ўцягнуты ў адукацыйны працэс і вельмі адэкватна ўспрымаюць адно аднаго, прыходзяць на дапамогу адно аднаму, — падкрэслівае Таццяна Міхайлаўна. — Дзейнасць настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў агульнаадукацыйных класаў накіравана на тое, каб знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, каб стварыць на сваім уроку спрыяльную атмасферу, умовы для кожнага. Аднак праводзіць індывідуальную работу ў рамках звычайных урокаў не заўсёды магчыма, для гэтага прадугле­джаны карэкцыйныя заняткі.

У дзяцей з РАС ёсць цьютары, якія дапамагаюць ім падчас урокаў арганізаваць рабочае месца, зразумець інструкцыю настаўніка і выканаць неабходныя заданні. Летась такі вучань займаўся па спецыяльнай праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, а ўжо сёлета выйшаў на агульнаадукацыйную праграму. У школе на надомным навучанні займаецца і дзяўчынка з РАС. Яна дэманструе поспехі, таму, думаем, што ў наступным навучальным годзе прыйдзе ў школу”.

На базе бараўлянскай сярэдняй школы № 3 упершыню ў Мінскім раёне быў праведзены інклюзіўны фестываль “Жыццём жыць”. Свае творчыя нумары перад бацькамі і сябрамі паказалі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Ва ўстанову прыехала больш за 100 удзельнікаў з розных дзіцячых калектываў Мінскага раёна, якія шчодра адарылі прысутных сваім талентам і творчасцю. Пасля канцэрта ўсе дзеці наведалі творчую майстэрню, дзе разам з педагогамі рабілі арыгамі, клеілі, малявалі, займаліся макрамэ, рабілі вырабы з гліны, пацерак. Вучні школы штогод паспяхова ў­дзельнічаюць у раённым конкурсе малюнкаў “Такім я бачу гэты свет”.

Школа сумесна з SOS-Дзіцячай вёскай Бараўлян у­дзельнічала ў праекце “У будучыню — адной дарогай” па арганізацыі развіцця і ўдасканалення інклюзіўнага адукацыйнага працэсу. У рамках праекта ў школе сёння праводзяцца заняткі з педагогам-псіхолагам па сенсорным развіцці дзяцей з асаблівымі патрэбамі.

На базе бараўлянскай сярэдняй школы № 3 рэалізуецца маштабны праект Беларускага Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, тэхнічнай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа і ў су­працоўніцтве з органамі ўлады “Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі”. У рамках гэтай ініцыятывы ў школе дзейнічае валанцёрская ініцыятыва “Свет без меж”, у якой прымаюць удзел сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, дзеці з інваліднасцю, педагогі, адміністрацыя школы. Мэтай праекта з’яўляецца аказанне псіхасацыяльнай падтрымкі сродкамі арт-тэрапіі і рэабілітацыйных заняткаў па фізічнай культуры і здароўі сем’ям, якія выхоўваюц­ь дзяцей-інвалідаў. У рамках праекта былі створаны валанцёрскі атрад “Мы разам”, сямейны клуб “Мама-лэнд”, ініцыятыўная група з ліку педагогаў і баць­коў.

Надзея ЦЕРАХАВА.