Элітная катэгорыя, або Як стаць настаўнікам-метадыстам

- 11:40Якасць адукацыі
Новая кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”, уведзеная сёлета, стала яшчэ адной прыступкай, на якую можа ўзняцца таленавіты настаўнік. Згадзіцеся, кар’ерная лесвіца ў педагогіцы не вельмі доўгая. Не ўсе педагогі хочуць займацца кіраўніцкай дзейнасцю: працаваць дырэктарамі навучальных устаноў, намеснікамі дырэктараў, пераходзіць на работу ў аддзелы ці ўпраўленні адукацыі. Для тых жа, хто жадае творча і натхнёна працаваць з дзецьмі ў школе, яшчэ нядаўна вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя была тым максімумам, якога мог дасягнуць настаўнік. Да таго ж у ацэнцы прафесійнага развіцця педагога не хапала прыступкі, знаходзячыся на якой, ён пачынаў вучыць іншых настаўнікаў.

Ужо зараз 31 педагог у нашай краіне атрымаў катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Напрыканцы мая ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшлі першыя кваліфікацыйныя экзамены. З педагогамі сустрэўся рэктар АПА Андрэй Пятровіч Манастырны і ўручыў ім дакументы аб праходжанні гэтага іспыту.
Атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” выказаў жаданне 31 педагог рэспублікі: 19 членаў клуба “Крыштальны журавель” і 12 педагогаў, якія таксама паспяхова і творча працуюць, дастаткова вядомыя ў сваіх рэгіёнах, з’яўляюцца аўтарамі вучэбнай літаратуры, факультатыўных заняткаў, рыхтуюць навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах і г.д.
Як адзначыў начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Віктаравіч Фёдараў, па падрыхтоўцы да першых экзаменаў педагогаў у акадэміі была праведзена сур’ёзная работа. Па-першае, яшчэ ў красавіку для прэтэндэнтаў на катэгорыю “настаўнік-метадыст” (а іх першапачаткова было 38) быў арганізаваны семінар, на якім падрабязна расказвалі аб патрабаваннях да педагогаў. Супрацоўнікі АПА распрацавалі матэрыялы па правядзенні кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне названай катэгорыі. Дарэчы, гэтыя матэрыялы размешчаны на сайце акадэміі. Акрамя таго, метадысты АПА аказвалі кансультацыйную дапамогу педагогам. Як фактары падрыхтоўкі да экзамену выступалі прафесійныя зносіны ў клубе “Крыштальны журавель”, узаемадапамога, абмен меркаваннямі. Ды і ўдзел у метадычных выездах клуба дазволіў атрымаць вопыт падрыхтоўкі і правядзення майстар-класаў у розных педагагічных аўдыторыях, што дапамагло паспяхова распрацаваць і абараніць майстар-клас падчас экзамену.
“На наш погляд, настаўнік-метадыст павінен мець высокі ўзровень навукова-тэарэтычнай падрыхтоўкі, які прадугледжвае шырокі кругагляд у галіне тэарэтычных асноў і тэндэнцый развіцця сучаснай педагогікі і псіхалогіі, методыкі навучання і выхавання, валодаць сістэмай сучасных педагагічных метадаў і тэхналогій, метадамі рэфлексіўнага аналізу ўласнай прафесійнай дзейнасці, — адзначае начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Віктараўна Багачова. — Настаўніка-метадыста адрознівае наяўнасць аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета ці асабістага педагагічнага вопыту, які абагульнены (ад узроўню раёна да ўзроўню рэспублікі), і распаўсюджваецца для выкарыстання іншымі настаўнікамі, наяўнасць публікацый у навукова-метадычных і іншых выданнях, а таксама вопыт кіраўніцтва метадычным фарміраваннем, суправаджэння прафесійнага росту педагогаў, правядзенне заняткаў з педагогамі па актуальных праблемах адукацыйнай практыкі”.
Кваліфікацыйны экзамен складаўся з дзвюх частак і ўключаў у сябе пісьмовую частку і вуснае субяседаванне. Прэтэндэнт на кваліфікацыйную катэгорыю спачатку прадстаўляў вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці (аўтарскай методыкі), у якім апісваў сістэму сваёй работы ці яе асобныя кампаненты ў абагульненым выглядзе, канкрэтныя прыклады дзейнасці, доказы выніковасці вопыту пры рашэнні педагагічных задач і рэзюмэ, у якім даваў апісанне сваёй метадычнай дзейнасці: пералічваў публікацыі, дэманстраваў асаблівасці паслядыпломнага прафесійнага навучання, работу ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых і г.д. Улічваўся таксама ўдзел у прафесійных конкурсах, такіх як “Настаўнік года”, “Адкрыты ўрок”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
На пісьмовую частку кваліфікацыйнага экзамену адводзілася дзве акадэмічныя гадзіны. Прэтэндэнту камісія прапаноўвала цягнуць білет, у адпаведнасці з якім распрацаваць мадэль майстар-класа для работы ў сістэме дадатковай адукацыі дарослых з пазначаным кантынгентам слухачоў (метадычнае аб’яднанне педагогаў ці кіраўнікоў сістэмы адукацыі, школа маладога настаўніка ці ўдасканалення прафесійнага майстэрства, практычныя заняткі для настаўнікаў розных кваліфікацыйных катэгорый і інш.). У гэтай мадэлі павінны былі знайсці адлюстраванне асноўныя палажэнні педагагічнага вопыту ці аўтарскай методыкі. У выніку чалавек мог набраць 40 балаў (32 — на першым этапе і 8 — на другім). Экзамен лічыўся здадзеным, калі педагог набраў не менш за 30 балаў (75 працэнтаў ад магчымага).
Зацверджаную загадам міністра адукацыі кваліфікацыйную камісію, у склад якой увайшлі вядомыя ў рэспубліцы навукоўцы, педагогі-практыкі, узначаліла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка. Члены камісіі ацэньвалі работы педагогаў па загадзя распрацаваных крытэрыях. Пад увагу браліся ўзгодненасць мэт, задач, спрагназаванага выніку педагагічнага вопыту з заяўленай тэмай і праблемай; змест і тэхналогія педвопыту, яго выніковасць і эфектыўнасць, падрыхтаванасць вопыту да трансляцыі ў педагагічным асяроддзі. А таксама абарона вопыту на аснове распрацаванай на экзамене мадэлі майстар-класа для работы з педагогамі, агульная культура і прамоўніцкае майстэрства педагога, удзел у рабоце сістэмы дадатковай адукацыі дарослых і інш.

