Электронны дзённік, або Як узмацніць узаемадзеянне ў сістэме “школа — навучэнец — сям’я”

- 15:01Якасць адукацыі
Аўтары адукацыйнага праекта

Добрай альтэрнатывай традыцыйным вучнёўскім дзённікам з’яўляюцца іх электронныя аналагі. У гэтым упэўнены педагогі, навучэнцы і бацькі гімназіі №37 Фрунзенскага раёна сталіцы, дзе ўжо другі год рэалізоўваецца адукацыйны праект “Мадэрнізацыя адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі шляхам стварэння электроннага дзённіка”. За распрацоўку гэтага праекта аўтарскі калектыў педагогаў быў удастоены гранта Мінгарвыканкама.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Алены Іосіфаўны Ліцкевіч, работа над праектам пачалася яшчэ ў мінулым навучальным годзе. Вывучыўшы вынікі ўкаранення аналагічных сістэм электронных дзённікаў, якія зараз актыўна выкарыстоўваюцца ў расійскай школьнай адукацыі, адміністрацыя гімназіі прааналізавала магчымасці прымянення вэб-сэрвісу “Электронны дзённік” у сваёй навучальнай установе і прыйшла да высновы, што стварэнне і ўкараненне ў адукацыйнай практыцы такога нацыянальнага праграмнага прадукту з’яўляецца сапраўды актуальным і запатрабаваным. У гімназіі была створана творчая група. У склад яе ўвайшлі настаўнік інфарматыкі Павел Уладзіміравіч Адамовіч (дарэчы, ён і распрацаваў праграмнае забеспячэнне для гэтага вэб-сэрвісу), настаўніца матэматыкі Алена Сцяпанаўна Пелеванюк і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Уладзіміраўна Тарноўская. Кіраўніком праекта выступіла начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксана Анатольеўна Мініч.

