Дзяліцца творчымі ідэямі

- 10:45Людзі адукацыі

Таццяна Мiхайлаўна Кiрык з сярэдняй школы № 7 Баранавiч у прафесii магла б выбраць медыцынскую сцяжынку: у школе ёй добра давалася хiмiя, а пры неабходнасцi дзяўчына без ваганняў i страху магла аказаць першую дапамогу. Аднак лёс склаўся iнакш. На выбар прафесii паўплывала настаўнiца працоўнага навучання з сярэдняй школы № 3, дзе вучылася наша гераiня. Цiкава, што многiя калегi Таццяны Мiхайлаўны, якiя сёння працуюць у розных баранавiцкiх школах, калiсьцi вучылiся ў той самай настаўнiцы.

I ўсё ж будучая прафесiя яе выбрала сама, а паспрыяла гэтаму бабуля, што жыла ў вёсцы i якую ў ваколiцах ведалi як добрую каравайшчыцу. Непаўторны пах кулiча на Вялiкдзень i цяпер дорыць цёплыя ўспамiны пра дзяцiнства. Маленькая Таня любiла назiраць, як руплiвыя рукi гаспадынi гатавалi прысмакi, вязалi, ткалi, шылi, вышывалi. Уважлiвая i працавiтая дзяўчынка не толькi назiрала, ёй было цiкава дапамагаць бабулi ў штодзённых справах. Так пакрысе набываўся неабходны жыццёвы вопыт.

Калi надышоў час вызначацца з прафесiяй, дзяўчына падала дакументы ў Баранавiцкае педвучылiшча, а пасля яго заканчэння працавала пiянерважатай. Аднак спыняцца на дасягнутым не ў звычках Таццяны Мiхайлаўны. Было жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю. Якраз у той час у родным горадзе адкрыўся ўнiверсiтэт. Спецыяльнасць “Абслуговая праца. Сацыяльны педагог” спасцiгала на дзённым аддзяленнi, сумяшчаючы навучанне з работай у школе.

Тыя веды i навыкi, што атрымала калiсьцi, iмкнецца развiваць, а сучасныя тэхналогіі значна спрас­   цiлi гэты працэс. Калi нешта захопiць, аддаецца гэтаму цалкам. Акрамя традыцыйных матэрыялаў i тэхнiк, з’явiлася многа новага, што таксама хочацца паспрабаваць. Раней нiхто i не здагадваўся, што атласныя стужкі можна не толькi ў валасы ўплятаць, а яшчэ i вышываць iмі, вырабляць упрыгажэннi ў тэхнiцы канзашы. А якое шырокае прымяненне ў iзалона i фаамiрана! Вялiкiя кветкi, лялькi i элементы адзення для iх, скрыначкi для падарункаў, паштоўкi, нават кнiжкi-забаўлянкi — гэта толькi частка таго, што Таццяна Мiхайлаўна ра­зам з вучанiцамi вырабляе з сучасных матэрыялаў.

У настаўнiцы няма нелюбiмых тэм. Дасканала прадумваюцца этапы ўрока, метады, формы i прыёмы работы. I дзяўчынкi з радасцю спяшаюцца на ўрок, каб спазнаць нешта новае, што можа спатрэбiцца ў жыццi, каб даведацца, якую новую тэхналогiю асвойвае iх настаўнiца. Набытымi навыкамi Т.М.Кiрык шчодра дзелiцца са сваiмi вучанiцамi як на ўроках, так i на занятках аб’яднання па iнтарэсах “Умелыя рукi”, а таксама пры падрыхтоўцы да алiмпiяд. Любая дзейнасць прыносiць задавальненне, калi настаўнiца бачыць, што дзецям цiкава, што яны ўсё хутка засвойваюць i хочуць iсцi далей. Калi дзiця баiцца, але ў яго ёсць цiкавасць у вачах i жаданне, то ўсё атрымаецца. Так i прыкмячае Таццяна Мiхайлаўна будучых алiмпiяднiц. I падрыхтоўку пачынае ўжо ў 5 класе. Гэта абумоўлена тым, што поспех на алiмпiядзе па абслуговай працы залежыць выключна ад стараннасцi, працавiтасцi i звязаны са шматразовым паўтарэннем i ўдасканаленнем навыкаў. Ды i веды з сумежных дысцыплiн, якiя неабходны на тэарэтычным туры, таксама трэба назапашваць.