Практычна ўсе прадстаўленыя на экзамены работы былі новымі і нідзе пакуль не дэманстраваліся. Напрыклад, настаўніца біялогіі і хіміі Акцябрскай раённай гімназіі Гомельскай вобласці Алена Яўгенаўна Гарбар працуе над праблемай разумення дзецьмі вучэбнага тэксту. Яна прадставіла аўтарскую кампазіцыю — спалучэнне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо і інтэрактыўных метадаў навучання.
І тое і другое вядома ў педагагічнай літаратуры, а вось як яно спалучаецца і рэалізоўваецца на практыцы і было прадэманстравана педагогам. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска Галіна Анатольеўна Сухава прадставіла псіхалагічныя асновы разумення тэксту ў беларускай літаратуры. Педагог паказала, што такое інтэрпрэтацыя і вырошчванне ўласнага сэнсу, як гэтаму вучацца дзеці і як можна вучыць дарослых. Галіна Анатольеўна знайшла простае, на першы погляд, метадычнае рашэнне, якое павышае чытацкую культуру навучэнцаў. Настаўніца не гутарыць пра тую ці іншую кнігу пасля прачытання яе дзецьмі, а яна расказвае пра гэтую кнігу (што яна сабой уяўляе, якія там ёсць сюжэтныя лініі, разважанні, якая філасофія, асаблівасці мовы і г.д.) яшчэ да таго, як дзеці пачнуць яе чытаць. І гэта вельмі дзейсны спосаб — анатацыя кнігі прымушае школьнікаў ісці ў бібліятэку і чытаць яе.
Настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці Дзмітрый Генадзьевіч Мацкевіч прадставіў вопыт “Ад мэты да выніку”, паказаў 13 прыёмаў мэтавызначэння на ўроку, прадэманстраваў у сістэме, які прыём падачы мэты на пэўным уроку трэба выкарыстоўваць і які пры гэтым будзе вынік. Гэтаму настаўнік вучыць сваіх калег. У АПА праводзіліся аўтарскія курсы Д.Г.Мацкевіча.
Педагогі яшчэ раз прадэманстравалі, што ўсе яны вельмі цікавыя неардынарныя асобы са сваім творчым почыркам, са сваёй ідэяй. Настаўніца хіміі ліцэя № 1 Брэста Святлана Сяргееўна Мелехавец акрэсліла асаблівы падыход да рашэння задач па хіміі. Навучэнцы педагога рашаюць іх з дапамогай схем, табліц. Намеснік дырэктара Маларыцкай раённай гімназіі Брэсцкай вобласці Мікалай Іванавіч Навумчык прадставіў вялікую колькасць сістэматызаваных тэстаў па беларускай літаратуры і мове па дзесяцібальнай сістэме пад усе тэмы і раздзелы школьнай праграмы. Настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка Мінскай вобласці Валерый Леанідавіч Варанцоў прапанаваў сістэму камп’ютарнага суправаджэння работы настаўніка фізічнай культуры як пры планаванні, так і правядзенні, а таксама падвядзенні вынікаў урока, прадставіў праграмныя прадукты, якія сам распрацаваў. Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў навучання для развіцця камунікатыўных уменняў і навыкаў навучэнцаў у сістэме паказала настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці Ірына Рамуальдаўна Клявец. Дырэктар Паплаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці Віталь Мікалаевіч Дудко прадэманстраваў многія аспекты прымянення вучэбнай дыскусіі.