Аўтары адукацыйнага праектаСутнасць праекта ў тым, што ён дазваляе нават вельмі занятым бацькам штодзённа атрымліваць інфармацыю аб паспяховасці і паводзінах свайго дзіцяці ў школе. На старонцы гімназічнага партала бацькі могуць убачыць адзнакі дзіцяці, яго рэйтынг у класе, школе, паведамленні аб адсутнасці навучэнца на ўроках, дамашнія заданні, заўвагі ці падзякі ад настаўнікаў, інфармацыю аб запланаваных мерапрыемствах. Дзякуючы гэтаму, мамы і таты маюць магчымасць своечасова рэагаваць на любую станоўчую ці адмоўную падзею ў школьным жыцці дзіцяці. Гэта свайго роду альтэрнатыва тэлефанаванню настаўніка, прагляду дзённіка. Часам педагогу недастаткова проста выставіць навучэнцу адзнаку. Неабходна яшчэ даць каментарый да яе, і не толькі ў вуснай форме непасрэдна дзіцяці, але і так, каб бацькі разумелі, што сёння ў іх сына ці дачкі адзнака не вельмі высокая, але ён ці яна прыклалі шмат намаганняў, вельмі пастараліся, у іх ёсць рух наперад. Такім чынам, гэта дае магчымасць падысці да кожнага дзіцяці індывідуальна, бачыць перспектыву і навучэнцам, і бацькам.
“Першапачаткова апрабацыя вэб-сэрвісу праходзіла ў паралелі 8-х класаў, і навучэнцы неадназначна ўспрынялі ўвядзенне электронных дзённікаў, — расказвае Алена Іосіфаўна. Частка гімназістаў у пачатку эксперымента выказаліся супраць, бо не хацелі, каб бацькі маглі кантраляваць навучанне, быць у курсе ўсіх школьных падзей, адзнак, заўваг. Але электронны дзённік — гэта не жорсткі кантроль за навучэнцамі, гэта магчымасць зблізіцца дзецям і іх бацькам. Ад бацькоў не будзе сакрэтаў, што дазволіць і дзіцяці, і даросламу больш давяраць адно аднаму і часцей узаемадзейнічаць не толькі ў сферы навучання, але і ў кантэксце асабістых перажыванняў. Да таго ж, дзякуючы гэтай праграме, у дзіцяці з самага ранняга ўзросту фарміруецца пачуццё адказнасці”.
У палажэнні аб электронным дзённіку гімназіі вызначаны механізмы рэалізацыі і змест праекта, размеркаваны абавязкі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу. Так, напрыклад, класныя кіраўнікі своечасова запаўняюць дзённік і сочаць за звесткамі аб навучэнцах і іх бацьках, вядуць перапіску з бацькамі. Настаўнікі-прадметнікі ўносяць даныя аб вучэбных праграмах і іх праходжанні, аб паспяховасці навучэнцаў і аб тым, як дзеці наведваюць заняткі, выконваюць дамашнія заданні. Намеснікі дырэктара гімназіі перыядычна кантралююць вядзенне электроннага дзённіка: вызначаюць працэнт удзелу ў рабоце, працэнт навучэнцаў, якія не маюць адзнак ці якія маюць толькі адну адзнаку, правяраюць запіс дамашняга задання, пройдзены матэрыял і інш.
Асноўнае адрозненне і перавага электронных дзённікаў — гэта аператыўнасць атрымання бацькамі інфармацыі пра тое, як вучацца іх дзеці. Дарослым не трэба ісці ў школу, каб паглядзець журнал, і нават калі дзіця не запаўняе папяровы дзённік ці грашыць выпраўленнямі ў ім, бацькі заўсёды ўбачаць усю інфармацыю ў электроннай версіі. Уся інфармацыя аб адукацыйным працэсе штодзённа заносіцца ў базу даных. Пры гэтым доступ да электронных дзённікаў ажыццяўляецца па індывідуальных логінах і паролях, а таму бацькі могуць праглядзець звесткі менавіта па сваім дзіцяці.
Анкетаванне педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў паказала, што такая форма інфармавання зручная для ўсіх. Станоўча да гэтага вэб-сэрвісу ставяцца 99% бацькоў, 98% педагогаў і 46% школьнікаў. Электронны дзённік у гімназіі запатрабаваны. Прымяняючы яго ў сваёй рабоце, педагог можа ў любы момант унесці неабходную інфармацыю: скарэкціраваць дамашняе заданне, пакінуць паведамленне для бацькоў навучэнца, праглядзець статыстыку паспяховасці па кожным навучэнцы і па класе ў цэлым. Адным словам, электронны дзённік — даступны сродак, які робіць кантроль за навучаннем дзяцей у школе зручным і простым.
Безумоўна, электронная сувязь не заменіць жывыя зносіны бацькоў з педагогам. Аднак, як паказвае практыка, у большасці навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у праекце, назіраецца стабільны рост паспяховасці, палепшыліся паводзіны. Узрос інфармацыйны абмен паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Педагогі і бацькі актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні праблем сучаснай адукацыі і спосабаў іх рашэння.
“Сістэма электронных дзённікаў — гэта эфектыўны інструмент для стварэння адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы навучальнай установы і ўзаемадзеяння з бацькамі навучэнцаў. Часта здараецца, што дзіцяці проста патрабуецца невялікая дапамога ў асваенні матэрыялу ці вырашэнні якіх-небудзь праблем, але бацькі нават і не падазраюць аб гэтым, і ў выніку сітуацыю аказваецца не проста выправіць. А электронны дзённік дазваляе аператыўна інфармаваць бацькоў аб зніжэнні паспяховасці іх дзяцей, што дае магчымасць загадзя прымаць неабходныя меры, не даводзячы сітуацыю да крытычнай. У выніку павышаецца паспяховасць навучэнцаў, фарміруецца матывацыя да вучобы, што і з’яўляецца адной з мэт дзейнасці педагога”, — зазначае А.І.Ліцкевіч.
Сёння гімназія знаходзіцца на этапе ўкаранення вэб-сэрвісу “Электронны дзённік” у адукацыйны працэс усёй навучальнай установы. Праект разлічаны на тэрмін да 2014 года. Падчас яго рэалізацыі мяркуецца атрымаць: для ўстановы адукацыі — павышэнне ўзроўню паспяховасці навучэнцаў, павышэнне камп’ютарнай пісьменнасці педагогаў, скарачэнне колькасці бацькоўскіх сходаў, магчымасць больш эфектыўнага размеркавання часу настаўніка; для бацькоў — актыўны ўдзел у выхаванні і навучанні дзяцей, магчымасць у зручны час пагутарыць з настаўнікам, эканомію часу; для навучэнцаў — зручны расклад заняткаў, інфармаванне аб змяненнях, знаёмства з усімі школьнымі аб’явамі, хуткую інфармацыю аб выніках экзаменаў і інш.
“Асноўным вынікам павінна стаць фарміраванне інфармацыйнай культуры педагогаў, навучэнцаў і бацькоў, а менавіта ўмення выкарыстоўваць ІКТ для навучання і атрымання неабходнай інфармацыі, этыкі ўзаемадзеяння ў сацыяльных сетках (у тым ліку і правіл бяспекі ў сетцы інтэрнэт)”, — мяркуе А.І.Ліцкевіч.
Ці заменіць электронны дзённік традыцыйны, пакажа час. Аднак апошнія тэндэнцыі (электронныя падручнікі прыходзяць на змену папяровым, усё часцей адбываецца замена традыцыйнай дошкі інтэрактыўнай) сведчаць пра тое, што гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

kaliadich@ng-press.by