Шматбаковая i карпатлiвая работа настаўнiцы па падрыхтоўцы да алiмпiяды прыносiць вынiкi: вучанiцы Т.М.Кiрык неаднаразова станавiлiся пераможцамi гарадскога, абласнога i заключнага этапаў Рэспублiканскай алiмпiяды, а сама Таццяна Мiхайлаўна была кiраўнiком каманды Брэсцкай вобласцi, рыхтавала дзяўчат да фiнальнага спаборнiцтва. З асаблiвай цеплынёй успамiнае Т.М.Кiрык выпускнiцу 2019 года Яну Мiзгер, якая двойчы атрымлівала дыплом II ступенi на заключным этапе алiмпiяды. Дзяўчына, як i сама настаўнiца, паказала сябе ў розных вiдах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таццяне Мiхайлаўне iмпануе, што ёсць вучнi, якiя iдуць за настаўнiкам i пераўзыходзяць яго. Вось тады, як яна сцвярджае, настаўнiк i адбываецца, тады i становiцца прафесiяналам.

Неабыякавы погляд на навакольны свет — адметнасць творчай асобы. Тое, што многiя з нас, не задумваючыся, адпраўляюць на сметнiк, для крэатыўнага чалавека з пачуццём сацыяльнай адказнасцi — бясплатны матэрыял для карыснай рэчы. Сучасная зараз экалагiчная тэма таксама захапляе Таццяну Мiхайлаўну. У яе скарбонцы шмат рэчаў, элементамi якiх сталi прадметы, што былі ва ўжываннi. Ашчаднаму стаўленню да прыродных рэсурсаў яна вучыць i сваiх выхаванцаў.

Асабiсты прыклад — найлепшы метад навучання. Т.М.Кiрык не толькi дапамагае вучням пры падрыхтоўцы да творчых конкурсаў, але i сама прымае ў iх удзел. Даволi часта яе работы прызнавалiся лепшымi, але для Таццяны Мiхайлаўны галоўнае, каб яе выраб спадабаўся гасцям выставы. Напрыклад, яе белы раяль не стаў прызёрам на адным з конкурсаў, але педагог бачыла, як многа людзей спынялася каля яго, як гледачы ўсмiхалiся i разглядалi экспанат, i гэта было найлепшай падзякай за творчасць. І сама Таццяна Мiхайлаўна, якая шмат гадоў узначальвае гарадское метадычнае аб’яднанне настаўнiкаў працоўнага навучання, уваходзiла ў склад журы на творчых конкурсах. Ёй заўсёды цiкава пагутарыць з аднадумцамi, падзялiцца iдэямi. Майстар-класы, конкурсы на лепшае аздабленне кабiнета працы, парады па здароўезберажэннi на занятках — усё гэта садзейнiчае фармiраванню кампетэнтнасцi педагогаў, робiць iх дзейнасць больш эфектыўнай. Яшчэ адзiн клопат Т.М.Кiрык — гэта стварэнне для вучняў камфортных умоў навучання. Некалькi гадоў назад пад яе непасрэдным кiраўнiцтвам i пры падтрымцы дырэктара школы А.А.Шпакоўскай быў кардынальна абноўлены кабiнет абслуговай працы.

Цi часта настаўнiк працоўнага навучання становiцца класным кiраўнiком? I з гэтай мiсiяй Т.М.Кірык выдатна спраўляецца. Камфортныя ўмовы для навучання яна ўмее ства­раць i ў вучнёўскiм калектыве. Цесную сувязь падтрымлiвае з бацькамi, i яе парады па выхаваннi вельмi дапамагаюць бацькам, а галоўны прыём, якi бездакорна ўздзейнiчае на гарэз, — словы накшталт “Ты ж не хочаш мяне падвесцi?”. У выхаваўчую работу яна таксама прыўносiць творчыя ноткi (як без гэтага?), а баць­кi i дзецi ва ўсiм падтрымлiва­юць свайго класнага кiраўнiка.

Творчасць без меж — дэвiз Таццяны Мiхайлаўны. У новым навучальным годзе ў Т.М.Кiрык шмат новых iдэй. Цiкава, чым яшчэ яна здзiвiць нас, калег, i сваiх вучанiц?

Анжэла ТУКАЙ,
настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры сярэдняй школы № 7 Баранавiч.