У вопыце, які настаўнікі прадстаўлялі на экзамене, — каштоўныя практычныя матэрыялы для іншых педагогаў рэспублікі. Таму камісія рэкамендавала вопыт 24 педагогаў да друку. У выдавецтве “Пачатковая школа” будзе выдадзена серыя кніг па прадметах. Імі змогуць карыстацца настаўнікі для выкладання прадметаў, для падрыхтоўкі да кваліфікацыйных экзаменаў на пацвярджэнне і прысваенне вышэйшай катэгорыі. Матэрыялы могуць быць узорам па дэманстрацыі вопыту для педагогаў. Прычым не абавязкова настаўніку матэматыкі набываць кнігі толькі ў сваёй прадметнай галіне. Часта матэматык нават не ўяўляе, якія ідэі ён можа запазычыць пры чытанні кнігі па англійскай мове ці геаграфіі.
Самі педагогі, якія здавалі кваліфікацыйны экзамен, узрушаны і натхнёны. Яны адзначаюць, што перад экзаменам шмат давялося папрацаваць, прывесці ў сістэму сваю работу. Атрыманне катэгорыі “настаўнік-метадыст” яны ўспрымаюць як штуршок да далейшага прафесійнага росту. Дарэчы, гэтую катэгорыю праз пяць гадоў педагогам трэба будзе пацвердзіць. Ім неабходна назапасіць доказы сваёй сістэмнай работы як у школе, так і ў метадычнай рабоце (прадставіць публікацыі больш высокага ўзроўню, распрацаваць сістэмныя аўтарскія курсы, семінары, удзельнічаць у метадычных мерапрыемствах і г.д.).
“Мы вельмі задаволены, што ў нас сапраўды вырасла педагагічная эліта, і што ёсць такі рэсурс, на які можна абапірацца і выкарыстоўваць у добрым сэнсе гэтага слова. Гэта людзі, якія ідуць наперадзе педагагічнай практыкі, — адзначае І.В.Багачова. — Зразумела, настаўнік-метадыст — гэта не той чалавек, на якога можна “зваліць” усю метадычную работу ў раёне: ён, у першую чаргу, — настаўнік, выконвае сваю асноўную работу, і сістэмна, але па сваім плане, працуе з пэўнай катэгорыяй педагогаў.
Спадзяёмся, што першыя настаўнікі-метадысты не згубяцца, і што экзамен на прысваенне новай кваліфікацыйнай катэгорыі стаў сапраўды знамянальнай падзеяй для сістэмы адукацыі — як магчымасць выявіць творчых настаўнікаў і тыя ўмовы, якія штурхаюць педагогаў да таго, каб яны ўсвядомілі, асэнсавалі крыніцы сваіх поспехаў, і далей развіваліся”.

Цалкам матэрыял чытайце ў “Настаўніцкай газеце” за 6 ліпеня.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.

h5 style=”text-align: right;”